среда, 7 сентября 2016 г.

Уладзімер Крукоўскі. Шчагрынавая скура. Койданава. "Кальвіна". 2016.

                                                             ШАГРЭНЕВАЯ СКУРА
                                                              З нататніка Папялушкі
    Чаму раптам “Шагрэневая скура”? Прыгадаем разам сюжэт славутага рамана францускага клясыка Анарэ дэ Бальзака, каторым зачытвалася ў 30-ых гг. XIX ст. уся адукаваная Эўропа. Малады чалавек, Рафаэль дэ Валянтэн, атрымлівае ад старога багатага антыквара кавалак чароўнай скуры анагра (асла) асаблівай, шагрэневай апрацоўкі. Скура - усходняга паходжаньня. На ёй - пячатка Салямона, г. зн. пяцікутная зорка, і таямнічы надпіс: “Жадай - і жаданьні твае будуць выкананыя. Але сувымярай свае жаданьні са сваім жыцьцём. Яно - тут. Пры кожным тваім жаданьні я буду скарачацца, як твае дні”. Натхнёны першым сказам надпісу бальзакаўскі Рафаэль загуляў на ўсю катушку. Не было распусты, якой бы ён не пакаштаваў, не было подласьці, якую б ён ня зьдзейсьніў, не было паскудзтва, на якое б ён не пайшоў. Расла колькасьць пакрыўджаных ім, скалечаных і зьнявечаных лёсаў і жыцьцяў, а яму – хоць бы што. Толькі... толькі скура на вачах памяншалася, курчылася й ссыхалася.
    Зірніце ўважліва на ўсход. Ужо 73 гады там разгортваецца й набірае тэмпаў бальзакаўскі сюжэт геапалітычнага маштабу. Малады, самаўпэўнены, малаадукаваны й нахабны расейскі “Рафаэль з партбілетам” атрымаў у 1917 г. ад старога, зьнямоглага царызму спадчыну - гіганцкую асьліную скуру памерам 1/6 зямной цьвердзі. Атрымаў фантастычныя багацьці й неабмяжаваныя магчымасьці, велізарную моц і гарантыю непакаранасьці. І загуляў, упэўнены, што хопіць і яму, і дзецям, і ўнукам. IІ не было подласьці й злачынства, ад падману да гвалту й забойства, якога б ён ня зьдзейсьніў напрацягу жыцьця ажно трох пакаленьняў. ГУЛАГ і калектывізацыя, аншлюс Прыбалтыкі, Заходніх Беларусі і Ўкраіны, спойваньне й вынішчэньне малых народаў, гвалт над прыродай і марнаваньне багацьцяў, татальнае зьнішчэньне рэлігіяў, нацыянальных культураў і прымусовая русыфікацыя, няма канца гэтаму злавеснаму сьпісу. Толькі... толькі скура пачала раптам скарачацца.
    Нацыяналізм - вось жупел, якім нас, беларусаў, палохаюць і шантажуюць, правакуюць і тэрарызуюць нашыя суседзі і з усходу, і з захаду напрацягу ўсяго XX ст. І ня толькі суседзі, але і ўласныя выраджэнцы й пярэваратні пры ўладзе. Па сёньняшні дзень на неабсяжных тэрыторыях СНД гэты тэрмін злучае ў сабе й лаянку, і абвінавачаньне, і нават прысуд. У сьвеце ж цывілізаваным - гэта проста сынонім патрыятызму, хай нават з прыстаўкай “звыш” ці “супэр”. І нікому ён там не замінае, ні левым, ні правым, не перашкаджае зьмешаным шлюбам ці вольнаму рынку. Гэта проста форма этнічнай самаіндэтыфікацыі. Нацыяналіст у пабытовым разуменьні - гэта чалавек, які любіць сваю маці больш, чым родную цётку, значна больш, чым суседку й непараўнальна больш, чым выпадковую знаёмую. Радыкал-нацыяналіст - той зусім нікога ня любіць, акрамя маці. Ці ж такі ўжо гэта вялікі грэх або дэфэкт? І вось праз гэтую любоў нашыя дзяды й бацькі, браты й сёстры гінулі ў шматлікіх Курапатах, гнілі ў лягерах, ахвяраваліся й ахвяруюцца здароўем і кар’ерай, шальмуюцца й падлягаюць астракізму, ідуць пад дубінкі й за краты.
    Кожную імпэрыю сьвету напаткаў адзін лёс, адзін канец: і старажытную Рымскую, і Асманскую, і Брытанскую дый усе астатнія. Не пазьбегла гэтага й Расейская, якую бальшавікі, перафарбаваўшы ў чырвоны колер, меркавалі зрабіць сусьветнай (гл. Дэклярацыю 30 сьнежня 1922 г. да ўтварэньня СССР, дзе гаворыцца пра “большой шаг к мировой социалистической советской республике”). Некалькі гадоў таму сумнавядомы заежджы філёзаф В. Акулаў напісаў, што існуюць імпэрыі дрэнныя, накшталт Брытанскай ці Рымскай, і добрыя. (Вы правільна здагадаліся - Расейская). Невядома толькі, што рабіць з хрэстаматыйным акрэсьленьнем “турма народаў” ці “жандар Эўропы”. Працытаваў філёзаф дзеля падтрымкі свайго тэзісу такога самага сумна вядомага Івана Саланевіча, беларуса паводле нараджэньня ды шавініста згодна псыхалёгіі. Той калісьці ў адной са сваіх кніжак сьцьвярджаў, што “на базе Империи Российской никто из русских не заработал ничего. Ни копейки”. Вось так. А як жа тады “богатства России будут прирастать Сибирью”? Яны й прырасталі, а карэннае насельніцтва гінула, вымірала, выганялася нахабным “Рафаэлем” у лясы й тундры, у балаты, у рэзэрвацыі. Пра няшчасных нганасанаў ці ітэльмэнаў, вепсаў ці юкагіраў, каторых на сьвеце засталося пару сотняў, ня кожны чытач нават чуў. А як жа ўральскія самацьветы ды каштоўныя мэталы? На Ўрале ж, як і ў Сыбіры, таксама жыло карэннае насельніцтва да зьяўленьня ўсялякіх “старэйшых братоў”, Дзямідавых ды Строганавых. Можна згадаць і азіяцкую бавоўну, і башкірскую ды каўкаскую нафту, і якуцкае золата, і ўкраінскі вугаль. У XV ст. да Масквы сілаю быў далучаны Ноўгарад і Пскоў, Цьвер і Вятка. У XVI - захопленыя Казанскае, Астраханскае, Сыбірскае ханствы, у ХVІІ - Смаленшчына і Ўкраіна, у XVIII - Беларусь і Літва, Валынь і Крым, Курляндыя й Казахстан. Напачатку XIX ст. такі самы лёс напаткаў Грузію й Фінляндыю, Каралеўства Польскае, Армэнію й Азэрбайджан, “покорён”, нарэшце, Каўказ. Расла, расьцягвалася шагрэневая скура.
    Дарэчы, пара перагледець і устойлівы стэрэатып “старэйшага брата”. Па-першае, ён проста большы памерамі й дужэйшы фізычна. Па-другое, усе славянскія дзяржавы маюць жаночыя ймёны, у адрозьненьні ад азіяцкіх, афрыканскіх ці амэрыканскіх. Заўсёды нашая ўсходняя суседка ўяўлялася мне мажной кабетай, крыклівай, лянівай і неахайнай, аматаркай выпіць чарку й добра пад’есьці, пасьпяваць ды паскакаць. Калі прымеркаваць усходнеславянскай тройцы (Расея, Украіна, Беларусь) клясычныя казачныя сюжэты пра Папялушку, трох сясьцёр ці трох дачок, дык наша доля - якраз доля меншай, сьціплай ды працавітай, і, тым ня менш, зацюканай і абражанай. Але ўспомніце, чым канчаюцца гэтыя сюжэты?
    Дзьвюхгаловая візантыйская пачвара, толькі-толькі вылупіўшыся з маскоўскага яйка, пачала энэргічна падграбаць пад сябе бліжэйшую радню, потым сваякоў, а пад канец і суседзяў. За моры й акіяны не плавала, пустэльні й джунглі не асвойвала. Не ваявала суседка нашая з морам, як галяндцы, за кожны шматок зямлі, не змагалася з пушчамі ды балотамі, як беларусы. Але ня толькі тэрытарыяльна, ня толькі фізычна павялічвалася-прырастала шагрэневая скура. Вось што пісаў расейскі гісторык Бацюшкаў з нагоды захопу Смаленшчыны ў ХVІІ ст.: “Кроме земельных приобретений Россия почерпнула в этой войне и нравственные и умственные силы для своего возрождения привлечением к себе лучших западно-русских деятелей и литературными заимствованиями у белорусов и поляков... положивших начало светской русской литературе, переводной и подражательной”. Бяда й няшчасьце нацыі, калі ёй не давялося ў гістарычным мінулым дастаткова доўга паварыцца ва ўласным этнічным катле. Бо ў выніку ўсяго вышэйзгаданага - экстэнсыўны развой, сьледам - застойныя зьявы, навуковае, культурнае й тэхнічнае адставаньне.
    Не магу не працытаваць куміра расейскіх дый нашых пэнсіянэраў У. Леніна: “Никто не повинен в том, что он родился рабом: но раб, который не только чуждается стремления к своей свободе, но и приукрашает своё рабство (например, называет удушение Польши, Украины и т. д. “защитой отечества” великороссов), - такой раб есть вызывающий законное чувство негодавания, презрения и омерзения холуй и хам”. Вы скажаце, калі тое было? Але расшыфруйма ленінскае “и т. д.”. Гэта й Карэя, і Ўетнам, Вэнгрыя ды Чэхаславаччына, гэта Аўганістан, сапёрныя рыдлёўкі ў Тбілісі, гэта сёньняшняя Чачня. Халуй і хам ня толькі “оправдывает и приукрашает”, ён дзейнічае, жорстка й бязьлітасна. Асьліная скура, тымчасам, курчыцца.
    Маладая дыктарка тэлебачаньня са шкадаваньнем разважае пра страчаныя “исконно-русские земли” на Алясцы. Мітрапаліт Каломенскі й Юр’еўскі пра тое самае: “Мы своё отечество делали с запасцем до самой Аляски”. Правінцыйны расейскі бацюшка спраўляе паніхіду па воінах, “положивших жизнь за отечество в Афганистане”. Галоўны хрысьціянін усяе Русі, як у сярэднявеччы, багаслаўляе войскі на вайну ў Чачні. Што тут можна дадаць? Ізноў рэанімуецца старая імпэрская трыяда: “православие, самодержавие и народность”. У расейска-савецкай гісторыі ідэалёгія клясавай выключнасьці цесна пераплялася зь ідэалёгіяй выключнасьці расавай і веравызнаўчай: найлепшая кляса - пралетарыят, найлепшы ў сьвеце чалавек - праваслаўны рускі. Адсюль - ксэнафобія, як нацыянальная рыса. “Чуркі”, “хахлы”, “бульбашы”, “пшэкі”, цяпер яшчэ й “лица кавказской национальности”, - гэта не саманазовы, гэта - рускія пра нас. Тое, што СССР ляснуўся ў адзін дзень, што Талін і Рыга, Ялта й Сухумі, крымскія ды балтыйскія курорты й пляжы ў адзін дзень зрабіліся замежжам, - прывяло рускіх у стан шоку, ад якога яны ня могуць пазбавіцца ўжо дзесяць гадоў. Аказваецца, іх ня любяць. А яны ж верылі, што нас “навеки сплотила Великая Русь”. Ну, хай там азіяты, мусульмане, іншаверцы – дык жа зьбеглі з магутных абдымкаў хрысьціяне, і, што ўжо зусім незразумела - праваслаўныя (Украіна, Беларусь, Малдова, Грузія). Традыцыйная ксэнафобія, плюс сьвежая крыўда, плюс барбардыроўка абывацельскіх мозгаў расейскімі СМІ, - у выніку татальны імпэрскі сындром, як пандэмія ва ўсіх, ад прыбіральшчыцы да акадэміка.
    Лёгіка падзеяў падказвае, што ў бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі вырвецца зь няволі Каўказ, зьбягуць іншаверцы (татары, башкіры, бураты, хакасы й тувінцы, калмыкі й каракалпакі). Надыйдзе чарод Паволжа, і ўтворыцца вялізная дзюрка на скуры - паволскі анклаў (Татарстан, Башкартастан, Чувашыя, Мардовія, Удмурція. Мары Эл). Потым, хутчэй за ўсё, Якуція-Саха, на зямлі й пад зямлёй каторай столькі незьлічоных багацьцяў, што за іх можна купіць усё, ад ананасаў да атамнай бомбы, і працэс гэты будзе працягвацца, бо ён непазьбежны, як зьмена пораў году, як прылівы й адлівы, як вечны калаўрот зямлі. У ХХІ ст. Расея мусіць скурчыцца да сваіх этнічных памераў, узору 1533 г., і, дай ёй Бог, праіснаваць хоць бы ў такім кшталце “многая лета”. Усё ж такі, радня.
    А што ж бальзакаўскі Рафаэль? Калі ад чароўнай скуры застаўся кавалачак велічынёю з дубовы ліст, ён запанікаваў, зьбег у глухую правінцыю, пасяліўся ў сьціплай сялянскай сям'і й пачаў жыць простым вясковым жыцьцём, кожны дзень са страхам пазіраючы на шагрэневы шматок: колькі яму яшчэ засталося?
    1994 г. - 2000 г.
    Уладзімер Крукоўскі
    /Рунь. Вільня. № 31. 17 сакавіка. 2000./
    P. S. Прагноз яшчэ чакае на зьдзяйсьненьне...

                                                                      ДАВЕДКА

    Уладзімер Якаўлевіч Крукоўскі - нар. 6 сакавіка 1937 г. у м. Асіповічы Бабруйскай акругі БССР, ў сям’і вайсковага будаўніка. Нямецкую акупацыю сям’я перажыла ў в. Залессе Беластоцкай вобл. БССР. Дзяцінства правёў у мястэчку Ружаны Брэсцкай вобл. БССР, дзе навучаўся ў сярэдняй школе, якую скончыў у 1954 г. з залатым мэдалём ды паступіў на архітэктурна-будаўнічы факультэт Беларускага палітэхнічнага інстытуту. У 1972 г. скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага пэдагагічнага інстытуту. Працаваў мастацкім рэдактарам часопісаў “Маладосьць”, “Мастацтва Беларусі”, “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі”, “Спадчына”. Сябра Беларускага саюзу мастакоў (1975) і суполкі “Пагоня”. Ад 1976 г. намесьнік старшыні сэкцыі плякату БСМ, сябра праўленьня, кіраўнік плякатнай сэкцыі, быў актыўным удзельнікам творчага асяродку “На Паддашку”. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў (1998) і Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Адзін з кіраўнікоў “Мартыралёгу Беларусі”, сябра Беларускага народнага фронту з моманту заснаваньня, сябра Сойму БНФ. У 1990 г. кіраваў кампаніяй Зянона Пазьняка на выбарах у Вярхоўны Савет БССР. Аўтар (разам зь Яўгенам Куліком) эталёну дзяржаўнага гербу “Пагоня”, а таксама сьцягу і малой эмблемы БНФ. У 1993 г. адышоў ад актыўнай дзейнасьці ў структурах БНФ. Ад 1998 г. на пэнсіі, жыве ў Бараўлянах пад Мінскам.
    Аўтар кніг на тэму беларускай шляхецкай геральдыкі: “Срэбная страла ў чырвоным полі” (2010), “Сьмеласьць. Годнасьць. Гонар” (2013) ды “З нататніка папялушкі” (2014).
    Нюргустана Айыновіч,
    Койданава.