суббота, 5 марта 2016 г.

Аляксандра Саковіч. Пра тое, што ў сэрцы. Койданава. "Кальвіна". 2016.




                                                           ПРА ТОЕ, ШТО Ў СЭРЦЫ
    Я дабралася да ветлых берагоў Злучаных Штатаў Амэрыкі на вайсковым транспартным караблі Gеnеrаl R. L. Ноwze ў травені 1950 году. Цуда? Для мяне — бязумоўна. З маленства прагла я пабачыць далёкія, нязнаныя краіны. Ды ніколі, нават у сваіх лепшых лятуценьнях, не ўяўляла, што аднойчы здолею апынуцца за акіянам, застануся тут назаўсёды, адчую сябе роўнай сярод роўных.
    Першыя пяць год я прабыла ў Нью-Ёрку. Адразу давялося на маленькай фабрычцы складаць для засолу ў шкляныя банкі агуркі, тады на другой — пакаваць для крамаў здобныя булкі ды торты. Ашчадзіла троху грошай і пайшла вучыцца ў Тhе Саmbridge School of Business. Магла-б узяць патрэбны мне навучальны курс у калэджы, але спачатку моцна асьцерагалася хваліцца савецкім унівэрсытэцкім дыплёмам.
    Праца, навука ў школе забіралі шмат часу, іншым разам стамлялі. Затое ўсё іншае навокала захапляла. Уражалі размахам, багацьцем і даступнасьцю для ўсіх бібліятэкі, музэі, канцэртныя залі, опэра. Ня менш дзівілі ў цэнтры места шматпавярховыя небаскробы, вітрыны, раскошныя магазыны, перапоўненыя рознаякімі таварамі, на вуліцах і дарогах — неперарыўная чарада хуткіх, гулкіх аўтаў.


    Тэй парою ў Нью-Ёрку існавала ўжо ладная беларуская грамада. Мы ладзілі сустрэчы, канцэрты, сьвяткавалі свае нацыянальныя сьвяты. Праўда, найбольш у тыя гады спраўлялі вясельлі. Жаніліся, выходзілі замуж маладыя. Яны сьпяшаліся ў новым краі абзавесьціся роднай сям’ёю. Ішлі да шлюбу й старэйшыя, якія шмат адпакутвалі, страцілі свае сем’і. Я таксама пабралася з Аўгенам Каханоўскім. Зь ім пасяліліся ў Клыўлэндзе, дзе пражылі шчасьліва ўжо 31 год.
    Клыўлэнд — вялікае індустрыяльнае места. Яно прыгарнула нас да сябе настала, бо тут склалася людная беларуская калёнія, пабудавана беларуская праваслаўная царква, паўстаў беларуска-амэрыканскі культурны цэнтар — Полацак.
    Наш маляўнічы Полацак мае больш за 9 гэктараў лугу й лесу. На ўзгорку стаіць аднапавярховы цагляны будынак, дзе жывуць галоўныя арганізатары й нязьменныя кіраўнікі гэтага прывабнага беларускага кута. Вакол дому — стромкія хвоі, зялёны луг. Адсюль уніз віецца сьцежка праз луг да вазёрка, да іншых грамадзкіх будынкаў, да лесу. Вазёрка, невялікае, чыстае, адлюстроўвае ў сабе сіняе неба, раскідзістыя магутныя клёны, белы двухпавярховы дом. Глядзіш на чароўны малюнак зьверху й здаецца ён табе казачна прыгожым.


    У Полацку я часты госьць. Наагул, гасьцей тут заўсёды досыць: свае людзі любяць зьбірацца разам. Але найбольшае сьвята для нас усіх — дні вялікай сустрэчы, калі едуць сюды беларусы з розных штатаў Амэрыкі, з Канады, лятуць з Эўропы, з Аўстраліі, з Польшчы. У тыя дні ўсе мы чуемся ўзьнятымі. Цешымся пабачыць знаёмых людзей. У памяці ўсплываюць падзеі, перажытыя разам у часе вайны, зьвязаўшыя нас назаўсёды сяброўствам. На сустрэчы мастацкія выступы маладых, народжаных ужо ў Амэрыцы, з народнымі сьпевамі й танцамі ня толькі захапляюць, ня толькі выклікаюць замілаваньне да нашае багатае нацыянальнае спадчыны, але ўзмацняюць веру, што Беларусь жыве й будзе жыць.
    Усё-ж самае мілае для мяне тут, у Клыўлэндзе — мая ўласная сям’я, мой муж. У нас зь ім поўная хатняя згода, агульныя жаданьні й мары. Мы абое стараемся па меры нашых сілаў творча працаваць у галіне беларускай літаратуры й гісторыі.
    Я пачала пісаць яшчэ жывучы ў Нью-Ёрку. Праф. Янка Станкевіч (рэдактар “Веды”) і Др. Вітаўт Тумаш (рэдактар “Запісаў”) ахвотна друкавалі мае першыя спробы пяра. Яны пасяброўску падбадзёрылі, падтрымалі, надалі мне патрэбнае перакананьне, што я павінна працягваць пісаць.
    Нярэдка чытачы пытаюцца пра некаторыя мае апавяданьні й аповесьці: “Гэта вы пра сябе расказалі? Гэта аўтабіяграфія?” Не. Хоць мушу зазначыць, што аўтабіяграфічны элемэнт да некаторай ступені знайшоў адбітак у маіх творах. Сюжэты, у якіх б’ецца пульс і кроў рэальнага жыцьця, лягчэй тварыць тады, калі сам перажыў, сам зблізку наглядаў. Свае першыя публікацыі я не падпісвала маім запраўдным імем і прозьвішчам — Іна Рытар, а псэўдонімам Аляксандра Саковіч.
    Я нарадзілася 14 (27) сьнежаня 1906 году ў месьце Адэса, ва Украіне. Бацькі мае — беларусы. Яны абое паходзілі зь мястэчка Ярэмічы, што разлеглася на левым беразе Нёману, насупраць Налібоцкае пушчы. У Ярэмічах мой бацька да старое дзедавае хаты дабудаваў другую палову — дачу для нас. Да першае сусьветнае вайны маці штогод на летнія школьныя канікулы ехала туды зь дзецьмі. Яна ня любіла паўднёвае, сьпякотнае Адэсы. Ёй здаваліся найлепшымі ў сьвеце прахалодны гушчар хваёвага бору, росныя сенажаці й лугі, спакойныя воды рэчак і вазёр. Замілаваньнем да роднага кута, уласьцівым ёй, яна надзяліла й нас, сваіх дзяцей, пасяліла ў нас веру, што тут, дзе карэньне нашага роду, заўжды знойдзеш гаючы душу й сэрца адпачынак.
    У нашай сям’і было чатырох дзяцей. Дзьве сястры й брат — пагодкі. Калі мяне ў шэсьць год аддалі вучыцца ў малодшую падрыхтоўчую клясу жаночае гімназіі, старэйшая сястра, Ліда, была ў гэтай-жа гімназіі ўжо ў восьмай клясе.
    Ад раньняга дзяцінства ў Адэсе засталіся ў памяці ўрачыстыя сьвяты. На Каляды — ялінка да столі, удэкараваная бліскучымі цацкамі, рознакаляровымі сьвечкамі, цукеркамі. На Вялікдзень — прыгожа прыбраны стол. На ім — вялікая здобная пасха, пісанкі, торты, шынка, каўбасы, на блюдзе — запечанае парасё зь зялёнай галінкай у роце. Паміж смачнымі рэчамі на стале — пахучыя белыя й ружовыя гіяцынты.

    Тады насунулася першая сусьветная вайна, за ёю — расейская рэвалюцыя, грамадзянская вайна, голад. Пакінулі навуку й бацькаў кут старэйшыя сёстры й брат. Яны пайшлі працаваць у школы-інтэрнаты, арганізаваныя для адэскіх дзяцей-беларусаў. Я адна засталася з бацькамі.
    У былым, так званым “дзіцячым пакоі” зьявілася чорная бляшаная печка — “буржуйка” з трубою праз увесь пакой. Майму бацьку, службоўцу на чыгунцы, пашанцавала раздабыць для “буржуйкі” крыху каменнага вугалю. На распал яго патрабаваліся трэскі, а іх тады набыць было амаль немажліва. Вакол Адэсы — стэпы ды Чорнае мора. Лясоў няма. Час-ад-часу, патайкі, чыгуначнікі разьбіралі на трэскі таварныя вагоны. За гэта, калі лавілі, расстрэльвалі. Рызыкуючы жыцьцём, прыносіў дадому гэтыя трэскі й тата.
    У нашай хаце заўсёды мелася шмат кніжок. Маці любіла чытаць, не шкадавала грошы на кніжку. Навучыла й мяне з маленства любіць і шанаваць добрую кніжку. Нажаль, у тыя галодныя й халодныя часы мусіла яна, калі не ставала трэсак, ахвяроўваць якуюсь кніжку на распал.
    Цікава, што частыя зьмены ўладаў, чужаземныя войскі на вуліцах места, страляніна сярод ночы, выбухі бомбаў, вобыскі па хатах, арышты й нават голад — усё ўспрыймалася тады мною як штосьці непазьбежнае. Сваіх школьных сяброў, Адэсу, Чорнае мора я моцна любіла.
    Улетку 1921 году старэйшая сястра з групаю адэскіх беларусаў паехала на працу ў Менск. У тым-жа годзе, позна ўвосені, з галоднае Адэсы яна забрала мяне да сябе.
    Менск спаткаў мяне холадам. Белымі, засьнежанымі стаялі дрэвы, дамы, вуліцы. Нязвыклы для мяне мароз ня вельмі прыемна шчыпаў шчокі й вушы. Пальцы на руках і нагах хутка дубянелі. Нават у сястры мне спачатку здалося няўтульна. Сумавала па бацькох. Аднак такі настрой трываў коратка, бо мне пашчасьціла трапіць у асяродзьдзе выдатных беларусаў.
    Сястра працавала інспэктарам дзіцячых прытулкаў. У вадным зь іх мела пакой. Праз сад ад нашага дому мясьціўся дзіцячы садок, дзе загадчыцай была добрая, заўсёды ласкавая цётка Ўладзя, жонка Янкі Купалы. Купалы жылі тады пры садку. Там-жа меў сабе пакой і Зьмітрок Бядуля.
    У тую пару блізкай сяброўкай мае сястры была Юлія Бібіла, будучы вядомы беларускі бібліёграф. Сьветлы вобраз гэтае маладое сардэчнае жанчыны застаўся са мною назаўсёды. Калі я пайшла вучыцца, яна шмат дапамагала мне зь беларускай моваю, якую, трэба прызнацца, я ня зусім добра ведала. Дапамагала й зь іншым.
    Памятаю, праф. Аляксандар Савіч, выкладчык гісторыі ў Беларускім Пэдагагічным Тэхнікуме, даручыў мне зрабіць рэфэрат аб творчасьці расейскага пісьменьніка-філёзафа ХVІІІ-га стагодзьдзя А. М. Радзішчава. Я старанна перачытала ў бібліятэцы масу матэрыялу, масу перапісала й разгубілася: ня ведала, з чаго пачынаць, чым скончыць. У мамэнт мае роспачы з рэфэратам зайшла да нас Ю. Бібіла. Яна не пашкадавала свайго часу, засталася са мною на добрую гадзіну, перагледзела мас выпіскі, параіла, што найбольш трэба падкрэсьліць, што абмінуць, якое зрабіць заканчэньне. Дзякуючы ёй, рэфэрат меў надзвычайны посьпех. Мой тагачасны аднакурсьнік па тэхнікуму, шаснаццацігадовы, імпульсыўны Андрэй Александровіч, будучы “вядучы пралетарскі паэта”, пасьля рэфэрату прапанаваў ушанаваць памяць Радзішчава ўставаньнем і хвілінаю маўчаньня. “Нібы на жалобным мітынгу”, — падумала я й глянула на прафэсара. У ягоных вачох прамільгнула ўсьмешка, але ён падняўся з крэсла, а за ім і ўсе студэнты.
    Аднойчы Ю. Бібіла расказала мне пра Кастуся Каліноўскага, крэўнага ёй па маці, пра ягонае змаганьне супраць Масквы. Мужная постаць К. Каліноўскага моцна зацікавіла мяне, абудзіла гордасьць звацца беларускай, жаданьне аддаць свае сілы й здольнасьці для бацькаўшчыны. Як? Набыць веды зь гісторыі Беларусі, напісаць гістарычны раман пра К. Каліноўскага й ягоных сяброў-паплечнікаў. Юнацкія мроі збыліся ня цалкам. У ўнівэрсытэце я студыявала гісторыю, а вось рамана напісаць не змагла.
    Мая Альма Матэр — Беларускі Дзяржаўны Унівэрсытэт, дзе я правучылася 4 гады, зрабіў вялізны ўплыў на мой сьветапагляд, пакінуў найдаражэйшыя ўспаміны. Там я спаткалася й пасябравала з “Раднёю” — так жартам празвалі сябе сьведамыя беларусы-студэнты. У сваім асяродзьдзі “Радня” не баялася выказваць асабістыя пагляды ў палітычных пытаньнях, не хавалася з нацыянальнымі марамі й імкненьнямі. Сярод “Радні” была ня толькі моладзь, але й старэйшыя гадамі “дзядзькі” — вэтэраны першай сусьветнай ці грамадзянскай вайны, а часта й удзельнікі руху за незалежнасьць Беларусі. Не з свае волі яны згубілі гады навукі й прыйшлі давучвацца. Амаль усе яны, каб мець мажлівасьць вучыцца ў унівэрсытэце, мусілі працаваць, бо мелі ўжо сем’і, якія ім трэба было ўтрымліваць.
    “Радню” можна было знайсьці на ўсіх факультэтах БДУ, але найбольш яе было на сацыяльна-гістарычным аддзяленьні Пэдфаку. На гэтым аддзяленьні лекцыі чыталі высока кваліфікаваныя, вядомыя навукоўцы. Кожны студэнт-гісторык, які студыяваў у БДУ ў дваццатыя гады, можа з гонарам адзначыць, што ён быў вучнем праф. Мітрафана Доўнар-Запольскага, праф. Усевалада Ігнатоўскага, праф. Уладзімера Пічэты. Неабходна далучыць да гэтых слаўных імёнаў і маладога таленавітага праф. Васіля Дружчыца, які распачаў сваю навуковую кар’еру ў нашым унівэрсытэце дацэнтам. “Радня” любіла працаваць у галіне беларускай гісторыі на сэмінарах праф. В. Дружчыца, любіла самога маладога навукоўца. Яна часта запрашала яго сфатаграфавацца разам на памяць. Адно з такіх фотаў якімсь цудам зьбераглося ў мяне, ня згубілася ў працягу майго складанага, нялёгкага вандраваньня па сьвеце. На ім маю сяброўку Броню Паўлоўскую й мяне, як малодшых з “Радні”, пасадзілі ў цэнтры, побач прафэсара.


    У другой палове дваццатых гадоў сытуацыя на гістарычным аддзяленьні Пэдфаку пачала мяняцца ў няспрыяльны для незалежнае беларускае навукі бок. У 1926-м годзе ўлады загадалі праф. М. Доўнар-Запольскаму пакінуць Менск і Беларусь. Не шанцавала й студэнтам. Прыкладам, мне, якая ніколі ня была ні камсамолкай, ні партыйкай, пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту прапанавалі выкладаць не грамадазнаўства (так тады зваўся курс гісторыі ў школах), а мову й літаратуру, на што я мусіла згадзіцца. Наагул, ад канца дваццатых гадоў на гістарычнае аддзяленьне дапускаліся пераважна партыйцы ці камсамольцы. “Радня” там зьнікла.
    Я ўжо працавала выкладчыцай Рабфаку пры БДУ, калі надыйшоў пакутлівы 1930-ты год, а за ім нешчасьлівая дэкада, адна з самых трагічных у летапісу нашае нацыі. У тую дэкаду брутальна была зьнішчана вялікая колькасьць беларускіх навукоўцаў, пісьменьнікаў, паэтаў, грамадзкіх дзеячоў. Сярод беларускае грамады панавала пачуцьцё няпэўнасьці ў заўтрашнім дні. Арыштоўваўся ня толькі той, хто аднойчы знайходзіўся ў апазыцыі да камунізму ці да камуністычнай улады, але кожны, хто ўважаўся ў стане выявіць супраціў. Тых, каго пакінулі на волі, прымушалі выступаць з пакаяннымі лістамі, з асудам свае папярэдняе нацыянальнае дзейнасьці, з паклёпамі на блізкіх сяброў. Відаць, пад прымусам Зьмітрок Бядуля напісаў раман “Язэп Крушынскі”. Заўсёды разважлівы, заўсёды ветлівы да людзей З. Бядуля ў гэтым рамане фальшыва зганіў амаль усіх выдатных беларусаў, надзяліў іх адмоўнымі рысамі. Не ашчадзіў, найбольш ад усіх абразіў свайго сябру Я. Купалу, ягоную жонку, ягоных сваякоў. Ці дараваў яму Я. Купала? Казалі, што дараваў, толькі ня хутка. Сам Я. Купала не згадзіўся адразу “сябе таптаць”, зрабіў гаракіры. Праф. У. Ігнатоўскі застрэліўся.
    Усё, што адбывалася, ня толькі ўражала, але й раніла. Для мяне, асабіста, Менск апусьцеў. Дамы стаялі на старых месцах, людзі хадзілі па вуліцах, ды сярод іх амаль не засталося нікога з унівэрсытэцкай “Радні”, нікога з крэўных. Міхайлу Грамыку, майго швагра, засудзілі на ссылку. Сястра зь дзецьмі паехала за ім.

    Улетку 1930-га году я выйшла замуж. Мой муж, Дамінік, як і я, нарадзіўся ў Адэсе. Як і я, прыехаў у Менск у 1921-м годзе. Мы абое любілі спорт, спартовыя гульні. На гэтым груньце пасябравалі. Паходзіў ён з польскае сям’і, быў унукам паўстанца з 1863-64 гадоў, сынам прафэсыйнага рэвалюцыянэра-партыйца ад 1905-га году, сам камсамолец. Беларускае нацыянальнае пытаньне яго мала кранала. Часта, дзе я асуджала палітыку савецкае ўлады, ён шукаў ёй апраўданьня. Увогуле, яго найбольш цікавіла не палітыка, а фізыка, космас, тэхнічныя навукі. Ён скончыў тэхнічны інстытут у Маскве. Там застаўся працаваць інжынэрам-канструктарам у навукова-дасьледчым інстытуце. Я не супярэчыла, паехала да яго. Менск без маіх крэўных, без маіх сяброў больш мяне ня вабіў.
    У Маскве я жыла адно сям’ёй. Гадуючы дзяцей, пазнала ня толькі ўцеху, але й матчына гора, калі памёр наш пяршынец — сын Леанард.
    Міналі гады. Клопаты й радасьці нашае маладое сям’і, навуковыя посьпехі мужа паступова пачалі засланяць перажытыя ў трыццатым годзе страхі. Я нават пачала спадзявацца, што ў Савецкім Саюзе можна быць хаця-б у сям’і шчасьлівай. Горка памылілася. Нахлынула “яжоўшчына” й захляснула сваёй безашчаднай хваляю нас. Мужа арыштавалі, пасадзілі ў Таганскую турму, зьбілі да няпрытомнасьці, абвінавацілі ў “контррэвалюцыйнай дзейнасьці”, вывезьлі ў канцэнтрацыйны лягер на Калыму. Чула, што праз некалькі гадоў беззаконнага зьняволеньня, яго рэабілітавалі. Мажліва, і цяпер ён знайшоў апраўданьне зьдзеку над сабою. Я — не.

    Бяз мужа ў Маскве я адчула сябе адзінокай, безабароннай. На маіх руках засталася двухгадовая дачка Іна. Пагроза, што мяне таксама могуць арыштаваць, а дачку забраць у дзіцячы прытулак, кроіла душу й розум. Тады, у мамэнт роспачы, нарадзілася няўтольнае жаданьне пры першай нагодзе вярнуцца назад у Беларусь, вярнуцца ў Ярэмічы, да дарагіх з маленства мясьцінаў. Нагода прыйшла ў часе другой сусьветнай вайны.
    Быў месяц студзень, калі я, трымаючы за руку сваю малую Іну, пераступіла браму роднага кута. Пасьля першае сусьветнае вайны Ярэмічы засталіся на польскім баку, зрабіліся для нас недасягальнымі. Тое, што я змагла вярнуцца сюды разам з сваім дзіцем, бязьмерна цешыла. Пачуцьцё ня талькі радасьці, а й гордасьці захлынала. Так, гордасьці. І ўсё цяжкое, што выпала на маю долю ў вапошнія гады, неяк палегчыла, нібы адыйшло.
    Было радасна ізноў спаткацца з сваякамі. Цешыла мажлівасьць ісьці працаваць у школу-сямігодку, не марнаваць дарма часу.
    Пражылі мы з дачкою там амаль цэлы год. І сёньня перад вачыма зіхаціць у сонцы празрыстая вада Нёману. Іна зь сяброўкаю цягаюць каменьчыкі зь мелкага дна, будуюць штось на беразе. Сіняе неба, сачыстая зеляніна поплаву. У мястэчку няма ні немцаў, ні паліцыі, ні партызанаў. Спакой навокала, спакой на душы.
    На нашу бяду ў канцы 1942-га году Ярэмічы, маючы ў блізкім суседзтве Налібоцкую пушчу, апынуліся ў партызанскім раёне. Людзі пачалі пакідаць мястэчка. Падалася й я з дачкою далей ад небясьпекі ў Наваградак. Уладзілася працаваць у Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі.
    Ярэмічы ў тым часе гарэлі тры разы: адзін раз іх палілі немцы, два разы — партызаны. За трэйцім разам спалілі й маю хату. Вярнуліся пасьля Вялікодных канікулаў сэмінарыстыя з суседняга мястэчка Турэц з навінаю: “Спадарыня настаўніца! У Лазараву сыботу ваш “палац” спалілі партызаны”. Студэнты, схільныя да жартаў, заўсёды маю хату называлі “палацам”. Але для мяне гэтая вестка прынесла глыбокі боль.
    Параскідаў лёс нашу сям’ю па сьвеце. Бацькі памерлі далёка ад Ярэмічаў. Далёка ад іх засталіся на жыцьцё сем’і сясьцёр і брата. Мая дачка памерла ў Нямеччыне. Я жыву ў Амэрыцы. I няма ў нас цяпер месца на зямлі, якое завецца бацькавым гняздом.
     /Аляксандра Саковіч.  У Пошуках Праўды. Апавяданьні й аповесьці. Нью-Ёрк – Клыўлэнд. 1986. Б. XV-XXII./






                                                                 ПАСЬЛЯСЛОЎЕ
     Іна Рытар – Сяўрук – Каханоўская — з лета 1944 г. жыла на эміграцыі ў Райху, трапіла ў французскую зону акупацыі Нямеччыны, пасьля пераехала ў беларускі лягер перамешчаных асобаў каля Рэгенсбургу (Баварыя), выкладала нямецкую і англійскую мовы ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. Тут ад няшчаснага выпадку загінула яе 9-гадовая дачка. У 1950 г. Іна эмігрыравала ў ЗША. Памерла 8 студзеня 1997 г. у Кліўлендзе (ЗША).

    Еёны першы муж

     Дамінік Дамінікавіч Сяўрук нар. 2 ліпеня 1908 г. у Адэсе ў сям’і рэвалюцыянера-падпольшчыка. Вучыўся ў школе на Дэрыбасаўскай вуліцы. У 1923-1926 гг. працоўны на прадпрыемствах г. Менску ў Беларусі. У 1926-1929 гг. вучыўся на рабфаку Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту.
    У 1932 г. пасьпяхова скончыў Маскоўскі электрамашынабудаўнічы інстытут па спэцыяльнасьці “інжынэр-электрамашынабудаўнік”, па 1933 год працаваў старшым інжынэрам Авіязаббазы Галоўнага Упраўленьня авіяцыйнай прамысловасьці ў Маскве. У 1933-1938 гг, кіраўнік электрафізычнай лябараторыі Цэнтральнага Інстытута авіяцыйнага маторабудаваньня Народнага Камісарыята Авіяцыйнай Прамысловасьці СССР, займаўся дасьледаваньнямі рабочых працэсаў у авіяматорах.
    15 ліпеня 1938 г. арыштаваны. Пакараньне адбываў у калымскім лягеры, працаваў на залатых капальнях. Па начах на выпрашанай у лягернага начальства паперы пісаў заяўкі на вынаходзтвы і накіроўваў іх у Тэхуправу НКУС. Неўзабаве з інжынэраў-зьняволеных была арганізавана канструктарская група на чале з Сяўруком.
    У канцы 1940 г. быў пераведзены з сыстэмы ГУЛяг у вядзеньне 4-га спэцаддзела НКУС, у лютым 1941 г. прыбыў у АКБ-16 - АКБ НКУС Казанскага маторабудаўнічага заводу № 16 (са жніўня 1944 гады - АКБ-СД). Для працягу выпраўленчых работ быў накіраваны ў групу інжынэраў па распрацоўцы вадкасных ракетных рухавікоў (ВРР), якую узначальваў ураджэнец Адэсы Валянцін Глушко (1908 г. н.), які даручыў Сяўруку распрацоўку электрычнай схемы кіраваньня працай ВРР РР-1 і сыстэмы яго запальваньня. Таксама Сяўрук кіраваў лётнымі выпрабаваньнямі рухавіка РР-1ХЗ.
    У 1944 г. быў датэрмінова вызвалены. Працаваў загадчыкам першай у СССР катэдры ракетных рухавікоў Казанскага авіяцыйнага інстытута, быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцяга (1945).
    У 1945 г. кіраўнікі ракетнага КБ, апранутыя ў форму афіцэраў ВПС, былі накіраваны ў працяглую камандзіроўку ў акупаваную Нямеччыну для вывучэньня трафэйных матэрыялаў, у тым ліку ў Нордхаузен, дзе яны павінны былі аглядзець рэшткі прац, якія там захаваліся, Вэрнэра фон Браўна. Сяўрук, якому таксама было прапанавана туды адправіцца ў мундзіры палкоўніка, нібыта ад паездкі адмовіўся. Дасьледчыкі пішуць што: “хоць па мужчынскай лініі ён быў літоўскага паходжаньня, але ў іх родзе існаваў звычай жаніцца на польках, і па сутнасьці польская “кроў” у Сяўрука пераважала. Таму ён адрозьніваўся адмысловай непрыязнасьцю да немцаў. Гэту непрыязнасьць нават варта прызнаць спадчыннай: яго бацька нібыта падчас нямецкай акупацыі Ўкраіны ў 1918 годзе зьдзейсьніў велізарную дывэрсію - магутны выбух, ад якога загінула 3000 немцаў”. Але, больш верагодна, што адпаведныя ворганы добра ведалі што ягоная сям’я знаходзіцца не ў савецкай зоне акупацыі Нямеччыны. Калі Глушко, Каралеў і іншыя паехалі ў Нямеччыну, Сяўруку даручылі абраць для КБ па ракетных рухавіках месца дзе-небудзь пад Масквой. Ён, агледзеўшы шэраг мясцовасьцяў вакол сталіцы, абраў Хімкі (сяло Пятроўскае-Лабанава на ўскрайку мястэчка, у самай рэчкі Хімкі).



    Пасьля пераезду АКБ-СД на чале з Глушко на авіяматорны завод у Хімкі АКБ-456 (цяпер - НВА “Энэргамаш”) зрабіўся першым намесьнікам галоўнага канструктара па экспэрымэнтным працам, кіраваў групай навукова-дасьледчай лябараторыі (1946-1952). У 1952-1958 гг. галоўны канструктар рухавікавай АКБ-3 НДІ-88 (Калінінград, цяпер Каралеў Маскоўскай вобл.). У 1958 г. вярнуўся ў АКБ-456 на пасаду намесьніка галоўнага канструктара. У 1962-1965 гг. галоўны канструктар АКБ-6 (“Сьвітанак”), створанага на базе Інстытута рухавікоў АН і аддзелаў АКБ-456. У 1965-1972 гг. ізноў у НДІ-88 (з 1967 г. ЦНДІ машынабудаваньня): начальнік лябараторыі, начальнік аддзелу надзейнасьці (з 1970 году). У 1972-1988 гг загадчык, у 1989-1994 гг. прафэсар катэдры энэргетычных і энэргафізычных установак касьмічных апаратаў МАІ.
    Распрацоўваў ВРР С3.892 для некіраванай зэнітнай ракеты “Чырок”, рухавікі для кіраваных зэнітных ракет 208, 217, У-750, зэнітныя некіраваныя ракеты, галоўны канструктар тактычнага ракетнага комплексу 2К5 “Каршун”. Доктар тэхнічных навук (1962), прафэсар (1965).
    Памёр 14 верасьня 1994 гады і пахаваны ў г. Хімкі Маскоўскай вобласьці, на Новалужынскіх могілках.

    Літаратура:
    Васильева Л., Рахманин В.  Сотрудничество Д. Д. Севрука и В. П. Глушко // Двигатель. № 3. Москва. 2002. С. 42-44.
    Эдельман А.  Двигателист. // Авиация и космонавтика. №3-4. Москва. 1995. С. 42-43.
    Караль Рухавік,
    Койданава.

    Яе другі муж:

                               Іна Каханоўская

                                                 СЫН  ВЕРНЫ  МАЦІ-БЕЛАРУСІ

    Беларусь! Беларусь!.. Тваё месца ў маім сэрцы нікім не занятае. З вольнага сьвету я яшчэ лепей бачу, што Табе не стае ўсё тых жа трох рэчаў: свабоды, свабоды й яшчэ раз свабоды!
    А. Каханоўскі, запіс у дзёньніку, 25 сакавіка 1973 году

    Мой муж - Аўген Каханоўскі пайшоў на пэнсію ў ліпені 1972 году. Нялёгкія гады фізычнае працы на фабрыцы скончыліся. На разьвітаньне сябры-рабочыя справілі яму «farewell party»: сфатаграфаваліся зь ім, падаравалі прыгожы гадзіньнік, зрабілі для ўсіх пачастунак і, галоўнае, кожны пажадаў яму шмат шчасьця й здароўя. Увага сяброў на працы глыбока кранула Аўгена. Дамоў ён прыехаў шчасьліва ўзрушаны.
    Мы тады жылі ў Westlake, блізка возера Erie. Мелі ўтульны дом, каля дому дзялянку зямлі зь зялёнымі траўнікамі, кветкамі, маладымі фруктовымі дрэўцамі. Жылі ў гэтым месцы ўжо некалькі год, але ў той ліпнёвы дзень усё навокала здавалася нам па-новаму прывабным. Вырашылі зрабіць сабе сьвята. Паехалі на возера, плавалі, загаралі на гарачай ад сонца пяшчанай пляжы. Знайшлі рэстаран у парку ля возера, там паабедалі. Дамоў не сьпяшаліся. З узьнятым настроем абмяркоўвалі пляны будучага. Аўген моцна цешыўся, што цяпер ён зможа прысьвяціць увесь свой час любімай літаратурнай і навуковай працы. Я цалкам падзяляла ягоную радасьць.
    Вяртаючыся дахаты, не прамінулі зазірнуць у кнігарню. Пакуль я разглядала кніжныя навінкі ды выбірала для куплі пару часопісаў, Аўген пасьпеў купіць вялікі сшыток (300 бачынак) у цьвёрдай вокладцы, упрыгожанай пазалотай. Я зьдзівілася:
    - Навошта табе такі сшыток?
    - Дзяржаўная таямніца, - адказаў ён сьмяючыся.
    Але дома адразу сеў за пісьмовы стол у нашай бібліятэцы й зрабіў першы запіс у сшытку: “08. 07. 1972 - Сёньня купіў гэты сшыток, каб весьці дзёньнік. Што буду тут запісваць, яшчэ ня ведаю, але час-ад-часу штось занатую. Учора закончыў сваю рабочую кар’еру ў ЗША: 22 гады бяз двух месяцаў, у 2-ух маленькіх фабрыках у Ню-Ёрку (верасень 1950 - кастрычнік 1951) і ад лістапада 1951 у Клыўлэндзе - New-Tronik, Inc. Ад сёньня я ўжо на пэнсіі (Social Security). Мушу закончыць мае працы зь літаратураведы, над якімі працаваў у гадзіны адпачынку ад фабрычнае працы, і выдаць іх. Гэта будзе найбольшая мэта рэшты жыцьця».
    Аўген - сын Тодара й Марыі Калубовічаў нарадзіўся 05. 03. 1910 г. у мястэчку Ціхінічы Рагачоўскага раёну Гомельскай вобласьці. Ягоны бацька быў службоўцам. Сваё маленства Аўген заўсёды ўспамінаў зь пяшчотай і замілаваньнем. Гадаваўся ён у вялікай сям’і - меў брата й тры сястры. Бацькі любілі дзяцей, даглядалі добра. Насупраць м. Ціхінічаў, праз раку Дабрыцу, мясьцілася вёска Слапішча, дзе жылі дзед і баба Калубовічы. У іхным садзе расьлі салодкія сапяжанкі, духмяныя антонаўкі, а на пасецы стаялі вульлі з пчоламі. У дзедавай хаце для ўнука пастаянна меліся ласункі.
    Аўген скончыў пачатковую школу ў сваім мястэчку, сямігодку ў Рэчыцы, а ў 1930 годзе Пэдагагічны тэхнікум у Бабчыне. 30-га траўня таго-ж году быў арыштаваны за прыналежнасьць да беларускай нацыяналістычнай арганізацыі Альтруістаў і прыгавораны на тры гады зьняволеньня. Пакараньне адбыў у канцэнтрацыйных лягерох на Далёкім Усходзе СССР.
    Вясною 1933 году вярнуўся на бацькаўшчыну. Адразу яму нават пашанцавала ўладзіцца настаўнікам пачатковай школы. На жаль, шанц трываў коратка: у красавіку 1934 году звольнілі з пасады. Некалькі месяцаў стараўся, каб аднавілі на працы. Нічога не дапамагала. Хойніцкі Раённы Аддзел Народнае Асьветы прапанаваў яму непасрэдна зьвярнуцца ў Наркамат Асьветы БССР. Трэба было ехаць у Менск. Ехаць у Менск? Калі сядзіш бяз працы, калі ня маеш грошай? Што рабіць?
    Зь бяды выручыў бацька, які ў той час працаваў у саўгасе на бровары бухгальтарам і быў у добрых адносінах з дырэктарам саўгаса Юрачкам. Бацька расказаў Юрачку пра клопаты свайго сына. Дырэктар ня толькі паспачуваў, але ўзяўся дапамагчы.
    Быў той Юрачка старым камуністам, сябрам Таварыства паліткатаржанаў. Ён напісаў ліст да старшыні ЦВК БССР - Аляксандра Чарвякова, якога добра ведаў з маладых год. У лісьце прасіў пасадзейнічаць юнаку. Даручыў Аўгену адвезьці ліст у Менск самому, а ня слаць па пошце.
    Паездка зь лістом да А. Чарвякова завяршылася поўнай удачай: Наркамат Асьветы аднавіў яго на пасадзе настаўніка, а Гарадзкі Аддзел Народнай Асьветы прызначыў за настаўніка ў самым месьце.
    Ад 1934/35 навучальнага году ён працаваў у Менску выкладчыкам беларускае мовы й літаратуры, а таксама вучыўся ў Менскім Пэдагагічным Інстытуце. Па сканчэньні Інстытута ў 1939 годзе займаў пасаду кансультанта-мэтадыста ў Наркамасьвеце.
    Адно ж, праз усе гады жыцьця ў Менску ягоная праца, вучоба, свабода заўжды ліпелі на валаску. Ён ніколі ня быў пэўны, што прынясе яму наступны дзень. Некалькі разоў на год адбіралі ў яго на праверку пашпарт, а Атэстацыйная Камісія, якая ў 1936-1938 гадох праводзіла атэстацыю настаўнікаў, давала аб ім адмоўную характарыстыку.
    У часе Другой сусьветнай вайны Аўген улучыўся ў рады змагароў беларускага нацыянальнага актыву, якія ў вельмі небясьпечных умовах мужна баранілі свой народ, сваю маці-Беларусь. Ён быў сябрам Беларускае Рады Даверу (1943), сябрам Беларускай Цэнтральнай Рады, старшынёй Беларускага Культурнага Згуртаваньня, кіраўніком Аддзелу Культуры.
    На Другім Усебеларускім Кангрэсе (1944 год) зрабіў рэфэрат на тэму «Аб канчальным разрыве Беларусі з Масквою й аб уневажненьні маскоўскага голасу ў беларускіх справах». У рэфэраце, з уласьцівай для яго дакладнасьцю, абаснаваў правы беларускага народу на вольную, незалежную Бацькаўшчыну.
     Ад сярэдзіны 1944 году Аўген жыў у Нямеччыне. І там, да самага канца вайны й пасьля яе, ён не спыняў сваёй культурнай і палітычнай дзейнасьці. На бяду, згодна пагадненьням, прынятым на Крымскай Канфэрэнцыі (Ялта - 1945 год), склалася благая сытуацыя для ўцекачоў з Усходняй Эўропы. У найгоршым становішчы апынуліся былыя грамадзяне СССР: над імі пагрозьліва схіліўся цень прымусовай рэпатрыяцыі «на родину». Зразумела, занепакоеныя людзі мусілі шукаць ратунку. На тэрыторыі Аўстрыі, Заходняй Нямеччыны пачалі ўтварацца нацыянальныя камітэты, якія давалі людзям параду, дапамогу, а калі было неабходна ратаваць свабоду чалавека, выраблялі яму патрэбныя дакумэнты. У месьце Рэгэнсбургу паўстаў Беларускі Нацыянальны Камітэт. У арганізацыі й працы гэтага Камітэту чынны ўдзел прыймаў Аўген.
    Непакора бежанцаў выклікала абурэньне Сталінскага рэжыму. Ягоны прадстаўнік - А. Я. Вышынскі, выступаючы 6 лістапада 1946 году на паседжаньні 3-га камітэту Генэральнай Асамблеі Аб’яднаных Нацыяў, прапаноўваў: “...ликвидировать эти вредные организации (нацыянальныя камітэты - І. К.), а их вожаков посадить в тюрьму для первого раза, для того, чтобы повесить их - для второго раза”. Не забыўся ён у сваёй прамове й на беларусаў: “... укажу на “белорусский комитет” в Регенсбурге, занимающийся пропагандой за отторжение Белоруссии от СССР и тоже изготовляющий фальшивые, фашистские документы”.
    Па гарадох і вёсках, дзе канцэнтраваліся ДП-лягеры, шнырылі савецкія Рэпатрыяцыйныя Місіі, шукалі сваіх непаслухмяных грамадзянаў. Ня трэба дзівіцца, што шмат хто, каб выратавацца ад рэпатрыяцыі, набываў сабе новае прозьвішча. Вось тады А. Калубовіч стаў А. Каханоўскім.
    Як Каханоўскі працягваў Аўген сваё жыцьцё й дзейнасьць у Нямеччыне. У 1950 годзе пад гэтым прозьвішчам эміграваў у Злучаныя Штаты Амэрыкі. Пад гэтым прозьвішчам шчасьліва жыў тут, працаваў і памёр 25 траўня 1987 году.
                                                                           * * *
    Аляксандра Саковіч
                                                                         ПАМІЖ
                                                            СЦЫЛАЙ І ХАРЫБДАЙ
                                                                                 1
    У той непагодны сьнежаньскі вечар яны ўсе ўжо паклаліся спаць, калі Ганна пачула ціхі стук у дзьверы з калідору. Яна накінула на сябе шляфрок і выйшла ў пярэдні пакой. Запаліла на стале сьвечку. Сьвятло сьвечкі выхапіла зь цемры ейны малады схуднелы твар, на якім адно блішчэлі вочы, цьмяна асьвятліла невялікі зь белымі голымі сьценамі пакой, пліту ў куце ды пасярэдзіне нічым не засланы стол з параю лаваў каля яго.
    — Хто тут? — запыталася Ганна.
    Ніхто не адгукнуўся.
    Wer ist da? — паўтарыла пытаньне Ганна па-нямецку.
    — Отто Вэбэр.
    Сюды, пад Мядынь, ад раньняе восені прыйшлі й сталі немцы. Сэржант Отта Вэбэр — шафёр. У яго ў Нямеччыне вялікая сям’я. Отта любіць дзеці. Для малога Ганьнінага хлопчыка ў яго часта ёсьць цукерка. Ёсьць і спачуваньне да людзей, што церпяць ад вайны. Ганна ўдзячная яму за добрыя адносіны. Але чаму сёньня ён прыйшоў так позна?
    Ганна адчыніла дзьверы.
    — Я не хацеў-бы вас турбаваць у такі позьні час, фраў Зяневіч, але мушу папярэдзіць вас... — сказаў Отта.
    Нават у слабым мігаючым сьвятле ад сьвечкі можна было бачыць, што твар у Вэбэра заклапочаны. У вайну, калі вакол шалее гвалт і сьмерць, усё насьцярожвае, палохае. У Ганны ад страху захапіла дыханьне. Яна стаяла моўчкі, не знаходзячы ў сабе голасу, каб запрасіць яго зайсьці ў пакой ці спытацца, што здарылася.
    — Калі вы хочаце, я магу вас із вашым сынам адвезьці далей ад фронту...
    — Куды?
    — У Смаленск.
    — Толькі мяне із сынам? А маю маці? Сям’ю мае сястры?
    — Я маю дазвол на дзьве асобы.
    — Калі вы едзеце?
    — Я не магу дакладна вам сказаць.
    У Мядыні Ганна ня дома. Пра гэта яна неяк расказала Отту. Бедавала, што не змагла вярнуцца ў Беларусь, адкуль прыехала за колькі дзён да пачатку вайны на паховіны бацькі.
    — Я паеду, — сказала яна, хоць сама й ня была пэўнай, як ёй быць.
    — Тады зьбірайцеся. Памятайце: вы павінны быць гатовай у дарогу кожны момант.
    — Добра, — сказала Ганна.
    Вэбэр пайшоў. Ганна заклала на крук дзьверы, патушыла сьвечку. Ціха, каб не разбудзіць малога Лявончыка й маці, вярнулася ў спальню.
    Яна сказала, што паедзе. Ці ехаць? Тут, апрача маці, старэйшая сястра Арына, ейны муж Васіль і трох іхных дзяцей. Хвораму бацьку пасьля пяцігадовага сасланьня ў Валагду ў Беларусь вярнуцца не дазволілі. Васіль — аграном. Гэта ён пастараўся ўладзіць цесьця за рахункавода ў сваім саўгасе. Здавалася-б, яна, Ганна, павінна заставацца з сваімі, не пакідаць іх у нялёгкай сытуацыі: яна адна ў сям’і гаворыць па-нямецку.
    Два месяцы таму яны ўсёй сям’ёю прабавалі на кані з возам рушыць у Беларусь. У дарозе, кілямэтраў 15 ад саўгасу, іх перанялі нямецкія жандары. Патрабавалі паказаць пропуск. Пропуску ня было. Ганна тлумачыла жандарам, што яны вяртаюцца на бацькаўшчыну, што швагер — не вайсковец, а аграном. Не дапамагло. Ім загадалі ехаць назад у саўгас. Добра, што не забралі з сабою Васіля. Праўда, жандары пару разоў тузанулі яго ды памахалі перад ягоным носам кулаком.
    Хваляваньне адганяла ад Ганны сон. Што рабіць? Яна — жонка палітычнага вязьня. За гады бяз мужа яна стамілася жыць насьцярожанай, стамілася ад сьлёзаў. У пачатку вайны на якісь момант будучыня для яе засьвяцілася надзеяй. ёй здавалася, што жорсткі сьвет, які панаваў і душыў у людзей волю й радасьць да жыцьця, зьнікне. Але вайна вельмі хутка прынесла новыя жахі, новыя турботы, новыя пакуты. І, як у нядаўным мінулым, таму, што тварылася навакол, Ганьне цяжка было знайсьці апраўданьне.
    Калісьці, у хвіліны гора ці небясьпекі, яна знайходзіла параду ў свайго мужа. “Конрад, што рабіць?” — пыталася яна й цяпер, углядаючыся ў цемень, нібы верыла, што недзе, на Калыме, ён адчуе ейны неспакой, ейную разгубленасьць, дапаможа прыняць пастанову правільную, неабходную... Адказу ня было... Яе мацней ахоплівала роспач, і будучыня выдавалася змрочнай і пагрозьлівай, як цемень хмурнае сьнежаньскае начы, што панавала за вакном.
    Ганну разлучылі з Конрадам 8-га сакавіка 1937-га году, у дзень сьвята жанчыны. Зрабілі ёй падарунак. Тым днём, пасьля працы ў Фізыка-тэхнічным інстытуце, Конрад прынёс білеты ў тэатар. Ён жартаўліва запэўніваў Ганну, што глыбока праняты ўрачыстасьцю Жаночага дня, набыў для яе білеты. Ды яна не сумнявалася, што білеты яму далі на працы, як ужо давалі й перад тым.
    Вясёлымі паехалі яны ў тэатар. Але там на іх чакала няпрыемнасьць. У наступным радзе партэра, за іхнымі сьпінамі, занялі месца два афіцэры НКВД. Ганна занепакоілася: не вялікая прыемнасьць увесь вечар думаць пра кожнае сказанае слова, пра кожны рух. Глянула на мужа, хацела паказаць яму вачыма на небясьпечных суседзяў. Ён-жа, захоплены ігрою на сцэне, толькі лагодна ўсьміхнуўся да яе.
    У антракце яны пайшлі прайсьціся ў фае.
    — Што гэта ты пасумнела? — зацікавіўся Конрад.
    — Хіба ты не заўважыў двох за нашымі сьпінамі? — адказала яна.
    — Ці варта зьвяртаць увагу на якіхсьці двох, псаваць прыемны вечар?
    — Я кажу пра двох НКВДыстых, што сядзяць за намі.
    — За намі? — зьдзівіўся ён.
    — Няўжо ты ня бачыў іх?
    — Я не зьвяртаў на іх увагі.
    “У часе, калі кожнае начы кагось арыштоўваюць, із суседзяў ці знаёмых забіраюць у НКВД, ён не заўважыў. А мо ня хоча заўважаць?” — гатова была дакарыць Ганна мужа. Не пасьпела, бо ў той-жа момант ізноў убачыла “тых двох”: яны йшлі за імі сьледам і ў фае.
    Пасьля спэктаклю, па дарозе да трамвайнага прыпынку, яна сказала:
    — Мне сёньня сапсавалі вечар “гэтыя два”, што неадступна маячылі за намі.
    — Гэтыя два? Кінь думаць. Не мароч сабе імі галавы. Хутчэй за ўсё яны, як і мы, атрымалі білеты ў тэатар. А хадзілі за намі ў фае? Відаць, любяць прыгожых жанчын, і ты ім спадабалася.
    Ён жартаваў, і ягоныя ласкавыя карыя вочы зіхацелі супакоем і радасьцю.
    — У жыцьці мяне нішто не палохае так моцна, як гэтая праклятая ўстанова, — сказала Ганна.
    — Гэта камплекс страху ў цябе зь дзіцячых гадоў.
    — Ня выключана, — уздыхнула Ганна.
    — Не глядзі толькі на цёмны бок падзеяў, — спрабаваў супакоіць Ганну Конрад. — У жыцьці лепей спадзявацца на лепшае, верыць, што цяжкасьці часовыя... І ў чым нас могуць абвінаваціць? Ты ўважаесься за добрую настаўніцу, а я — за навукоўца. Маё ймя й сёньня на ганаровай дошцы, — ізноў ён весела засьмяяўся. — Старайся пачуваць сябе шчасьлівай. Паглядзі, якая сёньня прыгожая ноч! — паказаў ён ёй на пакрытыя белым інеем дрэвы перад тэатрам. — Проста казка.
    Калі яны сышлі з трамваю на Доўгабродзкай вуліцы, каля “Дому спэцыялістых”, у якім жылі, убачылі на рагу, у куце каля дому, чорнае аўта, — “чорны воран”. Па каго сёньня?
    Па каго? Па Конрада. З таго часу мінула чатыры гады. Для Ганны — гады адзіноцтва, гады страху за лёс мужа, за лёс дзіцяці, за свой лёс. Што рабіць цяпер?
    Так і заснула ў тую ноч Ганна, нічога не пастанавіўшы. На золаку прачнулася ад блізкага грукату. Маці стаяла ля ейнага ложка.
    — Недзе зусім блізка б’юць з гарматаў, — сказала маці.
    — Учора да нас прыходзіў Вэбэр, — сказала Ганна.
    — Я ня чула.
    — Ён прапануе мяне зь Лявончыкам адвезьці далей ад фронту. Ці ехаць?
    — Трэба.
    — Што трэба?
    — Ехаць, — зь сілаю адказала маці.
    Як заўсёды, маці выглядала спакойнай, пэўнай свае думкі. Гэта адразу сьцішала хваляваньне Ганны.
    Ізноў загрымеў гарматны выбух.
    — Няўжо мы зь Лявончыкам сёньня паедзем?
    — Прынесла-б ты хутчэй дроў, — сказала маці й шчыльней захінулася ў вялікую, зробленую зь белае воўны, хустку, што была накінутая на ейныя плечы паверх сукенкі.
    Памешканьне ў бараку за ноч выстудзілася. Ледзяная падлога. Ледзяное паветра. Ганна сьпяшалася хутчэй апрануцца. Трэба было напаліць пліту, што агравала два іхныя пакойчыкі, пакуль прачнецца малы.
    На двары, ля ганку, ужо стаялі Арына з мужам. Ізноў загрукатала. Васіль глядзеў у бок, адкуль нёсься грукат выбухаў.
    — Цэляць на нас, — сказаў ён.
    — На нас?
    — Пэўна. Не забывайся, што тут за апошнія дні сканцэнтравалася шмат нямецкага войска.
    — Ты мяркуеш, што немцы адыходзяць?
    — Не мяркую, а чуў. Учора да нас заходзіў Рудольф Матлер. (Васіль назваў імя знаёмага перакладчыка зь нямецкага войска.) Ён казаў, што іхнаму аддзелу загадалі адыходзіць на Рослаў.
    Ізноў загрукатала, ды цяпер так блізка, што скалыхнула паветра, захістала пад нагамі зямлю.
    На легкавым аўце да ганку пад’ехаў Вэбэр.
    — Вы гатовыя ехаць? — запытаўся ён у Ганны, высоўваючы галаву зь дзьвярэй машыны.
    Ганна глядзела на яго й ня ведала, што адказаць.
    — Мой малы яшчэ сьпіць, — нарэшце, знайшлася яна.
    — А рэчы спакаваныя?
    — У нас ня шмат рэчаў, каб пакаваць.
    — Маеце дзесяць хвілінаў. Ідзеце хутчэй зьбірайцеся, пакуль я забяру пошту.
    Вэбэр паехаў.
    — Пра што ён з табою гутарыў? — запытаўся Васіль.
    — Каб я зьбіралася. Ён едзе з поштаю ў Смаленск і прапануе мяне зь Лявончыкам адвезьці далей ад фронту.
    — Ён едзе сёньня?
    — Зараз.
    — Дык чаго-ж ты тут стаіш?
    — Я ня ведаю, ехаць ці не бяз усіх вас.
    — Ідзі зьбірайся, — сказала сястра.
    Ганна прыбегла назад у свой пакой. Выцягнула з-пад ложка на сярэдзіну спальні валізу, раскрыла яе й спынілася, ня ведаючы, што рабіць далей. Думкі ў галаве блыталіся.
    — Чаму ты ня прынесла дроў? — запыталася маці.
    — Мы едзем.
    — Калі?
    — Вэбэр прыедзе па нас за дзесяць хвілінаў.
    У пакой увайшла Арына з мужам.
    — Ты мо пасьпела б з намі пасьнедаць перад дарогаю, — прапанавала яна. Убачыўшы, што Ганна стаіць над валізаю, як няпрытомная, сказала:
    — Ідзі будзі малога, а мы з мамаю зьбярэм твае рэчы.
    Надыйшла хвіліна разьвітаньня. Ганна далей адчувала сябе разгубленай, калі трымаючы Лявончыка за руку, разам із сваімі блізкімі, выйшла на ганак. Яна бачыла іхныя ўсхваляваныя твары, непакой у вачох. Адзін толькі Лявончык зіхацеў у радасьці: яму сказалі, што ён паедзе на аўце. Сьлёзы падкаціліся ў Ганны да горла. У яе было амаль нястрыманае жаданьне пакласьці галаву на плечы маці й голасна загаласіць, як у дзяцінстве: “Мама, ці добра я раблю? Што станецца з табою? Ці ня лепей застацца з усімі вамі?”
    Маці нібы адгадала Ганьніны думкі. Яшчэ раз прытуліла яе да сябе:
    — У цябе на руках малы сын. Думай пра яго. Не хвалюйся пра нас. Мы неяк дамо сабе рады.
    Вэбэр рашчыніў дзьверцы аўта:
    — Час ехаць.
    — Я буду чакаць на ўсіх вас у Смаленску, — ужо з машыны гукнула да іх Ганна.
    — Чакай нас не ў Смаленску, а ў Туравічах, — сказала маці.
    І Арына нечакана ўсьміхнулася праз сьлёзы:
    — Пастарайся дабрацца да Туравічаў, — пажадала й яна.
    Туравічы — родная вёска Ганьніных бацькоў у Заходняй Беларусі. Пасьля І-ае сусьветнае вайны паміж Туравічамі й Менскам лягла мяжа. Зьнікла мажлівасьць езьдзіць туды. Але ў сям’і пра Туравічы ніколі не забываліся: іх часта згадвалі з замілаваньнем і пяшчотаю. Адтуль у 1926-м годзе прыйшоў вучыцца ў Менскі ўнівэрсытэт Конрад Зяневіч.
    Ганна вырасла пад савецкаю ўладаю. Рана спазнала голад і холад, вобыскі ў хаце, арышты блізкіх людзей. Конрад гадаваўся на другім баку мяжы. Скончыў Віленскую беларускую гімназію. Там стаўся камсамольцам. Прыйшоў у Савецкую Беларусь зь вераю, што на гэтым баку лепшая будучыня для чалавека. Ганна ня мела гэткае веры. Яны кахалі адзін аднаго, разумелі, але й спрачаліся.
    — Пакінь крытыкаваць, — прасіў яе Конрад. — Крытыка не прынясе дабра ні табе, ні мне. Я сумленна працую, захоплены працаю ў галіне фізычнае тэхнікі, я маю свае вынаходы. Гэта таксама вельмі патрэбна й карысна для Беларусі.
    — На зямлі, залітай крывёю, навука ня вельмі цешыць. Хіба ты ня бачыш, як церпяць вакол цябе людзі?
    — Добра, я бачу. Але-ж ня ў стане ні зьмяніць таго, што робіцца, ні спыніць. Ды наагул, калі новае прыходзіць да жыцьця, заўсёды штосьці павінна быць страчаным. Гэта закон.
    — Інакш кажучы, дазваляецца фізычна й духова нішчыць нявінных людзей. Скажы мне, як шмат спасярод тых, хто раскулачаныя, хто арыштаваныя й гінуць па турмах ды канцэнтрацыйных лягерох, запраўдных ворагаў народу? Колькі? Адкажы сумленна.
    — Пэўна, ня шмат.
    — І ты запэўніваеш мяне, што адданы свайму народу, любіш Беларусь?
    — Пэўна, люблю! Але я не магу, як ты, крытыкаваць абсалютна ўсё. Калі я пачну гэта рабіць, я не змагу прымусіць сябе заставацца ў камсамоле, не змагу працаваць у інстытуце.
    Ганна раней за Конрада прадчула, што бяда не абміне іхную сям’ю.
    — Кожны дзень і цябе могуць арыштаваць, назваць шкоднікам, польскім шпіёнам, бо ты прыйшоў із Захаду, — хвалявалася яна.
    — Няма горай, калі баісься: і ліха ня мінеш, і надрыжысься, — стараўся жартам супакоіць яе Конрад. — А калі-б штосьці благое нас напаткала, калі-б нас разлучылі, заўсёды памятай Туравічы. Там мае бацькі, яны табе дапамогуць.
    Дапамогуць? Ад 1939-га году мяжа паміж Усходняй і Заходняй Беларусьсю зьнікла, а Ганна сьцераглася, каб хто з чужых не даведаўся, што яна паходзіць з Туравічаў, мае там сваякоў.
    Сёньня маці й сястра нагадалі Туравічы. Апошні раз Ганна была там у 1915-м годзе малой. У памяці застаўся чысты, як яснае неба, Нёман, зялёны луг, сьветлая прасторная хата, ветлівыя людзі ў вёсцы. Усё, поўнае радасьці й ласкі. Думка, што яна з сынам цяпер мо здолее дабрацца туды, прынесла ёй подых надзеі.
    Яна павесялела, адразу ўбачыла прыгаство марознага сонечнага раньня, якое дакранулася да сьнегу ў полі, зазіхацела на ім мільлёнамі дыямэнтаў.
    Was für eine Schönheit, якая краса! — сказала яна.
    Diese Schönheit das Leben unserer Soldaten an der Front zur Hölle macht [Гэтае прыгаство робіць пеклам жыцьцё нашых жаўнераў на фроньце], — азваўся Вэбэр.
    Ягоны твар быў нязвыкла хмурым, напружаным, вочы не адрываліся ад дарогі. Раптоўна аўта падкінула, тады сьлізганула ўбок. Отта ледзь утрымаў яго на дарозе. Вылаяўся:
    Donnerwetter, кожную хвіліну можна зьляцець у глыбокі сьнег.
    Ганну ізноў ахапіў непакой. Яна бліжэй прытуліла да сябе сына, малілася: “Божа, дапамажы нам жывымі даехаць дадому”. А Лявончык не адчуваў непакою маці, ён цешыўся падарожжам на аўце. Цікавіўся:
    — Мы далёка паедзем?
    — Далёка.
    — Нас ня вернуць назад? — відаць, ён прыпомніў няўдалае падарожжа два месяцы таму.
    — Не, мой родны.
    Аўта выехала на гасьцінец і роўна паймчалася. Замігалі тэлефонныя слупы з тоўстымі, абледзянелымі дратамі, паабапал пацягнуўся заіндзявелы нярухомы лес. Не даходзіў сюды рокат артылерыйскіх гарматаў, а на дарозе, як кінуць вокам, нікога ня было відаць.
    Твар Вэбэра стаў менш суровым. Ён усьміхнуўся да Ганны.
    — Цяпер можна спадзявацца, што да Смаленска даедзем цэлыя.
    — Сёньня даедзем?
    — Я павінен быць там сёньня.
    — Гэта праўда, што ад Смаленска на захад ідуць ужо цягнікі?
    — Праўда.
    — Змагу я дастаць пропуск на цягнік?
    — Я дапамагу вам. Дні за два мо будзеце ўжо ў Менску.
    — Дзякую.
    — Мама, Уладзік учора прынёс зь лесу ялінку, — прыгадаў свайго старэйшага стрыечнага брата Лявончык. — ён казаў, што пасьлязаўтра прыйдзе Новы год, і яго трэба сустракаць. Дзе мы з табою сустрэнем Новы год? У Менску?
    Не чакаючы ад маці адказу, ён пачынае мроіць:
    — Мы прыедзем, а тата ўжо дома чакае на нас. Пабачыць мяне й зьдзівіцца: “Як мой Лявончык вырас!..” І ялінку для мяне тата прынясе вялікую, не такую маленькую, як Уладзік...
    Гэта ня першы раз, калі малы марыць пра бацьку. Ганна сама дае падставу ягоным марам. На сьвяты заўсёды найлепшыя падарункі для Лявончыка “прысланыя татам”. Ганна хоча, каб сын ведаў і адчуваў каханьне бацькі. Яна ня тлумачыць яму, што бацька — вязень канцэнтрацыйнага лягеру, ня хоча трывожыць ягонага дзяцінства. І цяпер, хоць сама ня верыць у спатканьне з мужам, не пярэчыць сыну.
    Не прадчувала Ганна, што словы Лявончыка блізкія да праўды.
                                                                               2
    7-га ліпеня 1941-га году Конрад Зяневіч быў у Менску. Жывы! Вольны! На бацькаўшчыне!
    Ад зморанасьці й згаладаласьці ён чуўся слабым, але ў грудзёх бушавала радасная ўсхвалёванасьць. Радасная ўсхвалёванасьць у такі час? Хіба можна цешыцца, калі ты даведаўся, што твае жонкі й дзіцяці няма ў Менску? Калі перад табою цягнуцца спаленыя дашчэнту вуліца за вуліцай? Калі дарогу часта перагараджваюць заваленыя камяніцы, а на сквэры тырчаць шчарнелыя, абвугленыя дрэвы?.. Відаць, можна. Жывы! Вольны! На бацькаўшчыне!
    Тры месяцы таму Конрада прывезьлі з Магадану ў Менскае НКВД на новыя дазнаньні. Патрабавалі ад яго дадаткова абылгаць сябе, падпісаць, што ў 24-м і 25-м гадох ён займаўся зьбіраньнем шпіёнскіх інфармацыяў, якія перадаваў у вывед польскага гэнэральнага штабу. У тыя гады Конрад яшчэ ня жыў у савецкай Беларусі. Гэты факт сьледчым ня браўся на ўвагу.
    У 1937-м годзе Конрад, даведзены допытамі й катаваньнем да стану псыхоза, напісаў пад дыктоўку сьледчага, сэржанта Палякова, паклёп на сябе, на свайго блізкага сябру Віктара Паплаўскага. Віктар загінуў. За чатыры гады гібель Віктара не забылася, не адбалела. Цяпер на новыя правакацыі Конрад не згаджаўся. Уласная сьмерць здавалася лягчэйшай ад пакутаў сумленьня. Яму пагражаў расстрэл. Выратавала вайна.
    На трэйці дзень вайны быў адзін із страшнейшых паветраных налётаў на Менск. Доўга й працягла вылі над местам сырэны. Па калідорах турмы, цьмяна асьветленых сінімі электрычнымі лямпачкамі, Конрада зь верхняе камэры перавялі ў падвал. Там у вадну камэру напіхалі вязьняў даадказу. Конрад стаяў прыціснуты да вогкае сьлізкае сьцяны. ён ня мог вольна пасунуцца ні ў які бок. Два маленькія ваконцы пад самай стольлю не прапускалі з вуліцы сьвежага паветра. (Для зацямненьня яны былі заслоненыя фанэраю.) Конрада душыла гарачыня й смага.
    Пачалося бамбардаваньне. За сьпіною Конрада закалыхалася сьцяна. Грукаў выбух за выбухам. Згасла электрычнасьць. Не хапала чым дыхаць.
    Зь першага дня вайны па турме йшла пагалоска, што палітычных вязьняў страляюць і атручваюць. Загналі іх усіх сюды, каб задыхнуліся? Вязьні стукалі ў дзьверы, клікалі калідорных, прасілі вады. З калідору ніхто не адгукаўся. Конрад адчуваў сябе аслабленым. Галава кружылася. Ён баяўся адарвацца ад сьцяны, сесьці на падлогу. Разумеў, што ашалелыя ад страху людзі могуць затаптаць.
    Пасьля поўначы, калі над местам сьціхла, калідорныя рашчынілі дзьверы камэры. Загадалі выходзіць на двор. Адтуль пад канвоем павялі праз палымнеючае места. Куды? Вязьням не казалі.
    Конрад ішоў у радзе з паэтам Адамам Рынейскім, які апошнія тры месяцы быў ягоным сябрам па камэры. Як звычайна, вартавыя із стрэльбамі выкрыквалі каманды, загадвалі не размаўляць, пагражалі, але ў іхных галасох чулася нейкая няпэўнасьць, твары выглядалі затурбованымі, і вязьні перагаварваліся паміж сабою.
    — Трэба пастарацца ўцячы, — сказаў паціху Адам.
    — Калі нас не пастраляюць, — адказаў Конрад.
    — Ня будзь пэсымістым, спадзявайся... Ты не на Калыме, а ў родным Менску.
    Родны Менск! У тую ноч Конрад не пазнаваў Менска. У моры агню немажліва было яго пазнаць. Гарэла места, гарэла неба. Калёна вязьняў лавіравала паміж палаючымі будынкамі. Гарачыя хвалі паветра ахутвалі, праносілі над іхнымі галовамі клубы чорнага дыму, рассыпалі навокал снапы чырвоных іскраў. Ад гарачыні, ад попелу ў паветры, ад шпаркае хады займала дух. Слабейшыя вязьні падалі. Іх стралялі на месцы.
    Першыя праменьні сонца пазалацілі неба, калі яны выйшлі за места. Тут, на ўскраі лесу, вязьням на гадзіну дазволілі запыніцца. Падзялілі на меншыя групы, па асобаў 60. Пагналі па шашы на ўсход.
    Па бакох цягнуўся лес, вабіў, маніў да сябе, абуджаў спадзяваньне на ратунак. І хітрадумны Адысэй (так, жартуючы, ахрысьціў Конрад Адама Рынейскага) энэргічна крочыў побач яго й узмацняў гэтыя спадзяваньні:
    — Трэба абдурыць гэтых цыклопаў, бегчы ў лес, у гушчар. Родны лес нам, сваім сынам, ня зрадзіць.
    Адам — бабруйчанін. Першы раз ён быў арыштаваны яшчэ будучы студэнтам, у пачатку 1920-х гадоў. У яго знайшлі дзёньнік і вершы. Ён наракаў на выпрабаваньні й пакуты свайго пакаленьня, асуджаў тыранію над розумам, якая шырака практыкуецца ў Савецкім Саюзе й не дазваляе паэту тварыць сумленна. Знайшлі й рэвальвэр, які аднойчы належаў ягонаму бацьку. Выслалі на пяць гадоў у Сяміпалацінск, дзе за ўдзел у паўстаньні 1863-64 гадоў адбываў пакараньне ягоны дзед. У 1929 годзе Адам вярнуўся на бацькаўшчыну. Вершы й дзёньнік перастаў пісаць. Заняўся вывучэньнем і перакладамі з грэцкае міталёгіі, працаваў у музэі. Аднак нішто не дапамагло. Яго ізноў арыштавалі, ізноў саслалі. Ды цяпер на 10 гадоў у канцэнтрацыйны лягер, бяз права ліставаньня. Тэй вясною, як і Конрада, яго вярнулі на дадатковыя дазнаньні. За тры месяцы, што яны прасядзелі разам, гутарлівы Адам меў дастаткова часу азнаёміць Конрада з улюбёным несьмяротным Гамэрам. Сур’ёзна запэўняў, што найлепшы сродак, каб не заламацца, не звар’яцець ад сьвету жаху й тэрору, думкамі пераносіцца ў сьвет антычнай Грэцыі, у сьвет хараства й прыгодаў.
    Мажлівасьць абдурыць, уцячы ад канваіраў-цыклопаў зьявілася ў той дзень пасьля поўдня. Над шашою, высака ў небе, загурчэў нямецкі самалёт. Праляцеў над калёнаю, вярнуўся, закружыўся над ёю ў высі й раптоўна, амаль вэртыкальна, пайшоў на яе, шастануў па ёй з кулямёту. Канваіры, а за імі вязьні, кінуліся на зямлю, ня ўзьнімаючыся паўзьлі ў лес. Схаваліся ў лесе й Конрад з Адамам. Яны чулі, як цоўкаліся кулі па ствалох гонкіх хвояў, чулі грукат скінутай бомбы. Калі на шашы сьціхла, яны не вярнуліся, а прадаўжалі прадзірацца праз гушчар далей у глыб лесу. Адам трыюмфаваў:
    — Вольныя. Нашая адысэя канчаецца. Хутка ўбачым свае родныя хаты.
    Чатыры дні яны блукалі па лесе, абыходзілі дарогі, сьцерагліся, каб ізноў ня трапіць у рукі НКВД. На пяты дзень голад прымусіў пайсьці ў вёску. Там захапілі іх немцы, забралі ў пераходны лягер пад Менскам, у Драздах.
    Конрад пакпіў:
    — Слаўны Адысэй, дзе мы цяпер?
    Спахмурнелы ад нечаканага арышту, Адам не завагаўся з адказам:
    — Паміж Сцылай і Харыбдай.
    У лягеры Конрад спаткаўся із знаёмымі мянчанамі. Ад іх даведаўся, што Ганна перад самаю вайною паехала пад Маскву на паховіны бацькі.
    Праз колькі дзён немцы звольнілі зь лягеру і Конрада і Адама. Адам пайшоў на Бабруйск, Конрад — праз Менск на Туравічы. У Менску хацеў зазірнуць на Шпітальную вуліцу да людзей, у якіх пасьля ягонага арышту наймала пакой Ганна.
    На Савецкай вуліцы Конрад перайшоў мост праз Сьвіслач. На першым скрыжаваньні направа Шпітальная. Зьвярнуў на яе. Замест дому, дзе жыла жонка, тырчэў чорны абдымлены комін. Засталіся адно коміны й ад наступных трох дамоў. На канцы Шпітальнай, бліжэй да гарадзкога саду, жыве Броня Паплаўская. Яму абавязкава трэба пабачыцца зь ёю. Толькі ня сёньня... Сёньня ён яшчэ ня ў стане ўзьняць увесь боль, усе згрызоты, свой уласны сумніў... ня ў стане тлумачыцца, апраўдвацца... Не, не... Пазьней, а цяпер да маці швагра Васіля, цёткі Алесі. Мо ад яе даведаецца штосьці больш пра сям’ю, крыху адпачне.
    Павярнуўся йсьці назад і... на момант абмёр. Насустрач яму йшла Броня. “Стройная, прыгожая, з высака ўзьнятай галавою. Як і заўсёды, свавольная?.. На ёй летняя сіняя сукенка. Броня заўсёды любіла гэты колер. Ад такога колеру ейныя вочы робяцца больш сінімі, больш прамяністымі. Яна прайшла міма яго. Не пазнала?”
    — Броня!
    “Голас ягоны быў няпэўны, ціхі. Яна магла не пачуць яго. Або не пажадала пачуць? Так яно й лепей...” I ўсё-ж ён ізноў паклікаў яе, галасьней:
    — Броня!
    Яна павярнулася, ускінула на яго вочы. Сінія вочы — халодныя, твар — суровы.
    — Конрад?
    “Не ранейшая Броня, іншая — варожая, чужая”. Конрад у сполаху глядзеў на яе. “Яна даведалася, асудзіла мяне, уважае за вінаватага”.
    Ён стаў перад ёю, нібы баяўся, што яна пойдзе, не захоча спыніцца ля яго. Пачаў тлумачыцца, што яго сёньня толькі выпусьцілі зь нямецкага лягеру, што ён прыйшоў сюды паглядзець хату, дзе жыла Ганна...
    — Зыйдзі з мае дарогі, — сказала Броня й выцягнула ўперад руку, быццам зьбіраючыся адсунуць яго на бок, калі ён ня зыйдзе. Пайшла.
    “Яна не жадае слухаць маіх тлумачэньняў, пагарджае мною... Хай пагарджае, мне ўсёроўна”, — думаў Конрад і йшоў за ёю ўсьлед.
    — Броня! — паклікаў ён ізноў. — Мне трэба пагаварыць з табою, растлумачыць усё, як было, чаму ўсё так здарылася...
    Яна спынілася каля брамкі ў свой двор. Конрад добра ведаў гэтую зялёную брамку і шчыльную агарожу, і зялёны аднапавярховы дом зь белымі акяніцамі, і садок, густа зарослы па краёх бэзам, і альтанку, у якой ён з Броняй ня раз праседжваў да сьвітаньня... Пазьней зьявіўся Віктар. Броня закахалася ў яго, пабралася зь ім, а ня з Конрадам.
    — Растлумачыць? Тлумачэньні ня вернуць да мяне Віктара, ня вернуць да дзіцяці бацькі.
    — Ты ведаеш, што аднойчы я моцна кахаў цябе. Я не хацеў прынесьці табе гора...
    Броня рашчыніла брамку. Конрад паймкнуўся было йсьці за ёю. Яна папярэдзіла:
    — Ня йдзі за мною, Конрад! У мяне жаданьне плюнуць табе ў твар.
    Зь сілаю бразнула за сабою брамкаю.
    Спатканьне з Броняю вярнула тое, на што ён хацеў забыцца. Прыгадала яму жахлівыя гадзіны зьдзеку над ім, гадзіны паніжэньня; прыгадала яму ягоную слабасьць. Сэрца пачало калаціцца мацней. Конраду не хапала чым дыхаць. Душыла гарачыня задушнага ліпеньскага дня... ці ягоныя ўласныя пачуцьці? “Броня асудзіла. Наперадзе хто яшчэ асудзіць? Мо й Ганна?” Ён адчуў сябе вельмі змораным, адзінокім.
    “Вуліца пустая. Дзякаваць Богу, ніводнага чалавека. А ў вачох стаяла Броня, ейныя халодныя, варожыя вочы, гучэлі жорсткія словы. Яна мае права асудзіць... Мае падставу... Яна правая... Але-ж і мяне абылгаў Лінартовіч, і мяне бяз віны арыштавалі. Зь Лінартовічам мы былі разам у лягеры. Я ня вініў яго, бо разумеў, чаму ён так зрабіў, чаму так паводзіўся... Віктар выбраў за лепшае сьмерць. Ён — гэрой... Але ня кожны ў стане згадзіцца памерці”.
    “Яшчэ раніцою Конраду здавалася, што ўсё найгоршае ў жыцьці перажыта. Цяпер даведаўся, што не. У грудзёх узьняўся цяжкі, тупы боль, які паралізаваў радасьць. ён ведаў, што гэты боль ня хутка яго пакіне. Каб Броня згадзілася выслухаць яго. Ён не зрабіў зла Віктару з свае добрае волі, паводле свайго жаданьня. Яго катаваў сьледчы Палякоў, давёў да стану вар’яцтва... Броня не жадае ягоных тлумачэньняў. Бяссэнсоўна настойваць, ня трэба. Ён павінен безадкладна пакінуць Менск, павінен ісьці да бацькоў, у Туравічы, там адпачыць душою... Ці можа адпачыць душа, калі чуеш яе ня жывой, чуеш яе мёртвай?”
                                                                               3
    Праз чатыры дні пасьля расстаньня з сваімі крэўнымі Ганна й Лявончык прыехалі ў Менск. Убачылі спаленую хату, у якой жылі, ды на папялішчы скручаны ад агню жалезны ложак. Іншага сьледу ад іхных рэчаў не засталося. Запыніліся на кватэры ў маці Васіля.
    У двухпакаёвым памешканьні сьветла, цёпла, утульна. На вялікую радасьць Лявончыка ёсьць нават ялінка, прыбраная бліскучымі шарамі, пацеркамі, каляровымі сьцяжкамі. Цётка Алеся абяцае малому, што ўвечары Дзед Мароз прынясе на ялінку падарункі.
    — А нічога, што мы пад Новы Год прыехаць спазьніліся?
    — Гэта нічога. Цяпер вайна, і Дзед Мароз разумее, што вы не з свае віны спазьніліся.
    Лявончык шчасьлівы. У хаце бабуні (так Лявончык кліча цётку Алесю) ён часты госьць. Зь ім сюды ў першае раньне пасьля арышту Конрада прыбегла ў сьлязах Ганна. Тут пакідала яго, калі па турмах Менску шукала мужа.
    Той страшны, беспрасьветны час ніколі не забудзецца. І цяпер у вачох Ганны стаяць даўгія маўклівыя чэргі жанчынаў, зь якімі яна цэлымі днямі прастойвала перад брамамі турмаў, каб, нарэшце, калі ейная чарга даходзіла да вакенца, даведацца: “Конрада Зяневіча ў сьпісе няма”.
    Тры месяцы дарэмнага шуканьня. Тады — дзень удачы: “Ёсьць у сьпісе”. “Магу я яму што-небудзь перадаць?” “Можаце 50 рублёў”. “Сёньня?” “Не, у дзень перадачаў на літару “З”.
    У дазволены дзень Ганна з духгадовым Лявончыкам на руках (так здарылася, што яго ня было зь кім пакінуць) прынесла грошы. Чарга перад турмою на цэлы блёк, але жанчыны прапусьцілі яе зь дзіцем наперад без чаргі. Ніводная не запярэчыла. Як звычайна, у гэтых чэргах усе стаялі маўкліва, бяз усьмешкі на пакутлівых тварах. Пакуль Ганна даставала грошы із торбачкі перад вакенцам, спрытны Лявончык перахіліўся зь ейных рук, усунуў галаву ў самае вакенца й запытаўся: “Тата?” Малы хварабліва сумаваў па бацьку. Шукаў яго ўсюды: заглядаў у твары мужчынаў на вуліцы, у крамах.
    Неўзабаве пасьля перадачы грошай ад Конрада прыйшоў ліст. У самаробным канвэрце, напісаны не пяром, не алоўкам, а нечым накшталт сажы, разьведзенай вадою, на невялікім пажоўклым шматку паперы. Ліст, відаць, быў выкінуты зь цягніка, знойдзены й перасланы якімсь добрым чалавекам. Конрад пісаў: “... мяне вязуць у кірунку Далёкага Ўсходу. Ведай, што я ні ў чым не вінаваты...” Хіба яна ня ведала?
    Той ліст Ганна не пабаялася прачытаць цётцы Алесі, якая заўсёды мела для яе спачуваньне. І сёньняшнім раньнем цётка Алеся ўсьцешыла яе нечаканай навінаю: “Конрад вярнуўся. У ліпені быў у мяне. Цяпер у Туравічах”.
    Ад гэтае весткі першы раз за цяжкія, безнадзейныя гады Ганна адчула радасьць, цёплую, бязьмежную, захапляючую ўсю ейную істоту. Сьмяялася, плакала... Глядзела на шчуплую нявысокую кабету з добрымі выцьвілымі вачыма, перапытвала: “Конрад вярнуўся? У Туравічах?” Перапытвала, каб ізноў пачуць з вуснаў старой цудоўныя, магічныя словы.
    Цётка Алеся ўгаварыла Ганну з дарогі адпачыць. Пасадзіла на канапцы ў пакоі, паклала перад ёю колькі нумароў “Беларускай Газэты”, што выдаецца цяпер у Менску, не дазволіла йсьці на кухню дапамагаць.
    Пах смажанага сала й паранай бульбы даносіцца з кухні, дзе гатуе ежу цётка. Ад яе не адыходзіць, пра штось апавядае, весела сьмяецца Лявончык. Ён і бабуня — вялікія сябры.
    Хутка задымілася на стале ў місцы гарачая бульба. Да яе квашаная капуста й каўбаса, засмажаная скваркамі. У вайну — раскошны пачастунак. Лявончык дапамагае бабуні гаспадарыць.
    Прынёс талеркі, нажы й відэльцы. Запрашае маці садзіцца за стол. Пры гэтым паведамляе:
    — Каўбасу й сала, што мы будзем есьці, прыслаў мой тата.
    Ганна глянула на цётку Алесю. У ейных вачох пытаньне — праўда гэта ці прыдумана, каб пацешыць дзіця?
    — Праўда, праўда, Ганначка, — сьцьвярджае цётка. — Адам Рынейскі нядаўна адведаў Конрада й прывёз мне ад яго пачку з каўбасой і салам.
    — Адам Рынейскі таксама вольны?
    Адам — калега па ўнівэрсытэту старэйшай сястры, Арыны. Ганна, малодшая ад яго гадоў на дзесяць, здалёк заглядалася на яго. Ён здаваўся ёй прыгожым, разумным, надзвычайным. Паэта! У яго вялікія цёмнашэрыя вочы. У вачох нярэдка гіранічная ўсьмешка да “істотаў з даўгімі валасамі, даўгім языком, кароткім розумам і ў кароткіх спадніцах”. У 14 год Ганьне перад ім хацелася выглядаць разумнай і цікавай. Ды ён не заўважаў яе. Завіхаўся каля Арыны, прысьвяціў ёй нават нізку лірычных вершаў. А тая звада яго Гіпакрытам, бо амаль тыя самыя вершы ў той самы час Адам прысьвяціў і другой сваёй каляжанцы.
    — Дзе цяпер Адам? У Бабруйску? — пытаецца Ганна.
    — Ды не, ён пакінуў Бабруйск. Там жонка яго не дачакалася, новую сям’ю завяла. Ён у Менску працуе.
    — Дзе?
    — На нашай вуліцы, у рэдакцыі “Беларускай Газэты”.
    Цётка расказвае, што Адам клікаў Конрада на працу ў Менск, але той не згадзіўся. Адмовіўся. Адмовіўся йсьці выкладаць фізыку ў Туравіцкай школе. Конрадава маці цішком скардзілася Адаму: “Начамі сядзіць, матэматыкай займаецца, а ўдзень сьпіць. Не пабудзі — ня ўстане. Не пакліч есьці — сам ня ўспомніць”.
    Ганна занепакоеная. У сэрцы ўзьнімаецца страх, амаль паніка. “Конрад нідзе ня хоча працаваць. Гэта так не падобна на яго. Хворы?” У Ганны ёсьць шмат пытаньняў. Ды цётка Алеся заўсёды асьцярожная, далікатная, схільная не дагаварыць праўды да канца, каб ня ўстрывожыць. Гэта добра ведае Ганна й вырашае, што яна сёньня-ж, неадкладна павінна сама пабачыцца з Адамам, даведацца ад яго пра ўсё, бяз утойваньня.
                                                                                *
    Адразу па абедзе Ганна прыйшла ў рэдакцыю. Вялікі калідор, колькі дзьвярэй. З-за іх даносіцца стук пішучых машынак. У якім пакоі Адам? Бразнулі дзьверы. Юнак із вязкаю газэт на руках ішоў да выхаду з калідору. Ганна запыталася:
    — Скажэце, калі ласка, у якім пакоі працуе Адам Рынейскі?
    — У канцы калідору, — паказаў пальцам хлапец.
    У пакоі было шмат сьвятла. Праз вялікае вакно падалі праменьні сонца на пісьмовы стол із сьветлага дубу, на крэслы, на сьцяну зь беларускай Пагоняй, асаджанай у раму такога-ж колеру, як пісьмовы стол і крэслы.
    Адам сядзеў за сталом, штосьці пісаў. Адразу пазнаў Ганну. Усхапіўся, падбег да яе. Зьдзіўлены, узрадаваны, ён доўга не выпускаў ейнае рукі із свае, калі яны віталіся. Пасадзіў на крэсла. Падсунуў сваё побач. ён здаваўся ёй крыху худзейшым ад таго, як яна яго памятала, але, як і раней, вельмі зграбны. На ім добрага гатунку шэры гарнітур, белая кашуля, чорны гальштук. Вочы заўсёды крыху насьмешлівыя, цяпер сьвяціліся спагадай. Цёмныя валасы на галаве — густыя й хвалістыя, толькі на скронях лёгкая сівізна. Ганна ведала, што яму, як і Арыне, павінна быць гадоў пад сорак. Ён выглядаў шмат маладзейшым.
    Першыя словы Адама былі:
    — Прыемна бачыць вас! Якім цудам вы ў Менску? Як даўно прыехалі? Красуня, ранейшая Ганначка... Час абсалютна не пакінуў сваіх сьлядоў ні на вашым твары, ні на постаці. Белакучаравая Ганначка-бярозка...
    Адам шчыра цешыцца спатканьнем. Ганна гэта адчувае. ёй прыемна. Але яна добра ведае, што за апошнія гады й асабліва месяцы вайны яна зьмянілася. Цётка Алеся ахала ды охала, угаварвала больш есьці, бо “ў вас, даражэнькая, адно скура ды косьці засталіся”. Прыгадала сястру Арыну, хацела пажартаваць: “ня будзьце Гіпакрытам”, перадумала, усьміхнулася й папрасіла:
    — Вы былі нядаўна ў Конрада. Раскажэце мне ўсё пра яго.
    Адам не адразу адказаў. ён пільна ўглядаўся на Ганну, і ёй здалося, што ён абдумвае, ці варта ёй усё расказваць. Стала крыўдна: “відаць, ён і мяне судзіць паводле свае жонкі”. Яна не памылілася, бо Адам запытаўся:
    — Што вы зьбіраецеся рабіць? Заставацца ў Менску, ці ехаць у Туравічы?
    — Ехаць да мужа, ехаць як мага хутчэй.
    Адам ажывіўся:
    — Гэта добра, неабходна. ён думае пра вас, гаворыць пра вас. Вы — адзіная асоба, хто зможа зразумець яго, дапамагчы яму, падтрымаць яго духова. Памятайце: чатыры гады ён прабыў у пекле, у запраўдным пекле, дзе да чалавека няма ні жалю, ні спачуваньня, ні навагі. Адно зьдзек, зьдзек, зьдзек... Калі мы хаваліся з Конрадам у лесе, пакідалі нямецкі пераходны лягер, ён быў узьняты на духу. Я не дапушчаў, што крызыс можа наступіць ізноў...
    — Як зразумець вашы словы “крызыс можа наступіць ізноў?” — перабіла яго Ганна.
    — Я забыўся, што Конрад быў пазбаўлены ліставаньня; і вы ня ведаеце, што адзін час у лягеры ён занядужаў псыхічна, нават быў некаторы час у шпіталі, — у голасе Адама чулася спачуваньне.
    “Конрад, заўсёды такі зраўнаважаны... хворы псыхічна?” Гэтага Ганна не магла ўсьведаміць. Запыталася:
    — Што магло цяпер падзейнічаць на яго?
    — Памойму, спатканьне з Броняй Паплаўскай.
    — З Броняй? — зьдзівілася Ганна. — Яна — нашая блізкая сяброўка. Чым Броня магла выбіць яго з раўнавагі? Конрад павінен добра ведаць яе, ведаць ейную запальнасьць, здольнасьць пакрыўдзіць, самой пакрыўдзіцца й памірыцца, хутка забыцца на крыўду. Броня ўмела пры ўсіх сварыцца зь Віктарам, сваім мужам, а яна моцна кахала яго.
    — Віктара закатавалі на допытах.
    — Я чула гэта ад Броні. Яна ў НКВД прынесла грошы для перадачы, а ёй сказалі: “Віктар Паплаўскі памёр”. Але ў чым Броня можа вінаваціць Конрада? У 1938-м годзе, калі Віктара арыштавалі й забілі, Конрада ўжо ня было ў Менску... — хвалявалася Ганна.
    Сонца перастала прасьвечвацца праз вакно. У пакоі пахмурнела. Адам пяшчотна ўзяў Ганьніну руку паміж абедзьвюх сваіх і доўга не выпускаў яе, нібы хацеў супакоіць Ганну. Але яна бачыла, што ён і сам усхвалёваны.
    — У кожнага чалавека ў жыцьці знойдзецца падзея, якую яму горка ўспамінаць... на якую хочацца забыцца... А ў тых, хто прайшоў муштру турмы й канцэнтрацыйнага лягеру, такіх падзеяў назьбіраецца не адна, ня дзьве, а дзясяткі... Зразумейце, каб застацца жывым, непакалечаным фізычна вязень павінен цярпець зьдзек, ганьбаваньне садыстых-сьледчых, канваіраў, вартавых... зьдзек усялякіх дэгэнэратаў, якім дазволена ўсё, ад якіх залежыць ягоны лёс. Нармальнаму, шануючаму сябе чалавеку, гэта нязносна. ён губляе жыцьцёвую раўнавагу, а часта й веру ў сябе. Я чуў, што й для вас, людзей на волі, ня было таямніцай пра ўжываньне так званых “фізычных сродкаў узьдзеяньня” ў часе допытаў. Стэрарызаваны вязень прызнаваўся ў прадыктаваных яму ці прыдуманых ім самім “злачынствах”, заблытваў іншых людзей, падпісваў паклёп на сябе, на сваіх сяброў...
    Адам замоўк.
    — Жахліва, — сказала Ганна.
    — Але трапляліся стойкія вязьні, — працягваў пасьля кароткага маўчаньня Адам, — непадатлівыя... Яны не згаджаліся йсьці на кампраміс, не згаджаліся абылгаць ні сябе, ні іншых асобаў... У бальшыні яны гінулі...
    — Як Віктар?
    — Дакладна.
    — Мушу я разумець, што Конрад?.. — пачала й не змагла дакончыць сказу Ганна. Першы раз у ейнай сьведамасьці ўсплыла думка: “Конрад застаўся жывым, бо пайшоў на згоду з НКВДыстымі”. Сэрца забілася мацней, сьлёзы здушылі горла.
    — Ганначка! У кожнага, хто пабываў у НКВД, свой боль, свае пакуты. Лепей будзе, калі Конрад раскажа сам пра сябе. А я, каб вам было лягчэй зразумець яго, раскажу трагічную гісторыю пра аднаго нашага выдатнага навукоўца й палітычнага дзеяча. Маеце час? Паслухайце...
    У знак згоды Ганна кіўнула галавою. Гаварыць баялася, бо сьлёзы ўсё яшчэ душылі горла.
    — Некалькі дзён таму назад да нас, у рэдакцыю, прынесьлі сакрэтныя дакуманты, якія НКВД, пакідаючы Менск, не пасьпела зьнішчыць. Сярод іх — акт з 1939 году аб праверцы дзейнасьці менскага НКВД у 1937 і 38 гадох. Тут ёсьць, на падставе загадаў з Масквы, інструкцыя начальніка 3-га аддзелу НКВД БССР да сваіх падначаленых “любымі сродкамі” дабівацца ад вязьняў прызнаньня ў Шпіянажы й дывэрсыях... Згодна гэтых дырэктываў, сьледчыя ўжывалі “любыя сродкі”, іначай — пабоі вязьняў, пляўкі ў твар, брыдкую лаянку, допыты без перапынку дзень і ноч... Вынікі ашаламляючыя. 38 вязьняў, дапытваных гэтымі мэтадамі, “прызналіся” да віны ня толькі самі, але назвалі 3.489 іншых асобаў, якія быццам-бы, разам зь імі, былі заангажаваныя ў контррэвалюцыйную дзейнасьць, шпіянаж, шкодніцтва. Сярод гэтых 38-х ёсьць імя прафэсара Браніслава Тарашкевіча.
    — Філёляга? Таго, што пераехаў да нас із Польшчы?
        Так. І галоўнае, трэба памятаць, што Тарашкевіч ня толькі навуковец. ён выдатны палітычны дзеяч, тварэц Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, аўтар ейнай праграмы, шматгадовы кіраўнік. За сваю палітычную дзейнасьць у Заходняй Беларусі Тарашкевіч два разы арыштоўваўся, сядзеў у турмах Польшчы. У 1933-м годзе савецкі ўрад, паводле дамоўленасьці з Польшчаю, вымяняў яго ў СССР, а ў 1937-м пасадзіў у турму НКВД. Тарашкевіч назваў імёны 249-ці “ворагаў народу”. У гісторыю Беларусі павінна ўвайсьці ймя пакутніка Браніслава Тарашкевіча. Маем мы права асудзіць яго? Зганьбіць? Адкажэце!
    У вадказ Ганна заплакала. Адам абняў яе, пачаў супакойваць.
    — Я расказаў пра Тарашкевіча, каб вы лепей зразумелі стан душы Конрада, не папракнулі, а дапамаглі яму. Больш ад усяго яго палохае, што й вы, як Паплаўская, асудзіце яго.
    Разьвітваючыся з Адамам, Ганна сказала:
    — Я зараз-жа пайду да Броні. Даведаюся, што за гутарка была паміж імі.
                                                                             *
    Да цямна, пакуль дазвалялася хадзіць па вуліцах места, заставалася ня шмат часу. Ганна сьпяшалася.
    Броня спаткала яе радасна, гасьцінна. Закідала пытаньнямі:
    — Калі прыехала? Дзе малы? У каго запынілася? Ці хочаш запыніцца ў мяне?
    Прымусіла скінуць паліто, сесьці за стол. Паставіла перад ёю салодкі пірог з тварагом, прынесла гарбату. Частавала. Села за стол побач. Заспакойвала:
    — Яшчэ добрая гадзіна, пакуль сьцямнее. З паўгадзіны напэўна можаш пабыць у мяне.
    Аднак Ганна не забывалася, чаго прыйшла, запыталася адразу, калі Броня на момант замоўкла:
    — Чым ты пакрыўдзіла Конрада?
    Броня абурылася:
    — Ён ужо пасьпеў нагаварыць на мяне? Не зьвяртай увагі. Мы з табою ведаем адна адну з маленства. Ты мне ўсёроўна як сястра... Тое, што я сказала Конраду, ня тычыцца цябе. Я цябе ні ў чым ня віню...
    — У чым ты вініш Конрада?
    — Хай ён скажа табе сам.
    — Яго няма ў Менску. ён у бацькоў, хворы... Я сёньня дачулася, што ты яго чымсь сьмяртэльна згняла.
    — Я сказала яму тое, што думала пра яго.
    — Што?
    Заміж адказу, Броня пачала тлумачыцца:
    — Мы зь ім спаткаліся нечакана... То былі першыя дні вайны. Я была здэнэрваваная, напалоханая бамбёжкамі, пажарамі... Конрад трапіў пад руку. Я кіпела абурэньнем супроць усіх і ўсяго на сьвеце... і супроць яго асабліва...
    — Супроць яго асабліва?
    — Хочаш ведаць? Добра. Конрад напісаў паклёп, нібы Віктар завэрбаваў яго для шкодніцкай працы ў фізыка-тэхнічным інстытуце. Так нахлусіць! Так нахлусіць на сябру, на сумленнага чалавека. Я была не ў сабе ад абурэньня. Думала: чаму ён так зрабіў? Памсьціў за тое, што Віктар адбіў у яго мяне? Для цябе-ж не таямніца, што Конрад аднойчы захапляўся мною...
    Ганна хацела штось сказаць, не знайшла голасу. Усьміхнуцца — не змагла. Самаўпэўненасьць Броні нярэдка й раней раздражняла яе. Шкадавала, што прыйшла. Узьнялася з крэсла й пайшла да вешака. Зьняла й пачала апранаць паліто.
    — Куды ты? — зьдзівілася Броня. — Яшчэ маеш час.
    — Ня бачу патрэбы дарэмна губляць яго, слухаць бязглузьдзіцу. У цябе няма жалю, няма сэрца. Мо ніколі й ня было, толькі самазакаханасьць ды перакананасьць у сваёй непамыльнасьці.
    — Чаго ты ўзлавалася?
    — Ты ня ведаеш, што Конрад перажыў, а судзіш. Мы, хто ня былі адарванымі ад сям’і, ізаляванымі ад сьвету, пакінутымі на волю НКВД, ня маем права судзіць.
    — Але-ж Віктара забілі, а Конрада звольнілі.
    — Да твайго ведама: ня звольнілі. У часе абстрэлу калёны вязьняў ён, разам з Адамам Рынейскім, уцёк з-пад канвою. І хто ведае: хіба й Конраду лепей было-б памерці, чымся жыць пакутуючы!
    Апошні сказ вырваўся з грудзей нечакана для самой Ганны. Сказала й жахнулася: “Пасьпяшылася й я вынесьці вырак Конраду? Спалохалася, што ён ня той, якім я яго ведала, якога кахала?” Нявесяла ўсьміхнулася да Броні:
    — Бывай і прабач. Я залішне пагарачылася.
    — Шчыра? Тады ня крыўдуй і ты, калі я — няправая.
    Броня перапрашала, але голас гучэў холадна. На расстаньне не пацалаваліся.
                                                                                   4
    — Сёньня мы едзем да таты! Едзем да таты! Едзем цягніком! — сьпявае Лявончык.
    Ганна чуе сьпеў сына. Пяшчотна глядзіць на яго. На ейных вуснах усьмешка... а самой хочацца плакаць. Ня ведае малы, што бацька хворы. Як Конрад спаткае іх? Ганна хавае свой непакой і ад цёткі Алесі. “Псыхічна хворы” — гнятучыя словы. Нядобрае прадчуваньне валодае сэрцам, душыць цяжарам.
    — Сёньня мы едзем да таты! Едзем да таты! Едзем цягніком! — ня спыняецца, гойкае ў радасьці, на розныя лады імправізуе свой сьпеў звонкагалосы Лявончык.
    Запраўды, сёньня а 10-ай гадзіне яны зьбіраюцца пакінуць Менск. Паедуць цягніком да Гарадзеі, а адтуль, каб даехаць да сваіх, трэба будзе наймаць каня. Ганна згубіла блізка цэлы тыдзень, шукаючы дазволу ехаць цягніком. ёй дапамаглі ў Галоўным Школьным Інспэктарыяце. Далі накіраваньне на працу ў Мірскі павет, куды належаць Туравічы. Выпісалі пропуск на цягнік.
    “Я ня сьмею скардзіцца, наракаць на лёс, плакаць, — загадвае сабе Ганна. — Я павінна спадзявацца, верыць, што ўсё неяк абыдзецца, што Конрад з намі ажыве, паправіцца . I цётка Алеся часта радзіць: “Ня варта думаць пра благое, бо наклічаш бяду на сябе”.
    Мілая цётка Алеся. Колькі цяплыні ў ейным сэрцы! Дзед Мароз пад ялінку прынёс Лявончыку каляровыя алавікі й сшытак для маляваньня. Ганьне — чатыры мэтры стракатага паркалю на летнюю сукенку. А цяпер угаварвае Ганну ўзяць у дарогу дзіцячую ватную коўдрачку, каб ахутаць Лявончыка, калі яны будуць ехаць канём у вадкрытым полі. Блакітная коўдрачка перахоўваецца ад часу, калі Васіль быў яшчэ малы. Рэліквія для адзінокае маці. Дабрата цёткі Алесі заўсёды ўражае Ганну. Хочацца самой быць такой.
                                                                                   *
    Цягнік стаіць за станцыяй, ягоныя прыступкі высяцца далёка ад зямлі. Ясна, сонечна, але вельмі зімна. Круціць вецер, паліць скуру на твары агнём, мерзнуць рукі. Ганна зь Лявончыкам спрабуе трапіць на цягнік, але гэта ня лёгка. Кожная вагонная пляцоўка набітая даадказу людзьмі, дзьверы пазачыняныя. Хвалюецца Ганна. Хвалюецца цётка Алеся, прычытвае:
    — Што-ж гэта на сьвеце робіцца? І з пропускам на цягнік ня ўлезьці... І дзіця мерзьне, застудзіцца можа. Вяртайцеся да мяне, перачакайце да вясны, да цяпла, тады ў Туравічы й канем даедзеце.
    Урэшце, калі яны за другім разам бягуць уздоўж цягніка, дзьверы аднаго вагону рашчыняюцца, на зямлю саскаквае малады вайсковец, падымае зь зямлі й перадае на чыесьці працягнутыя зьверху рукі Лявончыка, дапамагае ўзабрацца на прыступкі Ганьне, падае ёй рэчы. Ганна з малым апыняецца на пляцоўцы, валізку ставіць бокам, на яе кладзе скрутак з пасьцельлю, а наверх садзіць Лявончыка.
    Навакол адно нямецкія вайскоўцы. Той самы, што дапамог, пачынае распытвацца ў Ганны, адкуль яна й куды едзе. Сьпяшаецца расказаць і пра сваю сям’ю. Паказвае фотаздымкі свае жонкі й двухгадовага сына. Запэўняе, што сын — надзіва ўдалы хлопчык, а жонка — прыгажуня. Змаўкае на момант, нібы чакае, каб Ганна выявіла сваё захапленьне дарагімі яму істотамі. І Ганна хваліць, мо й ня зусім шчыра, бо і дзіця і жанчына на здымках здаюцца ёй звычайнымі. Але яна ўдзячная гэтаму чалавеку за дапамогу й стараецца парадаваць яго. Малады бацька зіхаціць. Прапануе Ганьне дапамагчы прабіцца ў сярэдзіну вагону. Яна адмаўляецца, тлумачыць, што яны едуць толькі да Гарадзеі, усяго 98 кілямэтраў ад Менску. Вайсковец дастае з кішэні мапу, кладзе на калены Лявончыка й падлічвае, колькі астановак да Гарадзеі.
    — Пасьля Стоўпцаў вашая астаноўка першая.
    Цягнік ідзе без ніякіх перашкодаў. Досыць хутка мінае Стоўпцы. Ганна зь Лявончыкам прасоўваецца бліжэй да выхаду. Цягнік спыняецца. Як і ў Менску, не каля вакзальнае пляцформы. І ізноў дапамагае малады бацька. ён першы саскаквае, бярэ на рукі Лявончыка, рэчы, падтрымлівае Ганну. Ледзь пасьпела яна ступіць на зямлю, як цягнік пачынае рухацца. Вайсковец на хаду ўскаквае на прыступкі. Грукочуць, коцяцца міма колы па рэйках. Ужо з воддалі мігаціць чырвонае вока апошняга вагону.
    Ганна аглядаецца. З аднаго боку рэяк — лес, з другога — поле. Шалее вецер. Гоніць па небе нізкія сьвінцовыя хмары. Яшчэ дзень, але на двары цёмна, нібы надыйшоў вечар. Мэтраў сто ад іх якісь невялікі з чырвонае цэглы будынак. Станцыя? Не падобна. Хутчэй за ўсё старожка. Адтуль ідзе мужчына, чыгуначнік.
    — Гэта Гарадзея?
    — Да Гарадзеі яшчэ 10 кілямэтраў.
    — Што-ж нам цяпер рабіць? Мы памыліліся, зыйшлі зь цягніка, думаючы, што гэта Гарадзея.
    — Даедзеце заўтра туды канём, бо тут цягнікі, як правіла, ня спыняюцца. Ды сёньня ўжо позна шукаць каня. Пераначуеце ў нас.
    У старожцы спатыкае іх гаспадыня: жонка чыгуначніка. Абое маладыя, ветлівыя, прыймаюць Ганну зь Лявончыкам, як сваіх крэўных, частуюць смачнай вячэрай. Цікавяцца, што робіцца ў Менску; ці чуваць, як хутка скончыцца вайна. Распытваюць:
    — Адкуль вы з дому?
    — Зь вёскі Туравічы.
    — Ня чулі такой. У які гэта бок?
    — Памятаю, што трэба мінуць Мір, а за Міром зьвярнуць у бок Нёману.
    — Ад нас да Міра бліжэй, чымся ад Гарадзеі, кілямэтраў на два-тры.
    — Тады я тут адразу на Туравічы каня наймаць буду.
    Раньнем Ганна йдзе шукаць каня. Недалёка ад чыгункі, у полі — хутар. У хаце толькі сама гаспадыня — старэйшая кабета.
    — Куды вам трэба ехаць?
    — У сяло Туравічы, за Міром.
    — Ведаю дзе. А што вы нам заплаціце?
    — Мае сваякі заплацяць. Я еду да мужа.
    — Туравічы далёка, добры кавалак дарогі ад Міра. Хочаце ехаць, грошы на бочку, адразу.
    — Я магу вам даць свой летні плашчык.
    — Мала.
    — Адрэз на сукенку, — прапануе Ганна, хоць і шкада ёй растацца з падарункам цёткі Алесі.
    — Гэта мала.
    Ганна глядзіць на кабету ўважліва.
    — Мне няма чаго больш прыбавіць. Усё, што я маю, на мне, на маім дзіцяці. Рэшта нашых рэчаў пагарэла ў часе бамбёжкі.
    — Каб у вас было штось каштоўнае ці грошы, мы-б павезьлі, а так не...
    Ганна не адводзіць вачэй ад сухога, бескаляровага твару кабеты. Што тая ня хоча даць каня, яна ня крыўдзіцца. Уражае іншае: абыякавасьць, ні ценю спагады, ні ценю цікавасьці. У вайну гэта рэдкая зьява. Узьнікае нядобрае пачуцьцё: хочацца кабету чымсь напалохаць.
    — Я жадаю вам спазнаць тое, што спазнала я й маё дзіця, — кажа яна сурова.
    Спалох замітусіўся ў вачох старой. Разгубленая ўсьмешка кранула канцы ейных бяскроўных тонкіх вуснаў, рот рашчыніўся. Ад зьдзіўленьня? Ці хоча штосьці сказаць? Ганна не чакае, ідзе зь няветлівае хаты.
    У старожцы яна расказвае пра сваю няўдачу на хутары. Там ня дзівяцца:
    — Добра, што не дамовіліся. Гэта благія людзі. І сын ў іх такі, што мог-бы вашыя рэчы пакрасьці, а вас зь дзіцем у лесе пакінуць.
    Маладая гаспадыня, разам з Ганнаю, ідзе ў вёску, за лес. Цяпер Ганна адразу прапаноўвае свой летні плашч і паркаль на сукенку. Што Туравічы далёка ад Міра, прамоўчвае. І хутка дамаўляецца.
    Вязе іх Паўлюк, юнак гадоў 18-ці. Ягоных бацькоў і трох малодшых братоў у 1940-м годзе вывезьлі ў Сібір. На бацькаўшчыне засталіся толькі ён і на два гады старэйшая ад яго сястра.
    — На час пасьпелі ўцячы ў Горадню, перахаваліся ў цёткі. За немцамі вярнуліся дадому. Хата пустая. Зладзюгі пазабіралі ўсё. Знайшлі на вёсцы ў людзей усяго карову й каня, — расказала Ганьне сястра.
    Перажытае пакінула свой сьлед на Паўлюку. З-пад чорнай футравай шапкі з абвіслымі вушамі вочы глядзяць нявесела. Як сеў на сваім двары на воз, так і сядзіць усю дарогу сьпіною, не аглядаецца, не размаўляе. Адно час-ад-часу паціху паганяе каня:
    — Но-о, Руды, но-о!..
    Конь рухаецца бадзёра. Лёгка бягуць санкі па зьлеглым ад марозу сьнезе. Учарашні вецер сьціх. Неба, чыстае ад хмараў, прамяніцца сонцам. Белае поле. У лесе засьнежаныя ёлкі й хвоі. Усюды цішыня, быццам няма й вайны.
    А гадзіне другой мінулі Мір. Запыніліся ў невялічкай вёсачцы сярод лесу. Паўлюк пайшоў у першую хату спытацца дарогі. Вярнуўся спахмурнелы:
    — Я крыху заблудзіў. Кажуць, трэ’ было ехаць дарогаю праз поле.
    Паехалі полем. Крапчэе мароз. На Паўлюку доўгі кажух з высокім каўняром навокала галавы. Ён ня зьмерзьне. Спачатку ня мерзла й Ганна. Калі яна з малым зьбіралася ехаць з-пад Мядыні дадому, сястра й маці пастараліся, каб у іх былі добрыя валёнкі й зімовыя польты, шапкі й хусткі. Да ўсяго гэтага Лявончык захутаны яшчэ і ў ватовую коўдрачку. Ён таксама ня зьмерзьне. А вось Ганну на зьмярканьні мароз пачынае праймаць. Усьцешылася, калі, нарэшце, уехалі ў вёску, якая доўгай вуліцай расьцягнулася на адзін бок дарогі.
    Ад студні з поўнымі вёдрамі ў руках ідзе жанчына. Спыніліся.
    — Як далёка адсюль да Туравічаў?
    — Чатыры кілямэтры.
    —А гэта якая вёска?
    — Вялікі Луг.
    У Вялікім Лугу жывуць крэўныя па бацьку, прыгадала Ганна. Запыталася:
    — А дзе тут жыве Мірон Броўка?
    — Ваш конь стаіць насупраць ягонае хаты, — адказала жанчына й зацікавілася:
    — А хто вы будзеце?
    — Стрыечная сястра Мірону, дачка Сяргея Юрыса.
    — Дык гэта ваш тата мяне малой у школе вучыў.
    Ганна сьпяшаецца ў двор. Змораныя далёкай дарогаю, яны хутчэй мусяць знайсьці адпачынак. Апрача таго, пасьля зьмярканьня ў вёсцы, як і ў месьце, усялякі рух па вуліцах і дарогах забаронены.
    Мірона Ганна ня памятае. Калі апошні раз яна з бацькамі прыяжджала ў Туравічы, Мірон быў на вайне. У 1930-м годзе ён прыслаў ліст. Паведамляў, што ягоны сын Мікола памёр, і яму ня будзе каму пакінуць сваю спадчыну. Прасіў дзядзьку прыслаць да яго адну із сваіх дачок. Ганьнін бацька тады сядзеў у турме, і, баючыся пашкодзіць яму, маці на ліст Мірона не адказала.
    У канцы двара, каля хлявоў, Ганна бачыць нявысокага мужчыну ў чорнай барановай шапцы, у рудым кароткім кажуху. Ідзе да яго, а ён у зьдзіўленьні ўзіраецца.
    — Вы Мірон Броўка?
    Ён не адказвае, прадаўжае пільна ўзірацца ў яе й раптам зьзяе ў радасьці:
    — Арына?
    — Не, малодшая, Ганна.
    — Марыля! — загукаў да жонкі Мірон, калі яны ўвайшлі ў сенцы хаты. — Спадчаньніца прыехала!
    Марыля высунула сівую галаву праз дзьверы:
    — Хто прыехаў?
    — Спадчаньніца. Дзядзькі Сяргея дачка, Ганна.
    Гарачыя буракі на сьвініне, каўбасы, сыр, малако на стале. З марозу, пасьля цэлага дня язды, усё смакуе. Гаспадары цешацца, што госьці добра ядуць, падкладаюць болей. Спагадаюць, выціраюць набеглыя на вочы сьлёзы, пачуўшы пра ўсе нягоды, што зьведала Ганна й ейныя бацькі.
    Паўлюк павячэраў і даўно сьпіць у кухні на печы. Уціхамірыўся, заснуў на ложку ў бакоўцы Лявончык. Рада была-б і Ганна прылегчы побач малога, ды баіцца пакрыўдзіць гаспадароў. Ім таксама хочацца расказаць ёй пра ўсё, што апошнім часам вырабляецца, дзівіць, вярэдзіць сэрца. Маюць яны ня надта прыемную навіну для Ганны: хату ейных бацькоў прысвоіла сабе Аўдоля, жонка Рыгора Крата. Сымон скардзіцца:
    — ... Свавольніца! Любіць усё на сваім паставіць. Крый Божа, як адпакутавала Рыгорава сям’я за адзін год, які яна, разам зь імі, пажыла... Перагрызлася з усімі старымі й малымі. Пачалі яны яе з хаты выганяць. Магла да свайго бацькі-ўдаўца йсьці. Не пайшла. Падбухторыла мужа ўзяць пад арэнду тваю хату. Рыгор плаціў арэнду спраўна, але ў 1939-м годзе яго палякі на вайну паклікалі. Ён з вайны не вярнуўся. А яна, нягодніца, ужо больш за два гады ні арэнды ня плаціць, ні маёмасьці не аддае. Яшчэ качаргою махае, пабіць яго, Мірона, пагражае...
    — Падліць малака?
    — Ты павінна адабраць сваю маёмасьць. Чуеш? Абавязкава адабраць.
    — Дзякую, ня трэба, я сытая, — кажа Ганна да Марылі, а да Мірона: адбяру.
    — Заўтра-ж ідзі да яе.
    — Пайду.
    Ганна памятае, што бацькі даручылі Мірону апекавацца іхнай маёмасьцю. Ды чаму яна павінна йсьці адбіраць яе, Ганна цяпер ня зусім разумее. Яна амаль ня мае змогі болей слухаць. Змружваюцца павекі. Страшэнна хочацца спаць, але сабраліся яны толькі пасьля поўначы. Раніцою Мірон абяцаўся сам адвезьці Ганну з сынам да Зяневічаў.
    — Адразу, як разьвіднее, паедзем?
    — Крыху пазьней. Трэба пасьля начы дагледзець, накарміць жывёлу. Марыля без мяне ня ўправіцца.
    — Дык мо я дапамагу, каб хутчэй выехаць?
    — Ня турбуйся. Ідзі, сьпі. Мы цябе на час пабудзім.
    У бакоўку праз вакно сьвеціць ясны месяц. Высокае рассахатае дрэва чарнее голымі галінамі на сьветлым небе. Сумна на сэрцы. Ганна легла побач Лявончыка, паклала галаву на падушку. Адразу непакой, жаданьне якнайхутчэй быць разам з Конрадам, страхі вайны... усё зьнікла.
                                                                            *
    Ганна ня чула, як задоўга да сьвітаньня падняліся Марыля зь Міронам ды пачалі паліць у печы. Не абудзілася, калі прачнуўся й пайшоў да іх Лявончык. Там зь ім доўга пра нешта шэптам гаварыла Марыля, а ён у вадказ шчасьліва прыцішана сьмяяўся.
    Днее. Скрыпнула брама. Па сьнезе зарыпелі санкі. Заіржаў конь. Праз браму на вуліцу выехаў Паўлюк, павярнуў у бок Міра. За ім з двара выехалі Мірон зь Лявончыкам. Ганна сьпіць, нічога ня чуе, ня бачыць.
    Прачнулася яна ад вясёлага голасу Лявончыка:
    — Мама, мама! Я прывёз да цябе тату!
    Ганна расплюшчыла вочы. Конрад стаяў каля ложка, працягваючы да яе рукі. Яна ўсхапілася, кінулася яму на шыю, прытулілася да ягоных грудзей. Нарэшце, разам.
    Шчырая радасьць прамяніцца ад Ганны:
    — Мы разам... утрох ізноў... разам, як раней...
    Конрад туліць Ганну да сябе, цалуе ейны твар. “Як раней? Нічога ня можа быць, як раней, ня будзе... Я ўжо ня той”, — думае ён і нічога не гаворыць.
    — Ты маўчыш? — хвалюецца Ганна.
    Конрад адчувае, што павінен заспакоіць жонку, сказаць тое, што яна, усьцешаная, чакае пачуць.
    — Маўчу ад шчасьця... Ты й Лявончык са мною...
    Ганна здаецца нязвыкла худзенькай, бездапаможнай. Ён ня будзе трывожыць яе, ня будзе турбаваць сваімі нягодамі. Ад мамэнту растаньня зь ёю ў 1937-м годзе яму давялося зьведаць нялюдзкі гнёт і зьверства, а зь імі — страх за жыцьцё, страх за долю яе й Лявончыка, паніжэньне чалавечае годнасьці, безнадзейнасьць. Перажытае ў лёхах НКВД, у лягеры, у капальнях золата на Калыме з душы ня выпаліць, ня сьцерці.
                                                                               *
    Летась, у ліпені, Конрад вярнуўся ў Туравічы. Спадзяваўся, што тут, дзе прайшло ягонае дзяцінства й юнацтва, знойдзе ён так патрэбны яму духовы супакой. Спадзяваньне ня зьдзейсьнілася: здранцьвеласьць не пакідае яго. Бацькі любяць, даглядаюць, клапоцяцца, каб быў сыты, паздаравеў целам. Але яму амаль немажліва растлумачыць старым, якія ніколі не адрываліся далёка ад зямлі, дзе нарадзіліся, складаныя абставіны на “тым баку".
    Маці жахаецца:
    — Ты ня браў з Ганнаю шлюбу ў касьцеле? Дзіця ня хрышчанае? Чаму? Чаму ня можна было? Бог карае тых, хто забываецца на Яго...
    Не, на Бога ён не забыўся. Маліўся, калі гналі ў цемені студзёнага калымскага раньня на працу ў капальню; маліўся, калі праз дванаццаць гадзінаў, ізноў у цемені, гналі ў лягер. Маліўся, каб не зваліцца ад зьнясіленьня на дарозе, каб жывым дайсьці да лягеру. Маліўся горача, маліўся часта.
    — Гэта табе, сыну, Бог выпрабаваньне паслаў, — кажа бацька. — Спазнаў ты на сабе ліха, затое нягоднікам не зрабіўся, як твае былыя сябры-хаўрусьнікі Трахім Кухта, Панас Жалюкевіч, Уладзімер Тарук. Зраднікі яны. Усіх іх разам на адну асіну павесіць варта. Пад савецкую дудку вылюдкі скакалі, брахалі, дапамагалі сваіх людзей на Сібір вывозіць. І нашая сям’я на лісьце была, ды пачалася вайна. Цяпер ліхадзеі, стуліўшы хвасты, па лесе хаваюцца. Памятай: спаткаеш каторага, у нашу хату не вядзі, выганю... А Цівачка (так маленькага ростам, заікастага Тарука звалі ў вёсцы з маленства) у Стоўпцах на начальніка ўзьбіўся. Сабе шчасьце знайшоў, а процьму людзей у няшчасьце завёў. Пасьпела гэтая гніда недзе схавацца. Каб ня ўцёк, далі-б мы яму тут пытлю.
    Хоці. Конрад не ліставаўся й ня бачыўся із сваімі сябрамі ад 1926-га году, ён ніколі не забываўся на іх. Ня мог забыцца на сяброў юнацтва, забыцца на агонь і натхненьне, што расьпіралі грудзі, калі яны з даручэньня кіраўнікоў Грамады хадзілі на пяхоту ад вёскі да вёскі, арганізоўвалі новыя гурткі Грамады. Разам слухалі палкія прамовы беларускіх паслоў у польскі сойм, бязьмерна верылі ім. Верылі, што надыйшоў час для беларусаў. Бескарысьлівасьць, юнацкі энтузіязм кіравалі іхнымі пачуцьцямі. Памяць пра тыя часы ня раз сагравала, давала сілы перацярпець гады злое няволі. “Вылюдкі, зраднікі, забойцы...” Конрад ня хоча даць гэтаму веры. Бацька можа памыляцца. Ён, добры гаспадар, у жыцьці заўсёды імкнуўся да аднаго: набыць якмага болей зямлі. На навуку Конраду ўва ўнівэрсытэце пашкадаваў даць грошы, а на хутар на ўскраю Налібоцкае пушчы грошы знайшоў. Конрад мала цікавіўся гаспадаркаю. Яго вабіла навука. Сябры падтрымалі, падказалі яму йсьці ў Менск. Бяз сумніву, бацька здагадаўся, хто ўплыў, хто дапамог сыну пакінуць родную хату.
    Хутар куплены сем гадоў таму. Уся сядзіба — на водшыбе ад Туравічаў, на другім беразе Нёману. Дом пад гонтаю, з карнізамі й акяніцамі, аздобленымі разьбою. У канцы двара — адрыны й хлявы. Бацька хваліцца, што ў Туравічах нават дырэктар школы такіх дыхтоўных будынкаў на сваім двары ня мае. Любіць стары пабурчэць, пасварыцца на жонку, не праміне й сына. Скардзіцца, што яму ўжо блізка семдзесят гадоў, няма ранейшай моцы й хутка ня будзе каму працаваць на гаспадарцы... Загіне, задзірванее набытая цяжкаю працаю зямля.
    Да новае гаспадаркі Конрад абыякавы. Адно, песьціць ягонае вока раскошны краявід: на адзін бок хутару — улюблёны зь дзяцінства Нёман з прыбярэжнымі вербамі; на другі — велічна высяцца ў неба стромкія векавечныя хвоі Налібоцкае пушчы.
    Цяпер, у вайну, з пушчы штодня хтось завітае. Адзін просіць паказаць дарогу, другі — паесьці, трэйці — пусьціць пераначаваць у непагодную ноч. Незгаворлівы ў жыцьці бацька, ў помачы нікому не адмаўляе.
    Аднойчы, увосень, калі на двары круціла ветрам апалае сухое лісьце, Конрад праз вакно ўбачыў чалавека. Той пытаўся штось у маці. Угледзеўся, затросься ад гневу. Пазнаў зьненавіджанага Палякова... Напэўна ён — малы, недарослы, кароткія крывыя ногі, вялікая, як саган, галава з чорнаю чупрынаю. Сумніву ня было: з маткаю размаўляў ягоны былы сьледчы Палякоў, ягоны кат, віноўнік ягоных пакутаў. Маланкаю кінуўся ў кухню, схапіў цяжкое палена, выскачыў з хаты. На двары нікога. Ад узрушаньня мітусілася ў вачох... Нікога? Няўжо здалося? Гукнуў маці. Тая адазвалася з адрыны. Мятнуўся да яе:
    — Дзе Палякоў? — ня пытаўся, а крычаў ён, убачыўшы ў вадрыне маці самую.
    — Сьціхні! Які Палякоў?
    — Той валацуга, зь якім вы, мама, размаўлялі. У які бок ён пайшоў?
    — Я не глядзела. ён тут ня першы раз швэндаецца. Хутчэй за ўсё — у вёску, бо сёньня пытаўся, ці не стаяць у вёсцы немцы, ці ёсьць паліцэйскі пастарунак.
    Конрад пабег па дарозе да самага маста, які злучае іхны бок Нёману з Туравічамі. На мосьце, на даўгой пяшчанай вуліцы, што цягнецца ад ракі, пуста. Палякоў нібы ў ваду кануў.
    Потым дзень-у-дзень сачыў дарогу. Ягоныя думкі круціліся, сьвідравалі каля Палякова. Знайсьці, адплаціць за сябе, за Віктара, за ўсіх. Навылет ночы ня спаў: у шолаху вяршалінаў лесу, у скрыпе дрэва каля хаты чуліся яму чыесьці асьцярожныя крокі. Зрываўся з ложка, хапаў сякеру, імчаўся на двор. Нарэшце, занядужаў, зваліўся ў ложак.
    Праз усю хваробу маці не адыходзіла ад яго:
    — Кажаш, гэты плюгаш быў сьледчым? Біў цябе, зьдзекаваўся?.. Цяжка паверыць: такі ён мізэрны, шалудзівы. Ты-ж на галаву ад яго вышэйшы, мацнейшы...
    Іншы раз маці ўгаворвала:
    — Пакінь думкі пра турму й Палякова.
    Ня можа Конрад. Назаўсёды засталася зь ім, ня зыходзіць з памяці ноч з 8-га на 9-е сакавіка, калі яго арыштавалі, кінулі ў перапоўненую вязьнямі камэру зь сьмярдзючай парашаю. Месца яму знайшлося на падлозе паміж нарамі. Скінуў зь сябе паліто, расклаў на падлозе ды лёг.
    Ня спалася. Зьбянтэжаны, атарапелы, ён пытаўся ў сябе, за што маглі пасадзіць? Што ён зрабіў або сказаў? Апошнія гады падазронасьць, абвінавачваньні, арышты шалелі. Ды ён ніколі ні зь кім пра гэта не гаварыў. Увесь свой час аддаваў сваёй працы. Па-за сям’ёй лягарытмічная лінейка ды гатавальня былі адзінымі даверанымі. У электра-фізычнай лябараторыі інстытуту ягоная брыгада ўважалася за “стаханаўскую”, перавыконвала плян... За што-ж арыштавалі?..
    Ужо назаўтра выклікалі на першы допыт. Дапытваў Палякоў. Выпаўняючы анкету, ён асаблівы націск рабіў на тое, што Конрад у Савецкую Беларусь прыйшоў з Польшчы, абзываў польскім шпіёнам. Наагул, ніякага абвінавачваньня для Конрада Палякоў ня меў. Таму патрабаваў ад яго ўзяць сабе віну на выбар: шпіянаж, контррэвалюцыйная дзейнасьць ці шкодніцтва.
    Гэта быў толькі другі дзень арышту. Конрад адчуваў сябе яшчэ абсалютна сумленным грамадзянінам, ні ў чым не вінаватым. Абражаўся, абураўся, пярэчыў... Палякоў ня меў часу й ахвоты доўга важдацца зь ім, прыгразіў:
    — Ня хочаш прызнавацца падобраму, буду біць. “Расколесься”.
    У руках Палякова гумовая палка. ён размахвае ёю, цэліцца трапіць у Конрадаў твар. Конрад засланяе твар рукамі. Дастае палкаю па руках, па твары, па галаве. Кроў палілася з разьбітага носу, плямамі разыходзілася па сьветлай кашулі. Конрад прабаваў ухіліцца ад удараў, дрыжэў ад болю, але не стагнаў, не прасіўся. Кашуля набрыняла крывёю, а палка калаціла балюча па ўсяму целу. Зваліўся на падлогу. Убачыў перад сабою на крывых нагах чорныя, наглянцаваныя боты з абцасамі, падбітымі жалезнымі падкоўкамі. Заміж палкі, пачалося біцьцё ботамі ў грудзі, у пах... Не хапала болей змогі стрымліваць крык ад болю, згубіў прытомнасьць. Апрытомнеў у камэры. Ляжаў на падлозе, недалёка ад дзьвярэй. Нехта із вязьняў мокрай анучкай выціраў ягоны акрываўлены твар.
    Па трэйцім допыце Конрад “раскалоўся”: падпісаў “прызнаньне...”
    Не дарую: падсьцерагу, заб’ю.
                                                                                *
    ... Вочы Конрада пакрытыя вільгацьцю. Сьлёзы болю ад перажытага? Сьлёзы радасьці ад спатканьня? Ён цалуе Ганну й паўтарае:
    — Я шчасьлівы... Ты са мною... Я шчасьлівы...
    Тата! Калі мы паедзем назад? — нецерпяліва пытаецца Лявончык.
    Увесь час, пакуль бацькі вітаюцца, ён стаіць побач, шчыльна прытуліўшыся да іх абаіх. Конрад паварочваецца да сына й усьміхаецца. У ягоным голасе пяшчота:
    — Хутка. Як толькі мама зьбярэцца.
    — Чаму ты так сьпяшаесься? — цікавіцца Ганна.
    — Я хачу кіраваць канём. Я ўжо кіраваў, калі мы ехалі сюды па цябе.
    — Мы ўсю дарогу лейцы трымалі разам, Лявон кіраваў, — падтрымлівае малога Конрад.
    Ганна любуецца мужам і сынам. Ёй здаецца, што за чатыры гады Конрад амаль не зьмяніўся.
    За вакном пахмурае марознае раньне. Але Ганну не палохае мароз. На душы ў яе ясна.
                                                                                5
     Першыя дні ў доме Мар’яна й Тэклі Зяневічаў. Яны абое гасьцінныя, уважлівыя да Ганны, моцна цешацца ўнукам. Ганна абыходзіцца зь імі сьціпла, ветліва. Дом старых уражае яе сваёй чысьцінёю, утульнасьцю. Для яе з Конрадам — асобны пакой. У пакоі — вялікі драўляны ложак, засланы ружовай пікейнай коўдраю з гарою падушак у белых навалачках з карункавымі прашыўкамі, праз якія сьвецяцца яркачырвоныя насыпкі. Каля сьцяны насупраць ложка стаіць шырокі тапчан. Удзень ён служыць за канапу, уначы на ім сьцелюць малому пасьцель. У куце — драўляная шафа для вопраткі.
    Ганна ўдзячная бацькам Конрада за добрыя дачыненьні. Адразу моцна спадабалася ёй Конрадава маці. Ласкавая, ціхая, заўсёды за працаю. У маці шмат саматканых дзяружак, памастацку вязаных сарвэтак, вышываных рушнікоў. Ганна ўсё гэта шчыра хваліць і падзіўляецца ўмельству старой, а тая задаволена ўсьміхаецца. Кажа: “У Туравічах ёсьць яшчэ лепшыя ад мяне майстрыхі”. Конрад прызнаецца:
    — Я люблю маці мацней за бацьку. Яна праніклівая, разумее кожнага. Калі я ў 1926-м годзе йшоў на ўсход, ёй ня было й сарака гадоў. Пакінуў маладую маці. Вярнуўся й не пазнаў. Зрабілася сівая, старая... З бацькам ёй ня лёгка. ён — добры гаспадар, але любіць усім і ўсімі камандаваць. Пэўны, што толькі ён адзін усё ведае й разумее. Паспрабуй яму запярэчыць, разбушуецца...
    У Ганны шмат уражаньняў. Гэтыя дні ў хаце Зяневічаў поўна людзей: сваякі, суседзі. У сьвятліцы накурана. Кожны хоча з Ганнай пазнаёміцца, пагаварыць. Некаторыя называюць сябе крэўнымі, памятаюць яе дзіцем. Ад размоваў, успамінаў, ад тытунёвага дыму ў Ганны кружыцца галава. Больш ад усяго ёй хочацца застацца з Конрадам самой, адпачыць. Ня менш ад гасьцей яе стамляюць і заўсёдныя павучаньні й разважаньні старога:
    — Напакутаваліся? Бо абое добра награшылі. Жылі ў бязбожным краі, на Бога забыліся. Дзіця ня хрышчонае. Трэба ахрысьціць Лявона.
    Згадзіліся. Зрабіў дзед хрысьціны. Прывёз зь Міра свайго стрыечнага брата-ксяндза, запрасіў гасьцей. Тады ізноў:
    — Вам трэба ўзяць шлюб у касьцёле. Нягодна жыць бяз Божага багаславеньня.
    Із шлюбам справа крыху скамплікаваная. Адзін канец Туравічаў належыць каталіцкай засьцянковай шляхце. Адтуль паходзяць і Зяневічы. Ганьніны бацькі зь вёскі. Яны праваслаўныя. Яна ахрышчаная ў царкве. Стары хоча, каб яна перайшла у каталіцкую веру. Але Мірон абураецца. Пагражае, што калі Ганна зрадзіць праваслаўнай веры, ён не пакіне ёй сваёй спадчыны.
    Ганна выслухоўвае і аднаго і другога. Не пярэчыць, толькі чуецца ад іх абодвых зморанай. Яна ня ўмее, ня можа ўспрыняць іхныя патрабаваньні за неабходныя, сур’ёзныя. Яны выдаюцца ёй нязвычнымі, нат сьмешнымі. Яна ніколі не ўяўляла сабе апыніцца ў такіх акалічнасьцях. Новы сьвет для яе. Дзіўна ёй, што і ейны сьвёкар і стрыечны брат забыліся ці не разумеюць, што паміж дзьвюма варожымі сіламі шалее бязьлітасная вайна, што хвалі гэтай вайны, мажліва, ізноў дакоцяцца сюды й затопяць сабою ўсё — і спадчыну, і людзей, а ў тым і іх саміх.
    Да ўсяго гэтага Ганну хвалюе здароўе Конрада. Ён сьпіць вельмі неспакойна: у сьне трызьніць, кідаецца з боку на бок, стогне. Гэта будзіць Ганну. Яна часта гадзінамі ляжыць, ня можа заснуць. Змучаная бяссоньнем, Ганна ня раз паціху, каб не прачнуўся Конрад, пераходзіць на тапчан да Лявончыка.
    Ды й гэта не заўсёды дапамагае. Палохае цёмны таямнічы лес за вакном, халадзіць душу завываньне ваўкоў, якое штоночы даносіцца з глыбі пушчы.
    Аднойчы Конрад пачаў моцна стагнаць. Ганна прачнулася, у імгненьне апынілася каля яго:
    — Што з табою?
    Ён нічога не адказаў, адно цяжка дыхаў.
    — Ты стагнаў. Што з табою?
    — Палякоў, Палякоў, — здушаным перарывістым голасам пачаў Конрад. — У Нёмане чалавек тапіўся... Я выцягнуў яго з вады, паклаў на беразе... Глянуў — ляжыць мярзотнік Палякоў... Зубы на мяне вышчарыў, кулаком грозіцца... А я... а я пабег ад яго хавацца... Перапалохаўся...
    Поўная спачуваньня Ганна легла побач, абняла яго сваімі рукамі, прытулілася, прасіла:
    — Супакойся! Я з табою. Благое мінула, ня трэба думаць пра благое, яно не паўторыцца.
    Ён рэзка вызваліўся зь ейнага абдымку, усхапіўся, сеў на ложку, глядзеў у цемень перад сабою, нібы ня бачыў, ня чуў Ганны.
    — Мярзотніка перапалохаўся, згубіў свой гонар... Чалавек бяз гонару — нішто. Броня мае права плюнуць... Уцёк ад Палякова... Сорам... Знайду... адплачу.
    Паволі голас ягоны апаў да шэпту. Ганна ня можа ўлавіць, што ён гаворыць. Тады ізноў лёг на ложак, змоўк, але дыхаў часта, і кожны ягоны аддых гучэў пакутным стогнам. Некаторы час Ганна заставалася каля яго, паправіла падушку пад ягонай галавой, накрыла коўдраю.
    Каб заснуць самой, яна вярнулася на тапчан. Але сон доўга ня прыходзіў. Нарэшце, наступіла забыцьцё, ды на вельмі кароткі час. Пачула, што моцна грукнулі дзьверы на двор. Прыўзьнялася, глянула на ложак. Конрада ня было. Чакала, пакуль вернецца. У цішы хаты да ейнага слыху дайшоў скрып ложка із спальні старых, асьцярожныя крокі ў сьвятліцы. Устрывожаная, яна ўсхапілася, накінула шляфрок, пайшла ў суседні пакой. Ля вакна стаяла маці.
    — Конрад на двары?
    Старая прыклала палец да вуснаў, перасьцерагла шэптам:
    — Ціха, не пабудзі бацьку ці малога.
    Ганна стала побач маці. Угледзелася ў цемень. На двары грувасьціцца, бялее сьнег. На сьветлым тле сьнежнай гурбы ясна выдзялялася цёмная постаць — Конрад.
    — Ён сёньня ўсю ноч трызьніць, — кажа Ганна.
    — Чула, мая даражэнькая. Аднойчы зь ім ужо так было. Не палохайся: ён апрытомнее. Столькі гора ён, бедачына, нацярпеўся, столькі адпакутаваў... а цяпер прывід ягонага ката-сьледчага не дае яму супакою...
    Яны абедзьве сочаць, як Конрад узбуджана бегае ўзад і ўперад уздоўж сьнежных гурбаў, размахвае рукамі, пагражае камусьці кулаком. Раптам ён спыніўся, узьняў галаву й рукі ў неба... Да іхнага слыху данёсься хрыплы ні то крык, ні то выцьцё. У сенцах азваўся, заскуголіў жаласна сабака. Ганна жахнулася:
    — Конрад звар’яцеў...
    — Ой, не кажы так, ня думай так, мая галубка, ня трэба... І лепей ня стой тут, ідзі ў свой пакой. Ня добра будзе, калі ён цябе ўбачыць тут, больш занепакоіцца. Ён хутка вернецца й заўтра ня будзе памятаць, што зь ім уначы было... Я сама тут за ім неўзаметку пасачу. А ты йдзі, кладзіся, не бяры да сэрца, — просіць старая.
    Ганна паслухалася. Легла побач Лявончыка, перадумвала словы маці: “Аднойчы зь ім ужо так было”. Было, калі ён тут, у лесе, напаткаў свайго сьледчага Палякова? Трэба абавязкава пакінуць лес, перасяліцца ў Туравічы, зьмяніць абставіны... Ці здоляе яна дапамагчы яму? Яшчэ нядаўна яна ўсімі сіламі свае душы марыла быць з Конрадам. Спадзявалася, што жыцьцё зь ім, як некалі, прынясе ёй супакой і радасьць. Цяпер яны разам... але ўсё ў ейным жыцьці стала больш складаным, больш палохаючым. Конрад хворы, сумніву няма. Яму патрэбна разуменьне, патрэбна каханьне... Каханьне? Калісьці яна кахала моцнага, пэўнага сябе, вясёлага Конрада. Цяпер ён зламаны чалавек... Каханьне? Ці пасьля сёньняшняй жудаснай начы засталося яно ранейшым да Конрада? Ці толькі жаласьлівасьць, спагада, пачуцьцё абавязку?.. Прыкрыя, нягодныя думкі. Яна гоніць іх ад сябе прэч, а яны вяртаюцца назад... Конрад — хворы. Яна — жонка ягоная, яна павінна ратаваць яго, знайсьці ў сабе сілы, ня скардзіцца, ня плакаць нават перад сабою...
    Ноч мінала. Надыходзіла халоднае шэрае раньне. Конрад вярнуўся. У кухні падыйшоў да вядра з вадою, пачаў піць. Ягоную галаву кроіў боль, у горле перасохла. Піў доўга. Вада прынесла яму палёгку. Нягучна ступаючы, прыйшоў у свой пакой. Некаторы час пастаяў каля тапчана з Ганнаю й Лявончыкам. Пайшоў да свайго ложка, распрануўся й лёг.
    Ганна чула кожны крок, кожны рух Конрада. Памятаючы параду маці ня трывожыць яго, яна не расплюшчвала вачэй, не варушылася, пакуль не паверыла, што ён заснуў.
                                                                                  *
    Тым раньнем, яшчэ да пачатку заняткаў, Ганна была ў Туравіцкай сямігодцы. Не пакінула дома, узяла з сабою сына. Баялася, каб малы выпадкам не пабудзіў Конрада, даў яму выспацца, ачуняць пасьля цяжкой начы.
    Школа старая, двухпавярховая. Стаіць у цэнтры Туравічаў, насупраць царквы. Ганна зь Лявончыкам сядзяць на чорнай скураной канапцы ў невялікім настаўніцкім пакоі. Апрача яе, тут дырэктар школы, выкладчык матэматыкі, трох настаўніцаў малодшых клясаў. Усе яны да Ганны й Лявончыка ўважлівыя, ветлівыя. Ды й па Ганьне не здагадацца, што яна пасьля бяссоннае, турботнае начы. За гады жыцьця ў савецкіх умовах яна навучылася не выяўляць на людзях сваіх перажываньняў. Яна размаўляе з усімі весела й спакойна.
    Дырэктар, Мікола Лазоўскі — мілы, старэйшага веку чалавек. З пачуцьцём згадвае бацькоў Ганны — сяброў свае маладосьці. Не прамінуў сказаць, што ведае Конрада ад першае клясы ў гэтай школе, што Конрад быў выключна здольным, таленавітым вучнем.
    Прапануе:
    — Было-б надзвычай добра, каб ня толькі вы, а й ён прыйшоў да нас выкладаць фізыку ці хэмію.
    — Конрад — інжынэр-канструктар, дасьледчык. Ён ніколі не працаваў у школе, ня будзе ведаць, як трымацца з вучнямі.
    — Я вучыўся на інжынэра, — кажа выкладчык матэматыкі, з выгляду гадоў дваццаці трох, — а цяпер вучу ў старэйшых клясах і, здаецца, ні дырэктар, ні вучні на мяне не наракаюць.
    — Асабліва дзяўчаты, — із жартам кпіць зь яго маладзенькая настаўніца чацьвертае клясы, Ніна Кунцэвіч, — бо пагалоўна ачараваныя нашым абаяльным матэматыкам.
    Усе сьмяюцца. Ня крыўдзіцца, сьмяецца, разам з усімі, і матэматык. Аркадзем Гурыным назваўся ён, калі знаёміўся з Ганнаю. Пра Гурына Ганна чула ў хаце Зяневічаў. ён вучыўся ў Львоўскім унівэрсытэце, вярнуўся стуль у часе вайны. Ад Ніны ён не адводзіў вачэй, у якіх сьвяцілася захапленьне ёю. Ніна — прыгажуня, зграбная, густоўна апранутая. Ейныя залацістыя валасы, мяккія й густыя, заплецены ў дзьве даўгія косы, закінутыя на сьпіну. Вялікія сінія вочы йскрацца маладым какецтвам і вясёласьцю. Відаць, што Аркадзь падабаецца ёй таксама.
    Ніна паходзіць зь вёскі Брады ў Налібоцкай пушчы. Яна расказвае, што пад Брадамі ў лесе хаваецца група партызанаў з вайскоўцаў і цывільных. За кіраўніка ў іх — энкавэдысты Пецька Сталяроў.
    — Я зь ім нават пазнаёмілася, — сьмяецца Ніна.
    — Як-жа гэта здарылася? — цікавіцца Ганна. Брады ў тым самым баку, што й хутар Зяневічаў, толькі глыбей у пушчы. Пачуўшы пра групу партызанаў пад камандаю энкавэдыстага, яна думае, што там мо й Палякоў. А мо Сталяроў і ёсьць Паляковым, толькі пад іншым прозьвішчам?
    Ніна ахвотна расказвае:
    — Увосені пайшла я зь дзьвюма малодшымі сёстрамі па брусьніцы. У нас, над Брадамі, брусьніцаў безьліч. Набралі мы іх поўныя кошыкі. Пачалі перагуквацца, каб ісьці дадому. А тут хтось кажа мне: “Стой!” Зірнула я ўбок, а пад высокай хвояй, на шэрым, абімшэлым валуне, сядзіць савецкі жаўнер. На каленах у яго стрэльба. Перапалохалася я, раблю выгляд, быццам ня чую. Тут і мае сёстры з-за дрэваў паказаліся. Я — да іх. А жаўнер ізноў: “Стой!” Мы ўсе ад яго бегам, а ён крычыць: “Стойце, бабы, а то страляць буду!” Мы сталі, і ён загадаў: “падыйдзеце бліжэй”. Падыйшлі. “Зь якое вы вёскі?” — “З Брадоў, — адказала я, бо сёстры мае ад сполаху анямелі. — “Дзе гэта?” — “Тут недалёка”. — “Немцы ў вёсцы ёсьць?” — “Не”. — “А прыяжджаюць?” — “Зрэдку”. — “Сёньня былі?” — Адкуль нам ведаць. Мы на сьвітаньні па брусьніцы пайшлі. Тады іх ня было”. — “Ідзеце”, — дазволіў ён нам. І ўсьлед рагатаў: “Варта ыас, баб, затрымаць ды ў халодную пасадзіць”.
    Аркадзь слухае Ніну, а ў вачох ягоных іскрынкі пабліскваюць. Мабыць, ён рыхтуецца адплаціць Ніне за ейны жарт. Ён кажа:
    — Зьвярнеце ўвагу: Ніна для Пецькі вялікую паслугу зрабіла. Пераканала яго, што немцы ў Брады амаль не паказваюцца. Цяпер ён з Брадоў ня вылазіць і ў падзяку за Нінай заляццацца пачаў. А яна сюды пад нашу апеку зьбегла.
    — Заўсёды нямаведама што прыдумаеш, — нязлосна пярэчыць яму Ніна.
    Усе настаўнікі робяць на Ганну прыемнае ўражаньне. Вельмі хутка яна адчула сябе зь імі, нібы дома, сярод сваіх.
    Зазваніў званок на калідоры. Настаўнікі пайшлі ў клясы. Дырэктару таксама трэба йсьці. Выкладчыкаў для старэйшых клясаў не хапае. Ён хоча, каб Ганна, як мага хутчэй, распачала сваю працу. Просіць:
    — Пабудзьце яшчэ трохі ў школе. Я пашукаю патрэбныя вам праграмы й кніжкі зь нямецкае мовы.
    — Я заўтра прыйду, — абяцае Ганна, — а сёньня сьпяшаюся: мне абавязкава трэба наведацца хаты маіх бацькоў.
                                                                                     *
    Бацькоўская хата — блізка ад школы.
    Нявымоўныя пачуцьці авалодалі Ганнай, калі яна ўвайшла ў знаёмы двор. У куце двара высіцца разрослая йгруша-дзічка. На адзін бок ад яе — хлявы, паветка, клець, на другі — плот зь весьніцамі ў садок. Апошні раз яна была тут, калі мела пяць год. Цяпер ёй трыццаць адзін. Праз усе гады ў бацькоўскай сям’і ўспаміналі, марылі ўсім разам вярнуцца сюды. Маці й Арына наказалі ёй: “Чакай нас у Туравічах”. Яна будзе чакаць напэўна іх тут. Радасныя думкі засланілі на момант усё, што непакоіла. Сказала да малога:
    — Гэта наша хата. Бачыш, якая яна вялікая? Аж тры вокны выходзяць на двор.
    — І Ўладзік можа ехаць сюды жыць? — не забывае свайго браценьніка Лявончык.
    — Не адзін Уладзік, а ўся сям’я цёткі Арыны й баба. Тут нам усім месца хопіць, — цешыцца Ганна.
    У вакне хаты мільгануў твар жанчыны. Ганна ўсьміхнулася й да яе. Узьнялася на невялікі зь дзьвюма лаўкамі па бакох ганак, перайшла цёмныя сенцы, увайшла ў кухню. У нос ударыла цёплае паветра з пахам гарэлкі й тытунёвага дыму. Праз адчыненыя дзьверы з кухні ў пакой відаць стол, накрыты белым абрусам. На стале — бутэлька, шклянкі, талерка з каўбасой, квашаныя агуркі ў місцы, пачаты бохан чорнага хлеба, каля яго вялікі нож. Жанчына, якую Ганна ўгледзела з двара, кінулася ад вакна й стала перад сталом, быццам хацела засланіць яго сабою. Моцная, прыземістая, шырокая ў клубах маладзіца. Цёмныя вочы на круглым твары варожа прыжмураныя, галава задзірыста адкінутая назад. Здаецца, вось-вось кінецца ў бойку.
    Выглядае, што ў яе хтосьці ў гасьцёх. Схаваўся? Мо адзін з тых, што цяпер ад людзей у лесе таіцца мусіць?” — насьцярожылася Ганна. Сказала да кабеты:
    — Добры дзень!
    — Чаго вы тут?
    Спатканьне ня зь ветлівых. Гэта адразу спагнала ўсьмешку з вуснаў Ганны. Бразнулі дзьверы ад двара. Захутаная ў цёплую шэрую хустку паверх зімовага паліта, з рашчырванелым ад марозу тварам, у пакой убегла малая дзяўчынка. Дачка. Стала каля маці, хапілася за спадніцу й пераводзіла зьдзіўленыя вочы зь Лявончыка на Ганну.
    — Вы — Аўдоля Крот?
    — Аўдоля.
    — Я прыйшла прасіць вас звольніць маю хату.
    — Гэта ня ваша хата.
    — А чыя-ж?
    — Дарма, што яна некалі належала вашаму бацьку. Цяпер — гэта мая хата, — павысіла голас Аўдоля. — Мірон Броўка за арэнду добрыя зь людзей грошы год-у-год драў. Спаганяйце зь яго.
    Падобна бальшыні ветлівых людзей, Ганна ня мае абароны супроць дзёрзкасьці іншых. Грубіянства заўсёды ўражае яе й раніць. Яна ня здольная абарваць, спыніць Аўдолю рэзка. Прабуе пераканаць яе:
    — У вас ёсьць самотны бацька. Кажуць, ягоная хата пустуе. Ёсьць крэўныя вашага мужа...
    — Я ня зьбіраюся ні да каго йсьці, ня зьбіраюся пакідаць свае хаты. Няма чаго павучаць мяне: я сама ведаю, дзе мне жыць, што рабіць... — нібы з кулямёту сыпала словамі Аўдоля.
    — Мне патрэбна, разумееце, патрэбна перайсьці жыць у сваю хату. І я патрабую, каб вы звольнілі маю хату й зрабілі гэта як мага хутчэй, — настойвала на сваім Ганна.
        Я па-тра-бую, па-тра-бую, — перадражніла й аж зайшлася ў сьмеху Аўдоля.
    Уся сцэна з Аўдоляй становіцца няпрыемнай. Ганна зь непакоем глянула на Лявончыка. На шчасьце, ён ня слухае. Дзяўчынка сядзіць на падлозе. Яна выцягнула зьнекуль трусяня, трымае яго за вушы. Лявончык побач яе на кукішках у захапленьні гладзіць белую галоўку трусяняці.
    Раптам пачуліся павольныя цяжкія крокі. На момант Ганна замерла ў сполаху. Спрачаючыся з Аўдоляй, яна забылася, што ў хаце яшчэ хтосьці можа быць. Глянула туды, адкуль данесьліся крокі. У дзьвярах бакоўкі стаяў мужчына, дужы асілак у грудзёх і руках. На ім з рудога саматканага сукна парткі, уложаныя ў чорныя з даўгімі халявамі боты, зрэбная кашуля. Ён сказаў спакойна:
    — Аўдоля, сьціхні, ня бушуй. Нягодна так паводзіцца. Ты ня маеш рацыі.
    Ён падыйшоў да Ганны, схіліў галаву.
    “Апрануты пасялянску, а захоўваецца як адукаваны чалавек”, — мільганула думка ў Ганны. Твар ягоны, цёмныя густыя валасы, гладка зачасаныя назад, сьветлыя вочы здаюцца ёй знаёмымі. Ганна пэўная, што дзесь бачыла ці спатыкала яго.
    — Трахім Кухта, — назваў сябе мужчына. — Аднойчы — сябра вашага мужа.
    У Ганны адлягло на сэрцы. Успомніла, ажывілася:
        Ведаю, ведаю. Вы з Конрадам у вадзін год Віленскую гімназію канчалі. На выпускным здымку побач яго стаіце. Мне муж пра вас шмат расказваў.
    — Благое ці добрае?
    — Толькі добрае.
    — Хочаце вы з Конрадам у гэтую хату перайсьці жыць? — зацікавіўся ён.
    — Нам трэба. Я дамовілася працаваць у сямігодцы. Мне адсюль бліжэй і выгадней. У завею ці паводку з хутара ў Туравічы дарогі няма.
    — Ваша праўда. У гэтай справе я цалкам на вашым баку. Маеце трохі часу пабыць з намі? Разважым, памяркуем усе разам, і, я пэўны, Аўдоля згодзіцца, перастане пярэчыць.
    Ганна ня ведае, як лепей зрабіць. Застацца? У Аўдолі ўсё яшчэ насуплены твар, але яна запрашае:
    — Сядайце, калі ласка, да стала.
    — У цябе ў печы ёсьць што-небудзь гарачае? — запытаўся ў Аўдолі Кухта.
    — Капуста й да яе дранка.
    — Нясі сюды.
    А да Ганны:
    — Сёньня я з далёкае дарогі. Паверце, ішоў і абдумваў, як пабачыцца з Конрадам. А тут неспадзявана вы аб’явіліся. Рэдкая ўдача.
    Дзеля таго, што Ганна ўсё яшчэ стаіць, ён паўтарае запросіны:
    — Не вагайцеся, сядайце да стала.
    Да Аўдолі ён гукнуў у кухню:
    — Вазьмі ў сенцах дзьверы на крук, каб хто непатрэбны ня ўсунуўся.
    Ганна села за стол ля вакна. Глянула ў двор. Адтуль даносіліся галасы й сьмех дзяцей. Каля йгрушы насыпаная сьнежная горка. Лявончык зь дзяўчынкай цягаюць на горку саначкі, разам садзяцца на іх і зьяжджаюць уніз. У вабоіх твары зіхацяць ад радасьці. Кухта заўважыў позірк Ганны на дзяцей, усьміхнуўся, зь цяплынёй у голасе зазначыў:
    — Хутка спазналіся малыя. Каб гэтак людзі ў нашым веку ўмелі рабіць, лягчэй-бы жыць было.
    Ганна маўчыць. Ці то ад бяссоннае начы, ці ад задухі ў хаце яе ахапіла зморанасьць. Гэта, мажліва, адбілася на ейным твары, бо Кухта спагадліва кажа да яе:
    — Вы ня турбуйцеся. За пару дзён хата для вас будзе звольненая. Я дагледжу.
    — Вы пэўныя?
    — Маю падставу быць пэўным.
                                                                                      *
    Конрад прачнуўся ўспацелым і, разам з тым, яго прабірала холадам. Тупы боль ламаў галаву. “Захварэў? А мо проста, як нярэдка апошнім часам нядужыцца? Я павінен узяць сябе ў рукі, павінен чуцца здаровым”, — загадвае сабе Конрад. Усё жыцьцё ён ня любіў хваравітасьці ні ў сабе, ні ў іншых. — “Я ня хворы. Гэта толькі недамаганьне, яно пройдзе... я ня хворы”.
    У хаце нязвыклая цішыня. Дзе ўсе падзеліся? У сьвятліцы пачаў адбіваць насьценны гадзіньнік. Конрад налічыў дванаццаць. Зьдзівіўся: ня мог паверыць, што так позна спаў. Апрануўся, пайшоў у кухню.
    У кухні паліцца печ. Яркае полымя палае прыемным цяплом на хату. Каля печы, як і звычайна, завіхаецца, рыхтуе абед маці.
    — Як ты пачуваеш сябе, сынку? — пытаецца яна.
    — Галава моцна баліць, — прызнаецца Конрад.
    Пакуль ён мыецца, маці стараецца чым можа дапамагчы яму: прыносіць цёплую ваду, падае мыла, рушнік. Ласкавая клапатлівасьць маці заўсёды кранае Конрада. Сёньня яму здалося, што ейны твар стомлены, зжоўклы, вакол вуснаў паглыбіліся маршчыны.
    — Штосьці мама сёньня блага выглядае? — спачувае ён.
    — Дарма, сынку, не зьвяртай увагі. Дзякаваць Богу, я здаровая.
    — А дзе ўсе? Дзе Ганна?
    — Бацька паехаў у млын. Па дарозе павёз Ганну зь Лявончыкам у школу. Адтуль Ганна меркавала пайсьці паглядзець свае хаты.
    — Як даўно яны паехалі?
    — З самага раньня.
    — Дагэтуль не вярнуліся, — занепакоіўся Конрад. — Ганьне ня варта было йсьці да Аўдолі самой. Чаму мяне не пабудзілі?
    — Моцна спаў, пашкадавалі турбаваць. Даць табе чаго гарачага зьесьці?
    — Дзякую, ня трэба.
    — Дык выпі хоць малака.
    — Добра.
    Маці дала яму кубак малака. Стоечы, ён глынуў колькі глыткоў, паставіў кубак на стол.
    — Пазьней, разам з усімі, буду есьці, цяпер ня хочацца. Пайду насустрач Ганьне.
                                                                                     *
    Ціха й панура стаіць ахутаны белым покрывам лес. Мерна рыпіць пад нагамі сьнег. Ад халоднага чыстага паветра заціхае боль у галаве. Адразу Конрад пачынае шпарчэй і весялей крочыць па дарозе.
    І Ганна йдзе прыемна ўзрушанай. Спатканьне з Кухтам было кароткім, але пакінула па сабе добрае ўражаньне. Ён здаўся ёй чалавекам шчырым, удумлівым, інтэлігэнтным. Раней ад яе на дарозе заўважыў бацьку Лявончык, кінуўся да яго бегам. Конрад падхапіў малога на рукі, узьняў у гару, пацалаваў. Падыйшла Ганна. ён і яе падхапіў, падняў вышэй да сябе й пацалаваў у вусны. Сэрца Ганны забілася ад радасьці. Конрадаў твар, паружавелы на марозе, выглядаў сьвежым і здаровым, вочы глядзелі адкрыта й весела. Яна не спадзявалася сёньня бачыць яго такім.
    Аднэй рукую Конрад пяшчотна прытуліў яе да сябе бліжэй, у другой трымаў руку малога, стараўся, каб усім ім тром хапала месца йсьці побач па прабітай у глыбокім сьнезе дарозе. Сказаў да Ганны:
    — Маці чакае на вас з полуднем.
    — Мы палуднавалі.
    — Дзе?
    — У Аўдолі.
    — Не магу паверыць такому цуду, — засьмяяўся Конрад.
    — І ведаеш, — працягвала Ганна, — праз пару дзён мы можам пераходзіць жыць у сваю хату.
    Конрад маўчаў, не выяўляў ні радасьці, ні зьдзіўленьня ад такое навіны. Ганна бачыла, што твар ягоны перастаў быць шчасьлівым і радасным, стаў задумлівым, заклапочаным.
    — Ты незадаволены?
    — Бацькі пакрыўдзяцца. Яны шчасьлівыя мець Лявончыка ў хаце, хваляцца ім перад людзьмі...
    — Але-ж мы не на край сьвету йдзем, будзем тут блізка ад іх. Бачыш, я дамовілася ў школе працаваць. З мае хаты да школы ўсяго хвілінаў сем хады вуліцаю, а з хутара гадзіну добрую згубіш, асабліва калі дарогу ў лесе й полі сьнегам завее ці Нёман разальлецца, — горача даводзіла сваё Ганна.
    — Разумею, — мякка сказаў Конрад. — Табе хочацца перайсьці жыць у сваю хату, каб быць самой са мною й Лявончыкам. Ці ня праўда? Прызнайся.
    — Ты згодны перасяліцца?
    — Раней ты прызнайся.
    — Шчыра? Добра, я мару застацца з табою й Лявончыкам.
    — Тады я згодны, бо больш ад усяго ў жыцьці кахаю цябе. І калі ты ўважаеш, што так будзе лепей для нашае сям’і, цешысься, дык і я цешуся, — згадзіўся й ізноў павесялеў Конрад. — Адно, скажы мне, як ты здолела пераканаць Аўдолю звольніць хату для нас?
    — Добры чалавек дапамог. Ведаеш — хто?
    — Хто?
    — Не, не здагадаесься ніколі. Трахім Кухта.
    — Як ён тут апынуўся? Я чуў, што ён хаваецца ў Лідзе. Добра падумаўшы, яму ў Туравічах небясьпечна й паказвацца. Не адзін мой бацька, але й іншыя людзі тут зуб на яго маюць.
    — Ён зрабіў на мяне ўражаньне зычлівага чалавека.
    — Трахім — не благі чалавек, але я ведаю яго аддаўна. Ведаю, што ён ніколі нічога так сабе ня робіць. Ці я, ці ты яму ў чымсьці спатрэбіліся. У бліжэйшы час мы пра гэта даведаемся. Павер мне.
                                                                                          6
    У сваёй хаце за штодзённымі клопатамі неяк нязвычайна хутка мінулі зіма й вясна. Надыйшлі сонечныя даўгія дні, цёплыя кароткія ночы. У васабістым жыцьці, не зважаючы на трывожны стан ваеннага часу, для Ганны й Конрада апошнія месяцы здаваліся шчасьлівымі.
    Бацька й Мірон дапамаглі, каб у “маладых” вялася гаспадарка. Раніцою на досьвітку будзіць іх галасьлівы певень, дзьве куркі водзяць па двары куранятаў. Увечары, разам з усімі вясковымі каровамі, вяртаецца з пашы нарэдкасьць рахманая Чарнуха. Нават Лявончыку дазваляецца паспрабаваць даіць яе.
    Лявончык, прыкметна падрослы, асмуглы ад сонца, цэлымі днямі бавіцца на вуліцы з сваімі сябрамі ў гулкіх радасных гульнях. Ня мае часу сядзець у хаце й Конрад. У яго шмат працы ў садзе, у полі. Ён ня скардзіцца. Наадварот, чуецца поўным сілы й здароўя. А Ганна, ня раз глянуўшы на сябе ў люстэрка, задаволеная, бо папаўнела, папрыгажэла. Сярод настаўнікаў Ганна найбольш пасябравала зь Нінаю. Калі ў школе пачаліся летнія вакацыі, Ніна засталася ў Туравічах.
    Жыць у Налібоцкай пушчы робіцца небясьпечна. Немцы загадваюць вёскам дастаўляць ім мяса, жыта, бульбу. Людзі выконваюць нарыхтоўкі, але належнай абароны для сябе ня маюць. Гэта выкарыстоўвае Пецька Сталяроў. Ён аднаўляе савецкія парадкі, “мабілізуе” мужчынаў, змушаючы іх далучацца да свае групы. Стрэльбаў, патронаў, кулямётаў, гранатаў хапае. Уцякаючы ад немцаў, чырвоная армія ўсё гэта пакінула ў лесе. Пецькава група разраслася ў “атрад”. Уначы ягоныя хлапцы пачынаюць пераходзіць з пушчы на другі бераг Нёману, наведваюць і Туравічы. Тэрарызуюць солтыса, людзей, патрабуюць харчоў. Да Конрада з Ганнаю не заходзяць. Уплыў Кухты?
    Конрадаў бацька пра Кухту кажа:
    — За Саветамі выў на мяне ваўком, а цяпер перад табою й Ганнаю матляе лісіным хвастом. Глядзеце, прыйдзе час, ён і вас прадасьць. Скула, а не чалавек.
    Дырэктар сямігодкі разважае іначай:
    — Чырвоная армія ў 1939-м годзе вызваліла Кухту з польскае турмы. Савецкая ўлада яго прыгалубіла, узнагародзіла, запрасіла ў госьці паглядзець Маскву. Пазьней патрабавала платы. Патрабавала рабіць ня тое, пра што ён марыў, калі за Польшчаю арганізоўваў гурткі Грамады, рызыкуючы арыштам, рэдагаваў беларускую газэту, але тое, што яму загадвалі. Мы самі ня маем сродкаў зрабіць Беларусь вольнай, ня маем грошай, ня маем узбраеньня. Выбіраем бок або йдзем на бок, на які кінуў нас лёс. Узяць цяперашнюю сытуацыю: Савецкі Саюз і Нямеччына — сілы абедзьве варожыя беларусам. Яны выкарыстоўваюць нас, зацягваюць нас у вір свайго змаганьня. Вынік? Зьнявечаныя людзі, магілы, паняволеная, як і раней, Бацькаўшчына. Наш народ, нашая ідэя незалежнасьці церпіць. Трагэдыя ў тым, што і на адным і на другім баку нашы лепшыя інтэлектуальныя сілы гінуць ці капітулююць, як Трахім Кухта.
    А сам Кухта бароніцца, даводзіць Конраду сваё. Яны часта дыскутуюць, бо Трахім уначы ці пад самае раньне не праміне зазірнуць да былога сябры. Іншым разам, каб не турбаваць гаспадароў сярод ночы, ідзе адразу спаць у клець. Там яму яшчэ з пары, калі ў хаце жыла Аўдоля, у куце за бочкамі, пад вакном, зроблена сховішча. Вакно выходзіць у зарослы маліньнік, дзе на выпадак небясьпекі ад немцаў ці паліцыі можна схавацца або праз гароды бегчы на поле ў жыта.
    Трахім пытаецца ў Конрада:
    — Што ты думаеш пра вайну, на чыім ты баку?
    — Былому савецкаму вязьню, які прайшоў пакуты НКВД і канцэнтрацыйнага лягеру, ёсьць адзін бок. Прадэклямаваў:
                                             Усім найдарожшым прысягаю —
                                             Сваіх грахоў не утаю,
                                             І любасьць гэтую да краю,
                                             І гнеў, і ненавісьць сваю,
                                             І што набыў, усё, што маю,
                                             Што долю цешыла маю —
                                             Усе скарбы, ўсе свае багацьці
                                             І песьні ўсе — крывіцкай хаце.
    — Каго цытуеш?
    — Уладзімера Жылку.
    — Ён памёр?
    — На выгнаньні. У чужым халодным Уржуме, далёка ад Бацькаўшчыны. Перад сьмерцю перадаў сябрам-выгнаньнікам гэты свой тэстамэнт, які апублікаваны ў газэце.
    — У Менску?
    — Пэўна. Не ў Маскве-ж і ня ў вас, у пушчы.
    — Выглядае, ты з свае волі да нас не далучысься?
    — Ніколі, — адказаў Конрад. На момант ён завагаўся, тады запытаўся:
    — Скажы шчыра, хто кіруе вашай групай у лесе?
    — Сталяроў.
    — Энкавэдысты?
    — Хай будзе так.
    — Наш народ мае цяжкае дазнаньне зь іхнага кіраваньня... Салаўкі, Котлас, Калыма, Варкута... Хіба ты ня чуў, колькі нашых людзей загінула й цяпер гіне там? Ня чуў пра Котлас, дзе толькі за зіму 1930-га году пахавана 3.000 беларускіх дзяцей, загнаных, разам з раскулачанымі бацькамі, у тайгу на галодную сьмерць?
    — Я пэўны, што пасьля гэтае вайны савецкая ўлада будзе вымушаная зьмяніць сваю палітыку. Ня будзе паводзіцца так брутальна, як раней.
    — Ты верыш гэтаму?
    — Не сумняваюся.
    — Добра, дапамагай ім цяпер перамагчы. Толькі па вайне ня дзівіся, калі апынісься ў няволі. На Салаўках, ці Калыме, як апынуліся кіраўнікі Грамады.
    — Хлусьня! Чаму да вайны пра гэта ўсе маўчалі?
    — Мусілі маўчаць, каб ня трапіць у канцэнтрацыйны лягер ці пад кулю ў патыліцу. Схадзі ў Менск, пазнаёмся з Адамам Рынейскім. Ён працуе ў рэдакцыі беларускай газэты, мае ў сваіх руках шмат дакумантаў. Пакажа табе, што гэта не варожая прапаганда, а сумны, трагічны факт.
    Прапазыцыя Конрада моцна ўсьцешыла Трахіма:
    — Ты ня згубіў даверу да мяне? Дасі ліст да Рынейскага? Адрэкамэндуеш, як свайго сябру?
    — Дам ліст ня толькі да Адама, а й да нашае добрае цёткі Алесі, у якой ты можаш затрымацца на час пабыту ў Менску.
    — Дзякую, браце.
    Пасьля гэтае размовы недавер і напружанасьць паміж імі канчальна зьніклі. Запал да змаганьня за родную справу, як у юнацкія гады, уваскрос. Асабліва Трахім чуў сябе ўзьнятым, ахопленым ідэяй ісьці ў Менск.
    У тую ноч яны доўга сядзелі ў садзе, згадваючы грамадаўскія часы, перажытае кожным, думаючы пра будучае.
    Неўзабаве Трахім сабраўся ў Менск. Па дарозе зайшоў да Зяневічаў па лісты. Ганну ўразіў кантраст паміж Трахімам у сялянскай вопратцы й тым, які разьвітваўся. На ім бэжавы летні гарнітур, белая кашуля, жоўтыя чаравікі — усё выглядае бездакорна, зіхаціць чысьцінёй.
    — Ты нібы на ўрачыстасьць апрануўся, — заўважыў Конрад. — Едзеш ці йдзеш?
    — Ад Баранавічаў буду ехаць цягніком.
    — Дакуманты маеш?
    — Маю.
    — Мяркуеш у Менску быць доўга?
    — Як прыдзецца. Але, як толькі вярнуся назад, перш прыйду да цябе.
    — Будзь добрым сябрам: нічым не пашкодзь Адаму.
    — Ня турбуйся за мяне, трымайся сам. Да хуткага пабачаньня!
    — Бывай!
                                                                               *
    Дзесь праз тыдзень пасьля разьвітаньня з Трахімам, Конрад узяўся правіць плот у гародзе. Час-ад-часу адпачываў, глядзеў на яснае неба, на плывучыя па ім лёгкія белыя хмаркі, прыслухоўваўся да сьпеву птушак — любаваўся ўсім навокал. Добры ўраджай абяцае яму дагледжаны гарод, залацістае жыта ў полі, сад, поўны йгрушаў і яблыкаў.
    Гарод цягнецца па ўзгорку ўніз да зялёнага поплаву, які ўпіраецца ў бераг Нёману. На беразе Ганна палошча бялізну. Каля яе Лявончык спрабуе на мелкім месцы лавіць рыбу кошыкам. Мілыя сэрцу жонка й сын. На душы Конрада радасьць і спакой. Год таму ён не выабражаў, не спадзяваўся, што ў ягоным жыцьці ізноў вернецца шчасьце, ізноў прыйдзе жаданьне жыць...
    На двары перапалохана закудахталі куры. Конрад спыніў працу, пайшоў паглядзець, што магло ўстрывожыць іх. У садзе, блізка хаты, убачыў мужчыну. Напружыў вочы, каб пазнаць яго, але той зьнік у кустох бэзу. Сьцеражэцца? Хто ён? Партызан? Хаваецца ў ягоным садзе? Ці прысланы да яго? Непакой ахапіў Конрада. Трахіма няма. Мажліва, зь лесу пачынаюць цікаваць за ім.
    — Добры дзень, — пачуў недалёка ад сябе Конрад. Пакуль Ён сачыў за незнаёмым, не заўважыў, што ў садзе, па сьцежцы з двара, ідзе да яго Аўдоля. Яна затрымалася каля кустоў бэзу, паклікала:
    — Гэй, выходзь. Тут сам Зяневіч. — А да Конрада: — Якуб прынёс вам ліст ад Пецькі.
    Пра дзейнасьць Аўдолі сярод партызанаў Конрад ведаў ад Трахіма: “У маладзіцы кроў грае, а мужыка ў хаце няма. Таму й аддае ўвагу лесу. Там ня мала самотных гарачых хлапцоў. Любіць кабеціна пры нагодзе з маладым дзяцюком соладка выпіць, смачна закусіць ды й у ложку пагрэцца”.
    Незнаёмы выйшаў з-за кустоў. ён у Аўдоліных гадох. Назваўся:
    — Якуб Хількевіч.
    — Ён зь Сіняўскае Слабады, — сказала Аўдоля. — Мы малымі разам у Турэвіцкую школу хадзілі. Якуб ведае, як пісаць вершы...
    — Ат, меле Аўдоля языком бяз толку, — перарваў яе Хількевіч. — Я сувязны партызанскага “атраду" з-пад Брадоў. Маю ліст да вас ад нашага камандзера.
    Працягнуў Конраду ліст — кавалак белае ў клетку паперы, выдранае з вучнёўскага сшытка. Сталяроў пісаў, што савецкі грамадзянін, Конрад Зяневіч, мабілізуецца. Часова яму дазваляецца жыць у вёсцы. Адна асоба будзе трымаць яго ў кантакце з “атрадам”. Гэтай асобе ён абавязаны падпарадкавацца, выконваць даручаныя ёю заданьні.
    — Хто-ж гэта адна асоба? — запытаўся Конрад. — Вы?
    — О, не! Гэта... заслужаны бальшавік, удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петраградзе, таварыш Палякоў.
    Кроў рынула ў галаву Конрада. Ён ведае, што перад Хількевічам нельга выявіць гневу. Трэба стрымацца, ня выдаць сваіх праўдзівых пачуцьцяў. А яму нясьцерпна хочацца крычма крычаць, гнаць із свайго саду Пецькавага пасланца. Ды той стаіць перад ім лагодны, пэўны сябе. Прастадушны наіўны хлапец. Ці ведае ён пра жорсткасьць і зьдзек Палякова над людзьмі?.. “Заслужаны бальшавік”... Не, ён, Конрад, не паддасца хваляваньню, знойдзе ў сабе сілы даведацца пра ўсе, што яму патрэбна, каб належна спаткаць Палякова.
    — Дзе я павінен спаткацца з Паляковым? — пытаецца Конрад. Голас ягоны ціхі й хрыплы. Трэба сачыць за сваім голасам, за сабою, — загадвае сабе.
    — Чакайце на таварыша Палякова сёньня ці заўтра у сябе дома.
    — Ён прыйдзе ўдзень?
    — Гэтага я сказаць не магу: можа прыйсьці ўдзень, можа й уначы. Усё залежыць ад акалічнасьцяў.
    — Бывае, напрацаваўшыся за дзень, мы з жонкаю засьпім, не пачуем, як ён у хату будзе стукацца.
    — Не ламайце сабе з гэтага галавы, — умешваецца у размову Аўдоля. — Пакіньце дзьверы ў клець незамкненымі. Палякоў увосені колькі разоў у вашай клеці начаваў.
    У той дзень нішто не магло вярнуць Конрада да добрага настрою: ні клапатлівая ўвага Ганны, ні вясёлы голас сына. Ён пазьбягаў быць разам зь імі. Кінуў правіць плот. Апусьціўшы галаву, бязмэтна блукаў па садзе. Думкі ягоныя круціліся, таўкліся, перабіваліся толькі каля аднаго — прыйдзе Палякоу... Ён ня скажа пра гэта Ганьне. Ня скажа, каб не напалохаць яе... Ня варта пра гэта ёй гаварыць... ня варта... Падрыхтавацца спаткаць Палякова самому, каб ніхто не адгаварваў, ніхто не замінаў... Апошнімі месяцамі ён амаль забыўся на свайго ката, перастаў шукаць яго, ня зьнішчыў... Цяпер мае падпарадкавацца яму... Падпарадкавацца?
    Абурэньне ад гэтае думкі ўзьнялося зь нязвычайнаю моцай, узбударажыла, скаламуціла галаву. За кожным кустом бачылася яму ненавісная постаць. Ня сходзіў з вачэй, кпіў зьдзеклівы твар, злосна жмурыў вочы, пагражаў кулаком... Сэрца Конрада заходзілася ад страху. ён уцякаў ад прывіду... Праз некаторы час вяртаўся ў прытомнасьць. Галоўнае, не дапусьціць гада ў сваю хату... Спасьцерагчы на двары. Заманіць у клець... і ўчыніць расправу...
    Ён узяў з падпечча сякеру. Доўга вастрыў яе, потым паклаў пад павецьцю ў дрывах. У самой клеці прыхаваў вяроўку.
    У першую ноч Палякоў ня прыйшоў. На наступнае раньне Конрад прачнуўся зь пякельным болем галавы. У галаве ўсё туманілася, думкі бязладна блыталіся. Такі боль прыходзіў да яго, калі зь ім здаралася штосьці нядобрае. Што — ня мог адразу прыпомніць.
    За перагародкаю ў пакоі чуў галасы Ганны й Лявончыка. Звычайна ён прачынаўся раней ад іх, а сёньня заспаў. Праз адчыненае вакно ў сад на поўную сілу ўрывалася сонца, яснымі праменьнямі клалася на ложак. Сонечнае сьвятло раздражняла, здавалася, прыносіла галаве мацнейшы боль. Адсунуўся на ложку ў кут, куды сонца не даходзіла.
    У бакоўку заглянула Ганна, нагадала:
    — Час ісьці на Нёман.
    — Ідзеце самі.
    Адмова Конрада занепакоіла Ганну, бо яны ўсе ўтрох любілі да сьнеданьня пакупацца, паплаваць.
    — Конрад, даражэнькі, чуеш сябе блага?
    Ён нічога не адказаў ёй. Яна замінала яму думаць аб тым, што яго турбавала.
    — Адкажы мне, табе нядобра? Даць табе сьнеданьне у ложак?
    — Пакінь мяне ў спакою, — сказаў Конрад, — не назаляй.
    Ён разумеў, што абразіў яе сваім тонам і, разам з тым, ня мог утрымацца, каб не паўтарыць із злосьцю:
    — Не назаляй мне.
    Яна не запярэчыла, не папракнула, моўчкі пакінула пакой. Трывога апанавала яе. Надыходзіць крызыс? Што ўсхвалявала Конрада? З учарашняга дня яна заўважыла, што ён сам ня свой. Трэба было шукаць парады, ратунку. У каго? Ніякага лекара ні ў Туравічах, ні ў блізкіх вёсках няма. Хіба неяк могуць дапамагчы бацькі Конрада? Заміж купаньня на Нёмане пабегла да іх.
    Неадкладна маці пасьпяшыла да сына. Прынесла з сабою якіясь зёлкі, заварыла іх, упрасіла Конрада выпіць. Пасьля зёлкау ён заснуў. Прачнуўся далёка пасьля полудня. Боль галавы яго амаль зьнік, вярнулася поўная сьведамасьць. Думка, што хату кожны момант можа зьявіцца Палякоў, ня ўзрушала яго з ранейшаю сілаю. ён адчуваў сябе млявым, абыякавым да ўсяго.
    Пакуль ён спаў, праліў спорны дождж. Дрэвы ў садзе стаялі памытыя, ярка зялёныя, сьвежыя. Лёгкі ветрык варушыў галіны, лісты на іх хісталіся, скідалі зь сябе апошнія кроплі дажджу. Пасярэдзіне двара сабралася вялікая дажджавая лужына. Закасаўшы порткі па калены, Лявончык боўтаецца ў лужыне, водзіць па ёй папяровыя чаўночкі. Ганна сядзіць на ганку зь Нінаю.
    Як і ягоная жонка, зь Нінаю Конрад у добрых, сяброўскіх дачыненьнях. Яна, заўсёды поўная радасьці й сьмеху, падабаецца яму. Але сёньня нават зь ёю яму ня хочацца ні бачыцца, ні размаўляць. ён застаецца ў хаце.
    Галасы й сьмех данесьліся з кухні. Дзьверы рашчыніліся, і Ніна з Ганнаю ўвайшлі ў пакой. Убачыўшы Конрада, Ніна гарэзьліва дакарае яго:
    — Што-ж гэта вы ня выйшлі павітацца са мною?
    — Прабачце, крыху нядужыцца, — апраўдаўся Конрад. — Што ў вас новага?
        Я пастанавіла кідаць Брады й Туравічы, ехаць жыць да цёткі ў Нясьвіж.
    — Далей ад Пецькавых залётаў?
    — Менавіта.
    — Тады — шчасьлівае дарогі! Не заглядайцеся на чужых хлапцоў, памятайце нашага Аркадзя, — знайшоў у сабе сілы пажартаваць Конрад.
    — Калі Аркадзь не забудзецца на мяне. Учора Пецькаў пасланец прынёс яму загад ісьці ў лес. А ён учора-ж пайшоў у Менск. Вырашыў паступаць у беларускую афіцэрскую школу.
    — Мне здаецца, што Аркадзь думае толькі пра вас, — запэўніла Ніну Ганна.
    На разьвітаньні Нінавы вочы наліліся сьлязамі. Паскардзілася:
    — Мне, як дзіцяці, хочацца плакаць.
    — Ня сумуйце, даражэнькая, яшчэ прыйдуць радасныя дні, і мы ізноў усе разам спаткаемся, — супакойвае яе Ганна.
    — Спаткаемся без Палякова, — дадае Конрад.
    Ганна із сполахам глянула на мужа. Толькі моцна хворым ён пачынаў гаварыць і трызьніць пра Палякова.
                                                                                   *
    Вестка пра Пецькаў ліст да Аркадзя маланкаю апаліла Конрада, зьмяла абыякавасьць, выклікала навальніцу думак. “Час не стаіць... час бяжыць, ня спыняецца... Надыходзіць другая ноч. Кожнае хвіліны могуць адчыніцца дзьверы... можа зьявіцца на парозе ненавісны вылюдак... загучыць гнусявы голас...” За вячэраю ня мог есьці, ня чуў, калі да яго гаварыў малы ці жонка.
    — З чым ты ад мяне крыесься? Учора, пакуль я была на рэчцы, ці ня прыходзілі пасланцы зь лесу й да цябе? — запыталася Ганна, дапытліва ўглядаючыся на Конрада.
    Ён ня вытрымаў ейнага погляду, адвёў свае вочы ўбок. Прамармытаў:
    — У хаце задуха.
    Над сталом сьвеціцца вісячая лямпа. Вокны ня толькі зачыненыя, а й зацемненыя шчыльнымі фіранкамі.
    — Пасьля вячэры пагасім лямпу й рашчынім вокны, — прапануе Ганна.
    — Я пайду цяпер, пахаджу па двары троху.
    — Ня ўздумай ісьці на вуліцу. Ніна казала: да солтыса прыехалі немцы, на мосьце паставілі варту. Выглядае, засталіся ў Туравічах нанач.
                                                                                   *
    Цішыня й цемень панавалі на двары. Па небе павольна цягнуліся парваныя цёмныя хмары. Час-ад-часу з-паміж іх выныраў поўны месяц, на момант ясным халодным сьвятлом заліваў хату, двор, сад ды ізноў хаваўся. На лузе ў балоце згодна й суладна квакаюць жабы. Яны не замінаюць думаць: “Зь якога боку прыйдзе Палякоў? З вуліцы? Не. Яго ўжо маглі папярэдзіць пра немцаў... Хутчэй ад усяго ён прыйдзе з боку гарода... Прыйдзе сам?.. Найлепей пільнаваць сьцежку ў двор, стаіўшыся ў садзе, каля плоту. Там, дзе ўчора за кустамі бэзу хаваўся Хількевіч”. Захапіўшы з падпавеці невялікую калодку й сякеру, Конрад рушыў у сад.
    Ганна выйшла на ганак і нягучна паклікала:
    — Конрад!
    Ён не азваўся.
    Яна паглядзела ў падпавець, адчыніла дзьверы клеці ды ізноў паклікала:
    — Конрад, дзе ты?
    Не дачакаўшыся адказу, вярнулася ў хату.
    У вёсцы прасьпявалі першыя пеўні, а Палякоў ня йшоў. Каб выгадней было сядзець на калодцы, абапёрся плячыма на плот, задрамаў. Ачнуўся, калі пачуў, што хтосьці пераскочыў весьнічкі паміж садам і дваром... Палякоў? Правароніў! Не затрымаў. Прапусьціў на свой двор. Ускочыў на ногі, рассунуў мокрыя ад начное расы галінкі бэзу, неадрыўна сачыў, куды той накіруецца йсьці. Сэрца замерла ад думкі, што Ганна, чакаючы на яго, напэўна пакінула дзьверы не зашчэпленыя на крук... Бачыў у цемені мужчынскі сілуэт, чуў лёгкія, асьцярожныя крокі. Не пастукаў у вакно, дзякаваць Богу. Не падняўся на ганак, мінуў хату. Пойдзе ў клець? Так, там скрыпнулі дзьверы. Няўжо такі шанс? Сам пацук лезе ў пастку... А калі ён не адзін? Калі неўзабаве зьявіцца на сьцежцы Хількевіч? Лепей пачакаць, ня згубіць удачы. Ня спудзіць падлы... пачакаць... Нечакана разанула новая думка: а мо гэта толькі прывід Палякова? Зрабілася млосна, ногі падкасіліся, сякера выпала з рук... Толькі прывід, як ня раз было раней?.. Ды не: цяпер ён здаровы, у стане кантраляваць сябе... Будзе кантраляваць сябе, ня страціць розуму...
    Месяц высунуўся з-за хмараў. Трэба застацца на месцы, пакуль надыйдуць, зацягнуць месяц хмары. Мушу скінуць з ног чаравікі, каб нячутна йсьці па двары, у клеці...
    Нарэшце, дачакаўся хмараў. Трымаючыся бліжэй ценю пад дрэвамі, насьцярожана пабрыў да клеці. Некалькі хвілінаў пастаяў каля дзьвярэй ня рухаючыся, тады паціху націснуў на клямку, прыадчыніў дзьверы. Хтосьці спакойна пасопваў носам у куце... Прыйшоў! Гэта ня прывід! Сьпіць... Толькі-б не прачнуўся...
    Крадучыся, увайшоў у клець. Каб не нарабіць шуму, павольна прычыніў за сабою дзьверы. Яны ўсё-ж рыпнулі, устрывожылі гада, бо той заварушыўся, пазяхнуў. Конрад застыў нярухома ў цемры, сьціснуў у руцэ сякеру, гатовы секануць ёю ворага... Ён рады цемры, бо ня хоча, ня можа бачыць нахабных вачэй, якія гіпнатызавалі яго, туманілі розум, зьдзекваліся... Чакаў... Але вось да вушэй данёсься ізноў роўны глыбокі подых. Заснуў... Асьцярожна пасунуўся да кута. Пад вакном на зрэбнай прасьціне, разасланай на саломе, цямнела постаць, бясклопатна пахрапвала, не варушылася. Конрад узьняў сякеру, нацэліўся й з усяе моцы апусьціў абух на ненавісную галаву. Пачуў агідны гук трэснутай косьці. Разьюшана працягваў малаціць па галаве яшчэ й яшчэ, пакуль ня ўпэўніўся, што галава дарэшты раструшчана. Завярнуў тое, што яшчэ нядаўна было галавою, у прасьціню. Узяў прыхаваную раней вяроўку, абкруціў забітага па руках і нагах, уськінуў на сьпіну. Мо таму, што ў хваляваньні правёў два апошнія дні, мо таму, што нэрвова калаціла, цяжар здаўся непасільным, гнуў да долу, ледзь не зваліў. Дзівіўся: чаму такі цяжкі?
    Згінаючыся пад цяжарам, выйшаў на двор, адтуль праз пакацісты гарод, праз поплаў нёс яго на Нёман. Высокая, мокрая ад расы, трава хлёстала па портках. Порткі па калены набраклі халоднай расою, няпрыемна студзілі ногі. У цемені цяжка было сачыць за купінамі — спатыкаўся. Узрадаваўся, калі з-за хмараў выплыў месяц. Наперадзе ясна вызначаліся абрысы маста. Каля маста — вір. Туды сьпяшаўся із сваёй ношаю Конрад. Ня памятаў, ня думаў пра нямецкую варту на мосьце. Пад месячным сьвятлом зусім блізка засерабрыліся пяшчаны бераг і вада, стала добра відаць прыбярэжны хмызьняк на працілеглым беразе. Амаль дайшоў...
    З боку маста ў начной цішы грымнуў стрэл. Конрад ня спыніўся, ня прыгнуўся, ня лёг на зямлю. Трымаючы моцна рукамі сваю ношу, ішоў далей. Застракаталі стрэлы яшчэ й яшчэ. Востры боль працяў грудзі й шыю. Конрад захістаўся, рукі аслабелі. Вяроўка высьлізнула зь іх, мёртвае цела ссунулася на дол, пацягнула за сабою. ён паваліўся наўзьніч. Захлынаўся крывёю, стагнаў.
    ... Тае начы ня мела спакою й Ганна. Яна задрыжэла ў хаце ад першага гуку стрэлу, нібы прадчувала, што прыйшла бяда. Спрабавала заспакоіць сябе: Конрад, відаць, застаўся спаць у клеці, апошнім часам блізу штоночы стракочуць стрэлы... Але гэтыя, такія блізкія, нібы побач з хатаю. Баялася выйсьці, паглядзець, паклікаць мужа.
    Калі сонца заружавела на ўсходзе, яна выйшла на ганак. Спадзяючыся знайсьці Конрада ў клеці, пайшла туды. У куце ўбачыла ўскамячаную акрываўленую салому й сякеру. На сякеры — засохлая кроў, дробныя асколкі касьцей. Недалёка ад саломы, на цьвіку ля вакна, вісіць бэжавая марынарка, пад ёю, на падлозе, стаяць чаравікі. Трахімавы?.. Сьмяртэльна зьбялелая, яна зьняла марынарку зь цьвіка. У кішэні знайшла лісты ад цёткі Алесі й Адама.
                                                                             ЭПІЛЁГ
    Брэмэнгафэн.
    У пачатку травсня 1950-га году ўцекачы з розных краінаў Усходняе Эўропы пакідалі Нямеччыну на амэрыканскім вайсковым караблі. Сярод іх была й Ганна Зяневіч. Разам зь іншымі пасажырамі, яна ўглядалася на бераг, на няясныя, ахутаныя цяжкімі дажджавымі хмарамі й вечаровым змрокам прыбярэжныя будынкі места.
    Паступова бераг зусім схаваўся ў цемры. На палубе запалілася электрычнае сьвятло. Пасажыры пачалі разыходзіцца па каютах. Ганна далей стаяла, абапершыся на поручні палубы. Ёй ня было да каго сьпяшацца, ня было аб кім клапаціцца. Сама...
    Бяззорнае неба й чорная вада зьліліся. Далячынь бяз прасьвету палохае, здаецца бязьлітаснай, мацней халодзіць збалелае сэрца. Лепей ісьці ў каюту, ісьці да людзей.
    Ганна павярнулася. Недалёка ад яе стаяла кабета, вусны ейныя зьлёгку ўсьміхаліся. У вадказ Ганна ўсьміхнулася таксама. Твар кабеты зазіхацеў:
    — Ганна? — спыталася яна. У ейным голасе гучала нотка няпэўнасьці.
    Цяпер Ганна ўважліва глянула на кабету. Зыркае сьвятло ад электрычнага ліхтара клалася на ейны ажыўлены твар, на ўзрушаныя вочы. Ганна не сумнявалася, што перад ёю Броня.
    Апошні раз Ганна бачылася з Броняй у першыя месяцы вайны. Тады яны разыйшліся ня вельмі сардэчна. Пазьней яна чула, што Броня пабралася з Адамам Рынейскім; ведала, што яны ў Нямеччыне, але пра сябе ім не падала весткі ды й спатканьня зь імі ня шукала. А ў гэты момант яна адчула радасьць... Радасьць? Амаль што.
    — Я бачыла цябе яшчэ ў нашай жаночай каюце. Але ты зьнікла так хутка, што я не пасьпела цябе запыніць, — казала Броня.
    — Я шукала нашых людзей у сьпісе на карабель. Рынейскіх ня было.
    — Мяне з Адамам і Рагнедай дапісалі ў сьпіс у вапошні момант. Наш афідавіт на поўдзень, у штат Тэнэсі. Абрыдла чакаць тут, пад Брэмэнам у лягеры Гронь, на паўднёвы маршрут, бо ён бывае не часьцей разу ў два месяцы. Выручылі знаёмыя зь Ню-Ёрку. Забавязаліся аплаціць нашу дарогу чыгункаю ад Ню-Ёрскага порту да места Мэмфіс, куды наш афідавіт. А ты куды кіруесься?
    — У Ню-Ёрк.
    — Табе пашанцавала. Там сабралася нямала нашых людзей. Заснавалі ўжо беларускія арганізацыі. Абяцалі Адаму з часам і нас перацягнуць туды...
    — А дзе-ж Адам?
    — Нам ня далі асобнае каюты на сям’ю. Я з Радаю ў жаночай каюце, а ён — у мужчынскай. Шкада, да раньня ня будзе ведаць пра цябе... Мне самой ня верыцца, што разам з табою будзем плысьці ў Амэрыку. Адам будзе шчыра цешыцца.
    На момант Броня спынілася гаварыць, стаяла моўчкі, узрушана ўглядаючыся на Ганну. Нарэшце, спыталася пра тое, што Ганна баялася пачуць:
    — А дзе твой малы?
    У вадказ вочы Ганны наліліся сьлязамі, і яна сказала:
        Памёр... Нешчасьлівы выпадак...
    Голас Ганны заламаўся. Броня спагадліва атуліла яе плечы рукамі:
    — Ня трэба, ня трэба болей нічога мне казаць... Я разумею... другім разам, — старалася яна супакоіць Ганну.
    Спачуваньне заўсёды выклікае вастрэйшы боль, жаданьне паплакаць, выявіць у словах той цяжар, які ні ўдзень, ні ўначы ня хоча пакінуць сэрца. Пазьней яна раскажа Броні пра Лявончыка ўсё... Другім разам, але не цяпер, калі навокал стаяць людзі. Ганна выцерла вочы, прымусіла сябе сказаць роўным голасам:
    — Пойдзем у каюту. Там, відаць, зачакалася на цябе твая малая.
    Па вузкіх стромкіх сходах яны спусьціліся ў трум, у жаночую каюту Ф 2. У яе зьмясьцілі болей за сотню жанчынаў зь дзецьмі ад трох гадоў. Драўляныя шырокія лаўкі ў тры паверхі, а паміж імі праход, як прайсьці аднэй асобе.
    Месца Броні было пасярэдзіне каюты. Калі яны падыйшлі да яго, з самае верхняе лаўкі высунулася галава дзяўчынкі.
    — Рада, ты што, ужо забралася спаць? — запыталася маці.
    — Пакуль —не. Я залезла наверх, бо згары лепей усё й усіх наглядаць, — адказала Рада. Тады заўважыла Ганну. Ейныя вочы засьвяціліся пытаньнем. Броня сказала:
    — Я спаткалася із спадарыняй Зяневіч. Мы ведаем адна адну зь дзяцінства. Разам вучыліся ў унівэрсытэце.
    — Няўжо? — весела ўсклікнула Рада. Спрытна спусьціла ногі, саскочыла на падлогу й стала побач Ганны, узьняўшы на яе твар. Яна выглядала на гадоў 14 ці 15. Шчупленькая, мела ў твары штосьці ад Броні, але хвалістыя каштанавыя валасы, як у Віктара, і ў вачох была сур’ёзнасьць не па гадох.
    — Я вельмі рада спаткацца з вамі, — сказала яна стрымана, як дарослая.
    — Для мяне таксама вельмі прыемна сустрэцца з табою й тваёй мамаю, — адказала Ганна й пацалавала яе.
    А яна, прыціхлая, працягвала глядзець на Ганну, ды зьвярнулася не да яе, а да маці:
    — Спадарыня мо ведала майго тату?
    — Спадарыня з татам, як і са мною, была сяброўкаю.
    — Надзвычайна, — амаль засьпявала ў радасьці дзяўчынка. І ўжо зьвяртаючыся выключна да Ганны, з запалам пачала тлумачыць:
    — Я зьбіраюся напісаць кніжку пра майго тату.
    — Уплыў Адама, — заўважыла Броня.
    — Мне было толькі тры гады, калі мой тата загінуў. Я хачу ўсё, усё ведаць пра яго, пра ягоных сяброў, пра ягоныя мары й жаданьні.
    Было відаць, што Рагнеда захоплена творчай ідэяй, захоплена любасьцю да бацькі. Гэта адразу выклікала ў сэрцы Ганны спагаду, вялікі жаль да асірочанага дзіцяці. Хацелася яе парадаваць:
    — Твой тата быў нязвычайны чалавек: разумны, таленавіты й галоўнае — вельмі сумленны. У мяне ёсьць шмат чаго расказаць пра яго.
    — Дзякую, моцна дзякую, — цешылася Рада.
    — Ганна, дзе твая лаўка? — зацікавілася Броня.
    — На самым носе, у канцы каюты.
    — На носе вас хутка загойдае, як на арэлях, — пачуўся нізкі, крыху сіпаваты голас зь цемені самай ніжняй суседняй лаўкі. — Там яшчэ да раньня рыгаць пачнеце.
    — Ня будзем пэсымістымі, — сказала Броня. — Будзем спадзявацца на лепшае, пастараемся ўсьцерагчыся ад марское хваробы. Ды я ня ведала, што побач мяне зямлячка.
        Знаёмся, — сказала Ганна, гэта спадарыня Мазалеўская. Мы разам учора прыехалі ў Гронь зь Мюнхэнскага пераходнага лягеру.
    — А да таго разам жылі ў беларускіх ДП лягерох — Остэргофэне й Розэнгайме. А ў якім лягеры вы былі? — дапытвалася Мазалеўская.
    — Рэгэнсбургскім.
    — Там апошнія гады ня было беларускага лягеру.
    — Была невялікая група беларусаў пры ўкраінскім лягеры. Мы далучыліся да іх гады два таму.
    — А перад тым?
    Нечакана ў размову ўмяшалася Рада:
    — Спачатку мы жылі на прыватнай кватэры. А калі зьявілася савецкая “місія” ды пачала хапаць сваіх былых грамадзянаў, мы перабраліся ў лягер.
    — Дык вы ўсходнікі?
    Броня строга бліснула вачыма ў бок Рады. Сказала Мазалеўскай:
    — З прыватак саветы хапалі ня толькі савецкіх грамадзянаў.
    Адказ, здавалася, не задаволіў Мазалеўскую. Галава ейная высунулася зь ніжняе лавы больш наперад; маленькія, заплыўшыя ў старым, друзлым твары вочкі глядзелі пранізьліва:
    —Чаму вы так доўга сядзелі на прыватцы, калі ўжо ад 1945-га году мы мелі свае беларускія лягеры?
    Што Броню раздражняе зьвяглівасьць старой, можна было лёгка здагадацца: ейны твар паружавеў ад усхвалёванасьці. Ганна вырашыла спыніць непатрэбны допыт:
    — Пагаворым пра ўсё іншым разам, — сказала яна да Мазалеўскай й прапанавала Броні:
    — Хочаш, пойдзем са мною, я пазнаёмлю цябе зь яшчэ аднэй нашай зямлячкаю, Нінай Кунцэвіч. Яна заняла лаўку каля мяне.
    — Ніна, гэтая круцелька, каля вас? — зацікавілася Мазалеўская. Толькі й ведае красавіцу зь сябе строіць: косы абрэзала, валасы завіла, вусны й пазногці хварбуе. А навошта ёй гэта ўсё? Нарачонага мае. Аркадзь, хлапец прыстойны, чакае на яе, каб пабрацца. Дык не, ёй карціць другіх хлапцоў падмануць...
    Броня ўсё яшчэ глядзела на Ганну зьбянтэжанай. Яе ашаламіла дакучлівасьць Мазалеўскай. А Ганна цешылася, што тэма зьмянілася: пра Ніну старая можа гаварыць гадзінамі. Ейны сын Дзяніс, стары кавалер гадоў пад сорак, сватаўся да Ніны, ды Ніна адмовіла яму. Таму Мазалеўская ўважае яе за лёгкадумную й благую.
    Броня не змагла йсьці з Ганнаю, бо раптам адчула сябе моцна зморанай, нават паскардзілася, што яе пачынае нібы крыху нудзіць.
    Ганна мела месца ў куце каюты, дзе да сьценаў былі прымацаваныя адна супраць другой дзьве лаўкі. Паміж лаўкамі — досыць вялікая прастора. Недалёка й дзьверы, якія вядуць да сходаў на палубу. Ніны ў каюце яшчэ ня было.
    Не чакаючы на Ніну, Ганна паклалася спаць. Легла на сваю лаўку, заплюшчыла вочы, але сон ня прыходзіў. У каюце ўсё яшчэ ня сьціхаў галас. Малыя дзеці, узбуджаныя нязвычайным падарожжам, сваволілі, дурэлі.
    ... Сёньня ў каюце жанчыны й дзеці, а аднойчы ўсе месцы тут былі занятыя амэрыканскімі жаўнерамі. Жаўнераў везьлі на вайну. Шмат хто зь іх не вярнуўся дамоў, шмат засталося на чужых берагох пахаванымі. Па загінуўшых сынох плачуць маткі, як яна плача па Лявончыку.
                                                                                   *
    Лявончык... Пасьля сьмерці Конрада яна жыла толькі сынам. Яму аддавала ўсю сваю любасьць. На яго пакладала ўсе свае надзеі. У 1944-м годзе адважылася, разам зь ім, выехаць на Захад. Чаму? Хацела ўзгадаваць свайго сына вольным і шчасьлівым. Спачатку яны апынуліся ў Польшчы. Канец вайны засьціг іх у Нямеччыне. Тады свой беларускі ДП лягер. Праца перакладчыцы — для яе, беларуская школа — для Лявончыка. Чулі яны ўжо пра мажлівасьць ехаць на сталае жыцьцё ў іншыя вольныя краіны сьвету. Марылі ехаць у Амэрыку. Аднак у жыцьці здараецца не заўсёды так, як ты спадзяесься. Наляцеў жахлівы дзень у студзені 1946-га году: на вуліцы Лявончыка падбіла аўта.
    У шпітальнай палаце стаяла некалькі ложкаў з хворымі дзецьмі. Ганна нікога, нічога ня бачыла, толькі Лявончыка. Ён ляжаў пераапрануты ў белую доўгую кашульку. Няпрытомны, із закрытымі вачыма, выпрастаны, стагнаў. На грудзёх зь левага боку праз кашульку прасачылася колькі плямаў крыві. Прыходзіў лекар, рабіў Лявончыку зашчыкі. Ганна пыталася:
    — Доктар, будзе мой малы жыць?
    — Ня ведаю. Ён увесь пабіты ў сярэдзіне.
    Пад вечар прыйшла сястра й сказала:
    — Вы мусіце пакінуць палату. Заўтра прыйдзеце.
    — Я нікуды адсюль не пайду.
    — Павінны.
    — Я не адыйду ад свайго дзіцяці.
    Сястра паклікала лекара.
    — Мы ня маем права дазволіць вам заставацца ў палаце, — сказаў лекар.
    — Я абяцаю вам ня плакаць, толькі дазвольце мне быць каля майго сына.
    — Ня можам.
    — Добра, — загразіла Ганна. — Калі вы паспрабуеце скрануць мяне зь месца адсюль, я ўзьніму такі крык, што напалохаю ўсіх вашых хворых.
    Лекар паціснуў плячыма й пайшоў з палаты.
    Ганна засталася. Сядзела на крэсьле каля ложка, схіліўшыся над Лявончыкам, трымаючы ў сваёй руцэ ягоную худзенькую бездапаможную руку, бесперастанку паціху цьвердзіла: “Мой Лявончык памірае... Як жыць?.. Як мне без яго жыць?..”
    Нечакана, ня прыходзячы да прытомнасьці, не расплюшчваючы вачэй, Лявончык сударгава сьціснуў Ганьніну руку й ня выпускаў яе. Ізноў прыйшоў лекар. Ганна ўзьняла да яго галаву. Яна бачыла, што ён глядзіць на Лявончыкаву руку. ёй нават здалося, што на твары лекара мільганула зьдзіўленьне. У Ганьнінай душы ўзьнікла надзея.
    — Доктар, мо ён застанецца жывым?
    — Нармальным дзіцем ён не застанецца. Хто яго будзе даглядаць?
    — Я.
    — Вы? Вам патрэбна будзе працаваць.
    Каля 12-ай гадзіны ўночы Лявончык памёр. Яго вынесьлі ў прыймовы пакой, паклалі на лаву каля сьцяны. Цьмяна сьвяціла электрычная лямпачка пад стольлю. Лявончык болей не стагнаў. Ганна легла побач яго, прытуліла яго да сябе, яшчэ не астыглага, нібы жывога. Яна ведала, што апошні раз у жыцьці яна так блізка да свайго дзіцяці.
    Надыйшла раніца. Стаяла яшчэ цемень на двары, цемень у шпітальным маргу, дзе на стол паклалі Лявончыка. Цемень і сьцюжа. Холад балюча ўядаўся ў Ганьніна цела, каменем лёг у грудзёх. Ганна зьняла з галавы ваўняную хустку, накрыла ёю Лявончыка, старанна падгарнула пад цела з усіх бакоў... Каб Лявончык ня зьмерз? Падняўшы вакол галавы футравы каўнер свайго паліта, пайшла ў лягер.
    Вуліцы места былі пустыя й цёмныя. Пад нагамі рыпеў падмерзлы за ноч сьнег. Паміж голымі, чорнымі галінамі дрэваў блакітам прамяніліся сінія электрычныя ліхтары, пасьля вайны яшчэ не замененыя на белыя. Ганна дайшла да маста праз чыгунку. На сярэдзіне яго запынілася. Няпрытомнымі вачыма глянула ўніз. У цемені найбольш сьвяцілася агнямі паравознае дэпо. Па калеях павольна перасоўваліся таварныя вагоны. Стуль даносіліся сьвісткі шчэпшчыкаў, скрогат тармазоў, лязг буфароў.
    Нямецкі вартавы забіў Конрада з маста праз Нёман, Сьмерць мужа Ганна адпакутавала цяжка, але на ейных руках заставаўся сын, заставалася жыцьцё. Без Лявончыка жыцьцё згубіла сэнс, мэту... Налажыць на сябе рукі? Не хапала адвагі. Каб у тую нясьцерпную часіну болю й роспачы хтось застрэліў яе, яна была-б яму толькі ўдзячнаю...
                                                                                     *
    Вярнулася Ніна, як заўсёды, вясёлая, ажыўленая, з навінамі:
    — На параплаве, апрача нас з вамі, яшчэ чатырнаццаць беларусаў, — казала яна. — Сярод іх — пляменьнік дырэктара нашае сямігодкі ў Туравічах.
    — Я зь ім ніколі не спатыкалася, — сказала Ганна.
    — У часе вайны ён жыў у Варшаве. Пазьней, разам з Аркадзем, вучыўся ў Мюнхэне на УНРРАўскім унівэрсытэце. Надзвычай цікавы хлапец.
    — Ніна, — усьміхнулася Ганна, — я бачу, што Мазалеўская не без падставы крытыкуе вас.
    Ніна азвалася сьмехам.
    — У гэтым выпадку нашу старэнькую буркухту можна заспакоіць: Алег мае таксама нарачоную. Яна, як і мой Аркадзь, ужо ў Ню-Ёрку й чакае на яго.
    Ніна прысела на край лавы, на якой ляжала Ганна, і, нахіліўшыся блізка да ейнага твару, загаварыла цішэй:
        Палкоўнік Тарасэвіч паслаў Алега ў Беларусь для сувязі з нашымі партызанамі. Паслаў на пару месяцаў, а здарылася так, што Алег прабыў там амаль увесь сорак восьмы год. Здолеў пабываць ня толькі ў Налібоцкай пушчы, дзе галоўныя сілы партызанаў гуртуюцца, а й у Туравічах.
    — Каго-ж ён у Туравічах бачыў? Што чуў?
    — Чуў шмат, а бачыў толькі сваіх бацькоў.
    — Нават зь дзядзькам не спаткаўся?
    — Старога Лазоўскага вывезьлі ў Сібір.
    —За што?
    — За тое, што за немцамі вучыў дзяцей у школе.
    Яны абедзьве ўздыхнулі.
    — Мажліва, Алег будзе ведаць штось і пра маіх крэўных, — сказала Ганна.
    — Усё мажліва. Заўтра пабачыцеся зь ім, пагаворыце. А ў мяне яшчэ адна навіна.
    — Менавіта?
    — На караблі будзе выходзіць газэта. Я ўладзілася там працаваць.
    — Рэдактарам? — пажартавала Ганна.
    — Не жартуйце, — ізноў сьмехам азвалася Ніна, — толькі машыністкай. Заўтра рана трэба быць у рэдакцыі, а я зусім забылася пра гэта. Трэба класьціся спаць.
    Яна ўсхапілася, пачала раскладаць пасьцель на сваёй лаўцы. Ганна не распытваецца болей у Ніны.
    ... Спаленыя, спустошаныя вайною Туравічы ўжо ня тыя, куды маці й Арына марылі вярнуцца. Хутка пасьля сьмерці Конрада, савецкія партызаны забілі ягоных бацькоў. Памсьціліся за Кухту? Маглі забіць і яе. Цётка Алеся й Адам клікалі ў Менск, Ніна — у Нясьвіж. Яна выбрала Нясьвіж.
    Замардавалі партызаны й Марылю зь Міронам. Чаму іх, старых, нядужых? Дашукацца на гэта адказу было немажліва. Палілі па вёсках хаты немцы, палілі й партызаны. Бацькоўская хата згарэла. Хутчэй ад усяго Алег нічога ня будзе ведаць ні пра ейную маці, ні пра сястру. Сумна й балюча...
    Па вайне грамадзяне заходня-эўрапэйскіх краінаў, якіх лёс таксама закінуў у Нямеччыну, адразу пачалі пісаць дамоў, шукаць сваіх крэўных. Савецкія грамадзяне — выключэньне. Іх прымусова вывозяць у СССР. Яны мусяць хавацца з сваім нешчасьлівым грамадзянствам: ім страшна ізноў апынуцца ў рабстве... Разгубленасьць, няпэўнасьць агортвае не адну Ганну. І ўсё-ж, відаць, чалавек ня можа жыць без надзеі, што нешта зьменіцца, што нешта лепшае надыйдзе. Шмат каму з уцекачоў хочацца верыць, што гэтае лепшае яны знойдуць у Злучаных Штатах Амэрыкі. Такая надзея цяпліцца й у душы Ганны.
    /Аляксандра Саковіч.  У Пошуках Праўды. Апавяданьні й аповесьці. Нью-Ёрк – Клыўлэнд. 1986. Б. 117-174./

    ...У аповесьці з трапнай сымбалічнай назвай “Паміж Сцылай і Харыбдай” пісьменьніца праз лёс маладой сям’і разгортвае падзеі, духоўны стан беларускага грамадзтва ў самы пік сталінскіх рэпрэсій і вайны, параўноўваючы дзьве таталітарныя сыстэмы, паказваючы, якія незьлічоныя ахвяры, бедзтвы яны прынесьлі людзям, колькіх мільёнаў лепшых чалавечых жыцьцяў каштавалі гэтыя экспэрымэнты.
    Падобныя праблемы раскрываюцца і ў іншых празаічных творах пісьменьнікаў-эмігрантаў (“Кітай, Сыбір, Масква” Язэпа Германовіча, “Раман Корзюк”, “І той дзень надыйшоў” Масея Сяднёва, “Змагарныя дарогі” Кастуся Акулы), аднак у Аляксандры Саковіч яны, “прапушчаныя” праз думкі, пачуцьці, перажываньні жанчыны-маці, безабаронны лёс асірочаных дзяцей, апісаныя жанчынай-пісьменьніцай, зьведаўшай усе цяжкія пэрыпэтыі змрочнага часу, успрымаюцца асабліва востра і балюча. Галоўная гераіня аповесьці “Паміж Сцылай і Харыбдай” Ганна ўвесь час знаходзіцца ў стане палемікі з існуючым ладам, не можа зразумець, як і Марыся (“З кім яна”), чаму духоўна і фізычна вынішчаецца столькі нявінных людзей, чаму столькі сялянскіх працавітых сем’яў, творчай інтэлігенцыі выслана на Салаўкі, Калыму, пад Котлас, Варкуту, дзе загінула не адна тысяча беларускіх дзяцей, загнаных разам з раскулачанымі бацькамі ў тайгу на галодную сьмерць. Дарэчы, у сучаснай беларускай прозе толькі Сяргей Грахоўскі, Васіль Быкаў, Ларыса Геніюш пачалі на пачатку 90-х раскрываць гэтыя невыносна цяжкія праблемы, пра якія свабодна пісалі пісьменьнікі-эмігранты, жывучы ў вольным сьвеце. Аляксандра Саковіч у “Сцыле і Харыбдзе” паралельна з лёсам Ганны, яе малога сына паказвае таксама зламаныя лёсы многіх вязьняў савецкіх канцлягераў і асабліва трагічны лёс Ганнінага мужа Конрада. Выхаваны ва ўмовах Заходняй Беларусі, дзе палякі імкнуліся да забароны ўсяго беларускага, што абражала і прыніжала нацыянальную годнасьць беларусаў, Конрад перайшоў у Савецкую Беларусь з верай у лепшую будучыню Бацькаўшчыньі. Апантана і сумленна працаваў, займаўся навуковымі дасьледаваньнямі, меў тэхнічныя вынаходніцтвы, імкнуўся быць па-за палітыкай, не падтрымліваў крытычных меркаваньняў жонкі, якая вырасла пры савецкай уладзе, супакойваў яе страхі, калі яна выказвала апасеньні, што і яго могуць арыштаваць, назваць шкоднікам, польскім шпіёнам, бо ён прыйшоў з таго, заходняга боку. Прадбачаньні Ганны спраўдзіліся. Рэпрэсіраваны ў 1937 годзе, Конрад, даведзены допытамі і катаваньнямі да цяжкага псыхічнага стану, падпісаў усе паклёпніцкія пратаколы, прыдуманыя сьледчым. “Той страшны, беспрасьветны час ніколі не забудзецца. І цяпер у вачох Ганны стаяць даўгія маўклівыя чэргі жанчынаў, з якімі яна цэлымі днямі прастойвала перад брамамі турмаў, каб нарэшце, калі енная чарга даходзіла да вакенца, даведацца: “Конрада Зяневіча ў сьпісе няма”.
    Тры месяцы дарэмнага шуканьня. Тады дзень удачы: “Ёсьць у сьпісе”. “Магу я яму што-небудзь перадаць?” “Можаце, 50 рублёў”. “Сёньня?”, “Не, у дзень перадачаў на літару “З”.
    У дазволены дзень Ганна з двухгадовым Лявончыкам на руках прынесла грошы. Чарга перад турмою на цэлы блёк, але жанчыны прапусьцілі яе зь дзіцем наперад без чаргі. Ніводная не запярэчыла. Як звычайна, у гэтых чэргах усе стаялі маўкліва, без усьмешкі на пакутлівых тварах. Пакуль Ганна даставала грошы із торбачкі перад вакенцам, спрытны Лявончык перахіліўся зь ейных рук, усунуў галаву ў самае вакенца у запытаўся: “Тата?” Малы хваробліва сумаваў па бацьку. Шукаў яго усюды, заглядаў у твары мужчынаў на вуліцы, у крамах...” А бацька ўжо апынуўся на катаржнай Калыме. Адбыў там чатыры гады і, каб застацца жывым, непакалечаным, цярпеў зьдзекі, ганьбаваньні ад садыстаў-сьледчых, якім было дазволена ўжываць “фізычныя сродкі ўзьдзеяньня”, ад канваіраў, вартавых, крымінальнікаў, — рэпрэсіўная машына дзейнічала адладжана па вынішчэньню “ворагаў народа”.
    Конраду на Калыме заставалася толькі маліцца, каб даў Бог пабачыць сына, жонку, блізкіх людзей. “Маліўся, калі гналі ў цемені сьцюдзёнага калымскага раньня на працу ў капальню; маліўся, калі праз дванаццаць гадзінаў, ізноў у цемені, гналі ў лягер. Маліўся, каб не зваліцца ад зьнясіленьня на дарозе, каб жывым дайсьці да нараў”. Яму “давялося зьведаць нялюдзкі гнёт і зьверства, а з ім страх за долю Ганны і Лявончыка, паніжэньне чалавечае годнасьці, безнадзейнасьць. Перажытае ў лёхах НКВД, у лягеры, у капальнях золата на Калыме з душы не выпаліць, не сьцерці...
    І, мусіць, Бог пачуў ягоныя малітвы. Прывезены ў Менск літаральна у першыя дні вайны на новыя дазнаньні, Конрад выратаваўся, калі калёна зьняволеных, якую гналі з Менскай турмы па Магілёўскай дарозе, трапіла пад бамбёжку нямецкіх самалётаў. Але, вызваліўшыся ад “сваіх”, ён з многімі сябрамі па няшчасьцю апынуўся ў нямецкім палоне, паміж Сцылай і Харыбдай. І толькі цяпер зразумеў, што дзьве магутныя варожыя сілы ўцягнулі яго, як і ўсю Бацькаўшчыну, у вір свайго змаганьня. І ў выніку — зьнявечаныя людзі, разбураная дашчэнту краіна. Але самае трагічнае, што і на адным (акупіраваным), і на другім баку гінулі лепшыя людзі ці, каб выжыць, прыстасоўваліся, здраджвалі нацыянальным інтарэсам. Надломленаму духоўна і фізычна Конраду нішто ўжо не магло дапамагчы: ні сустрэчы з блізкімі, ні іх клопаты. Ён не мог пазбавіцца ад жудасных кашмарных відовішчаў і перажываньняў, асабліва, калі даведаўся, што сьледчы Палякоў, які зьдзекаваўся з яго ў турме, заслужаны бальшавік, удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петраградзе, цяпер стаў камандзірам партызанскага атрада і зноў патрабуе яго да сябе. Страціўшы апошнюю надзею выжыць, Конрад гіне гэтак жа цяжка і бессэнсоўна, як бессэнсоўным было яго існаваньне падчас рэпрэсій...
    /Савік Л.  Аляксандра Саковіч (Іна Рытар). Жыццё і творчасць. // Голас Радзімы. Мінск. 5 верасня 1996. С. 6./
    Літаратура:
    Каханоўская І.  Сын верны Маці-Беларусі. Беласток. 1988. 6 с.
    Савік Л. С.  Саковіч Аляксандра. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік ў 6 тамах. Т. 6. Мінск. 1995. С. 662.
    Махнач Т. М.  Саковіч Аляксандра. Бібліяграфія. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік ў 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1995. С. 662-663.
    Савік Л.  Аляксандра Саковіч (Іна Рытар). Жыццё і творчасць. // Голас Радзімы. Мінск. 22 жніўня (с. 1, 6.); 29 жніўня (С. 6); 5 верасня (С. 6.). 1996.
    Алесь Баркоўскі,
    Койданава.