пятница, 15 июля 2016 г.

Уладзя Недапалак. Прэзыдэнт Качароўскі. Койданава. "Кальвіна". 2016.

     Рышард Качароўскі (Ryszard Kaczorowski) – нар. 26 лістапада 1919 г. у м. Беласток Польская Рэспубліка (Rzeczpospolita Polska, II Rzeczpospolita) у шляхецкай сям’і Вацлава і Ядзьвігі з Савіцкіх, Качароўскіх гербу Jelita.
    Пасьля прыходу ў верасьні 1939 г. у Беласток РСЧА Рышард арганізаваў Шарыя шэрагі (Szare Szeregi) — вайсковую структуру польскіх гарцэраў, дзе займаў пасаду камэнданта Беластоцкай акругі.
    17 ліпеня 1940 г. быў арыштаваны НКУС і 1 лютага 1941 г Вярхоўным Судом БССР быў прыгавораны да сьмяротнага пакараньня. Пасьля 100 дзён знаходжаньня ў камэры сьмяротнікаў сьмяротны прысуд быў заменены на 10 гадоў ППЛ. Зьняволеньне адбываў на Калыме.
    Са зьняволеньня вызвалены на аснове пагадненьня Сікорскага-Майскага пра ўтварэньне польскай арміі генэрала Андэрса ў СССР. Удзельнічаў у бітве пад Монтэ-Касына.
    Пасьля вайны застаўся ў Вялікабрытаніі, у 1955-1988 гг. кіраваў польскім гарцэрствам на эміграцыі. У 1986 г. быў абраны міністрам замежных спраў ураду Польскай Рэспублікі ў выгнаньні, а 19 ліпеня 1989 г. заняў пасаду прэзыдэнта Польскай Рэспублікі ў выгнаньні.
     22 сьнежня 1990 г., пасьля першых свабодных прэзыдэнцкіх выбараў у Польшчы, перадаў сымбалі прэзыдэнцкай улады Польскай Рэспублікі новаабранаму прэзыдэнту Леху Валэнсу.
    Ад 2004 г. ганаровы кавалер I клясы (Рыцар Вялікага Крыжа) брытанскага Ордэна Сьв. Міхала і Сьв. Юрыя.
    10 красавіка 2010 г. загінуў у авіякатастрофе пад Смаленскам. Пахаваны ў Варшаве.
    Уладзя Недапалак,
    Койданава