понедельник, 19 декабря 2016 г.

Элішэва Чаромха. Геоляг Катульскі. Койданава. "Кальвіна". 2016.

    Уладзімер Кліменцевіч Катульскі (Котульский) - нар. 15 ліпеня 1879 г. у павятовым горадзе Беласток Гарадзенскай губэрні Расійскай імпэрыі.
    Ягоны бацька быў начальнікам чыгуначнай станцыі Адэсы, дзе нарадзілася ягоная сястра Алена Кліменцеўна Катульская (1888-1966) расійская, ды савецкая опэрная і камэрная сьпявачка, Ляўрэат Сталінскай прэміі другой ступені (1950 г.), Народная артыстка СССР (1965 г.), прафэсар Маскоўскай кансэрваторыі.
    У 1903 г. Уладзімер Катульскі скончыў Санкт-Пецярбурскі горны інстытут і быў пакліканы ў войска. Пасьля дэмабілізацыі ў 1906 г. заняў пост загадчыка горнымі працамі на Алавэрдзкай рудні ў Эрыванскай губэрні.
    Ад 1907 г. на працягу сямі гадоў Катульскі працаваў памагатым начальніка Ленскай геалягічнай партыі Горнага Дэпартамэнту па абсьледаваньні залатаноснасьці Сыбіры. “Спачатку ў Алёкмінска-Віцімскай (1907)” /Сибирская советская энциклопедия. Т. 2. Новосибирск (Москва). 1931. Стб. 967./, “затым у Баргузінскай (1908/13) залатаносных тайгах”. /Котульский В. К.  Геологические исследования в Витимканском золотоносном районе в 1909 г. Москва-Ленинград. 1932. 93 с./
    Затым Катульскі пачынае выкладчыцкую дзейнасьць у Горным інстытуце (мінэралёгія і пэтраграфія). У 1915 г. ён абраны старшым геолягам Геалягічнага камітэту (з 1921 г. віцэ-дырэктар) і прызначаны старшынёй мэталёвай сэкцыі камітэта.
    Улетку 1916 г., калі “геалягічная” частка Кабінэту яго Імпэратарскай вялікасьці была зьліквідаваная, Катульскі пераяжджае на Алтай. Улетку 1918 г. ён выбіраецца віцэ-дырэктарам часавага Геалягічнага камітэту, які дзейнічаў у Сыбіры пры Ўрадзе Калчака, а ў 1920 г. вяртаецца ў Петраград.
    Пасьля рэарганізацыі Геалягічнага Камітэта ў 1929 г. ў Галоўнае геалягічнае кіраваньне пры Прэзыдыюме Вышэйшай Рады Народнай Гаспадаркі і стварэньні на базе навуковых аддзелаў геалягавыведных інстытутаў па галінах горнай прамысловасьці, Катульскі зрабіўся дырэктарам Геалягавыведнага інстытуту каляровых мэталяў (1929-1930 гг.), які ўваходзіў у склад Геалкаму. Займаўся вывучэньнем радовішчаў Руднага Алтая і Цэнтральнага Казахстану. Удзельнік экспэдыцый у Сыбір, Сярэднюю Азію, Урал і Каўказ.
    У 1930 г. Катульскі абраны загадчыкам катэдрай карысных выкапняў Ленінградзкага горнага інстытуту. 28 кастрычніка 1930 г. ён быў арыштаваны АДПУ па абвінавачваньні “у заніжэньні запасаў мэталю і ў тармажэньні асваеньня радовішчаў” ды быў прысуджаны да расстрэлу, замененага на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Неўзабаве ён быў вызвалены дзякуючы клопатам ягонай сястры Алены Катульскай. У 1931 г. Уладзімер Катульскі адкрыў радовішча сульфідаў на Кольскай паўвысьпе, за што атрымаў Ордэн Леніна.
    19 студзеня 1932 г. Катульскі ізноў быў арыштаваны па арт. 58-7, 58-11 КК РСФСР ды асуджаны на 10 гадоў ППЛ. Быў прыцягнуты да працы ў Адмысловым геалягічным бюро: начальнік Адмысловага геалягічнага бюро ў Мурманску (1932-1933 гг.), кансультант трэста “Апатыт” (Хібінагорск), кансультант трэста “Поўначнікель” (Манчэгорск, 1934-1941 гг). Удзельнічаў у працы XVII МГК (Масква, 1937 г.) пад аховай “сакратара”-канваіра ў цывільным. Неўзабаве пасьля гэтага быў вызвалены з дазволам пражываць у “мінусавай” зоне (акрамя буйных гарадоў).
    Ягоны сын Аляксандр Уладзімеравіч Катульскі (1921 г. нар.), савецкі паэт, загінуў у 1941 г. пад Ленінградам.
    10 жніўня 1941 г. Уладзімер Катульскі прыбыў у Нарыльск, дзе быў прызначаны старэйшым геолягам геалягічнага аддзелу Нарыльскага горнапрамысловага камбіната (1941-1944 гг.). За працу па Манчэгорскаму і Нарыльскаму радовішчам быў узнагароджаны ў 1943 г. ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцяга. Судзімасьць жа была зьнятая 1 студзеня 1944 г.
Ад 1945 г. Катульскі працуе ў Інстытуце геалёгіі рудных радовішчаў, пэтраграфіі, мінэралёгіі і геахіміі АН СССР. Яму ў 1945 г. была прысуджаная ступень доктара геоляга-мінэралягічных навук (без абароны дысэртацыі).
    12 траўня 1949 г. Катульскі быў арыштаваны па г. зв. “краснаярскай справе”, утрымоўваўся ў Ляфортаўскай турме, абвінавачваўся ў злачынствах, прадугледжаных арт. 58, п. 1-а, 7, 10, 11. Асуджаны Асобай Нарадай пры МДБ СССР 28 кастрычніка 1950 г. да 25 гадоў лягераў.
    24 лютага 1951 г. на этапе з Краснаярску ў Нарыльляг загінуў (забіты крымінальнікам). Па “краснаярскай справе” быў рэабілітаваны 31 сакавіка 1954 г., цалкам жа 31 траўня 1989 г.
    Імем Уладзімера Катульскага названы мінэрал катульскіт ды вуліца ў Нарыльску. У траўні 1977 г. у рамках праграмы “Памяць пра бяспраўе” была ўсталявана мэмарыяльная дошка ў г. Нарыльск (праезд Катульскага, дом 2).

    Літаратура:

*    Котульский Владимир Климентьевич // Сибирская советская энциклопедия. В 4 томах. Т. 2. Новосибирск (Москва). 1931. Стб. 967.
    Котульский Владимир Климентьевич // Биографический словарь деятелей естествознания и техники. Т. 1. Москва. 1958. С. 450.
    Вольфсон Ф. И., Зонтов Н. С.  Памяти профессора Владимира Клементьевича Котульского. // Известия АН СССР. Серия геологическая». № 6. 1969. С. 121-126.
    Нехорошев В. П.  Владимир Климентьевич Котульский // Выдающиеся отечественные геологи. Вып. 19. Очерки по истории геологических знаний. Ленинград. 1978. С. 160-175.
    Котульский Владимир Климентьевич (1879-1951). // Репрессированные геологи. Биографические материалы. Москва — Санкт-Петербург. 1995. С. 94.
    Розен М. Ф. Очерки об исследователях и исследованиях Алтая (XVII – начало XX века). Барнаул 1996. С. 140-141, 143.
    Масан М. С., Яковлева Н. А.  Котульский Владимир Климентьевич. // Энциклопедия Алтайского края. В 2-х томах. Т. II. Барнаул. 1997. С. 191.
    Элішэва Чаромха,
    Койданава