суббота, 21 мая 2016 г.

Гамароя Паплаўчанка. Якуцкія касцы на Спораўскіх Сенакосах. Койданава. "Кальвіна". 2016.

                                                                25 жніўня 2014
                                                              Брестский курьер

                                            КАСА  ПАД  УВАГАЙ  АБ’ЕКТЫВУ

    Ёсьць некалькі рэгіянальных фэстываляў, пра якія ў журналісцкім асяродзьдзі не толькі ведаюць, але і абмяркоўваюць. Ну кшталту: “Паедзеш? Была? Ну як там сёлета?”. Фэстываль “Спораўскія сенакосы” хутка даганяе па пазнавальнасьці брэнд “Мотальскія прысмакі”, а ўлічваючы, што там нашмат менш, як цяпер кажуць, трэшу, то будучыню “балотнаму фэстывалю” трэба маляваць самую сьветлую.
    Нягледзячы на ранейшую настойлівую рэкляму з першых вуснаў, я ўпершыню накіравалася на “Спораўскія сенакосы” толькі сёлета. Усякія сумненьні, ехаць ці не, адпалі пасьля абвесткі, што на фэстывалі будуць выступаць гурты KRIWI і “Палац” – ну дзе яшчэ па сёньняшніх часах іх можна пабачыць? Такім чынам, раніцай 23 жніўня я апранула гумовыя чобаты і рушыла ў вёску Высокае Бярозаўскага раёна.
                                                                           Сенакос
    Гвозд праграмы, які сабраў найбольш народу, у тым ліку мясцовага. Тут было два тыпы спаборніцтваў – спачатку каманднае (па два чалавекі), пасьля асабісты залік сярод лепшых касцоў. У сувязі з тым, што “Спораўскія сенакосы” сёлета былі аб’яўленыя заадно і чэмпіянатам Эўропы па кашэньні нізінных балот, то сярод большасьці беларускіх каманд знайшлося і пару замежных: адна з Польшчы і адна з Якуціі. Слабае прадстаўніцтва замежных краін дырэктар заказьніка Вадзім Пратасевіч патлумачыў тым, што патэнцыяльныя ўдзельнікі проста не пасьпелі вырабіць беларускія візы. Украінская каманда не прыехала без тлумачэньня прычын.



    Пераможцы ў конкурсе па кашэньні атрымалі такія прыстойныя прызы – трымэры, бэнзапілы, дрэлі і таму падобнае, што я, каб умела касіць, то абавязкова спакусілася б на ўдзел. І не думайце, што не жаночая гэта справа. Сярод 30 каманд касяроў была адна і жаночая.
    Спаборніцтва па сенакашэньні было прыдумана кіраўніцтвам заказьніка “Спораўскі”, канешне, не для таго, каб нарыхтаваць сена на зіму. Фэстываль мае на мэце прыцягненьня 1) турыстаў і 2) грамадзкай увагі да праблемы захаваньня балот. У прыватнасьці, пасьля мэліярацыі Спораўскія балоты пачалі зарастаць хмызьняком, нагадваць пералескі, і гэта, па словах Вадзіма Пратасевіча, вялікая праблема. Ручное сенакашэньне раз на год яе не вырашае, таму на грантавыя грошы заказьнік прыдбаў камбайн-балатаход, які, упрыгожаны транспаратам “Спораўскія сенакосы”, стаяў ля “футбольнага” поля.
    Гамароя  Паплаўчанка,
    Койданава