понедельник, 13 февраля 2017 г.

Мінэрва Праскура. Мовавед Шчэрба. Койданава. "Кальвіна". 2017.



    Леў Уладзімеравіч Шчэрба - нар. 20 лютага (3 сакавіка) 1880 г. у павятовым мястэчку Ігумен Менскай губэрні Расійскай імпэрыі.
    Лявук Шчэрба пасьля заканчэньня гімназіі у Кіеве з залатым мэдалём у 1898 г. паступіў на прыродазнаўчы факультэт Кіеўскага ўнівэрсытэта. У 1899 г., пасьля пераезду бацькоў у Пецярбург, перавёўся на гісторыка-філялягічны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэта, які скончыў у 1903 г. з залатым мэдалём.
    У 1906-1908 гг. Шчэрба жыў у Эўропе, дзе вывучаў граматыку, параўнальна-гістарычнае мовазнаўства і фанэтыку ў Ляйпцыгу, Парыжы, Празе, дасьледаваў тасканскія і лужыцкія (у прыватнасьці, мужакоўскі) дыялекты.
    Ад 1909 г. Шчэрба прыват-дацэнт Пецярбурскага ўнівэрсытэта. Таксама выкладаў на Вышэйшых жаночых курсах, у Псыханэўралягічным інстытуце, на курсах для настаўнікаў глуханямых і настаўнікаў замежных моў, чытаў курсы па ўводзінах у мовазнаўства, параўнальнай граматыцы, фанэтыцы, рускай і стараславянскай моваў, латыні, старажытнагрэцкай, выкладаў вымаўленьне францускай, ангельскай ды нямецкай моваў. Стварыў у Пецярбурскім унівэрсытэце лябараторыю экспэрымэнтальнай фанэтыкі. У 1912 г. абараніў магістэрскую дысэртацыю, а ў 1915 г. доктарскую. Ад 1916 г. прафэсар катэдры параўнальнага мовазнаўства Петраградзкага ўнівэрсытэта.
     Ад 1924 г. Шчэрба чалец-карэспандэнт Расійскай акадэміі навук, ганаровы чалец Міжнароднай асацыяцыі фанэтыстаў.

    У 1917 г. якут Сямён Ноўгарадаў стварае новы якуцкі альфабэт на базе лацінкі, які афіцыйна быў прыняты ўрадам Якуцкай ЯАССР у 1924 г. і з некаторымі зьменамі дзейнічаў да канца 30-х гадоў. Задаўшыся мэтай стварыць новую нацыянальную пісьменнасьць Ноўгарадаў паклаў у яе аснову міжнародную фанэтычную транскрыпцыю “сыстэмы прафэсара Пасі, часткова перапрацаваную прафэсарам Л. Шчрбай”, бо даступнасьць, і дасканаласьць гэтай транскрыпцыі выгодна адрозьнівалі яе ад усіх іншых. Ноўгарадаўскі альфабэт утрымоўваў 33 літары, якія азначалі ўсе спэцыфічныя гукі якуцкай мовы. Замест надрадковых знакаў для перадачы доўгіх галосных і зычных, як гэта было прынятае ў Эдуарда Пякарскага, якуцкі лінгвіст выкарыстоўваў знак двукроп’я.
    У Ленінградзкім унівэрсытэце Леў Шчэрба выкладаў да 1941 г. Затым жыў у Маскве. Ад 1943 г. акадэмік АН СССР. 21 лютага 1944 г. узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцяга.
    Памёр 26 сьнежня 1944 г. і пахаваны на Ваганькаўскіх могілках.
    Літаратура:
    Коркина Е., Дмитриев С.  Первый якутский лингвист. // Новгородов С. А. Первые шаги якутской письменности. Статьи и письма. Москва. 1977. С. 8.
    Зиндер Л. Р., Маслов Ю. С.  Л. В. Щерба — лингвист-теоретик и педагог. Ленинград. 1982. 104 с.
    Лингвист Семен Андреевич Новгородов. Хаартыскалар, докумуоннар, ыстатыйалар. Дьокуускай. 2007. С. 119.
    Мінэрва  Праскура,
    Койданава