понедельник, 29 августа 2016 г.

Галіна Пішч. Пакуль бяжыш, Ідзеш - жывеш. Койданава. "Кальвіна". 2016.

                                                     Аўторак, 29.09.2015 10:37.
                                                         рубрыка: Людзі і лёсы

                             ПАКУЛЬ  БЯЖЫШ,                   ІДЗЕШ — ЖЫВЕШ

    Зьбіраючыся напісаць матэрыял да Дня паджылых людзей, патэлефанавала пастаўчанцы Валянціне Іванаўне Трыказенка. “А мне здавалася, што я яшчэ маладая”, — шчыра расьсьмяялася жанчына. “Дык ёсьць і другая нагода — Міжнародны дзень музыкі”, — дадаю. І атрымліваю запрашэньне.
    Валянціна Іванаўна сустрэла ля весьнічак — убраная, прычасаная. Цікаўлюся, куды сабралася. І замест кароткага адказу пачула цэлы аповед. З дзяцінства прывучаная сачыць за сваім зьнешнім выглядам: устала, памылася, прычасалася, апранулася. Так мама рэкамэндавала. І гэта стала правілам — што б ні рабіла і дзе б ні жыла.
    Нарадзілася ў Віньніцы. Потым сям’я пераехала ў Вялікі Невер (раней гэта была Чыцінская вобласьць). Закончыла Сьвярдлоўскае музычнае вучылішча. Па камсамольскай пуцёўцы дзяўчыну накіравалі на Далёкі Усход, у Благавешчанск. Адпрацавала тры гады і засталася б там надалей, але паклікалі бацькі, якія на гэты час ужо былі ў Паставах. Іх жа некалі сюды пераманіў сын Пётр, які, вярнуўшыся пасьля вайны з дывізіяй, асеў у нашым горадзе.
    — Вось так і жыву тут з 1954 года, — расказвае Валянціна Іванаўна. — У музычнай школе, калі я прыехала, было пяць пэдагогаў. Увесь час выкладала тэарэтычныя дысцыпліны. Паралельна кіравала хорам. Колькі іх было на маім вяку — у раённым Доме культуры, саўгасе “Пастаўскі”, цэнтральнай раённай бальніцы, будаўнічай арганізацыі, у вёсцы Савічы, у шостым гарадку. (У Благавешчанску кіравала і ваенным хорам.) У апошні час дапамагала Леаніду Косаву з яго аркестрам, рыхтавала выхаванцаў да паступленьня.
    Зрэшты, ці можна зьлічыць усіх, хто свой шлях у сьвет музыкі пачынаў пад кіраўніцтвам В. І. Трыказенка? Сёньня яны жывуць у розных куточках краіны і за яе межамі, займаюць розныя пасады. Настаўніцу памятаюць, пішуць ёй.
    — А нядаўна ў мяне была яшчэ адна важная падзея — я адзначала сваё 85-годзьдзе, — працягвала Валянціна Іванаўна. — Адкуль толькі ні званілі мае вучні! Напрыклад, Сьвятлана Гофман з Ізраіля. Яна нават прыгадала мае словы: “Можна не быць музыкантам, а ў музыцы разьбірацца павінны”. Аляксандр Курыловіч жыве каля Тулы — там ён стварыў беларускі ансамбаль. Успамінаю Віктара Фадзеева, які жыве і працуе ў Якуціі. Мой былы вучань Міхаіл Грыгарчук з ваенным аркестрам з Брэста прыяжджаў у Паставы, і гэта сустрэча была для мяне радаснай. Ёсьць выпускнікі ў ЗША, Англіі.
    Валянціна Іванаўна расказвае пра сваё сёньняшняе жыцьцё-быцьцё. Кожны дзень запоўнены справамі. Атрымлівае пісьмы і піша на іх адказы, ходзіць у раённую бібліятэку і бярэ там кнігі, у тым ліку творы на гістарычную тэму, часопісы, выпісвае “Аргументы и факты”, чытае “СБ. Беларусь сегодня”. Перазвоньваецца з былымі калегамі па музычнай школе, падтрымлівае сувязь з дырэктарам Варапаеўскай школы мастацтваў В. П. Жагулам, наведвае клюб “Натхненьне”. Сустракаецца з сяброўкамі, з адной, напрыклад, любіць пагуляць на сьвежым паветры і пры гэтым дэклямаваць вершы клясыкаў. А яшчэ шые на швейнай машынцы, калі-нікалі бярэ ў рукі гітару. Адным словам, імкнецца кіравацца прынцыпам: “Пакуль бяжыш, пакуль ідзеш і сядзіш — жывеш…”
    Пачула пра многія эпізоды з жыцьця В. І. Трыказенка. “Адчайная”, — зрабіла вывад. А мая суразмоўца пацьвердзіла: “Яшчэ якая!” І ўспомніла, як амаль у 70 гадоў, узяўшы траіх унукаў, махнула ў госьці да брата ў Брацк, каб дзецям паказаць Брацкую ГЭС. І цяпер з такім задавальненьнем разглядвае фотаздымкі. Дарэчы, іх у сямейных альбомах мноства, і ў кожным — гісторыя жыцьця.
    Галіна Пішч
    /Пастаўскі край. Паставы. 29 верасня 2015./