воскресенье, 12 июня 2016 г.

Дракуля Балатан. Выдаўцы слоўніка якуцкай мовы Эдуарда Пякарскага. Койданава. "Кальвіна". 2016.

    Папрацаваўшы ў Якуцку, болей рэалістычна можна было б паказаць стаўленьне якутаў да Пякарскага. Тут не ўсё на паверхні, шмат хаваецца і ў глыбіні. Адчуць гэта здалёк немагчыма. Сам я доўгі час не мог зразумець, чаму ў Якуціі ставяцца да Пякарскага так неадэкватна яго заслугам перад якуцкай культурай. Да гэтага часу ў гонар Пякарскага названа толькі ўскраінная вуліца ў Якуцку ды школа ў далёкім раёне, дзе Пякарскі жыў на выгнаньні. «Слоўнік» яго перавыдадзены толькі аднойчы, дый тое... у Вэнгрыі — кажуць, з дапамогай вядомага М. Ракашы, што меў жонку-якутку. А галоўнае, не раз і не два даводзілася чуць намёкі, што хоць Пякарскі і вялікі вучоны — склаў слоўнік, але перад якутамі ёсьць за ім і правінка, прычым немалая.
    /Ласкоў І.  Зямляк, а можа, аднапляменнік? // Полымя. № 12. Мінск. 1989. С. 200./
    Эдуард Карлавіч Пякарскі - нар. 13 (25) кастрычніка 1858 г. на мызе Пятровічы Ігуменскага павету Менскай губэрні Расійскай імпэрыі. Навучаўся ў Мазырскай гімназіі, у 1874 г. пераехаў вучыцца ў Таганрог, дзе далучыўся да рэвалюцыйнага руху. У 1877 г. паступіў у Харкаўскі вэтэрынарны інстытут, які не скончыў. 12 студзеня 1881 г. Маскоўскі ваенна-акруговы суд прысудзіў Пякарскага да пятнаццаці гадоў цяжкіх працаў. Па распараджэньні Маскоўскага губэрнатара “прымаючы да ўвагі маладосьць, легкадумнасьць і хваравіты стан” Пякарскага, катаргу замянілі выгнаньнем на селішча “у аддаленыя месцы Сыбіры з пазбаўленьнем усіх правоў і стану”. 2 лістапада 1881 г. Пякарскі быў дастаўлены ў Якуцк і быў паселены ў 1-м Ігідзейскім наслезе Батурускага ўлусу Якуцкай акругі Якуцкай вобласьці, дзе пражыў каля 20 гадоў. На выгнаньні пачаў займацца вывучэньнем якуцкай мовы ды склаў фундамэнтальны слоўнік якуцкай мовы. Памёр 29 чэрвеня 1934 г. у Ленінградзе.
    Кэскілена Байтунова-Ігідэй,
    Койданава.

    Мацяш Розэнфэльд [Мацьяш Ракашы (Ракачы)] – нар. 9 сакавіка 1892 г. у м. Ада Каралеўства Сэрбія, у габрэйскай сям’і.
    У гады Першай усясьветнай вайны ваяваў за Аўстра-Вугоршчыну на Ўсходнім фронце з Расейскай імпэрыяй, дзе трапіў у палон і ўступіў ва Вугорскую камуністычную партыю.
    Ва Вугорскай савецкай рэспубліцы ўваходзіў ва ўрад габрэя Белы Куна. Пасьля задушэньня рэспублікі эмігрыраваў у Аўстрыю, дзе быў арыштаваны і праз дзевяць месяцаў высланы з краіны. У 1920-1924 гг. працаваў у выканкаме Камінтэрна. У сьнежні 1924 г. вярнуўся ва Вугоршчыну, дзе ў верасьні 1925 г. быў арыштаваны і прыгавораны да 8 з паловай гадоў зьняволеньня. У 1934 г. пасьля адбыцьця тэрміну зьняволеньня быў, за злачынствы зьдзейсьненыя у пэрыяд Вугорскай савецкай рэспублікі, прыгавораны ў 1935 г. да пажыцьцёвага зьняволеньня ў катаржнай турме. У кастрычніку 1940 г. урад Савецкага Саюза абмяняў Ракашы на трафэйныя сьцягі, захопленыя Расійскай імпэрыяй падчас задушэньня вэнгерскай рэвалюцыі 1848-1849 гг. У 1940-1945 гг. у Маскве кіраваў замежным бюро ЦК КПВ.
    У 1943 г. Мацяш Ракашы пабраўся шлюбам з Хвядорай Хведараўнай Карнілавай, якая нар. у 1903 (4) г. у Кылахскім наслезе Алёкмінскага улуса Якуцкай вобласьці, у сям’і Хведара і Аляксандры Карнілавых. У 1918 г. Хвядора пераехала ў Якуцк, дзе яе бацька служыў намесьнікам натарыюса. У Якуцку яна актыўна займалася ў розных асьветніцкіх гуртках і сэмінарах, а і потым зьехала на вучобу ў Маскву, дзе зрабілася актыўным функцыянэрам Камуністычнага інтэрнацыяналу моладзі і супрацоўніцай выканкаму Камінтэрна. Працавала ў Пракуратуры ды Вярхоўным Судзе РСФСР. Пасьля шлюбу з партыйным лідэрам Андрэем Пахомовым у яе нарадзіўся сын, якога назвалі ў гонар кітайскага камуніста - Лі (у будучыні ён зрабіўся прарэктарам Інстытута народнай гаспадаркі імя Пляханава ў Маскве). Але неўзабаве яны разьбегліся, ба не сышліся характарамі. З Мацяшам Ракашы яна знаёміцца ў 1940 г., падчас адпачынку ў санаторыі ў Барвісе.
    У лютым 1945 г. Мацяш, разам з жонкай, пры дапамозе савецкай арміі, вярнуўся ў Вэнгрыю, дзе ўзначаліў яе кампартыю. Ракашы, празваны “лепшым вучням Сталіна”, ўсталяваў асабістую дыктатуру і ў Вэнгрыі пачалі лютавалі органы дзяржбясьпекі (AVN). У выніку, ў гады праўленьня Ракашы, толькі ў 1952 г. былі рэпрэсаваныя звыш 540 тысяч чалавек - кожны васемнаццаты жыхар краіны. У 1952 г. Ракашы заняў таксама пасаду прэм’ер-міністра Вэнгрыі, але зьмены ў СССР пасьля сьмерці Сталіна прывялі да таго, што на пленуме Цэнтральнага кіраўніцтва ВПП 27 - 28 чэрвеня 1953 г. Мацяш быў вызвалены ад пасады старшыні ўрада, але пост генэральнага сакратара быў заменены пасадай Першага сакратара ВПП, які захавалі за Ракашы.
    Хвядора ж захапілася керамікай, жывапісам, скульптурай, заканчвае інстытут прыкладнога мастацтва. Дарэчы яна падаравала Якуцкаму краязнаўчаму музэю Слуцкі пояс. Яна садзейнічала у 1953 г. перакладу ды выданьню ў Вэнгрыі рамана якуцкага пісьменьніка Мікалая Мордзінава “Вясновая пара”.
    Неўзабаве пасьля задушэньня антыкамуністычнага паўстаньня ў Вэнгрыі 1956 г. Ракашы, разам з жонкай, быў вывезены ў СССР. Спачатку была Масква, потым Краснадар, Токмак, Арзамас, Горкі, 5 лютага 1971 г. Мяцяш Ракашы памёр...
    Цела Ракашы крэміравалі ў Маскве і попел пахавалі ў Будапэшце.
     Хвядора нейкі час працавала ў пракуратуры г. Краснадара, а ў 1958 г. выйшла на пэнсію. Памерла ў 1980 годзе і была пахаваная на Кунцаўскіх могілках ў Маскве


    Літаратура:
    Протопопова Н.  Кыыллаах Арыы кыргыттара. Венгрия бастакы ледитэ. // Далбар Хотун. Дьокуускай. № 4. 1996. С. 18-22.
    Протопопова Н.  Кыыллаах Арыы кыргыттара. Венгрия бастакы ледитэ. // Далбар Хотун. Дьокуускай. № 1. 1997. С. 28-31.
    Соловьева К.  От первой леди Венгрии - якутским землякам. [Уникальный экспонат Якутского гос. музея им. Ем. Ярославского - пояс, изготовлен в г. Слуцке, подарок Корниловой-Ракоши Ф. Ф., жены ген. секретаря Венгерской коммунист. партии Матиаса Ракоши] // Якутия. Якутск. 5 января 2002. С.14.
    Виктор Мурзов.  Токмакская ссылка венгерского диктатора. // Вечерний Бишкек. Бишкек. 16 февраля 2005
    Рожко Я.  Династия Корниловых. // Якутск Вечерний. Якутск. 26 ноября 2010. С. 70.
    Дракуля Балатан,
    Койданава