вторник, 7 июня 2016 г.

Ягася Прыблуда. Акадэмік Іпацьеў. Койданава. "Кальвіна". 2016.

                                                       ШКОЛА АКАДЭМIКА IПАЦЬЕВА
    Заснаваны ў 1930 годзе ў Гомелі Інстытут лесу Нацыянальнай акадэміі навук зьяўляецца сёньня сусьветным лідэрам па вывучэньню чарнобыльскіх праблем у лясной галіне. Знаходзячыся за 120 кілямэтраў ад атамнага рэактара, які ўзарваўся на ЧАЭС, яго калектыў з першых дзён пасьля гэтай буйнейшай тэхнагеннай катастрофы праводзіць буйнамаштабныя дасьледаваньні па маніторынгу, прагнозах і прымаемых мерах процістаяньня “мірнаму” атаму, які вырваўся з-пад кантролю чалавека. На базе інстытута пастаянна праходзяць міжнародныя навукова-практычныя канфэрэнцыі «Лес. Чалавек. Чарнобыль», арганізатарам якіх выступае Парлямэнцкі Сход Саюза Беларусі і Расіі. У гэтым годзе ў падобным мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі міністэрстваў, ведамстваў і навуковых устаноў Расіі, Беларусі, Украіны, Латвіі, Славакіі. У гомельскім інстытуце створана школа акадэміка НАН Беларусі і Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук Віктара Іпацьева, з якім гутарыць карэспандэнт “СВ”.
    — Вашы карані — у Расіі, а вось амаль усё жыцьцё праходзіць у Беларусі. Як так атрымалася, Віктар Аляксандравіч?
    — Вось ужо не чакаў такога пытаньня. Атрымалася проста. Мой бацька, Аляксандр Мікалаевіч, дарэчы, пляменьнік вядомых савецкіх вучоных-акадэмікаў Мікалая Іванавіча і Сяргея Іванавіча Вавілавых, быў прафэсарам і ў свой час узначальваў у Омску сельскагаспадарчы інстытут. У гэтым горадзе я нарадзіўся. Потым сям’я пераехала спачатку ў Мічурынск, а затым у Горкі Магілёўскай вобласьці, дзе бацька кіраваў катэдрай плодаагародніцтва ў сельгасакадэміі. Года паўтара правучыўшыся там на гідрамэліярацыйным факультэце, я прадоўжыў вучобу ў Мінску ў тэхналягічным, пазьней лесатэхнічным, інстытуце, дзе закончыў асьпірантуру і абараніў кандыдацкую, а затым і доктарскую дысэртацыі. Там жа на розных пасадах прапрацаваў каля дваццаці гадоў. За гэты час пабываў у экспэдыцыях у Сыбіры, Якуціі, Цюмені, на Крайняй Поўначы і г.д.
    — Напэўна, ужо тады вы зарэкамэндавалі сябе вядомым вучоным у лясной галіне Савецкага Саюза. Інакш вас не запрасілі б узначаліць лябараторыю ў Сьвярдлоўскім інстытуце лесу...
    — Не бяруся сьцьвярджаць аб сваёй вядомасьці. Мяне сапраўды запрасілі працаваць у гэты буйнейшы інстытут. Але толькі прыехаў адтуль у Мінск, як патэлефанаваў старшыня Дзяржаўнага камітэта лясной гаспадаркі СССР акадэмік Аляксандр Сяргеевіч Ісаеў, які прапанаваў стаць дырэктарам інстытута лесу ў Гомелі. Было гэта ў 1988 годзе.
    — Гомель — гэта ж не Сьвярдлоўск. Ды да таго ж і радыяцыя ў вобласьці лютавала. Відаць, думкі розныя адольвалі — ці варта згаджацца?
    — Не хаваю, давялося падумаць, узважыць усе “за” і “супраць”. Перамагло жаданьне разьвіць сваю навуковую работу, прасторы для якой у НДІ куды больш, чым у ВНУ. Забягаючы наперад, скажу, што праз некалькі гадоў запрашалі ўзначаліць інстытут у Ленінградзе. Адмовіўся.
    — Дзеля навукі, дзеля праблем Чарнобыля? Кажуць, да вашага прыходу ў інстытут гэтым напрамкам займалася невялікая група дасьледчыкаў, вы ж падключылі ўвесь калектыў, узяўшы чарнобыльскую тэматыку пад сваё “крыло”. Ці не так?
     — Так. Справа ж новая, недасьледаваная, у нашай галіне актуальнейшая. Мяне падтрымалі ў Маскве і Мінску, выдзеліўшы для гэтага пэўныя фінансавыя сродкі.
    Чарнобыльская катастрофа беспрэцэдэнтная па сваiх маштабах. Радыеактыўнае забруджваньне не толькі ахапіла вялізныя тэрыторыі, але і аказала негатыўнае ўзьдзеяньне практычна на ўсе сфэры грамадзкага жыцьця, многія галіны навукі і вытворчасьці. Як вядома, найбольш моцна нэгатыў гэтай катастрофы праявіўся ў Беларусі, на тэрыторыю якой выпала каля 70 працэнтаў трапіўшых у атмасфэру радыеактыўных рэчываў. У першыя гады лічылася, што больш за ўсё радыенуклідаў выпала на палі, на сельскагаспадарчыя землі. Я першым сярод вучоных і практыкаў прадказаў, што гэта не так, што больш за ўсё імі забруджаны лясы. З гэтым ніхто ў той час не пагаджаўся. На падставе атрыманых даных (экспэрымэнтальны матэрыял накопліваўся і аналізаваўся інстытутам практычна з усёй тэрыторыі Беларусі, дзе кожны чацьвёрты гектар лесу быў пакрыты чарнобыльскім попелам — гэта каля двух мільёнаў гектараў) нам прыйшлося ўступіць у дыскусіі з вучонымі з сусьветным імем і даказваць, што лес у тыя красавіцкія дні 1986 года абараніў чалавека ад ядзернага выкіду Чарнобыля, стаўшы дзейснай перашкодай на шляху распаўсюджваньня радыеактыўных рэчываў па ўсім зямным шары.
    Дастаткова сказаць, што чатыры мільёны гектараў лесу Беларусі, Расіі, Украіны ўвабралі ў сябе 80 працэнтаў чарнобыльскіх выкідаў. Сёньня яны ператварыліся ва ўстойлівую крыніцу радыеактыўнага апраменьваньня насельніцтва. Гэта паказваюць нашы шматгадовыя фундамэнтальныя і экспэрымэнтальныя дасьледаваньні, аналягаў якім сусьветная лесаводчая навука і практыка не мае, як не мае яна і навуковага абгрунтаваньня i арганізацыі сыстэмы вядзеньня лясной гаспадаркі на землях, забруджаных радыеактыўнымі рэчывамі.
    У 1994 годзе мы выдалі кнігу “Лес і Чарнобыль”, а яшчэ праз пяць гадоў — “Лес. Чалавек. Чарнобыль”. Гэтыя манаграфіі інстытута выклікалі вялікую цікавасьць не толькі ў Расіі і ва Ўкраіне, але і ў Польшчы, Германіі, Англіі і іншых краінах, бо ў іх дадзены адказы на многія пытаньні ўзаемнага аздараўленьня і аховы чалавека і лесу пасьля магутнейшага ядзернага прэса.
    — Апошнім часам вучоныя пачалі гаварыць пра так званую біялягічную перагародку Іпацьева. Хацелася б, каб вы расказалі пра гэта больш падрабязна.
    — Плошча радыеактыўна забруджаных лясоў у Беларусі, як ні ў адной краіне сьвету, вельмі вялікая. І абсалютная большасьць радыенуклідаў (больш як 90 працэнтаў) у цяперашні час знаходзіцца ў самых верхніх глебавых гарызонтах, якія зьяўляюцца пастаянна дзеючым фактарам зьнешняга і ўнутранага апраменьваньня ўсяго жывога. Акрамя таго, лясная кампанэнта дае больш чым пяцьдзесят працэнтаў дозанакапленьня радыенуклідаў.
    Лес, такім чынам, затрымлівае, акумулюе і пераразьмяркоўвае радыенукліды па сваіх кампанэнтах. Але ён не здольны, як і любыя іншыя прыродныя сыстэмы, нэйтралізаваць паглынутую ім радыеактыўнасьць. І вось гэту здольнасьць лесу пераразьмяркоўваць радыенукліды па сваіх кампанэнтах мы выкарысталі пры тэарэтычным абгрунтаваньні і ў практычных экспэрымэнтах для пабудовы спэцыяльнага глебава-расьліннага антынукліднага бар’еру, умоўна названага намі біялягічнай перагародкай.
    — Наколькі я разумею, размова ідзе пра аздараўленьне глебы пад лесам ад радыеактыўнага забруджваньня. Але ж такога ў сусьветным лесаводзтве і радыеэкалёгіі не было.
    — Правільна, не было. Але гэта неабходна рабіць. Бо ў сыстэме “глеба — расьліна — прадукты расьлінаводзтва і жывёлагадоўлі” пачатковым зьвяном рэгуляваньня міграцыі радыенуклідаў зьяўляецца менавіта глеба. Ад яе ўласьцівасьцяў у значнай меры залежыць велічыня дозавай нагрузкі на чалавека, які ўжывае ў ежу лясную і сельскагаспадарчую прадукцыю. Так, на землях сельскагаспадарчага прызначэньня прымяняюцца дастаткова адпрацаваныя агратэхнічныя і хімічныя прыёмы па зьніжэньню да дапушчальных межаў накапленьня радыенуклідаў у вырошчваемых расьлінах, але сама глеба пры гэтым, паўтараю, застаецца абсалютна не абароненай ад радыеактыўнасьці. Яе нельга нэйтралізаваць, а магчыма толькі часткова блякіраваць, стварыўшы для гэтай мэты слабапраходную або непраходную для радыенуклідаў спэцыяльную перагародку (як гэта робіцца для засьцярогі ад радыяцыі пэрсаналу АЭС, на караблях з ядзернымі рэактарамі і іншых інжынэрных збудаваньнях).
    Для пабудовы такой біялягічнай перагародкі патрэбна сфарміраваць на паверхні лясных глебаў спэцыяльны расьлінны слой з больш нізкай колькасьцю радыенуклідаў за кошт расьліннага ляснога ападу, які штогод ператвараецца ў тоны арганікі, што забясьпечвае нагрузку дозавага пласта. Акрамя таго, мы ўстанавілі, што пэрспэктыўным мэтадам ачышчэньня лясных экасыстэм зьяўляецца прымяненьне на радыеактыўна забруджаных глебах адходаў гідролізнай перапрацоўкі драўніны і торфу — лігніну, асабліва пры спалучэньні яго з невялікай дозай калійных угнаеньняў.
    Фінансавыя затраты на адзін гектар лесу іх прымяненьня нязначныя — 5-10 даляраў, а выгады відавочныя: паступленьне асноўнага дозаўтваральнага радыенукліда пры гэтым блякіруецца не толькі ў дрэўныя расьліны і глебу, але і ў такія дары лесу, як грыбы і іншыя лясныя прадукты харчаваньня.
    Прапануемы намі новы падыход да вырашэньня праблемы паскарэньня рэабілітацыі лясных зямель Беларусі (дарэчы, абаронены шэрагам патэнтаў) і зьніжэньня накапленьня доз апраменьваньня насельніцтвам адкрывае магчымасьці яго прымяненьня не толькі ў пацярпеўшых рэгіёнах Расіі і Украіны, але і ў зонах дзеючых і будуемых атамных станцый.
    — Гістарычна шчыльна зьвязана лясная справа Беларусі і Расіі. І нельга не сказаць тут пра беларуска-расійскія сувязі.
    — У Гомельскай і суседняй з ёй Бранскай вобласьці Расі аднолькавыя чарнобыльскія праблемы. Мы стараемся вырашаць іх разам. Напрыклад, расіяне (і не толькі бранцы) вельмі зацікавіліся вырошчваньнем на плянтацыях грыбоў і ягад, якія выводзяць радыенукліды. Праяўлена цікавасьць і да мэтадаў блякіраваньня паступленьня радыенуклідаў у расьліны, да распрацаваных намі ў садружнасьці з Беларускім дзяржаўным унівэрсытэтам саставаў для тушэньня лясных пажараў і іншых распрацовак, якія знаходзяць практычнае прымяненьне. Мы ніколі не адмаўлялі ім у дапамозе па любому пытаньню. Тое ж самае адбываецца і з іх боку. У Бранска ёсьць цікавыя мэтады радыеэкалягічных назіраньняў, якія мы выкарыстоўваем. Зацікаўлена аднесьліся мы і да працы прафэсара з Пушкіна Маскоўскай вобласьці Барыса Іванавіча Агароднікава, які, насуперак заходнім вучоным, прывёў вельмі пераканаўчыя даныя аб пераносе на вялікія адлегласьці радыенуклідаў у выніку лясных пажараў на забруджаных тэрыторыях.
    У цяперашні час разам з Бранскам займаемся пытаньнямі захаваньня дубраў, мэтадамі догляду за яловымі лясамі, якія пачалі засыхаць.
    Бываюць, праўда, і праблемы, якія ствараюць не вучоныя, а чыноўнікі. Мы распрацавалі вогнеахоўны і вогнетушыльны хімічныя саставы — мэтафасіл i тафасіл. Першы прызначаны для пракладкі прафіляктычных проціпажарных доўга дзеючых абмежавальных палос і ліквідацыі лясных пажараў, другі — для лякалізацыі і тушэньня тарфяных пажараў. Саставы гэтыя высокаэфэктыўныя я па спалучэньню цаны і якасьці не маюць роўных. Уласьцівасьцямі мэтафасілу, напрыклад, захапляліся нават амэрыканцы, таму што атмасфэраўстойлівасьць яго — 40-45 сутак, а іх саставу — у некалькі разоў меншая.
    Дык вось, гэтыя прэпараты мы дэманстравалі ў Расіі некалькі разоў на конкурснай аснове з англійскімі і нямецкімі. І хаця нашы пераўзышлі замежныя і па цане, і па якасьці, расійскія чыноўнікі, на жаль, чамусьці лічаць за лепшае набываць саставы замежных фірмаў.
    Гутарыў Уладзімер Пернікаў.
    /Звязда. Мінск. 2 сьнежня 2004./

                                                                        ДАВЕДКА
    Віктар Аляксандравіч Іпацьеў - нар. 30 сакавіка 1942 г. у абласным горадзе Омск РСФСР (СССР).
    Скончыў Беларускі тэхналягічны інстытут (1965). У 1966-1989 гг. інжынэр-глебазнавец, асыстэнт, дацэнт, дэкан, загадчык катэдрай Беларускага тэхналягічнага інстытута. З 1989 г. дырэктар Беларускага НДІ лясной гаспадаркі, у 1992-2006 гг. дырэктар Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 1997-2001 гг. чалец Прэзыдыюма Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У пэрыяд са сьнежня 2000 г. па сакавік 2001 г. выконваў абавязкі Прэзыдэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 1997-2000 гг. чалец Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Парлямэнцкага Саюзу Беларусі і Расіі.
    Памёр 9 чэрвеня 2009 г.
    Ягася  Прыблуда,
    Койданава