воскресенье, 29 мая 2016 г.

Трыбыніяла Гурман. Супрацоўнік ЧК Рыгорка Сыраежкін. Койданава. "Кальвіна". 2016.


    Рыгор Сяргеевіч Сыраежкін нар. 25 студзеня 1900 г. ў с. Воўкава Балашоўскага вуезда Саратаўскай губэрні Расійскай імпэрыі.
    У 1905 г. разам з сям’ёй пераехаў у губэрнскае места Тыфліс Расійскай імпэрыі, дзе ягоны бацька ўладкаваўся на працу каптэнармусам у мясцовым гарнізоне. У 1915 г. Рыгор добраахвотна пайшоў на службу ў царскае войска, аднак неўзабаве як непаўналетні быў адпраўлены дахаты. Спрабаваў зрабіцца цыркачом, вучыўся ў Івана Паддубнага ды Івана Заікіна, аднак пасьля траўмы быў змушаны адмовіцца ад сваіх плянаў. Да Кастрычніцкага перавароту працаваў пісьмаводам у кіраваньні Закаўказскай чыгункі.
    У 1918 г. Сыраежкін добраахвотна пайшоў на службу ў Рабоча-сялянскае Чырвонае Войска. Браў удзел у Грамадзянскай вайне ў складзе 6-й дывізіі на Паўднёвым фронце, затым зрабіўся камэндантам рэвалюцыйнага трыбунала 9-й арміі. У 1919 г. ўступіў у партыю бальшавікоў. Увесну 1920 г. Рыгор быў накіраваны на працу ў Новачаркаскую ЧК, а пазьней - у рэвалюцыйны трыбунал Каўказскага фронту. У жніўні 1921 г. ён зрабіўся сьледчым Рэвалюцыйнага трыбуналу Рэспублікі Саветаў ў Маскве. У гэтай якасьці ён прымаў актыўны ўдзел у задушэньні сялянскага паўстаньня ў Тамбоўскай губэрні і “хэўры” Папова ў Балашоўскім вуезьдзе Саратаўскай губэрні.
    А верасьня 1921 г. Сыраежкін служыў у Асобым аддзеле УЧК, які ў 1922 г. быў ператвораны ў аддзел контрвыведкі ДПУ. Адыгрываў важную ролю ў распрацоўцы і ажыцьцяўленьні шэрагу адмысловых апэрацый. Найболей вядомая сярод іх - апэрацыя “Сындыкат – 2”, у выніку якой была ліквідавана падпольная антысавецкая арганізацыя “Зьвяз абароны Радзімы і Волі” ды захоплены яе лідэр, вядомы тэрарыст Барыс Савінкаў.
    Ад намесьніка старшыні АДПУ Вячаслава Мянжынскага і начальніка КРА Артура Артузава Сыраежкін атрымаў заданьне, пад прозьвішчам Серабракова перасекчы польскую мяжу, выйсьці на кантакт з польскай выведкай і ад імя прыдуманай чэкістамі арганізацыі “Лібэральныя дэмакраты” перадаць ёй шэраг дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць наяўнасьць у Савецкай Расіі ўплывовай групы змоўшчыкаў, гатовых пры замежнай дапамозе зрынуць савецкую ўладу.
    Сыраежкін шчасна дабраўся да Вільні, дзе сустрэўся з капітанам польскай выведкі Сэкундай, які выказаў задавальненьне атрыманай інфармацыяй. Пасьля вяртаньня ў Маскву, Сыраежкін ізноў накіроўваецца з заданьнем за кардон. Гэтым разам ён дастаўляе у Вільню два пакета. У адным з іх знаходзіўся ліст палкоўніка Павлоўскага Барысу Савінкаву з прапановай наведаць Савецкую Расію, каб асабіста ўзначаліць антысавецкую апазыцыю. Павловский жа, пасланы ім нелегальна ў Маскву для інспэкцыі “Лібэральных дэмакратаў” быў арыштаваны чэкістамі і пісаў ліст Савінкаву пад іхнюю дыктоўку, знаходзячыся ў турме на Лубянцы.
    Аднак у Вільню Сыраежкіна сустрэў не капітан Сэкунда, а іншы афіцэр польскай дэфэнзывы - капітан Майер, які таксама ўзрадаваўся атрыманымі дакумэнтамі.
    Сыраежкін асабіста ўдзельнічаў у допытах Савінкава, а калі той выкінуўся з акна, спрабаваў злавіць яго за нагу, аднак з-за пашкоджаньня рукі не здолеў утрымаць яго. За заслугі ў гэтай апэрацыі Сыроежкін у ліку найболей актыўных удзельнікаў апэрацыі быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сьцяга РСФСР.
    У далейшым Сыраежкін удзельнічаў шэрагу адмысловых апэрацый ды неаднаразова пад чужым імем уваходзіў у варожыя ў адносінах да Савецкага ўрада колы. У прыватнасьці, у 1924 г ён кіраваў апэрацыяй па ліквідацыі “банды” Данілы Іванова, якая перайшла на тэрыторыю БССР у раёне Стоўпцаў. У верасьні 1925 г. Сыраежкін прыняў удзел у захопе ангельскага выведніка Сіднея Рэйлі.
    У 1928 г. кіраўніцтвам АДПУ СССР было прынятае рашэньне камандзіраваць Сыраежкіна ў Якуцкую АССР дзеля аказаньня дапамогі якуцкім чэкістам у ліквідацыі паўстанцкага руху на Поўначы, дзе японскія агенты з ліку былых белагвардзейцаў рыхтавалі ўзброенае паўстаньне з мэтай стварэньня марыянэткавага ўрада і “аддзяленьні Якуціі ад СССР”. Таксама ў той час у паўночных раёнах рыхтаваўся контррэвалюцыйны мяцеж пад кіраўніцтвам амэрыканскага рэзыдэнта Шміта, які павінен быў умацавацца там, а затым з дапамогай амэрыканцаў арганізаваць далейшае пасоўваньне ў глыб ЯАССР.
    Узначальваючы Паўночную зборную аператыўную групу войскаў АДПУ Сыраежкін з байцамі за дваццаць пяць дзён пабываў у Моме, Абые, Алаіхе, Казачым, Сяредне-Колымску. Па шляху перасьледу Шміта чэкісты падвергліся нападу з боку “бандытаў”, але сумелі адважна ўцячы ад праціўніка. У сакавіку 1928 г. Шміт і яго памагатыя былі арыштаваны чэкістамі. Задума амэрыканцаў і іх рэзыдэнта была сарваная. Рыгор Сяргеевіч Сыраежкін пасьля двух гадоў напружанай працы змог вярнуцца ў Маскву.
    Затым за ліквідацыю ў 1932 г. падпольнай арганізацыі нацыяналістаў “Саюз вызваленьня Беларусі” Сыраежкін быў узнагароджаны залатым гадзіньнікам.
    Займаўся таксама Сыраежкін ліквідацыяй дывэрсійных і выведвальных груп, створаных спэцслужбамі Нямеччыны. У Фінляндыі падтрымліваў сувязь з былым кіраўніком Кранштацкага паўстаньня Сьцяпанам Петрычэнка, ад якога даведаўся пра вялікае ваеннае будаўніцтва на мяжы СССР і Фінляндыі. Падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі Сыраежкін быў старшым ваенным дараднікам 14-го корпусу войска рэспубліканцаў, кіраваў выведкай і дывэрсіямі ў тыле франкістаў. У канцы 1938 г. ён быў адкліканы ў Маскву.
    8 лютага 1939 г. Сыраежкін быў арыштаваны органамі НКУС СССР па абвінавачваньні ў шпіянажы на карысьць Польшчы і контррэвалюцыйнай дзейнасьці. 26 лютага 1939 г. Ваенная калегія Вярхоўнага Суда СССР прызнала яго вінаватым і прысудзіла да вышэйшай меры пакараньня - расстрэлу. Прысуд быў прыведзены ў выкананьне ў той жа дзень.
    Рашэньнем Ваеннай калегіі Вярхоўнага Суда СССР у 1958 г. Рыгор Сыраежкін быў пасьмяротна рэабілітаваны.
     Літаратура
    Инна Столярова.  Из истории Лубянки. // Якутия. Якутск. 18 января 2008.
    Трыбыніяла Гурман,
    Койданава