четверг, 11 августа 2016 г.

Алесь Баркоўскі. За сьпевы ў касьцёле. Койданава. "Кальвіна". 2016.

                                                       ЗА  СЬПЕВЫ  Ў КАСЦЁЛЕ
    1 красавіка 1863 г. у маёнтку Мейшты Наваалександраўскага павету Ковенскай губерні (зараз Браслаўскі раён Мінскай вобласьці Рэспублікі Беларусь) адбыўся нелегальны сход мясцовай шляхты, на якім прысутнічалі “госьці” з Польшчы. На ім было вырашана ў траўні 1863 г. у дапамогу палякам падняць узброенае паўстаньне на Браслаўшчыне. Камандзірам узброеных сіл паўстанцаў быў абраны адстаўны штабс-ротмістр царскага войска Ян Ельскі-Ёдка, які гасьцяваў у гэты час ва ўладальніка Відзкага Двара Пятра Пізані, з якім пасябраваў падчас вугорскай кампаніі 1848 года.
    У пачатку траўня 1863 года паўстанцкі атрад, каля 30 чалавек, які складаўся з жыхароў Відзаў і Браслава пад камандаваньнем Ельскага-Ёдкі распачаў сваю паўстанцкую дзейнасьць каля вёскі Вайткушкі. Ян Ельскі-Ёдка спадзяваўся на хуткі рост колькасьці атрада з пачаткам вайсковых дзеяньняў, але далейшыя падзеі паказалі марнасьць гэтых надзей. 5 траўня 1863 г. паўстанцы пад гукі касьцельных званоў урачыста ўвайшлі ў мястэчка Дрысьвяты, а 6 траўня 1863 г. на атрад каля вёскі Адымянішкі раптоўна напалі казакі і распарушылі яго, а 10 чалавек, у тым ліку і камандзір Ельскі-Ёдка, былі захопленыя ў палон. 7 траўня палонных адбіла ў сялян каля вёскі Опса іншая партыя паўстанцаў на чале з былым капітанам артылерыі Францішкам Загорскім. У гэтым нападзе ўдзельнічаў і 30-ці гадовы пісарчук з Новааляксандраўска Генрых Іпалітавіч Міткевіч, які пасьля, быў злоўлены сялянамі, якія абрабавалі яго ды здалі ўладам. Ён атрымаў 10 гадоў Сыбіры, замененых на 4 гады катаргі.
    Аб’яднаны атрад, які налічваў каля 70 чалавек, 22 коней і быў узброены ў асноўным састарэлымі паляўнічымі стрэльбамі, пазьбягаючы сутычак з салдатамі, адышоў у бок вёскі Замошша. Там ён падзяліўся на два аддзелы. У хуткім часе паўстанцы першага аддзела бачачы беспэрспэктыўнасьць далейшай барацьбы, разышліся па хатах. Атрад Ельскага-Ёдкі (каля 40 чал.), у якім засталіся толькі найбольш адданыя ідэалам паўстаньня і, да якіх нягледзячы ні на што далучаліся ўсе новыя людзі, рушыўся ў бок вёскі Казяны. 9 траўня да атрада далучыўся 32 гадовы “прускі паддадзены” Францішак Брадкоўскі (Браткоўскі), лясьнічы графа Плятэра, разам са сваім вазьніцам 19-ці гадовым Маўрыцым Дундэнам, шляхціцам Дынабурскага павета Віцебскай губэрні, які пражываў у маёнтку Альбанава на Браслаўшчыне.
    11 траўня 1863 г. атрад Ельскага-Ёдкі каля вёскі Казяны натыркнуўся на казакоў палкоўніка Беляўскага, якія адрэзалі яму шлях да лесу. Старыя паляўнічыя стрэльбы паўстанцаў нават недастрэльвалі да салдатаў, узброеных дальнабойнымі найноўшымі штуцэрамі. У кароткім баю паўстанцы былі разьбітыя. Эдвард Клімовіч быў забіты, а камандзір атрада Ян Ельскі-Ёдка, каб не патрапіць у палон, пусьціў сабе з пісталета кулю ў скронь.
    26 траўня 1863 г. у Відзы даставілі 26 палонных паўстанцаў, ды 6 чалавек, якія здолелі схавацца, злавілі Відзаўскія мяшчане. Ф. Брадкоўскі разам з Маўрыцым Дундэнам былі таксама злоўленыя 12 траўня сялянамі.
    Усяго па справе “Аб бунце Ельскага-Ёдкі” прайшло каля 50 чалавек. Кожны паўстанец стэрэатыпна паказваў, што ў атрад сілком яго ўцягнулі, або Ельскі-Ёдка, або забіты Клімовіч, а ён “толькі і марыў адтуль уцячы і аддаць сябе з вялікай радасьцю” у рукі расейскіх салдатаў. Ф. Брадкоўскі, хоць і паказаў на сьледзтве, што яго сілком з коньмі і вазьніцаю забралі ў атрад, а Ельскі-Ёдка яму толькі давяраў ахову коней, і ён 12 траўня 1863 г. добраахвотна здаўся расейскім войскам, яго ўсё ж такі саслалі ў Табольскую губэрню.
    Дынабурская сьледчая камісія па палітычных справах працавала на поўную магутнасьць. У траўні новым Генэрал-губэрнатарам Паўначна-Заходняга краю быў прызначаны Мікалай Мураўёў, які за сваю жорсткасьць быў празваны ў народзе “вешальнікам”. Шлях яго з Пецярбурга да новага месца службы ў Вільню, ляжаў праз Дынабург. І менавіта ў Дынабургу Мураўёў зацьвердзіў расстрэльны прысуд сваёй першай ахвяры - графу Л. Плятэру, які кіраваў атрадам паўстанцаў, што зьдзейсьніў напад на транспарт са зброяй пад Краслаўкай.
    Яшчэ пры абмеркаваньні зацьверджанага царом Аляксандрам ІІ ад 22 сакавіка 1860 г. законапалажэньня, якое адмяняла практыку аддачы грамадзянскіх асобаў за зьдзейсьненыя злачынствы на ваенную службу, Дзяржаўная рада ў выглядзе выключэньня прапаноўвала: “… замест ссылкі на жыхарства ў Сыбір або іншыя аддаленыя губэрні непаўналетнія мужчынскага полу, што маюць ад роду не меней 17 гадоў … аддаюцца … у вайсковую службу шараговымі з выслугай або ж, калі будуць яны да страявой не здольныя, у нестраявыя званьні…” Вельмі шмат моладзі, якая прыняла ўдзел у паўстаньні, патрапіла пад дзеяньне гэтага закона, які быў скасаваны толькі рашэньнем ад 12 чэрвеня 1867 года. 320 паўстанцаў з Беларусі было аддадзена радавымі ў войска і 767 у арыштанцкія роты.
    1 траўня 1863 г. злоўлены сялянамі паўстанец атрада Кульчыцкага Ян Чэрскі, будучы дасьледчык Усходняй Сыбіры, быў зьняволены ў Дынабурскую крэпасьць. Мерай пакараньня яму быў вызначаны найбольш аддалены пункт - Амурскі лінейны батальён у Благавешчанску, але ў справу пайшлі прыхаваныя “на чорны дзень пяць залатых манэт”, і Благавешчанск быў заменены на Омск, дзе разьмяшчаўся Заходне-Сыбірскі лінейны батальён. Але ў шмат каго іншых не знайшлося нават гэтых “пяці залатых манэт”.
    Маўрыцы Дунцен таксама паказаў на сьледзтве, што ён нібыта праз 4 дні, гвалтоўнага ўтрымоўваньня ў атрадзе, змог уцячы, як і злоўлены 18-ці гадовы Фэлікс Заштаўт, з фальварка Орлішкі Новаалександраўскага павету, 17-ці гадовы Ян Ігнацьеў Сямашка, шляхціц Новаалександраўскага павета Ковенскай губэрні, што пражываў разам з бацькамі, які на сьледзтве паказаў што яго ў паўстанцкі атрад уцягнуў забіты Эдвард Клімовіч, а ў “шайцы” ён ахоўваў паўстанцкіх коней ды падчас бітвы здаўся “добраахвотна” салдатам. Калі Сямашка ў чаканьні суду сядзеў у Дынабурскай крэпасьці, яго наведала “клапоцячыся аб страўніку брата” ягоная сястра, маладая шляхцянка Зоф’я Сямашка, якую затрымаў турэмны наглядчык у чыне паручніка пры перадачы брату запіскі, у якой яна папярэджвала яго не ўжываць у ежу турэмную баланду і ўтрымаць ад гэтага сваіх таварышаў. Турэмным уладам гэта падалося падазроным, нібыта пісулька была зашыфраванай. Але да сьледзтва гэты важны дакумэнт не патрапіў, бо, вяртаючыся дахаты ў добрым нападпітку, паручнік спажыў яго пры тэрміновай патрэбе. Страта гэтага corpus delicti каштавала паручніку штрафной роты, а Зоф’я за гэтае адседзела 3 месяцы ў Дынабурскай крэпасьці, а затым была аддадзеная на апеку бацькоў з усталяваньнем публічнага нагляду паліцыі.
    “Па канфірмацыі камандуючага войскамі Віленскай ваеннай акругі ад 5 кастрычніка 1863 года за № 2520 за ўдзел у мяцежніцкай шайцы” Маўрыцы Дундэн, Ян Сямашка і Фэлікс Заўштат былі “пазбаўленыя шляхецкай годнасьці і аддадзеныя ў ваенную службу”. Месцам службы ім быў вызначаны Другі Лінейны батальён у горадзе Благавешчанску.
    Таксама не знайшлося “пяці залатых манэт” і ў іншых паўстанцаў:
    Кастусь Чымбар, 22-х гадоў, з мяшчанаў м. Ашмяны і Адам Яневіч, 24-х гадоў, з сялянаў Віленскай губэрні “па канфірмацыі камандуючага Віленскай ваеннай акругі ад 12 сьнежня 1863 г. за № 4121, за ўдзел у мяцежніцкай шайцы былі пазбаўлены ўсіх правоў стану і аддадзеныя ў вайсковую службу” у Амурскі лінейны батальён.
    Аўрэліян Каўлок, вучань гімназіі горада Коўна, з шляхціцаў Ковенскай губэрні, які “па канфірмацыі камандуючага войскамі Віленскай вайсковай акругі, ад 19 ліпеня 1863 г. за № 823, за паступленьне ў шайку мяцежнікаў, пазбаўлены шляхецкай годнасьці і аддадзены ў вайсковую службу.
    Казімер Хмара, 24-х гадоў, з сялянаў Гарадзенскай губэрні “па канфірмацыі камандуючага войскамі Віленскай ваеннай акругі ад 24 верасьня 1863 г. за № 2396, за ўдзел у мяцежніцкай шайцы пазбаўлены ўсіх правоў стану і аддадзены ў вайсковую службу”.
    Ігнацій Адамовіч, з шляхціцаў Віленскай губэрні, 19-ці гадоў, “пазбаўлены гэтага званьня за палітычнае злачынства і аддадзены ў ваенную службу, куды паступіў шараговым”.
    Вядома, што паўстаньне ў Польшчы, Беларусі і Літве 1863-1864 гадоў было задушана ў тым жа годзе што і паўстаньне ў Чачні пад кіраўніцтвам імама Шаміля. Ужо ў нашы дні найменьне “мяцежніцкая шайка” для людзей, якія змагаюцца за волю сваёй радзімы трансфармавалася ў назоў “пазапраўныя бандфармаваньні”.
    Гарыбальдзіец Эміль Андрэёлі, які прыбыў з атрадам Ф. Нула пад Кракаў для аказаньня дапамогі паўстанцамі, за што атрымаў 12 гадоў катаргі, якую адбываў у Кадае на Нерчынскай катарзе, калі там нахадзіўся М. Чарнышэўскі, успамінаў: “Ёсьць тут у Сыбіры чальцы рускага рэвалюцыйнага камітэта, мы размаўлялі з імі аб спосабах сумеснай змовы. Яны бачаць адзіную магчымасьць ва ўзьдзеяньні на Амурскія войскі. Салдаты, няшчасныя, галодныя, ведаюць, што ўрад іх эксплуатуе. Нарэшце там шмат палякаў. Неабходна толькі чалавека, правадыра, які б даў сыгнал да бунту”. /Коваль С. Ф. Революционная деятельность польских политических ссыльных в Сибири в 60-е годы XIX в. // Экономическое и общественно политическое развитие Сибири в 1861-1917 гг. Вып. 2. Новосибирск. 1965. С 131./
    15 чэрвеня 1867 г. былыя паўстанцы, якія па малалецтву былі аддадзеныя ў ваенную службу і апынуліся ў Амурскім лінейным батальёне ў Благавешчанску, выканалі ў паходным Рымска-Каталіцкім касьцёле, які для іх зьяўляўся як бы астраўком радзімы на чужой зямлі, гімн рэвалюцыйнага зьместу (хоць і ў вайсковай няволі, а сьпяваць аб волі), што “даказвала яўную нядобразычлівасьць да ўрада з намерам ухіліцца ад ваеннай службы”.
    Няшчасныя адседзелі 3 гады ў катаржнай турме, а затым “па загаду Ваеннага Міністра выкладзенага ў водгуку Камандуючаму войскамі Ўсходне-Сыбірскай ваеннай акругі ад 9 чэрвеня 1870 г. за № 4244, за сьпеў у паходным Рымска-Каталіцкім касьцёле гімна рэвалюцыйнага зьместу, былі выключаныя са сьпісаў батальёна і адпраўленыя ў Якуцкую вобласьць на пасяленьне. Па сьцьвярджэньні Благавешчанскага гарадзкога паліцэйскага ўпраўленьня засуджаныя былі адпраўлены 3 чэрвеня 1871 г. у горад Якуцк, сталіцу Якуцкай вобласьці.
    Ігнацій Адамовіч “па загадзе г. Ваеннага Міністра, выкладзенага ў водгуку Акруговага штаба Усходне-Сыбірскай ваеннай акругі ад 31 жніўня 1870 г. за № 577 выключаны з ваеннага званьня і прызначаны на пасяленьне ў Якуцкую вобласьць”.
    Дарэчы ураджэнец Віцебску, дасьледчык Гірш Лур’е, былы выгнанец ў Якуцкую вобласьць, сьведчыць што “восем жа чалавек з гэтых салдатаў паплаціліся ссылкай за сьпяваньне гімна рэвалюцыйнага зьместу”. /Лурье Г.  Якутская ссылка до 70-х годов XIX века. // 100 лет Якутской ссылки. Москва. 1934. С. 101./ Мы ж адшукалі толькі семярых.
    У Якуцк ссыльныя прыбылі, акрамя Адамовіча, у самыя лютыя маразы, у пачатку сьнежня 1871 года. Тут іх разьмеркавалі па ўлусам Якуцкай акругі. Так М. Дундэн патрапіў у Майруцкі насьлег Мегінскага ўлуса; А. Каўлок у 1-ы Легойскі насьлег Барагонскага ўлуса; К. Хмара ў 1-ы Асепцкі насьлег Дзюпсінскага ўлуса; К. Чымбар у Хорынскі насьлег Барагонскага ўлуса; А. Яневіч у Сабарайскі насьлег Барагонскага ўлуса.
    6 сакавіка [10 красавіка] 1873 г. у Якуцк быў дастаўлены І. Адамовіч. Мабыць ён адразу ж патрапіў пад дзеяньне “Найвысачэйшага Маніфесту” ад 15 траўня 1871 г. “Аб палягчэньні долі некаторых злачынцаў у адзначэньне дня нараджэньня Ягонай Імпэратарскай Вялікасьці Вялікага Князя Георгія Аляксандравіча” і таму пажадаў “пералічыцца” ізноў ў Амурскую вобласьць.
    У 1873 г. “пажадаў пералічыцца” у Табольскую губэрню Ян Сямашка, а ў 1874 г. у Томск выехаў К. Чымбар.
   У 1875 г. былі “вернутыя страчаныя правы” і “выдадзена пасьведчаньне на жыхарства” у горадзе Томску Аўрэлію Каўлаку.
    У сьнежні 1875 г. “непісьменны” Ян Сямашка падаў на імя Аляксандра II прашэньне, дзе “пісаў”, што за сьпеў гімна ён меў ужо 3 гады катаржнай турмы, а “зараз гіне на канцы сьвету” і ўжо прайшло 10 гадоў як яго адарвалі ад блізкіх. Да прашэньня ён прыклаў добразычлівую атэстацыю сваіх улад. Неўзабаве на яго імя прыйшла рэзалюцыя: “просьбу адхіліць, таму што ён зьяўляецца ўжо дарослым, і мог прадбачыць вынікі сьпеву, чым выявіў другі раз нядобразычлівасьць”.
    Казімір Хмара неўзабаве атрымаў дазвол працы на залатых капальнях Алёкмінскай сыстэмы ў Якуцкай вобласьці і ўжо 16 жніўня 1883 г. меў сьведчаньне спраўніка, што ён добры працаўнік. У Нацыянальным Архіве Рэспублікі Саха (Якуція) захавалася наступнае “прашэньне” Казімера Хмары:
    “Ягонаму Высокаправасхадзіцельству Пану Генэрал-Губэрнатару Ўсходняй Сыбіры
    Палітычнага сасланага прылічанага ў Дзюпсінскі ўлус Якуцкай акругі і вобласьці Казіміра Мацьвеева Хмары.
                                                                  Прашэньне.
    Да ссылкі я паходзіў з сялянаў Гарадзенскай Губэрні Сакольскага павета Зубрыцкай воласьці Вайнеўскай сельскай грамады.
    У 1863 годзе за ўдзел у Польскім мяцяжы я быў аддадзены ў ваенную службу, у якой знаходзіўся ў другім Лінейным батальёне на Амуры, адтуль за сьпяваньне забароненых гімнаў у 1871 годзе сасланы ў Дзюпсінскі улус да якога прылічаным зьяўляюся па цяперашні час. Не будучы заўважаны на месцы ссылкі ні ў чым заганным, адважваюся зьвярнуцца з пакорнаю просьбай да Вашага Высокаправасхадзіцельству аб прымяненьні да мяне Усеміласьцівейшага Маніфэста 15-га траўня 1883 г. і дазволіць мне перасяліцца на месца майго ранейшага жыхарства ў Гарадзенскую губэрню Сакольскага павета Зубрыцкай воласьці Вайнеўскай сельскай грамады, якой супольнасьць сялян выявіла згоду прыняць мяне ў сваё асяродзьдзе. Аб рэзалюцыі ж, якая зьявіцца, не адмовіць абвясьціць мне праз Спадара Горнага Спраўніка Алёкмінскай Сыстэмы, копію з прысуду сялян Вайнеўскай грамады пры гэтым, маю гонар прыкласьці да гэтага прашэньня, палітычны ссыльны Казімер Матвееў Хмара руку прыклаў.
    Сьнежня 16 дня 1884 г.
    Месца жыхарства маю на капальні Ленскага Т-ва ў Алёкмінскай акрузе”. /НА РС(Я) ф. 12, воп. 12. арк. 3./
    “Копія.
    1884 года чэрвеня 28 дня, якія ніжэй падпісаліся, былыя дзяржаўныя сяляне Гарадзенскай губэрні Сакольскага павета Зубрыцкай воласьці Вайнеўскай сельскай грамады, якая складаецца з шасьцідзесяці рэвіскіх мужчынскага полу душ і чатырнаццаці двароў або хатніх гаспадарак, сабраліся гэтага чысла на сельскі сход, мелі літасьць аб прыняцьці ў асяродзьдзе свайго грамадзтва былога палітычнага ссыльнага Казімера Матэўшава Хмару. Па нарадзе паміж сабою ўсе аднагалосна прысудзілі. З-за тога, што Казімір Матэўшаў Хмара да сасланьня яго ў 1863 годзе ў аддаленыя губэрні Расіі знаходзіўся ў нашай грамадзе вёскі Вайнеўцах, то прыняўшы яго ізноў у нашу грамаду ў вёсцы Вайнеўцы ў чым сапраўдны наш прысуд падпісалі нашым сьцьвярджэньнем (Сапраўдны падпісалі: гаспадары 1. Сямён Чарэшка. 2. Людвік Садкоўскі. 3. Ян Мацьвееў Садкоўскі. 4. Тамаш Садкоўскі. 5. Франц Багуслаўскі. 6. Казімер Грыб. 7. Антон Бакуновіч. 8. Восіп Панасюк. 9. Дамінік Садкоўскі, а за іх непісьменных, па іх асабістай просьбе і роўна і сам за сябе расьпісаўся Антон Фадзееў Бакуновіч, Антон Варановіч і Ян Варанович ды Вайнеўскі сельскі староста Антон Маркевіч.
    Што сапраўдная копія з сапраўдным прысудам Вайнеўскай грамады запісаным у кнігу прысудаў сельскіх сходаў пад № 17 дакладная ў тым Зубрыцкае валасное упраўленьне подпісам і прыкладаньнем казённай пячаткі сьведчыць.
    Чэрвеня 30 дня 1884 года.
    [Пячатка] Зубрыцкага валаснога ўпраўлення Сакольскага павету.
    Зубрыцкі валасны старшыня Ян Латуневіч.
    Валасны пісарчук Мальчеўскі. /НАРС(Я) ф. 12 воп. 12. спр. 24. арк. 4./
    Гэтак намаганьнямі свайго бацькі Казімер Хмара 24 лютага 1887 года здолеў на капальнях золата атрымаць дазвол вяртаньня на радзіму. /Browczenko M.  Polscy zesłańcy w kapalniach złota Jakucji.  //  Zesłaniec. Nr 27. Wrocław. 2006. S. 5./
    У газеце “Kurier Podlaski” [7-8-9 lutego 1992 r. Białystok.] Віталь Луба, рэдактар беластоцкай беларускай штотыднёвай газэты “Ніва”, ў нататцы “Odszukane w Jakucku” змясціў невялічкі жыццяпіс Казімера Хмары з надзеяй адшукаць каго-небудзь з ягоных нашчадкаў. Але аніякіх водгукаў ад чытачоў у газэту “Kurier Podlaski” не надышло.
    Генрых Міткевіч, з атрада Ельскага-Ёдкі, пасьля адбыцьця катаргі пражываў у Іркуцку, затым у Алёкмінскай акрузе Якуцкай вобласьці, дзе дапамагаў уцёкам з выгнаньня Станіслава Трусевіча.
    З атрада Ельскага-Ёдкі ў Сыбір патрапілі Міхал і Эдвард Стомы. Эдвард Стома, між іншым, у сваіх успамінах пісаў, што “…Ад Краснаярска жывуць тунгусы і бураты, качавыя народы розных вераваньняў, якія ня ведаюць аніякага пісьма, ядуць падлу... Народ якуцкі [тунгускі – А. Б.] не злы, бары цёмныя, розныя ёсьць зьверы: мядзьведзі, тыгры, ваўкі, лісіцы, расамахі, ласі, сарны і зубры…”. /Hedemann O.  Historja powiatu Brasławskiego. Wilno. 1930. S. 233./
    Літаратура:
    Ольминский М.  Эпизоды прошлого. // Вестник жизни. Петроград. № 1. 1918. С. 12-13.
    Rok 1863. // Hedemann O.  Historja powiatu Brasławskiego. Wilno. 1930. S. 216-267, 452-458.
    Лурье Г.  Якутская ссылка до 70-х годов XIX века. [Польские повстанцы] // 100 лет Якутской ссылки. Сборник Якутского землячества. [Историко-революционная библиотека. Воспоминания, исследования, документы и другин материалы из истории революционного прошлого России. № 6-7 (XCV-XCVI)] Москва. 1934. С. 101.
    Охлопков В. Е.  История политической ссылки в Якутии. Книга первая (1825-1895 гг.). Якутск. 1982. С. 157-158.
    Łuba W. Odszukane w Jakucku. // Kurier Podlaski. Białystok. 7-8-9 lutego 1992.
    История Сибири. Первоисточники. Вып. II. Политическая ссылка в Сибири. Нерчинская каторга. Т. 1. Новосибирск. 1993. С. 162.
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Якутск. 1995. С. 208, 469, 476, 477.
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. /2-е изд./ Якутск. 1996. С. 208, 469, 476, 477.
    Алексеев Е. Е.  Признаю виновным... Служба безопасности Республики Саха (Якутия). Исторический очерк. Москва. 1996. С. 63.
    Jędrychowska B.  Obraz polskich zesłańców w „Irkuckich Wiadomosciah Guberialnych” (1863-1873). // Przegląd wschodni. T. V. Z. 1. Warszawa. 1998. C. 150.
    Казарян П. Л.  Якутия в системе политической ссылке России 1826-1917 гг. Якутск. 1998. С. 356, 469.
    Иванова Т. С.  Из истории политических репрессий в Якутии (конец 20-х – 30-е гг.). Новосибирск. 1998. С. 92.
    Спіс паўстанцаў 1863 г. атрада Я. Ельскага-Ёдкі. // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Браслаўскага раёна. Мінск. 1998. С. 183.
    Поляки, сосланные в Якутскую область в связи с восстанием 1863-1864 гг. // Казарян П. Л.  Численность и состав участников польского восстания 1863-1864 гг. в Якутской ссылке. Якутск. 1999. С. 25-32.
    Степанова Н. С.  Пребывание польских повстанцев в улусах Якутии. // Якутский архив. Якутск. № 2. 2001. С. 20, 22.
    Списокъ политическимъ преступникамъ Ковенской губерніи, лишенным по суду правъ состоянія, имущества коихъ подлежатъ конфискаціи въ казну. // Хурсік В.  Трагедыя белай гвардыі. Беларускія дваране ў паўстанні 1863-1864 г. г. Гістарычны нарыс і спісы. Мінск. 2001. С. 46-53.
    Списокъ политическимъ преступникамъ Ковенской губерніи, лишенным по суду правъ состоянія, имущества коихъ подлежатъ конфискаціи въ казну. // Хурсік В.  Трагедыя белай гвардыі. Беларускія дваране ў паўстанні 1863-1864 г. г. Гістарычны нарыс і спісы. Мінск. 2002. С. 52.
    Kazarian P.  Zesłańcy z okresu powstania styczniowego okregu olekmińskim (Jukucja) na podztawie materiałów z archiwów syberyjskich. // Wrocławskie Studia Wschodnie. Wrocław. Nr. 7. 2003. S. 202, 205.
    Казарян П.  Польские повстанцы на Северо-Востоке Сибири: общее и особенное в их ссылке. // Powstanie styczniowe 1863-1864. Walka i uczestnicy, represje i wygnanie, historiorgrafia i tradycja. Kielce. 2005. S. 122.
    Browczenko M. I.  Polscy zesłańcy w Jakuckich kopalniach złota. // Zesłaniec. Nr. 27. Wrocław. 2006. S. 5.
    Баркоўскі А.  За спевы ў касцёле. // Наша вера. Мінск. № 4. 2006. С. 60-61.
    Баркоўскі А.  “У ваеннай няволі спяваць пра волю”. // Краязнаўчая газета. Мінск. № 37. Кастрычнік. 2007. С. 6.
    Архивы России о Якутии. Выпуск 1. Фонды Государственного архива Иркутской области о Якутии. Справочник. Отв. ред. проф. П. Л. Казарян. Якутск 2006. С. 34, 451.
    Browczenko M. I.  Polscy zesłańcy w Jakuckich kopalniach złota. // Polacy w nauce, gospodarce i administracji na Syberii XIX i na początku XX wieku. Wrocław. 2007. S. 315.
    Душа А.  Игнатий Адамович повстанец 1863 года. Койданава. 2016. 3 с.
    Мюнгаузен Я.  Мауриций Дунтен повстанец 1863 года. Койданава. 2016. 5 с.
    Каламутная Л.  Аврелиан Кавлок повстанец 1863 года. Койданава. 2016. 3 с.
    Бритва А.  Генрих Миткевич повстанец 1863 года. Койданава. 2016. 4 с.
    Батагайка Р.  Ян Семашко повстанец 1863 года. Койданава. 2016. 4 с.
    Цяжкая К.  Эдуард Стома повстанец 1863 года. Койданава. 2016. 4 с.
    Заранка Д.  Казимир Хмара повстанец 1863 года. Койданава. 2016. 4 с.
    Харынская Ч.  Константин Чимбор повстанец 1863 года. Койданава. 2016. 3 с.
    Сабирайкина А. Адам Яневич повстанец 1863 года. Койданава. 2016. 3 с.
    Алесь Баркоўскі,
    Койданава