суббота, 16 апреля 2016 г.

Сьвятаслаў Асіноўскі. "Калі я буду адыходзіць..." Койданава. "Кальвіна". 2016.



                                                      “КАЛІ Я БУДУ АДЫХОДЗІЦЬ...”
    Лета далёкага ўжо 1971 года... Мы, брыгада студэнтаў з Мінска, ужо каторы дзень дабіраемся ў невялічкі калымскі пасёлак, дзе плянуем зарабіць грошай на будаўніцтве дызэльнай электрастанцыі. Трэція суткі чакаем перасадкі (на гэты раз апошняй) у Сеймчане... Будынак мясцовага аэрапорту, прыземісты і цеснаваты, зрублены з цяжкай смалістай лістоўніцы яшчэ ў XIX стагодзьдзі амэрыканскімі пушнымі прамыслоўцамі, бітком набіты самым розным людам. Пасярэдзіне дашчэнту засьмечанай залі, проста на падлозе разьмясьцілася маляўнічая купка якутаў-абарыгенаў: шыракатварыя, маршчыністыя старыя, чорнавалосыя жанчыны, многія з дзецьмі, якія спрытна сноўдаюць паміж абыякавымі дарослымі, маўклівыя, быццам бронзавыя статуі, мужчыны - галовы сямействаў. Многія, у тым ліку жанчыны і старэйшыя дзеці, дзелавіта дымяць люлькамі, і таму пад нізкай стольлю стаіць хмара шызага дыму, на якую ў зале ніхто не зьвяртае ўвагі.

    У кутку на лаўцы, пад чэзлым і недарэчным тут фікусам, паважна разваліўся няпэўнага ўзросту “біч” (так на поўначы называюць бяздомных бадзяг, расшыфроўваючы гэта слова як "былы інтэлігентны чалавек”) - уладальнік вялізнай рыжай барады і шырокіх валасатых грудзей з шыкоўнай татуіроўкай - узыходзячае сонца, чайкі і кароткае слова “север”, якое, трэба меркаваць, ёміста тлумачыць сутнасьць гэтага суровага “нагруднага” малюнка. Па суседзтву з “бічом”, не зьвяртаючы ўвагі на яго волатаўскі храп, што часам, здаецца, заглушае гул залі, азартна рэжуцца ў “ачко” страшныя на выгляд мужчыны з нейкага паўночнага прыіска, якія, на ўсім відаць, вяртаюцца з мацерыка пасьля адпачынку...
    Недзе пад стольлю хрыпіць-кашляе гучнагаварыцель, а потым мэлядычны, з характэрным якуцкім акцэнтам жаночы голас паведамляе, што аб’яўляецца пасадка на борт нумар.., які накіроўваецца на Чэрскі.
    Натоўп пачынае варушыцца, штосьці гартанна лапочуць якуткі, мітусяцца карцёжнікі - і хвілін праз дзесяць усеагульнай сумятні заля амаль пустая, калі не лічыць нас з сябрамі і рыжабародага “біча”, які прадаўжае храпці пад фікусам...
    А хутка мы, выйшаўшы да лётнага поля, бачым, як палярнага варыянта Ан-24 узьлятае у бляклае неба і, зрабіўшы круг над аэрадромам, бярэ курс на поўнач, туды, дзе ў якуцкай тундры, на беразе халоднай Калымы, яго пасажыраў чакае пасёлак з прыгожай і чамусьці, мне здаецца, загадкавай назвай - Чэрскі...
    Пазьней, ужо працуючы ў пасёлку на беразе Калымы, у выхадныя дні мы не раз узьбіраліся з хлопцамі на бліжэйшую да яго гару, што крута абрывалася ў ваду ля выгібу ракі. Краявід адтуль, з амаль кілямэтровай вышыні, быў ашаламляльна дзівосны, асабліва вечарам, перад самым захадам сонца. Далёкі горны хрыбет з засьнежанымі вяршынямі ў апошніх яго промнях пераліваўся, здавалася, усімі колерамі вясёлкі. Асабліва ўражвалі макаўкі гор, сьнег на якіх быў чамусьці пяшчотна фіялетавым.
    Мясцовыя жыхары сказалі нам: гэта — адгор’і хрыбта Чэрскага...
    І толькі праз шмат гадоў даведаўся я, што і горны хрыбет, і далёкі пасёлак на Калыме (і многа чаго яшчэ) названа ў гонар Івана Дзяменцьевіча (Яна Дамінікавіча) Чэрскага - майго земляка, які жыцьцём і дзеямі сваімі ў суровай Сыбіры ўславіў сваю радзіму - Беларусь...
                                                                           * * *
    Ён нарадзіўся 15 мая 1845 года ў фальварку Свольна (цяпер гэта вёска ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласьці) у сям’і небагатага беларускага шляхціца. Хрысьцілі хлопчыка пад імем Яна непадалёку ад Свольны, у Валынцах, у касьцёле сьвятога Георгія. Лёс яго быў трагічны і незвычайны. У 1863 годзе, калі на беларускай зямлі ўспыхнула паўстаньне супраць царскага прыгнёту, якое ўзначаліў Кастусь Каліноўскі, юнаку было ўсяго васемнаццаць. Хлопец без ваганьняў стаў у шэрагі паўстанцаў...

    Бунт супраць цара скончыўся паражэньнем інсургентаў і жорсткімі рэпрэсіямі. Іван Чэрскі, як і многія яго паплечнікі, быў “забрыты” ў салдаты. Малады шляхціц стаў радавым лінейнага батальёна ў далёкім Омску. Дарэчы, тут жа, у Омску, у такім жа батальёне, за дзесяць гадоў да высылкі туды мяцежнага беларуса, царскія сатрапы спрабавалі зламаць дух і волю другога бунтаўшчыка - Фёдара Дастаеўскага (карані будучага знакамітага расійскага пісьменьніка ў Беларусі: ёсьць на Брэстчыне, у Іванаўскім раёне, такая вёска - Дастоева).
    Салдатчына з яе безвыходнай і жорсткай муштрай можа ператварыць у тупую і пакорлівую чалавекападобную істоту нават вельмі валявога чалавека. Вытрымаць яе выпрабаваньні могуць толькі па-сапраўднаму моцныя асобы. Успомнім Тараса Шаўчэнку, таго ж Фёдара Дастаеўскага. З гэтай кагорты быў і Іван Чэрскі. Ссылка пазбавіла яго магчымасьці атрымаць (як гэта рабілі яго больш ляяльныя да рэжыму равесьнікі) вышэйшую адукацыю ў лепшых унівэрсытэтах імпэрыі — у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Кіеве. Але вышэйшую школу юнак замяніў самаадукацыяй. Свае “унівэрсытэты” ён праходзіў у бруднай, закінутай лазьні, пры агарку сьвечкі, дзе начамі праседжваў над анатамічнымі прэпаратамі.
    Хутка да вучоных Сыбіры дайшлі чуткі пра маладога ссыльнага, які славіцца багатымі ведамі. Увосень 1871 года кіраўніцтва Усходне-Сыбірскага аддзела Рускага геаграфічнага таварыства, разьмешчанага ў Іркуцку, дамаглося ад уладаў яго пераводу ў гэты нядаўна створаны навуковы цэнтар. Так дваццаці пяцігадовы Іван Чэрскі заняў у аддзеле пасады пісара, бібліятэкара і кансэрватара музэю...
    Саяны, Прыангар’е, Селенга, Ніжняя Тунгуска... Па гэтых мясьцінах у 70-80-ыя гады XIX стагодзьдзя праляглі пуцявіны навуковых экспэдыцый, у якіх удзельнічаў Чэрскі. Але сапраўдную славу яму прынесьлі працы па дасьледаваньні Байкала. За работы па геалёгіі ўзьбярэжжа “слаўнага мора” ён быў удастоены залатога мэдаля імя Фёдара Літке Рускага геаграфічнага таварыства. Байкальскія экспэдыцыі сталі сапраўды зорным часам Івана Чэрскага. Рускае геаграфічнае таварыства адзначыла яго дасьледаваньні і другім залатым мэдалём. А вясной 1885 года Імпэратарская Акадэмія навук выклікала Чэрскага ў Санкт-Пецярбург, каб даручыць яму правесьці геалягічныя дасьледаваньні уздоўж паштовага тракту ад Іркуцка да Урала. З посьпехам закончыўшы і гэты сур’ёзны навуковы пошук, Чэрскі, атрымаўшы нарэшце доўгачаканую амністыю, застаўся ў сталіцы для работы ў Рускім геаграфічным таварыстве. Здавалася, можна ўжо і, як кажуць, спачываць на ляўрах. Але ўсё сталася інакш...

    Убачыўшы ў вучоным велізарную энэргію і багаты навуковы патэнцыял, Акадэмія навук паставіла перад Чэрскім новую складаную задачу - правесьці дасьледаваньні ўзьбярэжжа суровага мора Лапцевых...
    Перад ад’ездам у экспэдыцыю ён, ужо сурьёзна хворы, летам 1890 года разам з сям’ёй наведаў родныя мясьціны, дзе не быў больш за чвэрць стагодзьдзя... Чэрскія гасьцілі ў сваякоў ў вёсцы Парузы паблізу Віцебска. Усе разам яны накіраваліся і ў апошнюю ў жыцьці Чэрскага навуковую экспэдыцыю: ён, жонка, Маўра Паўлаўна, і адзінаццацігадовы сын Аляксандр...

    14 чэрвеня 1891 года экспэдыцыйны караван выйшаў з Якуцка. Пераправіўшыся цераз Алдан, пераадолеўшы балоцістую даліну Хандыгі, пераваліўшы праз Верхаянскі хрыбет, падарожнікі дасягнулі расійскага “полюса холаду” - Аймякона. Потым былі Індзігірка, Нэра, Барулах і, нарэшце, Калыма. Пераадолеўшы каля 2000 кілямэтраў, 28 жніўня падарожнікі прыбылі ў Верхне-Калымск, дзе і засталіся на зімоўку...
    Як успаміналі сябры вучонага, Чэрскі быў надзвычай папулярны сярод туземцаў. Яны з павагай называлі яго “наш Іван Дзяменцьевіч”...
    Набліжалася вясна 1892 года. Цяжкая хвароба канчаткова падарвала сілы Івана Чэрскага. Ён адчуваў сябе ўсё горш Зразумеўшы, што канец блізка, 25 чэрвеня вучоны напісаў завяшчаньне. Нягледзячы на пратэсты сяброў, Чэрскі настаяў на тым, каб экспэдыцыя накіравалася ўніз па Калыме, да Паўночнага Ледавітага акіяна. 31 мая месьцічы выправілі яго ў дарогу, якая стала для вучонага апошняй...
    Ён памёр 7 ліпеня 1892 года на руках у жонкі, на борце баркаса, што плыў уніз па Калыме. Перад сьмерцю загадаў, нягледзячы ні на што, прадаўжаць шлях да акіяна. У сваім дзёньніку Чэрскі запісаў: “Я зрабіў распараджэньне, каб экспэдыцыя не спынялася, нават у тым выпадку, калі настануць мае апошнія хвіліны, і каб мяне цягнулі наперад і нават у той момант, калі я буду адыходзіць...”.
    Адчуваючы блізкі канец, Чэрскі прадыктаваў тэкст спэцыяльнага распараджэньня (прыводзіцца па кнізе В. А. Ярмоленкі “За даляглядам Айкумены”): “Экспэдыцыя Імпэратарскай Акадэміі навук для дасьледаваньня рэк Калымы, Індзігіркі і Яны ўжо поўнасьцю падрыхтавалася адплыць да Ніжне-Калымска, і неабходныя для гэтага выдаткі ўжо зроблены. Між тым, сур’ёзная хвароба, якая напаткала мяне перад ад’ездам, прымушае сумнявацца, што я дажыву нават да прызначанага часу адбыцьця. Паколькі экспэдыцыя, апрача геалягічных заданьняў, мае яшчэ заалягічныя і батанічныя, якімі загадвае мая жонка, Маўра Паўлаўна Чэрская, то, каб пазьбегнуць поўнай марнасьці выдаткаваных ужо на лета 1892 года сродкаў, я раблю наступную пастанову, якая, у імя карысьці для навукі і задач экспэдыцыі, павінна быць прынятая да ўвагі і мясцовымі ўладамі:
    У выпадку маёй сьмерці, дзе б яна мяне ні засьпела, экспэдыцыя пад кіраўніцтвам жонкі маёй, Маўры Паўлаўны Чэрскай, мусіць усё-такі гэтым летам даплыць да Ніжне-Калымска, маючы на ўвазе, галоўным чынам, заалягічныя і батанічныя мэты, а таксама тыя з геалягічных пытаньняў, якія даступны маёй жонцы. Інакш, г. зн. калі экспэдыцыя 1892 года не адбудзецца ў выпадку маёй сьмерці, Акадэмія панясе буйныя грашовыя выдаткі і страты ў навуковых выніках, а на мяне, дакладней на маё імя, дагэтуль яшчэ нічым не заплямленае, кладзецца ўвесь цяжар няўдачы. Толькі пасьля вяртаньня экспэдыцыі назад у Сярэдне-Калымск яна мусіць лічыцца завершанай. Толькі тады павінна адбыцца здача экспэдыцыйнай сумы (г. зн. яе рэштак) і экспэдыцыйнай маёмасьці.
    Пасьля ўсяго сказанага вышэй хацеў бы спадзявацца, што мясцовыя ўлады за ўвесь час дзеяньня экспэдыцыі будуць спрыяць яе мэтам гэтаксама, як гэта рабілася імі і пры маім жыцьці.
    Верхне-Калымск Начальнік экспэдыцыі І. Д. Чэрскі Мая дваццаць пятага дня 1892”.
    Удава Яна Чэрскага пахавала мужа на левым беразе Калымы, насупраць вусьця ракі Амалон. Удалечыні ад роднай Беларусі набыў свой апошні прытулак нястомны падарожнік...


    Памяць аб нашым знакамітым земляку ўвекавечана на карце Сыбіры. Акрамя хрыбта Чэрскага (а гэта агромністая горная краіна ў Якуціі і Магаданскай вобласьці, па плошчы большая за Каўказ), ёсьць хрыбет Чэрскага ў Забайкальлі, гара Чэрскага паблізу Байкала, вулькан Чэрскага ў Саянах, там жа — даліна, гара і ледавік Чэрскага.
    Ніжне-Калымск, дзе была завершана экспэдыцыя, пачатая Іванам Чэрскім, з цягам часу атрымаў назву пасёлак Чэрскі.

                                                                                  * * *
    Пасьля некалькіх калымскіх тыдняў мы вярталіся дамоў. Наш самалёт, прабегшы па жорсткім грунце ўзьлётнай паласы невялічкага аэрадрома, адарваўся ад зямлі, набраў вышыню. Унізе заблішчала халоднай сінечай Калыма, справа фіялетава зазіхацелі сьнягі адгор’яў хрыбта Чэрскага. Наперадзе былі Сеймчан, Магадан, Якуцк, Масква, Мінск. Наперадзе была сустрэча з Іванам Чэрскім...

    Літаратура:
    Алдан-Семенов А. Н. Черский. М., 1962.
    Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 17. Мн., 2003.
    Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968.
    Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцкл. даведнік. Мн. 1995.
    Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. II. Мн., 1996.
    Ярмоленка В.А. За даляглядам Айкумены: Іван Чэрскі. Мн, 1995.
    Сьвятаслаў Асіноўскі
    /Архівы і справаводства (Архивы и делопроизводство). № 2. Мінск. 2009. С. 146-154./

                                                                     ДАВЕДКА
    Святаслаў Маркавіч Асіноўскі - нар. у 1951 г. у в. Смаляны Аршанскі раёну Віцебскай вобласьці БССР - СССР.
    “Доўгі час служыў у войску. Болей як дзесяць гадоў жыцьця аддаў газэце Чырванасьцяжнай Беларускай ваеннай акругі “Во славу Родины”. Фактычна там і захапіўся гісторыяй, краязнаўствам. На працягу некалькіх гадоў вёў у газэце рубрыку “Белая Русь: архівы часу”. Роднай старонцы прысьвяціў кнігу “Орша: залатыя стрэлы на блакітным полі”. Своеасаблівы ілюстраваны храналягічны даведнік стаў падзеяй не толькі для аршанцаў, але і ўвогуле для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі. Святаслаў Асіноўскі — аўтар кніг “Там, дзе была Неўрыда”, “Поле памяці: падзеі і постаці беларускай мінуўшчыны”, многіх публікацый у пэрыядычным друку”. /Карлюкевіч А.  Знiчкi Айчыны: Орша // Голас Радзімы. Мінск. 3 лютага 2011./ Галоўны рэдактар часопіса “Архівы і справаводства”.
    Ёюліня Тапалёвая,
    Койданава