понедельник, 29 августа 2016 г.

Галіна Герасімук. Госьця з Забайкальлі. Койданава. "Кальвіна". 2016.

                                                        ГОСЬЦЯ З ЗАБАЙКАЛЬЛІ

                                                         7:38. Рубрыка: Вандроўнікі.

    Упэўнена, што, нягледзячы на сёньняшнія складанасьці ў адносінах паміж Расіяй і Беларусьсю, грамадзян абедзьвюх краін па ранейшаму непарыўна злучае вялікае жаданьне мець добрасуседзкія стасункі. Днямі тое ж пачула ад расіянкі Тацьцяны Златкевіч, якая жыве ў пасёлку Віхараўка, што недалёка ад Брацка ў Іркуцкай вобласьці. Пазнаёміліся мы ў Сочы чатыры гады таму. Перапісваліся. А сёлета Тацьцяна Пятроўна вырашыла прысьвяціць свой водпуск (яна – пэдыятар) знаёмству з Беларусьсю.
    Аб гэтым марыла даўно, бо дзядуля яе – беларус. У Краснаярскім краі апынуўся ў 1951-м. У Сыбір быў высланы як вораг народа, без права перапіскі, на 10 гадоў, хоць і ваяваў на баку Чырвонай Арміі ў грамадзянскую вайну, быў салдатам Вялікай Айчыннай, атрымаў кантузію. Пашчасьціла выжыць і ў далёкай тайзе. Пазьней і ажаніўся ў тых мясьцінах… Толькі ў 1990-м, за тыдзень да 9 Мая, у хату Пятра Іванавіча наведаліся некалькі афіцэраў з Іркуцка з віншаваньнямі з Днём перамогі, з мэдалём за ўдзел у вайне і ахапкам падарункаў. Старому чалавеку, які перажыў страшэнную трагедыю рэпрэсій, гэта стала ашаламляльным узрушэньнем. Пасьля ад’езду візыцёраў ён праплакаў дзён дзесяць і… памёр.
    Вельмі хацела Тацьцяна ўбачыць Беларусь, адкуль карані яе сям’і. З Віхараўкі, дзе 25 тысяч жыхароў, – суткі поездам да Новасыбірска, адтуль яшчэ чатыры дні – да Брэста… Хоць канец верасьня быў дажджлівым, гэта не стала ёй перашкодай для паездкі на Міншчыну, у Крупскі раён, дзе не засталося сваякоў, але адкуль Тацьцяна найперш прывезла жменьку зямлі, якую пакіне на дзядулевай магіле.
    Пабывала яна на экскурсіях у Белавескай пушчы, Брэсцкай крэпасьці, музэі выратаваных каштоўнасьцей і абласным краязнаўчым музэі “Бярэсьце”. Пазнавальнай стала і аднадзённая экскурсія (з Брэста) у старажытны Тураў. Шмат уражаньняў пакінулі наведваньне аквапарка ў Кобрыне і стравусінай фэрмы недалёка ад яго. Адусюль Тацьцяна вярталася перапоўненай эмоцыямі і з нязьменным: “У вас так спокойно! Такая чистота на улицах! А какие у вас люди!” У складзеным намі пляне значылася і паездка ў Полацк – адзін з самых старажытных гарадоў усходніх славян, але “неарганізаванаму” турысту зрабіць гэта не так проста, калі ён абмежаваны ў часе. Аднак суботнім вечарам мая госьця глядзела спэктакль у Брэсцкім драмтэатры… Адзін дзень яна “аддала” пакупкам – расіяне цэняць беларускія тавары за іх натуральнасьць. У асноўным яе цікавілі вырабы з ільну і вопратка, якую прасілі прывезьці з Беларусі родныя і сябры, бо ў 40-градусныя маразы ў паўсынтэтычным адзеньні кітайскай вытворчасьці – няўтульна. Пінскі трыкатаж прыемна зьдзівіў госьцю і якасьцю, і цаной; ён і будзе саграваць у сібірскую сьцюжу яе дзяцей і мужа, які будуе масты ў Якуціі. У адной з размоў з ім – Аляксандр амаль штодня званіў на “мабільнік” і цікавіўся, як ёй тут, у Беларусі, – Тацьцяна эмацыянальна падзялілася: “Представь – я попала в яблочный рай! Здесь яблоки – в траве!». Яна гаварыла аб гэтым з непадробным захапленьнем, бо ў іх яблыні не растуць. (Пры ўсім маім патрыятызьме не змагла падзяліць яе захапленьне – было ніякавата за нашу няздольнасьць ператварыць усе яблыкі, якія доўга не захоўваюцца, у сок, каб зімой піць натуральны, а не разбаўлены канцэнтрат). Як на цуд глядзела Таццяна на кожны яблык, параўноўваючы яго з кітайскімі “муляжамі”, якія купляе дома для ўнука. Каб “ураўнаважыць” сытуацыю, тут жа нагадвала ёй, што ў нас няма, напрыклад, доўгажыхара волата-кедра…
    У іх краі, куды гадоў сорак назад на будаўніцтва БАМа ехалі з усіх куткоў неабсяжнага Саюза, і сёньня, не раз нагадвала мая госьця, жывуць армяне, украінцы, беларусы, якіх паважаюць за працавітасьць і сумленнасьць. Засталіся, “пусьцілі” карані, палюбілі непаўторныя ваколіцы Брацка і Тайшэта. Калі Тацьцяна ад’язджала ў Беларусь, яе супрацоўнікі і знаёмыя са словамі “попадёшь в цивилизацию” прасілі прывезьці “справаздачу” ў фотаздымках і “про всё-всё рассказать”. Мініяцюрны “лічбавік” занатаваў з сотню здымкаў, на якіх мноства цікавых сюжэтаў і нават пэйзажы з прыгожымі, дагледжанымі палямі, што таксама ўспрымаецца як візытная картка нашай краіны…
    Тыдзень, які Тацьцяна правяла ў Беларусі, прамільгнуў вельмі хутка. Расставаліся як сваякі. Праўда, з сумам і без упэўненасьці, што яшчэ калі-небудзь сустрэнемся праз тысячы кілямэтраў. Але хто ведае…
    Галіна Герасімук.
    Фота Міколы Шума.
    /Навіны Камянеччыны. Камянец. 9 кастрычніка 2010./