суббота, 22 апреля 2017 г.

Алесь Карлюкевіч, Алесь Марціновіч. Рэспубліка Саха (Якуція). Койданава. "Кальвіна". 2017..


                   Алесь  Карлюкевіч

                    Алесь  Марціновіч



                                                            ШЛЯХ ДА БЕЛАРУСІ
    Кніга пра беларускія адрасы ў Расіі, пра лёсы ўраджэнцаў Беларусі ў Расійскай Фэдэрацыі носіць дастаткова цікавы характар. Па-першае, яна зьяўляецца адлюстраваньнем тых стасункаў, што гістарычна, праз стагодзьдзі склаліся паміж Расіяй і Беларусьсю. Па-другое, на старонках калектыўнага зборніка, які падрыхтаваны ў «Выдавецкім доме «Звязда», выкладзены характар, істотная важкасьць той ролі, якую заўжды Расія, Расійская Фэдэрацыя, вялікія гарады, вялікія расійскія прасторы адыгрывалі для прадстаўнікоў розных куточкаў славянскіх і не толькі славянскіх земляў. У Маскву і Санкт-Пецярбург, у Казань і Екацярынбург, ды таксама і ў іншыя гарады ехалі за адукацыяй, шукалі там сябе, імкнуліся да зьдзяйсьненьня сваіх мар у авалоданьні складанымі спэцыяльнасьцямі, мастацкім майстэрствам.
    Можна толькі падзівіцца, колькі артыстаў, мастакоў, пісьменьнікаў, вучоных адбылося, сфарміравалася з ліку беларусаў, ураджэнцаў Беларусі ў Расіі. Канешне ж, аўтары зборніка расказалі толькі пра некаторых з іх. Геаграфія такіх лёсаў шырокая і шматабсяжная. Спадзяюся, што кніга, якую вы зараз трымаеце ў руках, паспрыяе іншым пошукам, іншым расповедам.
    Мяркую, што выданьне падштурхне да падобнага кшталту дасьледчыцкай, гісторыка-краязнаўчай работы і саміх прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Расіі. Яны ж ведаюць на месцах — у Татарстане, Башкартастане, Якуціі, ва Ўладзівастоку і Хабараўску, іншых мясьцінах бяскрайняй Расіі — хто з беларусаў, у якім часе засьведчыў сябе на прамысловасьці і ў навуцы, у адукацыі і культуры таго ці іншага рэгіёна. І пра такіх нашых суродзічаў трэба найперш расказваць. Ужо нават дзеля таго, каб паказаць, якія годныя, вартыя сваёй Айчыны нашы землякі.
    Выдатна, што беларускія міністэрствы замежных спраў і інфармацыі падтрымалі праект па пашырэньні ведаў пра беларуска-расійскія лёсы нашых землякоў Веру, што ў гэтай кнігі будзе працяг!
    Не магу некалькі слоў не сказаць пра тое, што ў сваёй заўсёднай рабоце “Выдавецкі дом «Звязда»” грунтоўна ўмацоўвае беларуска-расійскія гуманітарныя сувязі. Як прыклад — і выданьне кніг-альманахаў з аднолькавай, сэрыйнай назвай “Сугучча”. Пад вокладкай гэтых зборнікаў былі прадстаўлены лепшыя пісьменьніцкія сілы Расіі. У “Звяздзе” як сумесны праект з Асамблеяй народаў Расіі заснавана сэрыя кніг “Сябрына: паэзія народаў Расіі”. Выйшаў першы зборнік вершаў — “Ранішні вецер у акне” народнага пісьменьніка Удмурціі Вячаслава Ар-Сяргі. А ў сэрыі “Сяброўства без межаў” пабачыла сьвет кніга для дзяцей народнага паэта Татарстана Роберта Мінуліна. “Звязда” выдала кнігі расійскіх пісьменьнікаў Яўгенія Еўтушэнкі, Валянціна Распуціна, Аляксандра Чарняка, Валерыя Казакова, Любові Турбіной, Алеся Кажадуба, Барыса Косціна. Па сённяшнім часе такая руплівасьць, такая ўвага да брацкай Расіі, яе культуры і літаратуры дарагога вартая.
    Сяргей Кандыбовіч,
    старшыня ФНКА беларусаў Расіі,
    доктар псыхалягічных навук,
    член-карэспандэнт Расійскай акадэміі адукацыі
    (г, Масква, Расійская Фэдэрацыя)
    [С. 3-4.]


    [Адзначым, што назвы “Рэспубліка Саха-Якуція” не існуе а ёсьць Рэспубліка Саха (Якуція): Республика Саха (Якутия) (якут. Саха Өрөспүүбүлүкэтэ, Саха Сирэ; коратка: Якутия) – суб’ект Расійскай Фэдэрацыі, рэспубліка ў яе складзе. Утворана 27 красавіка 1922 г. як Якуцкая АССР у складзе РСФСР. 27 верасьня 1990 г. Вярхоўная Рада Якуцкай АССР абвясьціў пра пераўтварэньне аўтаноміі ў Якуцкую-Саха Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку. У 1991 г. Якуцкая-Саха ССР атрымала сваю сучасную назву - Рэспубліка Саха (Якуція).]


    Алесь Карлюкевіч
                                                  ЗЯМЛЯК-ЛІТАРАТАР З ЯКУЦІІ
    У бібліяграфічным даведніку “Писатели Восточной Сибири”, выдадзеным у Іркуцку ў 1973 г., ёсьць пазнака пра публікацыю “Апавяданьняў пра Айунскага” ў шостым нумары “Хотугу Сулус” (“Палярнай зоркі”) за 1960 г. Аўтар — В. В. Бялыніцкі-Біруля. Ніякага няма сумневу, што прозьвішча наша, беларускае. Але ж хто ён — беларускі сябар пачынальніка сучаснай якуцкай літаратуры?..
    Вядома ж, не Вітольд Каятанавіч, славуты мастак. А мо... Памяць ліхаманкава згадвае нарыс з кнігі В. Грыцкевіча “Ад Нёмана да берагоў Ціхага акіяна”. Героі таго ўнікальнага тома — ураджэнцы Беларусі, якія пракладалі новыя маршруты ў Сыбіры і на Далёкім Усходзе.
    Адгарнуўшы вокладку, знаходзім і патрэбны расповед: у нарысе “За ружовай чайкай” гісторык і краязнаўца знаёміць з заолягам Аляксеем Андрэевічам Бялыніцкім-Бірулем. Гады жыцьця — 1864-1937. Але ж у Сыбіры ён быў толькі ў час палярнай экспэдыцыі. Улетку 1902 г. на востраве Новая Сыбір, на поўнач ад Якуціі, вывучаў незвычайную птушку — ружовую чайку. Прытым іншыя ініцыялы ў героя нарыса В. Грыцкевіча, і ніводным словам дасьледчык не згадвае пра сустрэчы Бялыніцкага-Бірулі з Айунскім. А меў бы месца такі факт, дык наўрад ці абышоў бы яго ўвагай пільны біёграф многіх нашых землякоў. Зрэшты, Платон Айунскі і нарадзіўся толькі ў 1893 г. Словам, заоляг Бялыніцкі-Біруля тут ні пры чым.
    Відаць, што адгадкі адносна В. В. Бялыніцкага-Бірулі трэба шукаць найперш у Якуціі. І аказваецца, што некаторая інфармацыя пра нашага земляка-літаратара ляжыць, па сутнасьці, на паверхні. У тым жа часопісе “Хотугу Сулус” яшчэ ў 1960 г. (у шостым нумары) быў надрукаваны артыкул Л. Габышава “В. В. Бялыніцкі-Біруля”. Тут і здымак сталага веку чалавека ў акулярах, з доўгімі шляхецкімі вусамі. Пасьля кароткай біяграфічнай нататкі — публікацыя апавяданьняў, абразкоў нашага земляка ў перакладзе на якуцкую мову.
    “На фотаздымку з мэтрыкі вы бачыце дзевяностагадовага чалавека. Цяпер ён жыве ў заходняй частцы горада Якуцка ля возера Сайсар”, — піша Л. Габышаў.
    З гэтай крыніцы, а таксама з іншых публікацый-сьведчаньняў склаўся некаторы партрэт літаратара-прыродазнаўцы Вячаслава Вікенцьевіча Бялыніцкага-Бірулі. Бацькі яго — з Беларусі. Тут, у Беларусі, у сям’і палкоўніка царскай арміі ды настаўніцы францускай мовы і нарадзіўся Слава. Як сьведчаць якуцкія аўтары, прыблізна ў 1869 г. Бацька будучага літаратара ўдзельнічаў у Руска-турэцкай вайне. Разам з бацькамі юны Слава пераехаў ва Ўсходнюю Сыбір, якая і стала любімай старонкай у жыцьці Бялыніцкага-Бірулі на доўгія дзесяцігодзьдзі.
    Адукацыю атрымаў у Іркуцку. А працоўная біяграфія пачалася ў Верхаленску. Там Вячаслаў заняў пасаду бугальтара казначэйства.
    На пачатак стагодзьдзя прыпадаюць і першыя сур’ёзныя крокі Бялыніцкага-Бірулі на літаратурнай і журналісцкай ніве. Малады бугальтар шле свае допісы ў мясцовыя пэрыядычныя выданьні — “Восточное обозрение”, “Сибирь”, “Иркутскнй вестник”, “Гу-бернские ведомости”. Вячаслаў не замыкаўся ў дамку, складзеным з адных лічбаў. Пісаў пра сацыяльнае становішча простага люду. Зараз мо каму не падабаецца такая характарыстыка публіцыстычнага запалу Бялыніцкага-Бірулі, але навошта выкідваць добрае слова з песьні: малады чалавек бараніў рабочых, паляўнічых, пісаў вострыя карэспандэнцыі, фэльетоны. Не раз мясцовыя ўлады спрабавалі прыцягнуць руплівага карэспандэнта да адказнасьці.
    У Верхаленску Вячаслаў Вікенцьевіч пазнаёміўся з палітычнымі ссыльнымі. Двум з іх дапамог уцячы на Захад. Вось як пра гэта ўспамінае сам Бялыніцкі-Біруля: “Аказаў дапамогу ва ўцёках... двум ссыльным. Калі б пра гэта даведаліся, мяне б забілі...”
    Цікава, што 8 лютага 1880 г. у Іркуцку адбыліся яшчэ адны ўцёкі з удзелам Бялыніцкага-Бірулі. Нашаму земляку-літаратару было тады ўсяго толькі дзесяць-адзінаццаць гадоў... І размова — пра чалавека з яго прозьвішчам... А згадваюцца тыя ўцёкі ў працы С. Ф. Коваля “Польскія ссыльныя і нарадавольскія арганізацыі ва Ўсходняй Сыбіры ў 1879-1882 гадах”. Вось што піша дасьледчык: “...па справе аб уцёках з Іркуцкага турэмнага замка ў ноч на 8 лютага 1880 г. дзевяці нарадавольцаў (I. Калашэнка, Г. Беразнюк, I. Цішчанка, А. Калюжны, П. Позен, Г. Іванчанка, названы «невядомым, параненым у галаву» пры затрыманьні) сьледзтвам было ўстаноўлена, што да ўцёкаў мае адносіны толькі група арыштаваных нарадавольцаў (каля дзесяці чалавек, у іх ліку тры палякі — М. Чачкоўскі, Л. Чарнеўскі і I. Шчапаньскі), а таксама «хавальнік» — палітычны ссыльны А. Лукашэвіч, тэрміновы арыштант — немец Ч. Ф. Лейхнер (быў прыслугаю ў наглядчыка турмы Селіванава і падрыхтаваў уцёкі праз кладоўкі памяшканьня, дзе жыў наглядчык) ды наглядчык шпіталя Бялыніцкі-Біруля, які дастаўляў з цырульні Фрэйнберга «накладныя бароды» для ўцекачоў”. Як бачым, яшчэ адзін наш зямляк з роду Бялыніцкіх-Біруляў паўстае з невядомасьці. Таксама пакуль што загадка...
    Але ж вернемся да лёсу Вячаслава Вікенцьевіча. Працу бугальтара, рахункавода, літаратурныя і журналісцкія клопаты ён спалучаў з паляваньнем. Сучасьнікі сьведчаць, што Бялыніцкі-Біруля забіў дваццаць мядзьведзяў, паляваў на лася, на вавёрку. Ды забіць зьвера, прыйсьці дахаты са здабычай — хіба ж гэта зьяўлялася самамэтай літаратара?! Наш зямляк сьпяшаўся ў тайгу як улюбёны ў прыроду чалавек. Неабыякава ставіўся Бялыніцкі-Біруля да браканьераў, усяляк змагаўся са злоснымі гвалтаўнікамі прыроды.
    Спакваля Вячаслаў Вікенцьевіч становіцца актыўным карэспандэнтам цэнтральных расійскіх выданьняў. У першую чаргу — часопісаў “Охота”, “Русская охота”. Яшчэ ў ліпені 1905 г. рэдактар часопіса “Охота” зьвяртаўся да яго з просьбаю: “Вы самы актыўны супрацоўнік, вельмі многа дапамагаеце нам. Апішыце, калі ласка, больш падрабязна таежную паляўнічую гаспадарку”.
    Недзе пасьля 1910 года Бялыніцкі-Біруля перасяліўся ў Якуцк. Займаўся па-ранейшаму фінансавай справай. А ў вольны час карпеў за пісьмовым сталом, хадзіў на паляваньне. Шмат публікацый зьяўляецца ў той час у выданьнях “Ленские волны”, “Якутская окраина”. Вячаслаў Вікенцьевіч з этнаграфічнай дакладнасьцю вымалёўвае якуцкі быт. Сярод іншых твораў прыцягвае ўвагу ляканічны, па-мастацку сьціслы абразок “Сандра”. У цэнтры апавяданьня — малады якуцкі хлопец, якога завуць Сандра. У публікацыі з уласьцівай аўтару дэталізацыяй расказваецца пра няўдалую спробу Сандры ачысьціць суседзкія пасткі. “Узнагародай” за тое, што выцягнуў трох чужых зайцоў, стала Сандру адпушчаная з апошняй пасткі невялікая страла з мэталічным наканечнікам.
    У тым жа 1915 г. “Ленские волны” зьмяшчаюць і невялікае апавяданьне “Чырок”. Нескладаны яго сюжэт — пра барацьбу маладой качкі за сваё жыцьцё. Паранены ўжо, зваліўшыся на зямлю, чырок усё ж перад самым носам паляўнічага вышморгвае ў паветра. Чытаючы прыродазнаўчыя, этнаграфічныя артыкулы В. Бялыніцкага-Бірулі, паступова прыадкрываеш для сябе сьвет якуцкай, сыбірскай прыроды. Многія публікацыі нашага земляка, асабліва апавяданьні, абразкі пра паляўнічую гаспадарку, вандроўкі чалавека са стрэльбай, можна параўнаць з творчасьцю (таксама амаль што невядомай сучаснаму чытачу) беларускага даваеннага пісьменьніка-прыродазнаўцы Міколы Целеша. Тая ж замілаванасьць у расповедах пра лясныя гушчары, той жа клопат пра жывёл і птушак, увага да іх, а зусім не натуралістычнае апісаньне, як здабываюць паляўнічыя свае трафэі. Мо яшчэ так цёпла пісаў, узнаўляў словам уражаньні ад убачанага, падгледзенага ў прыроды выдатны беларускі пісьменьнік Яраслаў Сільвестравіч Пархута. Каб так пісаць, трэба найперш любіць прыроду, жыць у далучанасьці да яе...
    Яшчэ пры жыцьці Вячаслава Вікенцьевіча Бялыніцкага-Бірулі шэраг яго твораў былі перакладзены на якуцкую мову.
    Літаратурны плён Бялыніцкага-Бірулі мог бы быць, безумоўна, шмат багацейшым: усё ж такі пражыў наш зямляк ажно пад сто гадоў. Але ўсе мы — заложнікі свайго часу, пэўных жыцьцёвых абставін. А самае галоўнае — тых палітычных, сацыяльных калізій, што здараюцца са сьветам, краінай, з грамадзтвам, усімі намі без усякай на тое аглядкі з боку інтарэсаў чалавека-адзінкі... Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі, паверыўшы бальшавікам, Бялыніцкі-Біруля становіцца актыўным удзельнікам многіх мерапрыемстваў, што праводзіць маладая Савецкая ўлада. Па прапанове яе кіраўнікоў у Якуціі наш зямляк прымае рашучыя захады па арганізацыі фінансавай справы ў горадзе, у краі. Але неўзабаве адбываецца новы пераварот. Многія якуцкія бальшавікі былі арыштаваны, вывезены за межы краю. В. Бялыніцкі ажно 10 месяцаў утрымліваўся пад хатнім арыштам. У сьнежні 1919 г — чарговая зьмена ўлады, калчакаўшчыну разьбілі. І Бялыніцкі-Біруля — зноў актыўны палітычны, дзяржаўны работнік Савецкай улады. У 1920 г., шчыра верачы Саветам, удзельнічае ў нацыяналізацыі банкаў, канфіскацыі маёмасьці купца Кушнарова. У першым складзе ўрада Якуціі Вячаслава Вікенцьевіча прызначаюць наркамам фінансаў.
    А з пачаткам калектывізацыі, калі сябар яго — Платон Айунскі — быў рэпрэсіраваны, Бялыніцкі-Біруля едзе ў калгасы глухога Алёкмінскага раёна, дапамагае рыхтаваць кадры бугальтараў, арганізоўвае фінансава-рахункавую сыстэму. Маючы за плячыма 70 гадоў, Вячаслаў Вікенцьевіч узначаліў алёкмінскую арцель “Сыбірак”. Ды старыя хваробы ўсё ж далі аб сабе знаць.
    Застаўся адзін клопат — літаратурная праца, грамадзкая работа. Вячаслаў Вікенцьевіч — пастаянны аўтар газэты “Социалистическая Якутия” (дарэчы, пасьля вызваленьня з лягера ў гэтым жа выданьні з рознымі публіцыстычнымі нататкамі выступаў і беларускі паэт Сяргей Міхайлавіч Новік-Пяюн).
    Вось тое, што нам удалося адкрыць...
    [С. 309-312.]

    Алесь Карлюкевіч
                                       ЯКУЦІЯ — ПРЫТУЛАК БЕЛАРУСКАГА ПАЭТА
    Якуція, прыіск Нэлькан, 27 мэтраў пад зямлёй, лягер НКУС, лягпункт № 3... І гэта — таксама “беларускі адрас”... Гартаю кнігу вершаў Сяргея Міхайлавіча Новіка-Пеюна “Песні з-за кратаў”. І пад многімі з твораў — такая вось падказка з дакладнай “геаграфічнай” прывязкай. Часам ёсьць удакладненьні: “...пасёлак Нэлькан... лягпункт № 4, шахта № 27...» Альбо — адрас з іншымі “адхіленьнямі”. Яно і зразумела: не адзін год быў “вязьнем Якуціі” Сяргей Міхайлавіч Новік-Пяюн... Чытаю яго верш з 1946 г., верш “Беларуская мова мая”:
                                                      У садку ля маёй роднай хаты,
                                                      Што ўпрыгожыў квітнеючы май,
                                                      Беларускія хлопцы й дзяўчаты
                                                      Крыўскай песьняй свой славілі край.

                                                      З роднай мовай на вуснах змагаўся,
                                                      Каб свабоднай была Беларусь,
                                                      І загінуў на пляцы лукішскім
                                                      Наш герой Каліноўскі Кастусь.

                                                      Ў беларускай мове дзяржаўнай
                                                      Літоўскі Статут — наш закон —
                                                      Сваім коштам у Вільні слаўнай
                                                      Выдаў канцлер Сапега Лявон.

                                                      Мужнай працай праславіў Краіну,
                                                      Свае кнігі пакінуў нам ў дар
                                                      Слаўны доктар Францішак Скарына —
                                                      Першы наш беларускі друкар.

                                                      Роднай мовай сваёй ганаруся,
                                                      Гэта скарб наш навекі адзін,
                                                      І ніколі яе не зракуся —
                                                      Беларусі адданы я сын.
    Біяграфія заходнебеларускага паэта Сяргея Міхайлавіча Новіка-Пеюна (1906-1994) сёньня, у прынцыпе, добра вядомая. Артыкулы пра аўтара некалі папулярнай песьні “Зорачкі” (пасьля Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Шырма апублікаваў яе як народную) зьмешчаны ў “Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі”, “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”, “Беларускай Энцыклапедыі”, энцыкляпэдычным біябібліяграфічным слоўніку “Беларускія пісьменьнікі”. Аўтары — Генадзь Каханоўскі, Любоў Гарэлік, Янка Саламевіч. Зразумела, на кожным з тэкстаў — пячатка свайго часу. Шмат значыў ужо сам факт уключэньня біяграфіі “беларускага савецкага паэта” ў “ЭЛіМБел” у 1987 г. (а здалі ў набор чацьвёрты том 28 лістапада 1985 г., слоўнік жа энцыкляпэдыі складаўся шмат раней). Тады пэрсаналія ўмясьцілася ў чатырнаццаць радкоў. І ні слова — пра шматгадовыя лягерныя, астрожныя пакуты Сяргея Міхайлавіча, пра якія мы зараз толькі што нагадалі цытаваньнем верша... У іншых жа тэкстах — ужо праўдзівы жыцьцяпіс...
    Асабіста я “адкрыў” паэта Сяргея Новіка-Пяюна па кнізе “Заўсёды з песняй” (Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1984). Пра яе і напісаў невялікую рэцэнзію і надрукаваў у шматтыражцы Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча “Политработник” — 27 кастрычніка 1984 г. Матэрыял прайшоў у друк без усякіх праблем. Пісаў жа пра кнігу вязьня Калдычэўскага фашысцкага канцлягера, пра вершы, якія беларускі паэт стварыў у гітлераўскім палоне. А тое, што Сяргей Міхайлавіч быў яшчэ вязьнем і ГУЛАГу ў Якуціі, у Львове ж і ведаць ніхто не ведаў. Як не ведаў, дарэчы, і я сам...
    Праз некаторы час, знайшоўшы адрас аўтара кнігі, адправіў паэту ліст і газэту з публікацыяй.
    19 мая 1985 г. Сяргей Міхайлавіч напісаў у адказ: “Добры дзень, глыбокапаважаны Аляксандр Мікалаевіч! Ад усяго сэрца дзякую Вам за ліст ад 16. 04. 1985 года і газэту “Политработник” № 28 (1117) за 27. Х. 1984 года з Вашай рэцэнзіяй на маю кнігу “Заўсёды з песняй” П. Н. “Беспрецедентная лирика”.
    Мне цікава ведаць: ці Вы “заўважылі” маю кнігу ў Львоўскай кнігарні? Бо ў кнігарнях Мінска яе не было, далі толькі ў раённыя і абласныя кнігарні БССР...
    Не, кнігу я набыў у Беларусі. Хутчэй за ўсё — у кнігарні ў Мар’інай Горцы. Набыў тады і новы зборнік вершаў Рыгора Барадуліна на рускай мове — “Каждый четвертый”. Памятаючы са школьнага чытаньня іншыя яго кнігі — “Рум”, “Баладу Брэсцкай крэпасці”, “Суровую вымову”, па-руску адкрываў паэзію Рыгора Барадуліна наноў. Тым больш, што пераклады былі зробленыя любімым мною Ігарам Шклярэўскім (і яго “Неназванную силу”, дарэчы, я доўга вазіў за сабою ў курсанцкім чамадане. А пасьля — і яго, Шклярэўскага, пераклад “Слова пра паход Ігаравы”). Пра зборнік Рыгора Іванавіча таксама напісаў у нашу шматтыражку.
    ... Чытаю з ліста Сяргея Міхайлавіча і як быццам вяртаюся ў Львоў, узгадваю тую “львоўскую” зацікаўленасьць родным беларускім словам. “Пішу я ад 1921 года, друкуюся з 1926 года. Аб маім жыцьцяпісу вы часткова ведаеце з прадмовы да кнігі Алега Лойкі — майго “падшэфнага” юнага паэта, які быў вучнем 3-га кляса, калі ягоная маці прывяла ўпершыню да мяне. Алег называе мяне сваім “першым настаўнікам на літаратурнай сьцежцы”. Пра ўсё Алег не напісаў, бо на гэта спатрэбілася б шмат часу і... паперы.
    Вас цікавіць, як пісалася ўсё сабранае ў кніжку. Мушу Вас папярэдзіць, што кніга мая была задумана паэтамі Уладзімірам Паўлавым і Алегам Лойкам не гэткай брашуркай, а зусім іншай. Для кнігі я даў 111 вершаў, 21 песьню — тэксты і ноты (мае), 21 фотакопію маіх карцін (чорна-белыя і каляровыя), п’есу “Ёлка Дзеда Мароза”, 2 апавяданьні — “Андрэйка” і “Цішка”. (Прыкладаю да гэтага лісту выпіску з тэматычнага пляна выдавецтва “Мастацкая літаратура” 1984 года, з чаго Вы даведаецеся, што кніга мелася быць на 6 аркушах, а не на 1,5, і ў цьвёрдай вокладцы. Найбольш цікавыя мае вершы не былі ўключаны ў кнігу. Бачыце, якую брашурку зрабілі...
    Забягаючы наперад, нагадаю, што ў Сяргея Міхайлавіча была выдадзена яшчэ адна кніга «дарослай» паэзіі — “Песні з-за кратаў”. У 1993 г. у “Мастацкай літаратуры”. У гэты зборнік увайшло 78 твораў: вершы, песні, паэма “Цярністы шлях”. Якраз ужо адтуль і цытаваў я “якуцкі” верш Новіка-Пеюна.
    “...Вас цікавіць пытаньне: “Як, як пісалася ўсё сабранае ў кнігу?” — піша далей Сяргей Міхайлавіч. — Мушу Вам паведаміць, што стваралася і “запісвалася” ў памяці, бо ў астрозе, у адзіночцы, у лягеры сьмерці Калдычэва я не меў ні паперы, ні алавіка. Усё ствараў “у галаве” і “запісваў” у памяці. І толькі пасьля вызваленьня мяне падчас расстрэлу <...> я ўсё створанае ў няволі запісваў на паперы. Усе свае вершы і песьні, пачынаючы ад 1921 года, я ведаю напамяць. Маю рукапісную кнігу сваіх песень — тэксты і музыку. Чакаючы выкананьня прысуду гітлераўцаў — расстрэлу, у адзіночцы з 14 па 25 мая 1944 года (з серады на чацьвер), я стварыў і “запісаў” у памяці 4 (чатыры) песьні: 1) “Мама, матуля мая” — 44 (сорак чатыры куплеты), 2) Раманс “Белы снег” — 5 (пяць) куплетаў, 3) “Краскі” — 3 куплеты, 4) “Я так цябе люблю” — 3 куплеты. Гэта за адну ноч. Шчыра прызнаюся: я і сам не ведаю, як гэта ўсё “трымаецца” ў маёй памяці. Можа таму, што я ніколі не падаю духам. Нават у лягеры сьмерці да мяне зьвярталіся сябры нядолі на розных мовах: “Што рабіць?” — Я адказваў: “Што рабіць, не ведаю, але ведаю, чаго не рабіць! Не быць баранамі! Павядуць на расстрэл, бегчы, ану ж куля-дура міне!» І ўсе, хто мяне паслухаў, пабеглі і выратаваліся, толькі я сам быў паранены. Дзякуючы партызанам быў выратаваны.
    Чытаючы ў Вашай рэцэнзіі радкі: “...в 1944 году из-под пера выходит «Острожная песня»...” Зараз Вы ведаеце, што ніякага “пера” я не меў. Маю напісанага шмат матэрыялу, мабыць кніг на 20 (дваццаць), але дачакацца іх надрукаваньня вельмі цяжка. У выдавецтве “Юнацтва” рыхтуецца мая кніга “Зорачкі ясныя”, якая заплянавана на 1986 год. Здаў у тое ж выдавецтва трэцюю кнігу. 27 жніўня 1986 года мне споўніцца 80 гадоў з дня нараджэньня. Я пэнсіянэр, маю 72 рублі пэнсіі. Толькі 4 сьнежня 1984 года мяне прынялі ў Саюз пісьменьнікаў БССР. 22 красавіка 1985 года мне ўручылі членскі білет Саюза пісьменьнікаў СССР.
    Я быў бы вельмі рады сустрэцца з Вамі і асабіста мог бы Вам расказаць аб сабе. Маё жыцьцё вельмі складанае, нават Жуль Вэрн не прыдумаў бы нешта падобнае. Паўтараю: А. Лойка ў прадмове да маёй кнігі шмат чаго не дагаварыў аб маім жыцьці...”
    Тады, зразумела, — і калі пісаў пра кнігу, і калі чытаў ліст, — я нічога не ведаў пра біяграфію Сяргея Новіка-Пяюна “па-за межамі” Вялікай Айчыннай. Ці ведаў надзвычай мала ў сувязі з 1920-мі гадамі. Ды і Сяргей Міхайлавіч не сьпяшаўся расказваць. Ужо пазьней, з наступных лістоў, а пасьля і пры першай сустрэчы ў ліпені 1985 г. сёе-тое стала мне зразумелым. Хаця і ўявіць гэта таксама сьпярша было не так проста. І пра высылку ў 1926-1931 гг., наступны арышт па вяртаньні і высылку ў Слонім. А быў жа арышт і ў 1939-м, перад самым вызваленьнем Заходняй Беларусі. І тым больш — пра арышт у сьнежні 1944 г., калі, здавалася, увесь цяжар выпрабаваньняў павінен застацца ззаду. Ды не, так толькі здавалася. А ў Новіка-Пяюна за арыштам — яшчэ 14 лягерных гадоў на Калыме. Рэабілітацыя прыйшла толькі ў 1958-м...
    З ліста паэта: “Я Вам шчыра ўдзячны, дарагі Алесь Мікалаевіч, за Вашу рэцэнзію, тым больш, што ні “Полымя”, ні “Маладосць”, ні “Літаратура і мастацтва” не адгукнуліся...
    Пасылаю да Вас часопіс “Беларусь” № 4 за красавік 1985 года, у якім зьмешчаны мой нарыс аб гісторыі песьні “Што за хлопец, што за дзяўчынка?”.
    Яшчэ хачу Вам сказаць, што жыву я адзін, бо мая сям’я зьнішчана гітлераўцамі ў лягеры сьмерці Калдычэва.
    А ў парадку “сьмяшынак” напішу: піянэры-цімураўцы 60-е школы горада Мінска на маіх дзьвярах намалявалі чырвоную зорку, і больш я іх не бачыў... Адным словам — “узялі шэфства нада мной”.
    ...Даруйце, калі ласка, за “друкарскую памылку”. Зычу Вам добрага здароўя і ўсяго найлепшага.
    З сардэчным прывітаньнем, глыбокай пашанай і ўдзячнасьцю
    Сяргей Новік-Пяюн”.
    “Заўсёды з песняй” — не проста зборнік. Пры ўсіх момантах, якія і акрэсьліў у сваім лісьце Сяргей Міхайлавіч, кніга і для яго была падзеяй. А як жа іначай?! Уявіце сабе, што папярэдняя яго кніга выйшла ў 1939 г. — п’еса “Прадка пад крыжам” (Вільня). Яшчэ тры п’есы выйшлі асобнымі выданьнямі ў 1927 г. Таму і важныя былі для Новіка-Пеюна водгукі чытачоў, крытыкі. Максім Танк, атрымаўшы ад аўтара “Зорачак” апошнюю яго кнігу — “Песні з-за кратаў”, пісаў Сяргею Міхайлавічу 12 верасьня 1993 г.: “...Вершы напісаны шчыра і проста, без ніякіх модных выкрутасаў. І ў гэтым — іх грамадзкая і мастацкая вартасьць. Яны не выветрываюцца, як пух, з памяці, і да іх мы часта вяртаемся ў трывожныя хвіліны жыцьця, можа, таму, каб сказаць сабе: “Бачыш, праз якое пекла прайшлі наш народ і яго паэт і — не здаліся...” Шмат хто ўсё ж адгукнуўся і на кнігу “Заўсёды з песняй”: лістамі, паштоўкамі, тэлефоннымі званкамі, самымі добрымі словамі...
    [С. 312-316.]

    Алесь Карлюкевіч
                                         БЕЛАРУСКІ АДРАДЖЭНЕЦ З... ЯКУЦКА
    Так, сухая статыстыка сьцьвярджае, што кожны трэці беларус — за межамі сваёй Айчыны. У Расіі, ва Ўкраіне, у Казахстане, у Амэрыцы, у Польшчы... І, канешне ж, паўсюдна — ва ўмовах, што не спрыяюць фарміраваньню выразна беларускага творцы. Добра, калі яшчэ ёсьць адпаведны асяродак. Як, прыкладам, на Беласточчыне. Як у суседняй, калісьці роднай, Вільні. А калі не?.. Дык, можа, тады Беларусь-Айчына паклапоціцца, задумаецца пра дзіця сваё, якому лёсам і Богам наканавана марнець у чужой старане?.. Ёсьць пра каго клапаціцца... Толькі ў Расійскай Фэдэрацыі — і многія імёны мы ўжо ўзгадалі — літаральна дзесяткі пісьменьнікаў — ураджэнцаў Беларусі. Хтосьці так і пайшоў з жыцьця, не дачакаўшыся прызнаньня ў Беларусі. Як, напрыклад, Ніна Жыбрык — руская дзіцячая паэтэса з Марый Эл. Як, напрыклад, і Іван Ласкоў... Хаця часам яго кнігі выходзілі і ў Мінску. Да лепей жа пра ўсё па парадку...
    ...28 чэрвеня 1994 г. памёр у Якуцку беларускі пісьменьнік, гісторык-самавук, паэт-філёзаф Іван Ласкоў. У халодным і далёкім Якуцку ён быў як бы кавалачкам, часьцінкай Беларусі, летнімі сонечнымі праменьчыкамі саграваў кожнага беларуса, песьціў, дбайна захоўваў, рупліва апекаваў кожную згадку пра нашу родную Беларусь.
    Сам Іван Антонавіч Ласкоў расказваў, што сапраўднае ягонае прозьвішча — Ласкавы. Але (пісаць вершы ён пачаў у дзяцінстве) яму было сорамна так падпісваць свае вершы, таму і стаў Ласкоў. А пры атрыманьні пашпарта гэтая акалічнасьць замацавалася. Псэўданім стаў прозьвішчам.
    Так ужо здарылася, што, скончыўшы славуты Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага ў Маскве, на той час сталы ўжо літаратар Іван Ласкоў патрапіў у Якуцію. Прывяла яго на Поўнач жонка — аднакашніца па Літінстытуце, сама пісьменьніца, якуцкі празаік Валянціна Гаўрыльева (вучылася разам са Святланай Басуматравай ды Раісай Баравіковай, якіх успамінала заўсёды з цеплынёй). (На беларускай мове ў 1981 г. выйшла кніжка Сьвятланы Гаўрыльевай “У краіне Уот-Джулістана», пераклад Сяргея Міхальчука.)
    Углядаючыся ў вехі біяграфіі Івана Ласкова, нельга не заўважыць такую акалічнасьць: у Саюз пісьменьнікаў СССР нашага земляка прынялі толькі ў 1973 г. І, калі скасавалі гэты Саюз, ён, мусіць, аўтаматычна ўвайшоў у Саюз пісьменьнікаў Якуціі. І гэта пасьля пяці кніжак паэзіі і прозы (першая пабачыла сьвет у 1966 г. у Мінску). Што схавана за фактам? Патрабавальнасьць мастака слова да сваіх наробкаў? Зьбег акалічнасьцей? Ці што яшчэ... Відаць, не трэба сьпяшацца з адназначным адказам. Але і не сказаць тое, што Іван Ласкоў імкнуўся да пераадольваньня чалавечых слабасьцей, да барацьбы за высакароднае, духоўнае першынство ва ўчынках і дзеях, проста нельга.
    Пачатак творчай дарогі, першыя крокі ў літаратуру зьвязаны ў нашага земляка з рускай паэзіяй. У 1966 г. у Мінску выйшла кніга вершаў Ласкова “Стихия”. Яшчэ праз тры гады — “Белое небо”. Каб чытач зразумеў, што гэта зусім не кніжкі “местачковай” літаратуры па-руску, варта згадаць, дзе, у якім з пэрыядычных выданьняў знайшлося месца і вершам беларускага хлопца — у “Новом мире”. Былі і іншыя публікацыі — у Маскве, Ленінградзе.
    І вось раптоўна (ці так ужо і раптоўна?!) Ласкоў выдае трэцюю ўвогуле і першую кніжку вершаў па-беларуску — “Кружное лета” (пабачыла сьвет у 1973 г.).
    Трымаю гэты зборнік у руках. Чытаю вершы, якія раскрываюць “паўночныя адрасы” ў мастацкай і жыцьцёвай геаграфіі паэта...
                                                      Сярод бяскрайняй тундравай слаты
                                                      Драўляны горад на гары, як варта.
                                                      Плывуць па Обі доўгія плыты,
                                                      Ніводзін не мінае Саляхарда.
                                                      Драўляны горад востраю касой,
                                                      Нібы багром, цаляе ў стрыжань пенны.
                                                      Паўзе у порт магутнай каўбасой
                                                      Па дзьвесьце ў пачку
                                                                                         склізкае бярвеньне.
                                                      Вішчыць тартак,
                                                                                     стукочуць кругляшы.
                                                      Інакшай стравы Саляхард не мае —
                                                      Самшэлы густ драўніннае душы
                                                      Ні каменя, ні цэглы не прымае.
    Сам паэт вось як расказваў пра тагачасную сытуацыю ў адным са сваіх лістоў: “...першая беларуская кніжка вершаў “Кружное лета”. Я на яе не вельмі разьлічваў у прапагандысцкім сэнсе. Яна павінна была прагучаць заклікам да беларусаў павярнуцца тварам да беларускасьці. Усё ж такі я быў не апошні хлопец на вёсцы, выдаў дзьве кнігі на рускай мове, друкаваўся ў Маскве, Ленінградзе. Вяртаньне да роднай мовы павінна было прагучаць. Але гэта разумелі і ворагі беларускасьці. Былі прынятыя меры. На кніжцы ўказалі тыраж 5000. На самай жа справе выпусьцілі 2500. Увесь гэты тыраж быў накіраваны ва ўскраінныя вобласьці Беларусі, г. зн. ва ўсе, апрача Мінскай. У Мінску кніжка не прадавалася — г. зн. там, дзе найболей сьвядомага беларускага чытача. Я. ўжо жыў тады ў Якуцку і нічога пра гэта не ведаў, а мой сябра, якога я прасіў... купіць “Кружное лета” для мяне, проста зьбіўся з ног, шукаючы зборнік. Спэцыяльна езьдзіў у Магілёў і яшчэ некуды...”
    Безумоўна, ледзь заўважанай аказалася кніга і ў пісьменьніцкім асяродзьдзі. Па той простай прычыне, што 90 працэнтаў літаратараў “Кружное лета” і ў вочы не бачылі. Праўда, былі рэцэнзіі з “месцаў”. З Брэста — Алеся Разанава, з Магілёва — Аляксея Пысіна (Пысін, А. У пошуках сябе. / Полымя. № 8. 1974; Разанаў, А. Асэнсоўваючы ўбачанае / Маладосць. № 8. 1974).
    Асобная старонка творчай біяграфіі Івана Ласкова — паэма “Кульга”, двойчы напісаная і двойчы выдадзеная. Па-руску выйшла асобнай кнігай у 1975 г. у Якуцку — “Хромец”. Па-беларуску ўбачыла сьвет таксама асобным выданьнем у 1985 г. Можна толькі здагадвацца, якіх высілкаў каштавала паэту двойчы напісаць адну і тую ж паэму. Перакласьці ўласную паэзію наўрад ці магчыма (задумаў яе пісаць яшчэ ў Дзяржынску Горкаўскай вобласьці. Спэцыяльна езьдзіў дзеля гэтага ў Сярэднюю Азію).
                                                      Ці рэйкі слухаю я, ці кугу —
                                                      Гняце мяне трывога не пустая:
                                                      Са школьнай парты думка пра Кульгу
                                                      З абдымкаў-абцугоў не выпускае.

                                                      О чалавек, забіты ні за грош,
                                                      Ні за свае і ні за продкаў віны, —
                                                      Згніе пятля, пераржавее нож,
                                                      І спрахне той, хто карыстаўся імі.

                                                      Ты ў гэта верыў — воч не апускаў,
                                                      Ды падвяла сьвятая немінучасьць,
                                                      І ты яшчэ мільён разоў упаў —
                                                      І забясьпечыў кату неўміручасьць.
    Так пачынаецца паэма “Кульга”, у якой з усёй суровасьцю і духоўнай непрымірымасьцю аўтар пачынае бітву. І не столькі з ценем Цімура Храмога (Кульгавага) — Тамерлана, колькі з тыранамі і дыктатарамі ўсіх эпох і народаў. Ласкоў ніколі не быў у радах КПСС і заўсёды сьмяяўся з сучасных “пярэваратняў”.
    Не дзіўна, што паэму заўважылі ў першую чаргу антысталіністы. У тым ліку — рускія паэты Анатоль Прэлоўскі, Яўген Еўтушэнка, іншыя пісьменьнікі. Была і такая старэнькая лягерніца — Берта Аляксандраўна Неўская. Васемнаццаць год “адседзела”... Пасьля жыла ў Маскве. Мажліва, з тае прычыны, што “сядзела” ў калымскім лягеры, мела прыхільнасьць да якуцкай літаратуры. Пісала рэцэнзіі на кнігі якутаў, што выходзілі ў Маскве. Прачытаўшы “Хромец”, Берта Аляксандраўна занялася распаўсюджваньнем кнігі сярод сваіх таварышаў па рэпрэсіях. А Сталіна Неўская пачала адразу называць Тамерланам. І яшчэ цікавы момант, заўважаны самім Іванам Ласковым: “У кнізе Валкагонава «Триумф и трагедия» ёсьць ліст аднаго з... масквічоў да Валкагонава, дзе стары піша пра сябе і сваю сям’ю: «Проклятый Тамерлан все истребил, все истоптал». Не магу праверыць, ці гэтае «проклятый Тамерлан» (маецца на ўвазе Сталін) ідзе ад маёй паэмы або ў нас з ім такая роднасьць душ і поглядаў”.
    Іван Ласкоў на прыкладзе Тамерлана раскрыў тыпалёгію тыранства. У кожным разьдзеле ёсьць стрыжань, вакол якога сабраны факты, дэталі, адмеціны, што працуюць на галоўную ідэю. Тамерлан не адзінкавы. Цімур Кульгавы ў шэрагу яму падобных. Былі ж яшчэ Гітлер, Сталін... Тамерлан учыняе ў сваёй дзяржаве адладжаную сыстэму даносаў і рэпрэсій:
                                                      О даносчыкаў племя, сям’я павукоў,
                                                      Будзьце ўсе вы пракляты да скону вякоў!
                                                      Як я жыў у спакоі, бясьпецы, пакуль
                                                      Не прыгнала да нас невядома адкуль
                                                      Гэту чорную зграю начных кажаноў!
                                                      О, каб тыя часы ды вярнуліся зноў!
                                                      Як паставіў хаціну ён побач з маёй,
                                                      Назаўсёды я страціў душэўны спакой.
                                                      Ходзіш голы нібыта ад карку да пят:
                                                      Так і чуеш убіты у плечы пагляд!
                                                                                                (“Баляда пра данос”)
    Наўмысна затрымліваем увагу на паэме Івана Ласкова, у якой, дарэчы, ёсьць і ненадрукаваны разьдзел. Але ж ізноў дадзім слова пісьменьніку (цытаты — з лістоў нашага якуцкага карэспандэнта, якія ён дасылаў аўтару гэтай публікацыі): “...кожны тыран марыць аб вечнай славе і кожнага тырана разьвенчваюць. І ў той самы час у кожнага тырана застаюцца прыхільнікі, што дамагаюцца і праз вякі маральнай рэабілітацыі злачынцы. Адсюль і неагітлерызм, і неатамерланізм, што мае месца ва Ўзбэкістане, і неасталінізм — да яго мы, можа, яшчэ дажывём. І я лічу, што мая паэма яшчэ не раз спатрэбіцца людзям у барацьбе супраць тыранаў”.
    Камусьці словы гэтыя могуць паказацца ў пэўнай ступені ўласнай, задужа самаўпэўненай ацэнкай. Дарэмна. Іван Ласкоў, ведаючы і сабе цану, жыў усё ж галоўным клопатам, думаў пра самае галоўнае — пра тое, чаму так лёгка ў нашым грамадзтве зьнішчаецца чалавек. Чаму недатыкальнай асобай становіцца абездухоўленая пачвара? І, канешне ж, у пошуках адказаў на пытаньне з пытаньняў паэт не мог не разважаць пра Сталіна: “Пісаўшы паэму, я, зразумела, далёка не ўсе ведаў пра Сталіна. Але інтуіцыя не падвяла. На правільную гіпотэзу новыя факты толькі працуюць. Так і з “Кульгой”. Публікацыі апошняга часу робяць супадзеньне Тамерлан — Сталін яшчэ болей уражлівым. Паглядзіце, як Сталін ішоў да абсалютнай улады — праз здраду розным людзям, у тым ліку быццам сябрам, зьнішчыў Фрунзэ, Бухарына, Зіноўева, Каменева і інш. І перачытайце першую трэць маёй паэмы — як Тамерлан ідзе ад здрады да здрады: дзядзька, Хусейн, Абу-Бекр, Кейхасроў.
    Калі я пісаў паэму, мяне трохі бянтэжыла, што Тамерлан — захопнік, а Сталін — абаронца свае дзяржавы (у вайне з Гітлерам). Цяпер я разабраўся і з гэтым... Сталін імкнуўся да вайны, прагнуў яе, але не мог, баючыся свайго галоднага народа, сам пачаць яе. Таму, дэманструючы слабасьць і бесклапотнасьць свае арміі, ён завабліваў маньяка на напад, каб потым, перамогшы яго, стаць найвялікшым ваякам у сьвеце... Мной напісаны пра тое самае новы разьдзел “Кульгі” — “Чэрвень”, які яшчэ не надрукаваны. (Спадзяюся ўключыць яго ў другое выданьне “Кульгі”, калі яно калі-небудзь будзе.) Усё стала на сваё месца. Тамерлан не можа не быць захопнікам, меней за ўсё ён думае пра спакой свайго народа”.
    Нетаропкі, непасьпешлівы да выданьняў Іван Ласкоў усё ж зьяўляецца аўтарам адзінаццаці надрукаваных кніг. У Мінску выдадзены кнігі паэзіі: “Стихия” (1966, на рускай мове), “Белое небо” (1969), “Кружное лета” (1973) і “Кульга” (1985), абедзьве апошнія — па-беларуску, — і тры кніжкі прозы: “Андрэй-Эндэрэй — справядлівы чалавек, або Беларус на полюсе холаду” (1978, маленькая аповесьць), “Чароўны камень” (1983, апавяданьні), “На падводных крылах” (1990, дзьве аповесьці). У Якуцку — паэма “Хромец” (1975), “Ивановы” (1979, апавяданьні), “Пищальники не пищат” (1990, аповесьці). Зборнік апавяданьняў і аповесьцей “Лето циклонов” у аўтарскім перакладзе з беларускай мовы выйшаў у маскоўскім выдавецтве “Советский писатель” (1987). Гэты сьпіс — сьведчаньне пісьменьніцкай сталасьці, праява напружанага рытму, з якім працаваў у літаратуры наш суайчыньнік Іван Ласкоў. У Беларусі ж імя свайго далёкага суродзіча забыліся ўключыць нават у “Энцыклапедыю літаратуры і мастацтва Беларусі”. Што ж ужо тады нечага патрабаваць ад беларускай крытыкі, літаратуразнаўства?!.
    Апошнія гады свайго жыцьця Іван Ласкоў прысьвяціў цікавай, арыгінальнай працы. (“Мая кніга пра беларускую фіна-вугоршчыну ў чарнавіку напісаная. Недзе 700 старонак на машынцы...”) А яшчэ раней Іван Ласкоў пісаў таксама пра гэты клопат: “...у кожнага свая дзялянка. Апошнім часам, напрыклад, я вельмі шмат працую над тым, каб давесьці справядлівасьць свае гіпотэзы, выказанай у артыкуле «Племя пяці родаў» (угра-фінскае паходжаньне летапіснай Літвы). Матэрыялу назапашана ўжо шмат, але праца яшчэ далёка не скончана. Зараз напісаная кніга ад восені 1983 года ляжыць у выдавецтве, але не друкуецца, бо не адпавядае «балцкае» тэорыі паходжаньня беларусаў...”
    Яшчэ адзін клопат нашага суродзіча.
    Іван Ласкоў, нецярплівец сталінізму, дамогся дазволу наведваць архіў КДБ Якуцкай АССР. (Да гэтага часу ён працаваў у Дзяржаўным архіве Якуцкай АССР, дзе выпісваў справы аб паўстанцах 1863-1864 гадоў, сасланых у Якуцкі край. Назапасіў некалькі сшыткаў, каб з цягам часу напісаць кнігу.) У архіве КДБ знаёміўся са справамі рэпрэсіраваных беларусаў. Там жа ён пазнаёміўся і са справай Платона Айунскага (П. Сляпцова). П. Айунскі (айун — “добры дух”) — пачынальнік якуцкай савецкай літаратуры. У 1938 г. ён трапіў пад рэпрэсіўны молат. У 1983 г. на юбілейным вечары ў Маскве, у Доме літаратараў імя А. Фадзеева, прысьвечаным П. Айунскаму, “певцу революции”, Артур Вольскі казаў: “Мне хочется сказать сердечное спасибо славной Москве, которая не только сблизила, но и породнила нас на веки вечные. Где Белоруссия, а где Якутия... Сегодня мы — братья. Сегодня в Белоруссии хорошо знают о славных трудовых свершениях якутского народа, о достижениях его науки, искусства, литературы, ставших частью всеобщей нашей многонациональной советской литературы. В Белоруссии хорошо знают и творчество Платона Ойунского...” (“Слово о Платоне Ойунском”. Якутск, 1985. С. 50).
    Гэтая справа аб пачынальніку якуцкай савецкай літаратуры нарабіла шмат шкоды і І. А. Ласкову...
    Але трохі яшчэ пра аднаго ўдзельніка “драмы I. Ласкова”. Іван Н. Малады, не вельмі разборлівы ў сродках дзеля дасягненьня сваёй мэты. Сам сябе ён вызначыў як “тайны дарадца прэзыдэнта” ў сваёй жа кнізе “Загадка Михаила Николаева” (Якуцк, 1992), напісанай у стылі кімірсэнаўскага ўсхваленьня тагачаснага прэзыдэнта Рэспублікі Саха — Міхаіла Нікалаева, выпускніка Омскага вэтэрынарнага інстытута, і выдадзенай у прыватным выдавецтве.
    Вось некалькі цытат з гэтай кнігі:
    Миллионер Тэцуо Сато принимал в Японии Михаила Николаева. Поскольку господина Сато в Якутнн потчевали, за неимением ничего лучшего, исключительно экзотикой, тот решил поразить воображение гостя не японской экзотикой, а японским комфортом. Но все, даже компьютерные унитазы, оставило Николаева равнодушным. Сато тогда не выдержал, удивился, почему тот не удивляется.
     — А что тут особенного? — усмехнулся Михаил Николаев. — Все это теперь будет у нас через пятнадцать лет”. (Паралель: у часопісе “Илин”, 1993 г., Іван Н. піша пра сябе: “Когда я был в Осаке, в Музее этнологии, коллеги рассказали о результатах их генетических исследований — гены японцев и якутов поразительно близки. Это тоже не удивило меня.)
    Президент дарит квартиры артистам. Президент единолично присуждает государственные премии имени Кулаковского. Президент... Это только внешне похоже на сталинскую диктатуру, но не диктатура. Престиж президентской власти нуждается в таком антураже, это логично.
    Президент усиливает свой аппарат, а его высшие эшелоны ставит фактически вне контроля, кроме своего... Это — тоже логично.
    У Михаила Ефимовича попросили разрешения отправить артистов на международный конкурс. Президент наложил резолюцию: «Послать. Занять первое место. М. Николаев».
    Когда я работал на команду Михаила Николаева в президентских выборах, однажды в ответ на чрезмерный нагоняй я сказал: «Я не верноподданный, я — союзник»”.
    Дык вось, на заканчэньні працы ў архіве кадэбіст загадаў Ласкову паказаць, што ён будзе пісаць, але Іван Антонавіч не паказаў, і больш яго ў архіў не пусьцілі. І. Н. у суаўтарстве з І. Ушніцкім напісаў сумніцельную працу “Центральное дело” (Якуцк, 1990), дзе ўсё не адпавядае гістарычнай праўдзе. На гэта ўказаў Іван Ласкоў. Гэтыя “крутыя” хлопцы з уплывовымі сувязямі пачалі траўлю чалавека: “И. Ласков, в то время заведующий отделом критики журнала «Полярная звезда», полтора месяца изучал в архивах КГБ документы следственного дела П. А. Ойунского. В результате этого исследования появился журнальный вариант статей, посвященных последним месяцам жизни Ойунского. Однако работа не вышла в свет. В срочном порядке была созвана редколлегия, на которую, вопреки всем этическим правилам, были приглашены оппоненты И. Ласкова, не члены редколлегии, авторы критикуемой им книги «Центральное дело». Статьи И. Ласкова, во многом противоречащие официально признанной точке зрения, читатель не увидел, зато в газетах «Эдэр коммунист» («Малады камуніст») и «Кыым» («Іскра») были опубликованы объемные материалы, авторы которых заклеймили позором И. Ласкова. Вполне в духе социологической критики — «Вы, дорогие читатели, этой работы никогда не прочтёте, но свято верьте нам на слово, что сие исследование является архиложным и архивредным” («Молодежь Якутии», 06. 08. 1993)”.
    І. Ласкоў быў “скарочаны” з працы. Што такое быць беспрацоўным? Якуцк — самы дарагі горад па пражываньні. На руках двое сыноў-школьнікаў — Андрэй ды Максім. І. Ласкоў дамовіўся прыносіць артыкулы ў газэту “Молодежь Якутии”, гэта была адзіная газэта, якая ўзялася яго друкаваць, дзе пачалі зьмяшчаць яго кожны тыдзень. Так зьявіліся артыкулы пра рэпрэсіраваных беларусаў “Тайна дела Абабурко” (“Молодежь Якутии”, 01. 04. 1993), “Одиссея Пенелопы” (09. 04. 1993) і іншыя артыкулы “Бизнес на вожде” (02. 07. 1993), “А была ли провокация?” (11.06.1993), “Быстренько очистил ершей...” (20. 08. 1993), “Кровавая тайна века” (13. 08. 1993). Але 9 ліпеня 1993 г. “Молодёжь Якутии” надрукавала артыкул Івана Ласкова “Драма поэта”, прысьвечаны Айунскаму. У ім аўтар гаварыў пра тое, што “герой” працаваў на КДБ ды здаў шмат каго з відных дзеячаў рэспублікі. І тут пачалася сапраўдная цкаваньне. Мусіць, не было газэты, якая б не надрукавала гнеўных лістоў з месцаў. Яны па большасьці былі сфабрыкаваны.
    З ліста ў газэту “Молодежь Якутии»:
    27 июля состоялось расширенное заседание правления Союза писателей Якутии, на котором была всесторонне обсуждена опубликованная в вашей газете серия статей И. Ласкова «Драма поэта», посвященная последним дням П. А. Ойунского... Автор издевательски пишет, что он в тюрьме сочинял свои показания, «словно бы трудился над последним томом своих сочинений». Какое кощунство! И это пишет средней руки литератор о выдающемся писателе, большом общественном и государственном деятеле... Мы с данной статьей Ласкова знакомы давно: года два тому назад под видом рецензии на книгу И. Николаева, И. Ушницкого «Центральное дело» он в журнале «Полярная звезда» без ведома редколлегии, тайком пытался протащить её. Тогда эта акция у него не прошла — члены редколлегии единодушно отвергли ее как явно клеветническую и приостановили публикацию. Но, как показывает время, не остудил свой «разоблачительный» пыл И. Ласков, давно и систематически занимающийся очернительством лучших представителей якутского народа (когда-то за подобные попытки он был осуждён на секретариате правления СП РСФСР).
    ...Мы, участники расширенного заседания правления Союза писателей Якутии, основанного П. А. Ойунским, настоящим письмом заявляем решительный протест проискам хулиганствующего хулителя Ласкова и требуем: прочь руки от Ойунского! Выражаем надежду, что творческий союз, членом которого является вышеупомянутый господин, — если тот не солидарен с ним — скажет своё веское слово и сделает соответствующие выводы (“Молодежь Якутии”, 06. 08. 1993). “Руки прочь от Ойунского» — заявление расширенного заседания правления Союза писателей Якутии”.
    Звычайна падобныя зьезды не паказваюць па тэлебачаньні, а тут толькі яго і круцяць, падключылася радыё. Артыкулы ідуць адзін за адным, вось некаторыя з іх: І. Мікалаеў, І. Ушніцкі “Жертвам стреля-ют в спнну...” (“Советы Якутнн”, 05. 08. 1993, 08. 08. 1993), А. Буцаў “Таас Мэйии — каменные мозги” (“Молодежь Якутии”, 10. 09. 1993), М. Табарукаў “Кто он, Платон Ойунский?” ды інш. Зьмест лістоў прыблізна такі: “Когда вышла книга «Центральное дело» И. Николаева и И. Ушницкого, я обрадовалась, потому что наконец напечатали биографию замечательного якутского писателя П. А. Ойунского... И вдруг как гром с ясного неба — статья И. Ласкова «Драма поэта». Я это прочитала, и у меня внутри всё рухнуло, если сказать простым языком. У меня столько сомнений возникло — и не описать. И. Ласков обвиняет авторов «Центрального дела» и приводит такие примеры, документы, что и впрямь поверишь! Но после прочтения заявления правления Союза писателей Якутии («Молодёжь Якутии», 06. 08. 1993) дышать стало легче. Библиотекарь А. Софронова” (Молодежь Якутии”, 20. 08. 1993).
    Да гонару газэты “Молодежь Якутии”, якую “неодемократы” патрабавалі закрыць, яна напісала “Манифест постсоциалистического сепаратизма” на заяву Саюза пісьменьнікаў:
    Мы не считаем выводы автора статей «Драма поэта» истиной в последней инстанции. И готовы предоставить газетную площадь его оппонентам, которые документально доказали бы неправоту И. Ласкова. Но там за инакомыслие на И. Ласкова обрушился лишь поток личных оскорблений. В выступлениях газет «Советы Якутии», «Кыым», «Сахаада», в 45-мннутной передаче по Якутскому телевидению обсуждались не спорные факты биографии П. А. Ойунского, а «писатель средней руки», посмевший анализировать следственное дело. Исходя из логики правления Союза писателей Якутии, исследовать жизнь и творчество великих поэтов и писателей имеют право лишь столь же гениальные люди. Но в таком случае весьма сомнительно, что литературоведение сейчас обладало бы трудами о творчестве Бальзака, Пушкина, Хемингуэя... Безусловно, литературные произведения П. А. Ойунского — золотой фонд якутской литературы. И никто не сомневается в талантливости прекрасного поэта. Но в материалах И. Ласкова речь идёт не об этом, а лишь об испытаниях, выпавших на долю Ойунского, которые он, к сожалению, к большому сожалению, не выдержал. Оставим на совести критиков нашей газеты заявления, что после чтения «Молодежи Якутии» они идут в туалет мыть руки, оскорбления в адрес главного редактора...” (“Молодежь Якутии”, 06. 08. 1993). Патрабавалася ўмяшаньне прэзыдэнта, каб спыніць гэтую вакханалію, бо ўсім стала відавочна, як гэта выглядае ў вачах простых людзей.
    Івану Ласкову забаранілі штосьці казаць у сваю абарону. Але пачаліся пагрозы па тэлефоне і на вуліцы. Была пазбаўлена працы яго жонка — пісьменьніца Сьвятлана Гаўрыльева. Больш у друк яго артыкулаў ніхто не браў. Зарабляў тым, што чытаў лекцыі на падрыхтоўчых курсах у Якуцкім унівэрсытэце. У вольны час пісаў кнігу па фіна-вугорскай Літве. Праўда, у бібліятэцы стараліся не даваць яму кніг — няма і ўсё. Неяк пры сустрэчы казаў: “Я ўсё ж хімік. Зараз распрацоўваю спосаб атрыманьня каніфолі з кедравае штапы — і ёй завалю Беларусь”. Каго-каго, а родную Беларусь — ніколі не забываў.
    Іван Ласкоў — з кагорты дзейных, руплівых, шчырых і шчодрых на справядлівасьць беларусаў. Якраз такіх часамі не хапае. Ды жыцьцёвыя акалічнасьці мацнейшыя, чым сама толькі ідэя вяртаньня Беларусі ў... Беларусь. Таму і пры жыцьці Іван Ласкоў заставаўся ў Якуцку. Дык, мо, зараз мы задумаемся над патрэбай вяртаньня ў Беларусь спадчыны нашага суродзіча?
    Апошнім часам І. Ласкоў жыў надзеямі пераехаць у Беларусь. Ён хацеў не ў буйны горад, а ў вёску, ён жа мог працаваць выкладчыкам хіміі ў школе. Але не дачакаўся. Тут трэба была дапамога, а на пераезд не было грошай...
    [С. 316-324.]

    Алесь Марціновіч
                                                   ЦЯПЛО ПАЎНОЧНАГА ЗЬЗЯНЬНЯ
                                                                 Адам Каменскі-Длужык
    На ўсю шырыню неба, наколькі прастору яго ахоплівала вока, шугала яркае, дзіўнае вогнішча. Уражаньне было такое, быццам недзе ў недасягальнай вышыні нехта расклаў вялікі агонь, несупынна падкладвае ў яго дровы. Рупна стараецца, вязанку за вязанкай носіць. Завіхаецца, каб полымя не толькі не згасла, а больш таго — жадлівымі языкамі шугала ўгору, выхопліваючы з цемры мігценьне далёкіх зорак, што адсюль, з зямлі, здаюцца на дзіва загадкавымі і недасягальнымі. Сам жа гэты чараўнік схаваўся, нябачны ён, а сьвятло ад распаленага кастра працэджваецца скрозь начную цемру, як бы разломваецца на танюткія промні, кожны з каторых афарбаваны ў свой колер. Разам узятыя, яны ў нечым нагадваюць вясёлку. Ды не тую, якую колісь, цяпер даўно ўжо, даводзілася бачыць Адаму на радзіме. Пасьля цёплага і спорнага летняга дажджу яна зьяўлялася на небе, ахопліваючы яго паўкругам, і надламаны яе абруч адным канцом кранаўся люстраной роўнядзі Дняпра, быццам п’ючы з яго ваду.
    Хлапчуком-падлеткам, у кампаніі гэткіх жа сяброў-гарэз, ён любіў пастаяць на беразе, адчуваючы ад вады прахалоду, сьвежасьць, а яшчэ... У гэтым жаданьні Адам нікому не прызнаваўся. Нават і сам як бы саромеўся яго. Ды і хіба каму скажаш пра гэта! Хацелася ж узьняцца ў нябёсы птушкай хуткакрылай. Высока-высока ўзьляцець. Над Дняпром паўнаводным, над квяцістымі лугамі, над лясамі, якія ахоплівалі іх з усіх бакоў моцнымі абдымкамі... Узьляцець і апусьціцца на... другі канец вясёлкі. Той, што губляецца ў промнях сонца.
    Вельмі ж цікава было б паглядзець, як усе гэтыя сем колераў зьнікаюць, раствараюцца пад зіхатлівымі пякучымі промнямі. А што раствараюцца, Адамка не сумняваўся. Да аднаго ён не даходзіў, аніяк растлумачыць не мог. Колькі ні сіліўся, а адгадкі так і не знаходзіў. І сапраўды — паспрабуй разьбярыся! Дзіўна ўсе, нічога не скажаш. П’е вясёлка з ракі ваду, а дзе тая затым зьнікае, цяжка сказаць. Зьнікае, і ўсё. Быццам і не было яе. Няйначай, думаў Адамка, па гэтых палосках-колерах вадкасьць бяжыць да аблокаў. Усё вышэй і вышэй узьнімаецца. Каб жа ўгледзець толькі, куды зьнікае яна!
    ...Далёка, за тысячы вёрстаў адсюль, засталіся мары і тайны маленства. І каб хто яшчэ некалькі гадоў назад сказаў Адаму Каменскаму, што ёсьць на сьвеце цуды, падобныя гэтаму, што даводзіцца бачыць тут, на самай Поўначы, у краі сьнягоў і маразоў, ні за што не паверыў бы. Запярэчыў бы, калі б сказалі, што і лёс ягоны перайначыцца, такога кругаля дасьць — самай шчодрай фантазіяй не прадкажаш.
    Але тое, што наканавана табе Богам, абавязкова зьдзейсьніцца. Хочаш таго ці не хочаш, а нікуды не дзенесься. Таму і ён, Адам Каменскі, у рэшце рэшт апынуўся на зямлі, дзе бывае такое дзіўнае зьзяньне, калі, здаецца, адначасова на небе зьяўляецца не адзін дзесятак вясёлак. І ўсе яны перасякаюцца, перакрыжоўваюцца, асобныя колеры пры гэтым зьнікаюць і застаюцца толькі найбольш яркія, тыя, якія расфарбоўваюць неба ў суцэльную мігатлівую паласу.
    Глядзіш на гэтыя чароўныя зарніцы, і неяк цяплее на душы. Асабліва ў людзей прышлых, хто, часам зусім не па сваёй волі, апынуўся ці не на самым краі сьвету. Нават і сіберны мароз падаецца не такім і страшным. Як не наровіцца залезьці пад апратку, не вельмі яму гэта ўдаецца. Хапае сваімі кіпцюрамі за нос, твар са злосьці апякае, сіліцца да вушэй дабрацца... А сэрца ганяе і ганяе кроў, сагравае яе.
    Аднак усё адно доўга на паветры не прастаіш. Палюбаваўся крыху паўночным зьзяньнем — і хутчэй за тоўстыя сьцены астрога. Туды, дзе заўсёды печ напалена, пасланы мядзьведжыя і аленевыя шкуры, а агеньчык сьвечкі не толькі дазваляе ў цяпле і цішы пасядзець ці не да самай поўначы, а і з думкамі сабрацца. Гэтую патрэбу Каменскі за сабой пачаў заўважаць не першы месяц. Разважыўшы, дык можна і больш пэўна сказаць, калі яна ўзьнікла. Якраз з таго моманту, калі яму прапанавалі выконваць абавязкі дворскага.
    Дворскі... Гучыць, ці не праўда? Чалавек пры двары... Адным словам, пры справе. Як быццам, толькі радавацца застаецца, што нарэшце знайшоў пэўны занятак і ніхто цябе не можа папракнуць кавалкам хлеба. Не проста палонны ўжо, не проста ссыльны, а дворскі...
    Хто-небудзь, магчыма, і радаваўся б гэтаму, але не ён, Адам Каменскі. Прывык жа жыць сумленна і з адкрытай душой людзям у вочы глядзець. А дворскім ці паглядзіш? Хоць бы тым, хто бачыць у табе ці не самага першага свайго ворага! І не хавае гэтага, пры першай жа магчымасьці гатовы папракнуць крыўдным словам, зьняважыць.
    А зрабіць жа гэта не так і складана, бо працуе Адам усяго наглядчыкам мясцовай турмы. Тут жа, у Якуцку. Дворскі і наглядчык — адно і тое ж. Хочаш, каб не турбавалі згрызоты сумленьня, называй сябе дворскім. Так сказаць, для супакаеньня душы, нібы для ўнутранай раўнавагі. А няма жаданьня разьбірацца ў самім сабе, не хавай, што ты — усяго толькі наглядчык. І гэтую ж работу павінен нехта выконваць... Ды ўся справа ў тым, што далёка не кожны ахвочы за яе ўзяцца. Хіба толькі той, каму не надта даводзіцца выбіраць. Яму акурат і не выпадала.
    У Якуцк Адам Каменскі трапіў 16 жніўня 1662 г. Што рана ці позна, але абавязкова апынецца тут, даведаўся яшчэ ў Енісейску. Цэлую зіму правялі ў ім гэткія ж гаротнікі, падобныя яму. Зіму, калі карыстацца мясцовымі часавымі меркамі. А так можна сказаць, што і вясну, бо сын мясцовага баярына Кальчугіна Васіль, якому было даручана весьці іхнюю групу ссыльных далей, вырашыў выбірацца ў дарогу толькі 30 мая. Сама як пацяплела. Енісей, праўда, ужо ад лёду ачысьціўся, але начамі трымаліся яшчэ замаразкі. Днём жа, калі падыдзеш да вады, як кажуць, зуб на зуб не пападаў. Нават у тых, хто даўно тут жыве, а што казаць пра іх, хто ніяк не хацеў яшчэ разьвітвацца з уяўленьнем аб цёплай вясьне і гарачым леце...
    Хоць, як неўзабаве аказалася, нягледзячы на запозьненую і вельмі халодную вясну, лета, пачынаючы з канца чэрвеня, у тутэйшых мясьцінах мала чым розьніцца ад таго, што ў Беларусі. Усю шчодрасьць яго Каменскі адчуў, калі дабраліся да Ілімскага астрога. Прыпынак у ім запомніўся яшчэ і таму, што ваяводай гэтага астрога аказаўся чалавек добразычлівы, сардэчны — Вындомскі. А можа, таму і праявіў ён да ссыльных увагу, а часам і звычайную прыязнасьць, што сустрэў, па сутнасьці, сваіх землякоў. У групе аказаліся тыя, хто з-пад Магілёва, хто з-пад Оршы родам. Сам жа Вындомскі пры знаёмстве назваўся палякам. Каменскі ўбачыў у ім чалавека, які гатовы зразумець цябе, а пры неабходнасьці і паспачуваць.
    Інакш, як Ціхан Андрэевіч, Вындомскага і не называлі. Балазе, пры першай жа сустрэчы ён менавіта так і прадставіўся. Прытым агаварыўся, калі ўзьнікне якая патрэба, каб не саромеліся, зьвярталіся. Канешне, ніхто не зьбіраўся даверам злоўжываць, але і не трымаўся на адлегласьці ад гасьціннага паляка. Калі давялося ў далейшую дарогу зьбірацца, разьвітваліся шчыра, быццам даўнія і добрыя знаёмыя.
    Наперадзе было яшчэ больш месяца воднага шляху, час ляцеў хутка, неяк незаўважна. Палярнае лета сама ўвабралася ў свае правы. Стаялі, можна сказаць, сьпякотныя дні... Плылі ссыльныя па рацэ хутка, хоць не адмаўляліся і ад кароткачасовых прыпынкаў. Найперш тады, калі, адчуўшы, што рыба надакучыла, — а яе лавілі шмат і самую розную, — прыпыняліся дзе-небудзь ля спусьцістага берага. Займаліся паляваньнем, дзічыны таксама хапала.
    Нарэшце паказаўся Якуцк. Узрадаваліся, лічылі — падарожжа на гэтым і скончыцца, спыняцца тут калі не назаўсёды, дык надоўга. Але гэтыя спадзяваньні аказаліся марнымі. Відаць, у тых, хто адпраўляў ссыльных на Поўнач, былі свае пляны. Іх яны не зьбіраліся адразу раскрываць да канца, таму, прабыўшы ў гэтым невялікім гарадку колькі дзён, падарожнікі падаліся далей, мераючы вёрсты зусім не абжытых яшчэ эўрапейцамі прастораў.
    Вярнуліся назад у Якуцк, цяпер, як здавалася, ужо надоўга, у канцы 1664 г. Пацягнуліся доўгія — спачатку зімовыя, а пасьля вясновыя, летнія — месяцы. Аднастайнасьць іх, падобнасьць адзін на аднаго заўважылася не адразу. Яно і зразумела. Новае месца — гэта новыя ўражаньні. А Каменскі быў чалавекам назіральным, акрамя таго, адчуваў заўсёднае жаданьне зблізіцца з людзьмі, з якімі дагэтуль не сустракаўся. Можна сказаць, і з якутамі знайшоў агульную мову. Хоць, зразумела, далёка не ўсё прымаў у іх паводзінах і побыце. У першую чаргу, як чалавек веруючы, католік, вельмі зьдзіўляўся, што тыя ні ў чым не бачаць грэху. Неяк у роспачы прамовіў услых сабе: “Ды ў іх жа ні Бога, ні веры...”
    Праўда, адчуваў і іншае: якуты былі яшчэ, па сутнасьці, дзецьмі прыроды. У многім залежалі ад яе і ў той жа час не навучыліся з выгадай для сябе карыстацца яе багацьцем. Хоць сярод мясцовага насельніцтва было і нямала вопытных паляўнічых. Пільнае вока мелі яны, а ў якасьці зброі карысталіся лукамі. Ды такімі — пашукаць трэба! Вялізнымі, часам вышэй за чалавека. Цеціву ж з рамянёў рабілі, выкарыстоўваючы для гэтага апрацаваную скуру кароў ці коней. Разводзілі іх шмат. Цікава, аднак, што езьдзілі зусім не на конях, а на каровах. Коней жа часьцей выкарыстоўвалі ў ежу. Што засмучала Адама, дык гэта няўменьне тубыльцаў належным чынам прыгатаваць сабе страву. Забітую птушку, дык тую ўвогуле толькі крыху абшчыпвалі і адразу кідалі ў кацёл з варам. Але ў большасьці з іх і катла не мелі, дык тушкі парылі нагрэтымі камянямі ці ў вялізных карытах.
    Праходзілі дні, уражаньняў большала. Вядома, найбольш запалі ў душу першыя. Яны то радавалі, то ў нечым засмучалі. Але нязьменна прыносілі аднолькавае задавальненьне сваёй пазнавальнасьцю. Пашыралі кругагляд, уяўленьне аб людзях, зямлі, на якой наканавана было лёсам апынуцца. І ўжо Якуцк, пра які нядаўна Каменскі нічога і не чуў, станавіўся для яго сваім, а значыць, і блізкім. Адразу па прыезьдзе адзначыў для сябе, што гарадок ляжыць на вельмі прыгожым, вясёлым, але... галодным месцы.
    Што самае цікавае, гэтыя эпітэты неяк адразу зрокава-выразна заселі ў памяці. Прыгожае месца, дык ад маляўнічасьці краявідаў. Вясёлае — таксама ад уражаньня сьветласьці пэйзажаў. Асабліва летніх, калі адчуваньне такое, што быццам нанава зьяўляюцца на сьвет і людзі, і зьвяры, і птушкі, скідваючы з сябе стому доўгіх зімовых месяцаў. А галоднае... Тубыльцы самі ніяк не маглі дайсьці да таго, каб што-небудзь вырошчваць. Агародніцтвам паспрабавалі заняцца перасяленцы. Ды толькі стараньні іх аказаліся марнымі. Прыжыліся рэпа і капуста. Капуста, праўда, слаба расла, ніяк не хацелі завязвацца качаны.
    Каменскі доўга не мог зразумець, чаму ж так атрымліваецца, што агародныя культуры ніяк не хочуць тут расьці. Здавалася б, умовы — лепшых не прыдумаеш! Лета хоць і не вельмі доўгае, але сьпякотнае. Трох, двух з паловай месяцаў, што прырода адводзіць яму, здаецца, дастаткова, каб вырасла, скажам, тая ж капуста. А яна чамусьці не хоча ісьці ў рост, усё кволіцца. Вытлумачэньне зьявілася нечакана. Яно аказалася такім простым, што Адаму спачатку ў гэтую прастату не хацелася верыць. Ускопваў аднойчы пад агарод зямлю, яна лёгка паддавалася. І вывернутыя глыбы былі не вельмі халодныя. Да ўсяго лёгка падсыхалі на сонцы, ператвараючыся ў тлусты чарназём. Але капануў глыбей — і адразу адчуў унізе суцэльны цьвёрды шарпак. Нагнуўся, разгроб рукамі рыхлую глебу, пашырыў ямку, прыкінуў вокам — зямля растала ўсяго на нейкі локаць. Далей жа — мерзлата, што і летам не растае. Вечная яна, таму і не хоча нішто расьці, бо, як бы ні пякло сонца зьверху, зьнізу расьлінам у самыя карэньні дыхае люты холад.
    Пагаварыў з сябрамі, падзяліўся сваімі здагадкамі. Хто разваг гэтых усур’ёз не ўспрыняў, а хто пажартаваў:
    — Нічога не скажаш, адкрывальнік ты, Адаме! А яно і праўда, уся справа ў гэтай самай вечнай мерзлаце!
    Знайшліся ахвотнікі, як часта бывае, разьвіць гэтую думку:
    — У мерзлаце, кажаце, справа? А хіба яна толькі ў зямлі? Пастаянная мерзлата і ў душах нашых! Чужыя мы пад тутэйшым небам. Як бы ні старалася летам саграваць нас сонца, не ўдаецца яму, бо і неба над галавой для нас чужое.
    Запалі гэтыя развагі ў Адамава сэрца, не забыліся. Асабліва нагадвалі яны аб сабе доўгімі зімовымі вечарамі, што пераходзілі ў гэткія ж доўгія бяссонныя ночы. Ды і паспрабуй разьбярыся, калі якая часіна. Яно і ведама — палярная ноч. У такія тужліва-роздумныя гадзіны, калі, здаецца, ад сумоты і безвыходнасьці становішча воўкам выць хочацца, і зьявілася ў Каменскага жаданьне занатаваць, запісаць пражытае і перажытае. Хто яго ведае, як далей лёс павернецца. Магчыма, усё ж удасца яму неяк вырвацца ў родныя мясьціны. Тады людзям добрым не лішнім будзе даведацца, колькі на яго шляху выпала пакут. А не, дык, можа, пасьля яго сьмерці хто-небудзь знойдзе напісанае, забярэ з сабой, павязе туды, дзе дарагі Адамаву сэрцу Дняпро, згубілася ў прырэчных лугах басаногае маленства і дзе засталося агнявое юнацтва.
    Так і пачала нараджацца споведзь Адама Каменскага. У думках перагортваў пражытае, каб пры спрыяльнай нагодзе запісаць яго. Быццам перад Богам і людзьмі ачышчаў сваю душу. Ды і перад уласным сумленьнем таксама. Што яно ў яго чыстае, праўда, не сумняваўся. Імкнуўся ж жыць годна, не хібячы ні перад Богам, ні перад людзьмі. А наглядчыкам стаў па неабходнасьці. Лепей, безумоўна, было б, каб не ўскладваў на плечы такі цяжар. Аднак нічога не зробіш ужо. Упрогся ў воз, дык трэба яго везьці і далей. Не адмаўляцца ж ад заробку, харчы казённыя таксама не лішнія. Добрая дабаўка да таго, што казна выплачвае ссыльным.
    А наконт дзёньніка-споведзі, дык пры напісаньні ўсё будзе залежаць ад самога. Ён адзіны судзьдзя сабе. І ці абавязкова пра ўсё расказваць, запыняючы ўвагу на дробязях?! Уражаньняў за доўгія гады столькі набралася, пасьпявай іх занатоўваць. Такіх выпадкаў набралася, сьведкам якіх даводзіцца стаць далёка не кожнаму. А тут — нейкая праца наглядчыкам. Пра яе можна і не гаварыць, а пра астатняе трэба расказаць як мага больш аб’ектыўней і падрабязьней. Каб усе ведалі пра яго жыцьцё — жыцьцё Адама Каменскага.
    ...Дзённік Адама Каменскага прыйшоў да чытача толькі ў 1874 г. пад назвай “Дыярыуш маскоўскага палону з апісаньнем гарадоў і мясцовасьці». Прозьвішча аўтара пазначана як А. Каменскі-Длужык. Длужык — мянушка Каменскага. Зьявіўся ж гэты ўнікальны дакумэнт, які стаў помнікам беларускай мэмуарнай літаратуры XVII ст., на сьвет у Познані дзякуючы польскаму ксяндзу А. Марыянскаму. Ён, у сваю чаргу, у прадмове да публікацыі паведаміў, што гэты тэкст знайшоў у Гембіцы ў бібліятэцы ксяндза П. Кушынскага. Больш таго, аказваецца, успаміны А. Каменскага захоўваліся ў рукапіснай кнізе пад назвай «Silwа». Яе склаў нейкі невядомы шляхціц яшчэ ў час праўленьня польскага караля Аўгуста (1733-1793).
    Як бачна, гэта зусім не арыгінал твора. У рукі А. Марыянскага трапіла, несумненна, копія мэмуарных запісаў Каменскага. Магчыма, і не першая. На карысьць падобнага меркаваньня сьведчыць тое, што ў тэксьце месцамі сустракаюцца памылкі, ёсьць папраўкі, ды такія, калі не заўсёды можна дайсьці да сэнсу напісанага. Цяжка таксама сказаць, ці ёсьць падставы сьцьвярджаць, што мэмуары захаваліся цалкам. І вось чаму...
    Няўжо Каменскі, які, як гэта відаць з тэксту, усё ж хацеў, каб пра яго жыцьцё больш ведалі нашчадкі, абмежаваўся толькі ўспамінамі аб падарожжы па Сыбіры і Поўначы? Хіба не было ў яго звычайнага чалавечага жаданьня сказаць і пра падзеі, якія папярэднічалі гэтаму? Паведаць, адкуль родам, калі нарадзіўся... Але ўсяго гэтага ў «Дыярыушы...» няма. Таму, каб больш даведацца пра аўтара, неабходна адштурхоўвацца ад яго запісаў, а таксама прыслухоўвацца да думкі тых, хто нямала зрабіў па вывучэньні іх. Найперш ёсьць патрэба згадаць гісторыка з Санкт-Пецярбурга Барыса Пятровіча Палявога, а таксама санкт-пецярбуржца, нашага земляка Валянціна Грыцкевіча. Пісаў пра «Дыярыуш» Каменскага і беларускі гісторык літаратуры Аляксандр Коршунаў.
    Пра год нараджэньня Каменскага наўрад ці можна будзе калі даведацца, хоць, хто яго ведае, магчыма, з цягам часу архівы прыадкрыюць і гэтую тайну. Пра месца нараджэньня таксама нічога пэўнага сказаць нельга. Хутчэй за ўсё, гэта Магілёўшчына ці Аршаншчына.
    Адам Каменскі зьяўляўся ўдзельнікам вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй, якая, як вядома, пачалася ў 1654 г. і працягвалася трынаццаць гадоў. 20 кастрычніка 1657 г. маскоўскі военачальнік Юрый Далгарукі атрымаў перамогу ў бітве на рацэ Басе, паміж Магілёвам і Шкловам. У час гэтай бітвы, як сьведчыць Каменскі ў сваім дзёньніку, ён і трапіў у палон. Безумоўна, маглі яго прызваць у дзеючае войска і з іншых мясьцін, але, хутчэй за ўсё, ён быў тутэйшы — з той жа, па цяперашнім адміністрацыйным падзеле, Магілёўшчыны ці недалёкай ад Шклова Оршы, куды вярнуўся пасьля доўгачасовага — безумоўна, не па ўласнай волі — падарожжа.
    У студзені 1658 г. А. Каменскага разам з іншымі 400 палоннымі, а таксама з 200 гарматамі накіравалі ў Маскву. Там над далейшым лёсам нявольнікаў доўга не думалі. Шлях для іх быў даўно апрабаваны. Пачынаўся ён звычайна з Троіца-Сергіевага манастыра і вёў далей — на Пераяслаўль-Залескі, Растоў, Яраслаўль, Волагду, Салікамск, а затым — на Цюмень, Сургут, Енісейск і на Якуцк.
    А што палонных адправілі ў дарогу якраз у пачатку 1658 г., пацьверджана архіўнымі матэрыяламі. У прыватнасьці, Палявы, уважліва пазнаёміўшыся з фондам Сыбірскага прыказу за 1658 г., які захоўваецца ў Архіве старадаўніх актаў у Маскве, знайшоў такі дакумэнт: “Генваря в 25 по памяти из Розряду за приписью дьяка Василия Брехова посланы в Сибирь литовские люди ызменники шлякта Гришка Каменской, Янко и Мишка Ждановичи, которые взяты у Могилёва и посланы ис полку боярина и воеводы князя Юрия Алексеевича Долгорукова и товарищи и по государству службу в какую годятся и поверстать их государевым жалованьем, деньгами и хлебом и солью по разсмотрению против иных таких же кому они в версту”.
    Зьвяртаць увагу на тое, што імя ўжыта не Адам, а Грышка, не трэба. Гэта звычайная апіска. А магчыма, і сам Каменскі па нейкай прычыне так назваўся. А што ў згаданай групе быў менавіта ён, а не хтосьці іншы, нават яго аднафамілец, сумнявацца не даводзіцца. Рэч у тым, што ў «Дыярыушы...» таксама згадваюцца «Янка і Мішка Ждановічы». Праўда, называюцца яны Ян і Міхаіл Ждановічы.
    Як жа далей разгортваліся падзеі, можна даведацца, уважліва чытаючы дзёньнік Каменскага. Аўтар яго, па ўсім відаць, валодаў цудоўнай памяцьцю, здолеўшы пакінуць нашчадкам багаты фактычны матэрыял, што тычыцца паўсядзённага побыту, заняткаў народаў, з якімі яму давялося сустракацца. Няма сумненьня: ужо ў самым пачатку падарожжа ў яго ў душы, няхай і не цалкам усвядомлена, а неяк унутрана, жыло жаданьне быць не простым сузіральнікам таго, што адбываецца наўкола. Як няма і не павінна быць сумненьня, што “Дыярыуш...” пісаў менавіта беларус, хоць той жа Палявы ў сваіх артыкулах называе Каменскага “польским наблюдателем”, або “любознательным поляком”.
    У пацьвярджэньне беларускага паходжаньня Каменскага яскрава сьведчаць тыя эпізоды дзёньніка, дзе ён расказвае пра свае сустрэчы з зыранамі (цяперашні народ комі). Адбылося гэта на шляху да Урала, на рацэ Каме, адразу за рускай крэпасьцю Кайгародак. Ці не першае ўражаньне?! — “Людзі займаюцца промысламі ў лясах і на водах. Стралкі з лука. Мова падобная на жамойцкую”.
    Мовазнаўцы, безумоўна, у гэтым параўнаньні адразу ўбачаць нацяжку. Як кажуць, сумяшчальнасьць несумяшчальнага. Маўляў, Жамойція — гэта этнічная Літва, ці, канкрэтней, — яе частка. А літоўская мова не адносіцца да фіна-ўгорскай групы, да якой належыць мова зыранская, комі. Але ж у гэтым параўнаньні відавочна іншае. І самае галоўнае. Каменскі ж меў на ўвазе, канечне, сваю родную мову. Ёю жа была беларуская ці, як на той час казалі, літоўская. Адарваны ад дарагога яго сэрцу роднага моўнага асяродзьдзя, ён адчуваў сябе сярод тых, хто размаўляў па-руску ці па-польску, чужаком. Таму яму хацелася пачуць хоць адно матчына слова.
    А калі падобнае жаданьне не пакідала ні на хвіліну, тады і пачынала “гучаць” у невядомай, незнаёмай заранскай гаворцы сваё — жамойцкае, а значыць, беларускае. Безумоўна, ён вышукваў хоць нечым падобныя словы, паняцьці. Не столькі знаходзіў іх, колькі жыў жаданьнем знайсьці. І лёгка ўступаў у кантакт з мясцовымі жыхарамі. Хоць зьдзіўляўся, што зыране, здавалася б, свойскія, таварыскія, ніколі не запрашалі да сябе начаваць. Як высьветлілася, у іх не было такога звычаю. Затое яны ахвотна давалі прадукты, пераважна рыбу, а вось хлеба і самім неставала.
    Запомніў Каменскі і жыцьцё вагулаў, сёньняшніх мансі. Іх наш зямляк сустрэў за Верхатур’ем, на ўсходніх схілах Уральскага хрыбта. Вагулы аказаліся сьмелымі і вопытнымі паляўнічымі. Часта хадзілі на мядзьведзя, але, забіўшы яго, па-свойму шкадавалі. Адразалі галаву зьвера і маліліся на яе. Пры гэтым паўтаралі, што, маўляў не самі яны мядзьведзя забілі, а страла, выпушчаная з лука. Па-свойму яны нібы асьцерагаліся, каб сябры забітага мядзьведзя не адпомсьцілі ім.
    Увогуле, як заўважыў Каменскі, вагулы не ведалі нейкага аднаго Бога, а абрады пакланеньня духам наладжвалі ў так званых шайтанах, схаваных у лясным гушчары. Шайтаны ўпрыгожваліся сабалінымі шкуркамі, срэбрам, розным посудам. Там жа, у чашчобе, было і іхняе жытло — нізенькія драўляныя збудаваньні з адным акенцам. Без печаў і дзьвярэй. Толькі даволі вялікая дзірка ў адной са сьцен, праз якую вагулы заходзілі і выходзілі. Пастаянна — і днём, і ноччу — падтрымліваўся ў агмені агонь. Перад ім сядзелі проста на зямлі, на аленевых і ласіных шкурах, таму што ніякіх лавачак вагулы не рабілі.
    Адам Каменскі расказаў і пра жыцьцё, а таксама побыт асьцякоў (хантаў), аседлых табольскіх татар. У раёне Шаманскага парога — гэта ўжо на Ангары — ён упершыню ўбачыў эвенкаў. Па тадышнім паняцьці яны адносіліся да тунгусаў. Сустрэча адбылася летам, нясьцерпна пякло сонца, і падарожнікі вельмі зьдзівіліся, калі перад імі зьявіліся зусім голыя людзі. Аказаліся яны міралюбівымі. А даведаўшыся, што прышлыя з далёкіх краёў, пачалі прыгадваць сваіх дзяцей, якія быццам былі забраны з тайгі і вывезены ў Маскву.
    Да Каменскага жыцьцё эвенкаў ніхто так падрабязна не апісаў. Відаць, яны прыйшліся падарожнікам вельмі па душы. Былі сьмелымі, у адзіночку адпраўляліся на паляваньне, у тым ліку і на мядзьведзя. І кемлівасьць праяўлялі, калі ўзьнікала патрэба. У прыватнасьці, у “Дыярыушы...” падрабязна апісана, як эвенкі лавілі дзікіх аленяў. Для гэтага выкарыстоўвалі іх прыручаных суродзічаў. Адбіралі самага рослага, моцнага аленя. На рогі яму накідвалі вялікі, каля дзесяці локцяў, аркан. Свойскіх аленяў пускалі на папас. Да іх паступова падыходзілі дзікія. Самец з арканам пачынаў заігрываць з імі. Падбягаў блізка, круціў галавой, пакуль аркан не чапляўся за рогі аднаго з суродзічаў. Пастух ці гаспадар, які ўважліва сачыў за такой гульнёй, выбягаў з засады і забіваў дзікага аленя. Тут жа піў яго сьвежую кроў, разбаўленую з вадою.
    Назаўсёды запала Каменскаму ў памяць і адна з эвенскіх народных гульняў, што сьведчыла аб паважным стаўленьні гэтых людзей да паляваньня, іх любові да аленяў. Звычайна ў круг зьбіралася больш за дзесяць чалавек. Адзін клаўся пасярэдзіне на зямлю, як правіла, з прывязанымі косткамі ці каменьнямі. Пры гэтым ён раз-пораз крычаў: “Мультах, муцінэ!” — што азначала прыкладна: “Мы алені!”, “Я алень!”. Астатнія суродзічы падскоквалі ў такт, хто-небудзь круціў косткай вакол галавы. Усе пры гэтым былі голыя і босыя.
    Не прамінуў згадаць аўтар “Дыярыуша...” і пра пахавальны абрад эвенкаў. Ён пісаў: “У зямлі памерлых не хаваюць, таму што мяркуюць, што яна іх не прымае. Толькі на дрэвах яны пакідаюць (іх. — А. М.) у пэўных месцах — на кедрах, калі сустракаюць востраў з кедрамі, ці на хвоях. Пакідаюць, аберагаючы ад зьвяроў, аднак мёртвых часта скідвае расамаха”.
    Эвенкі, як, дарэчы, і іншыя народы Поўначы, зімой езьдзілі на нартах, у якія запрагалі сабак. Праўда, і тут яны праяўлялі кемнасьць, калі пры вялікім спадарожным ветры ўстанаўлівалі... ветразі. Тады гэтыя санкі самі ехалі па гладкім лёдзе Ангары.
    Гэта ўсё мясьціны ў “Дыярыушы...”, якія не выклікаюць сумненьня ў іх праўдзівасьці. Інакш і быць не магло: згаданае Каменскі бачыў на ўласныя вочы, таму і занатаваў яго гэтак падрабязна і аб’ектыўна. Аднак у запісах сустракаецца і такое, у праўдападобнасьць якога цяжка паверыць. Напрыклад, Каменскі ўспамінае, як разам з таварышамі-ссыльнымі ён плаваў з Жыган (цяперашні горад Жыганск на Лене) да Ледавітага акіяна, а затым абагнуў мацярык з паўночна-ўсходняга боку і дабраўся да самага Амура.
    Наўрад ці падобнае падарожжа магло быць! Хутчэй за ўсё, пра такія плаваньні Каменскі чуў нямала расказаў ад іх непасрэдных удзельнікаў, з кім меў магчымасьць сустракацца ў Якуцку. Ды і хто ведае, можа, хто з гэтых людзей за якую правіннасьць і за краты трапіў?! А ў турме і пазнаёміўся з наглядчыкам. Знайшлі хутка агульную мову. Ці той любіў пафантазіраваць, ці то ў Каменскага расказанае, як кажуць, у адно вуха ўваходзіла, а з другога выходзіла. Таму і атрымалася, што, калі верыць яму, дык чукчы жылі... на Амуры.
    А з гілякамі (продкі сучасных ніўхаў) самыя што ні ёсьць дзівосы адбываліся. Па волі аўтара “Дыярыуша...” яны прыручалі мядзьведзяў, абразалі ім кіпцюры, вырывалі зубы, а пасьля садзілі ў спэцыяльныя стойлы-клеткі. “Кормяць іх у стойлах, як валоў”, — пісаў А. Каменскі і сьцьвярджаў, што, пасьля таго як зьвяры станавіліся зусім свойскімі, гілякі езьдзілі на іх.
    Над “Дыярыушам...” А. Каменскі працаваў пасьля вяртаньня на радзіму. Калі — таксама дакладна сказаць немагчыма. Дасьледчыкі, напрыклад Палявы, прытрымліваюцца меркаваньня, што гэта было ў пачатку 70-х г. XVII ст. Той жа Палявы дакумэнтальна ўстанавіў, што Каменскі быў знаёмы з вядомымі рускімі падарожнікамі Сямёнам Дзяжнёвым і Міхаілам Стадухіным. А пры вяртаньні на радзіму на шэсьць тыдняў затрымаўся ў Табольску. Меў пры гэтым неаднаразовыя сустрэчы і гутаркі з мясцовым ваяводам Пятром Гадуновым, вядомым далёка за межамі Сыбіры. Яму, зразумела, Каменскі шмат расказваў і пра ўласнае жыцьцё-быцьцё, і пра найбольш цікавыя выпадкі, што надараліся ў час падарожжа. Не прамінуў нагадаць і пра гілякоў.
    На думку Палявога, Каменскі зьяўляецца, па сутнасьці, адзіным віноўнікам зьяўленьня фантастычнага паведамленьня ў росьпісу да чарцяжа Сыбіры, датаванага 1673 г., пра гілякоў, якія “езьдзяць на мядзьведзях”. Змог, як кажуць, абвесьці вакол пальца самога П. Гадунова, які падман лёгка заўважаў і нічога на веру не прымаў. Значыць, калі не проста памяць падводзіла Каменскага, а хлусіў сьвядома, дык рабіў гэта з выдумкай, па-майстэрску. Калі ўжо Гадуноў прыняў усё расказанае за чыстую манэту, дык як іншым было не паверыць у небыліцы! Таму, калі пачалі рабіць чарговую карту краю, у якасьці ілюстрацыйнага матэрыялу і выкарысталі... жывую легенду. Вельмі ж праўдападобна яна гучала з вуснаў... бывалага падарожніка.
    Тым не менш, асноўнае ў “Дыярыушы...” — усё ж фактычны матэрыял, прытым занатаваны аўтарам упершыню, задоўга да іншых падарожнікаў па Сыбіры. Не віна Каменскага, а бяда, што яго дзёньнік загубіўся і так позна прыйшоў да чытача, стаў набыткам дасьледчыкаў. Каменскі ж пабываў у Сыбіры за 17 гадоў да вядомага падарожніка Мікалая Спафарыя, які наведаўся ў тутэйшыя мясьціны ў 1675-1677 гг. і пакінуў пасьля сябе ўнікальныя запісы. Больш таго, наш зямляк наведаўся ў месцы, дзе нага таго ж Спафарыя не ступала. Акрамя таго, у Каменскага куды больш, чым у запісах іншых падарожнікаў, этнаграфічнага матэрыялу. Таму нельга не пагадзіцца з Палявым: “Працу Адама Каменскага сапраўды можна лічыць самым даўнім з дайшоўшых да нас польскіх запісаў аб Сыбіры”. Праўда, з некаторым, прытым істотным удакладненьнем: зроблены яны аўтарам-беларусам.
    Важна і іншае. Адам Каменскі, застаючыся перш за ўсё свайго роду фіксатарам пэўных падзей, зьяў, сустрэч, разам з тым валодаў і талентам празаіка, чуйнага да слова, здатнага мысьліць вобразна. У «Дыярыушы...» нямала мясьцін, што нагадваюць лірычную прозу. Гэта — пэйзажныя замалёўкі рэк, горных перавалаў, парогаў. З пяшчотай расказвае аўтар пра прылівы і адлівы.
    Значыць, настолькі ўсё запала ў яго памяць, што праз гады, на адлегласьці, хацелася зноў і зноў вяртацца туды. Няхай у думках, няхай схіліўшыся над аркушам паперы! Сагравала сыбірская зямля Каменскага... Яшчэ як сагравала! Не забыўся ён і пра цяпло паўночнага зьзяньня. Таго халоднага зьзяньня, якое можа сагрэць, здатна абудзіць, атуліць толькі душу чуйную, уражлівую, пяшчотную. Такой яна і была ў Каменскага.
    Апошнія свае дні ён, хутчэй за ўсё, правёў у Оршы. Калі памёр, невядома. Хоць не так гэта і важна. Падобныя людзі жывуць столькі, колькі пра іх памятаюць нашчадкі.
    [С. 325-334.]

    Алесь Марціновіч
                                                     АНЮЙ — ЧАСТКА НЯЗЬВЕДАНАГА
                                                                      Тамаш Аўгусьціновіч
    Пра анюйскія кірмашы Аўгусьціновіч, падарожнічаючы па Якуціі, начуўся шмат. З асаблівым узрушэньнем згадвалі пра іх прадстаўнікі мясцовага насельніцтва — якуты, чукчы, юкагіры, эвены... Пры адным упамінаньні Анюя вочы іх сьвяціліся нейкім дзіўным бляскам, у якім спалучалася захапленьне тым, што пакуль было вядома толькі ім, і жаданьне, калі на тое будзе зацікаўленасьць, расказаць пра ўсё падрабязьней. Ды ў Тамаша Мацьвеевіча даўно стала правілам — пры магчымасьці на свае вочы пабачыць тое, што так уразіла іншых. Таму, калі надарылася аказія, і вырашыў завітаць у Анюйскую крэпасьць, якую чамусьці называлі яшчэ і Астраўное.
    Як ні дзіўна, не рускія, якія стала прыжыліся ў гэтым суровым краі, а інародцы ўкладвалі ў падобную назву хіба адным ім вядомы сэнс. Яна, як упэўніўся Аўгусьціновіч па прыезьдзе, узьнікла зусім невыпадкова. Крэпасьць і на самай справе нагадвала невялікі абжыты астравок сярод тундры, дзе рэдка ступала нага чалавека. А правільней, уяўляла сабой невялікую пляцоўку, разьмешчаную на левым беразе Малога Анюя ля самага падножжа вялізных скалістых гор.
    Астраўное — куцы ні шло, а вось каб участак тундры, абнесены даволі высокім плотам, за якім знаходзіліся невялікія будыніны, невысокая вежа ды некалькі драўляных лавак, назваць крэпасьцю, трэба было мець вялікую фантазію. Пабачыўшы ўсё, Аўгусьціновіч усьміхнуўся: няйначай гэтае ўпарадкаванае месца (паселішчам назваць яго язык не паварочваўся) па ўсіх дакумэнтах праходзіць як крэпасьць, таму рускія і прытрымліваюцца такой назвы.
    На працягу года ў Анюі рэдка хто бываў, хіба завітвалі казакі, пераадолеўшы і па сыбірскіх маштабах немалую адлегласьць — ад бліжэйшага населенага пункта Сярэдне-Калымска да Анюя было больш за 700 вёрст, — каб упэўніцца, што ўсё ў парадку. У астатні час жытло пуставала. Аднак наступала зіма, і ў стойбішчах пачыналася ажыўленьне, па-сапраўднаму зразумелае толькі мясцоваму люду. Ды і ў паселішчах, дзе жылі купцы, якія загадзя прыяжджалі сюды з багатым таварам, таксама звыклы ўклад жыцьця — на дзіва аднастайны і запаволены — парушаўся.
    І першых, і другіх можна было зразумець: набліжаўся час анюйскага кірмашу, які па завядзёнцы, што даўно стала традыцыяй, штогод праводзіўся ў Астраўным, ці Анюйскай крэпасьці. Пачатак яго прымяркоўвалі да той пары, калі маразы стаяць яшчэ не вельмі лютыя, градусаў дваццаць, а калі больш, дык не нашмат, а да іх у тундры не прывыкаць.
    У стойбішчах, як і ў паселішчах пра пачатак чарговага кірмашу даведваюцца загадзя, таму ў вызначаны час і зьбіраліся ўсе дружна ў Анюй. Але першымі сюды ўсё ж прыбывалі казакі з Сярэдне-Калымска. Начальства загадвала ім да пачатку кірмашу навесьці ва ўсім парадак, а калі пачнецца гандаль, яго належыць часам падтрымліваць. Аднак ці не галоўнае, што ўваходзіла ў іх задачу, — сустрэць спраўніка, які на кірмашы зьяўляўся галоўным начальнікам і аб’яўляў аб пачатку яго і закрыцьці.
    Аўгусьціновіч прыехаў у Анюй тады, калі ўжо было людна. Хацеў пасьля доўгага сядзеньня на нартах разьмяць ногі, пахадзіўшы ўздоўж плота, ды адразу адагнаў гэтае жаданьне — не да таго было, каб прагульвацца. Натоўп за плотам віраваў.
    Зірнуўшы на гэты людзкі мурашнік, Тамаш Мацьвеевіч чамусьці падумаў, што ў ім усё рухаецца так хутка, як асобныя вузлы ў паравой машыне. Такое параўнаньне ўзьнікла настолькі нечакана, што Аўгусьціновіч нават усьміхнуўся. Але, мінуўшы вароты, апынуўшыся ў натоўпе, упэўніўся, што ў такім параўнаньні ёсьць свая лёгіка.
    Стаяла суцэльная гамана, чуліся крыкі, брахалі сабакі... Казакі раз-пораз аддавалі каманды. Чукчы і ламуты ажыўлена гутарылі са знаёмымі купцамі, а што яны і сапраўды даўно знаёмыя і знаходзяцца ў прыязных адносінах, і чалавеку староньняму адразу было відаць — паляпвалі адзін аднаго па плячах, прытым купцы нават рабілі гэта больш прыязна, лішні раз падкрэсьліваючы сяброўства. Яны пасьпелі пачаставаць чукчаў, ламутаў чаем, тытунём. І, відаць, не толькі чаем, бо твары ў некаторых з іх былі вельмі ж расчырванелыя.
    Аўгусьціновічу цікава было назіраць — не ўмешваючыся ў гаворку, ведаючы, што цябе ніхто тут сваім не лічыць, а значыць, не падыдзе, не пазбавіць магчымасьці застацца на колькі часу сам-насам са сваімі думкамі. Праўда, хутка поруч аказаўся адзін з юкагіраў, які суправаджаў Тамаша Мацьвеевіча ў дарозе. Зьяўленьне яго было да месца.. Як і ўсе юкагіры, ён добра ведаў рускую мову і пачаў тлумачыць Аўгусьціновічу, што адбываецца на кірмашы.
    Як высьветлілася, ён пачаўся два дні назад. За гэты час мясцовае насельніцтва здало ўладам штогадовы ясак, тым самым разьлічылася з дзяржаўнай казной. А тое, што застаецца пасьля гэтага, могуць абменьваць у купцоў на розныя тавары, але ўжо пасьля афіцыйнага адкрыцьця кірмашу.
    Яно і адбылося праз некалькі хвілін, калі спраўнік аб’явіў дазвол праз перакладчыкаў (у адрозьненьне ад юкагіраў, некаторыя плямёны рускай мовы не ведалі ці валодалі ёю слаба) старастам і старшынам. Аўгусьціновіч спадзяваўся, што цяпер і пачнецца галоўнае: купцы і пакупнікі будуць спрачацца, пакуль дамовяцца аб прымальнай для абодвух бакоў умове. Пры гэтым можна і самому што-небудзь прыдбаць. Але ўсё аказалася куды празаічней, чым думалася. Гандаль не заняў і гадзіны.
    Убачыўшы зьдзіўленьне Тамаша Мацьвеевіча, той жа юкагір растлумачыў яму, што ўмовы гандлю былі абгавораны загадзя, таму так хутка і адбыўся абмен таварамі. Па праўдзе кажучы, Аўгусьціновіч расчараваўся. Не ведаў, што сапраўдная радасьць чакае яго наперадзе. А юкагір нагадаў:
    Моя знает, будет что... Твоя порадуется, увидев...
    А наперадзе чакалася відовішча, якое пабачыш не часта. Калі кірмаш Тамаш Мацьвеевіч у думках назваў усяго цікавай лялечнай камэдыяй, прытым зробленай на хуткую руку, дык таму, што адбывалася цяпер, трапнае вызначэньне так і не змог падабраць.
    Да позьняга вечара весяліўся мясцовы люд: ламуты танцавалі і ладзілі розныя гульні, чукчы спаборнічалі ў бегу і барацьбе. Праўда, апошняя засьведчыла, што, як гэта ні прыкра, а ў азарце, які пры спаборніцтвах рэч зразумелая, многія страчвалі пачуцьцё развагі.
    А, магчыма, вынікам стала і тое, што сёй-той перад гэтым пасьпеў перакуліць у знаёмага купца некалькі кілішкаў сьпірту, які, нягледзячы на забарону, тыя ўпотай прывозілі на кірмаш. А ў выніку спартыўная барацьба нярэдка пераходзіла ў звычайную бойку, пасьля якой некаторыя пераможаныя засталіся з выбітым вокам, паламанай рабрынай.
    Не ў лепшым стане знаходзіліся і пераможцы — трымаліся за грудзі, сплёўвалі на сьнег кроў, а часам з ёй і выбітыя зубы. Але, што зьдзівіла Аўгусьціновіча, да такіх вынікаў і першыя, і другія ставіліся спакойна, успрымаючы ўсё як нешта заканамернае і зразумелае.
    — Бедныя людзі, — падумаў Тамаш Мацьвеевіч, — каб жа лепшае жыцьцё ім! А то жывуць у галечы, холадзе... Але ж яны моцныя, загартаваныя... Ці не адзіная гэта магчымасьць для іх у час такіх спаборніцтваў вырвацца са звыклай і аднастайнай будзённасьці?..
    Перш чым пачаць барацьбу, байцы распраналіся да пояса, некаторыя, не зважаючы на мароз, качаліся ў сьнезе. Пасьля гэтага, расчырванелыя, яшчэ больш упэўнена кідаліся на саперніка, а той ставіўся да нападаючага адпаведным чынам. Але не столькі барацьба ўразіла Аўгусьціновіча, колькі даспадобы прыйшліся спартыўныя выступленьні іншага кшталту. Тое, што ўбачыў ён праз якую паўгадзіну, раней нідзе назіраць не даводзілася.
    Пачалося свайго роду цыркавое прадстаўленьне, хоць, зразумела, у гэтых мясьцінах пра цырк ніхто і ніколі не чуў.
    Некалькі чалавек узялі вялізную добра апрацаваную шкуру марскога маржа, якую тут называюць лахтак. Як пазьней разгледзеў Аўгусьціновіч, яна мела па акруглых краях у некалькіх месцах разрэзы, у якія можна было ўсунуць чатыры пальцы, за выключэньнем вялікага. Найбольш дужыя маладыя чукчы расьцягнулі яе перад сабой на некаторай вышыні гарызантальна. На яе ўзабраўся адзін з “артыстаў”. Стаўшы пасярэдзіне, ён пачакаў, пакуль яго добра раскачаюць, а потым пачаў скакаць уверх, пры гэтым выконваючы складаныя перавароты. Раз-пораз апускаўся на шкуру, каб паўтарыць гэты нумар, яшчэ больш ускладніўшы яго.
    Гледачы назіралі за выступленьнем з захапленьнем, але выказвалі яго па-свойму — ніхто не пляскаў у далоні, а толькі рэагавалі выкрыкамі.
    А юнак, пасьля таго як спусьціўся на зямлю, быў узнагароджаны грашыма і недарагімі падарункамі.
    Змрок падкраўся хутка. Мацнеў мароз, з гор падзьмуў вецер. Купцы, якія не паехалі дахаты, сьпяшаліся ў дамкі, дзе было загадзя добра напалена. Можна было б пайсьці з імі, тым больш што з некаторымі пасьпеў пазнаёміцца. Яны зацікавіліся ім — незнаёмы з “рускіх” адразу кідаецца ў вочы. Але Тамаш Мацьвеевіч ад прапановы загадзя адмовіўся. Начоўкі ў дарозе яму былі не ўпершыню, і ён ведаў, што і гэтую правядзе ў цяпле. Няхай у юрце не так утульна, як у доме, але мароз туды не дабярэцца. Умеюць юкагіры, чукчы абсталёўваць і паходнае жытло.
    А пакуль можна пасядзець ля кастра. Праўда, як заўважыў Аўгусьціновіч, такіх, як ён, ахвотнікаў аказалася няшмат. Купцы пайшлі, а ў іншых свае клопаты: трэба накарміць сабак, як сьлед наладзіць начлег. Таму хутка застаўся адзін, але, хоць і зваў юкагір у пастаўленую ўжо юрту, не сьпяшаўся. Прыцягнуўшы каржакаваты кавалак дрэва, усеўся на яго ля самага агню.
    Толькі цяпер, калі надвячорак пераходзіў у ноч, Тамаш Мацьвеевіч адчуў, як стаміўся за дзень. І не было чаму зьдзіўляцца. Усё ж увесь час быў на нагах, а ўжо, на жаль, далёка не малады. Іншы б на яго месцы адмовіўся ад такой доўгай дарогі. Як-ніяк, а шэсьцьдзесят пяць меў за плячыма, калі прапанавалі яму яшчэ з пяцьцю ўрачамі накіравацца ў Якуцію, каб ратаваць мясцовае насельніцтва ад заразных хвароб.
    Аўгусьціновіч не толькі не адмовіўся, а ўзрадаваўся, што зьявілася магчымасьць яшчэ раз выбрацца далей з дому. Ды і ўсё жыцьцё быў, як кажуць, на калёсах. А за два-тры гады да гэтай паездкі пабываў на Сахаліне, атрымаў шмат уражаньняў, якія пераканалі, што дома нічога не выседзіш. А так і для сябе карысьць, і іншым дапамагчы зможаш.
*
    Месцам нараджэньня Аўгусьціновіча энцыкляпэдычныя даведнікі звычайна называюць Віленскую губэрню, годам — 1809-ы. Аднак Генадзь Каханоўскі прытрымліваўся думкі, што карані Тамаша Мацьвеевіча трэба шукаць на тэрыторыі цяперашняга Мядзельскага раёна. Прынамсі, у ваколіцах мястэчка Крывічы часта сустракаецца прозьвішча Аўгусьціновіч. Магчыма, пошукі і далі б жаданы плён, але, як вядома, Генадзь Аляксандравіч заўчасна пайшоў з жыцьця.
    Аўгусьціновіч нарадзіўся ў сям’і “вольнага селяніна”. Але воля добра, калі падмацоўваецца хоць якім дастаткам. Яго ж у Тамашовага бацькі, на жаль, не было. Таму сыну давялося з вялікай цяжкасьцю пракладваць сваю сьцяжыну да ведаў. Але Тамаш быў настойлівым. Скончыў Сьвіслацкую гімназію, пасьля паступіў на мэдыцынскі факультэт Віленскага ўнівэрсытэта. Заканчваў ужо Віленскую мэдыка-хірургічную акадэмію: як вядома, у 1832 г., за тры гады да атрыманьня Аўгусьціновічам вышэйшай адукацыі, улады зачынілі ўнівэрсытэт. Прычына празаічная: не адна сотня студэнтаў прыняла ўдзел у паўстаньні 1830-1831 гг.
    Для Тамаша вялікай розьніцы не было — унівэрсытэт ці акадэмія, галоўнае ж мог вучыцца па любімай спэцыяльнасьці. А наколькі старанна авалодваў ведамі, сьведчыць тое, што вучобу завяршыў з залатым мэдалём і паказаў вялікую цікавасьць да навуковай дзейнасьці, пасьпеўшы нават напісаць і выдаць дапаможнік для студэнтаў.
    Але выпускнікі ваеннай акадэміі, няхай і хірургічнай, не маглі распараджацца сваім лёсам. Толькі б працягваць навуковую працу, а Аўгусьціновічу не на адзін дзесятак гадоў была наканавана ваенная служба. Нічога не заставалася, як прыняць гэты выклік лёсу.
    Толькі калі выйшаў у адстаўку, змог займацца тым, да чаго ляжала душа. Працуючы ў Палтаўскай, а потым Курскай і Пермскай губэрнях, Тамаш Мацьвеевіч пачаў зьбіраць лекавыя расьліны, прэпараты з якіх выкарыстоўваў у лячэбнай практыцы. І не беспасьпяхова. На Аўгусціновіча зьвярнулі ўвагу ў сталіцы і ў пачатку 1871 г. перавялі ў Пецярбург, дзе, як неўзабаве даведаўся, стваралася спэцыяльная камісія на востраў Сахалін для вывучэньня умоў, у якіх знаходзяцца катаржане. Для яе патрабаваліся і мэдыкі. Аўгусьціновічу пашчасьціла трапіць у склад гэтай камісіі.
    Паездка заняла два гады. Як праходзіла яна, якія ўражаньні дала, Аўгусьціновіч па вяртаньні ў 1874 г. расказаў у падарожным нарысе “Жыцьцё рускіх і іншародцаў на востраве Сахалін”, апублікаваным у часопісе “Всемирный путешественник” (№ 2).
    У пачатку нарыса Тамаш Мацвеевіч засьведчыў, што не абмежаваў сябе толькі выкананьнем задач, непасрэдна зьвязаных з экспэдыцыяй: “...займаючыся пастаянна прыродазнаўчымі навукамі, я таксама паставіў сабе мэтай вывучэньне царства прыроды, асабліва ў галіне батанікі”.
    А працаваў ён у гэтым кірунку пасьпяхова — сабраў 20 тысяч экзэмпляраў расьлін, многія з якіх належалі да рэдкіх відаў, а асобныя на эўрапейскай тэрыторыі Расіі і зусім не сустракаліся. У прыватнасьці, знайшоў жалезную лістоўніцу, трапіў у зарасьнікі бамбуку, якія былі вышэй росту чалавека, бачыў гіганцкую папараць...
    Усе гэтыя сьведчаньні з цікавасьцю былі сустрэты чытачамі, зьвярнулі на іх увагу і навукоўцы. Дарэчы, на зробленае Аўгусьціновічам у час гэтай паездкі, што працягвалася дзевяць месяцаў, спасылаецца ў сваёй знакамітай кнізе “Востраў Сахалін” і Антон Чэхаў. Але вартасьць нарыса “Жыцьцё рускіх і іншародцаў...” не столькі ў важным прыродазнаўчым матэрыяле, уведзеным у шырокі ўжытак. Як відаць з назвы твора і як таго вымагалі задачы экспэдыцыі, галоўным для Аўгусьціновіча было расказаць пра жыцьцё людзей у катаржных умовах, а таксама паведаміць пра быт, звычкі карэннага насельніцтва. З гэтым ён справіўся не менш паспяхова.
    Нарыс — гэта нібы энцыкляпэдыя пра Сахалін і сахалінцаў. І цяпер, калі ёсьць “Востраў Сахалін” Чэхава, не кажучы пра многія іншыя кнігі, напісанае Аўгусьціновічам не страціла сваёй вартасьці. Таму і не страціла, што Тамаш Мацьвеевіч аб убачаным расказваў не як звычайны фіксатар падзей і зьяў, а шчыра, заклапочана, з імкненьнем як мага лепш зразумець і аб’ектыўна перадаць і жыцьцё самога вострава, і лёс яго насельнікаў.
    Шмат увагі Аўгусьціновіч удзяліў порту Дуэ, ці, як яго яшчэ называлі, Дуі, разьмешчанаму “на мысе той жа назвы ў сярэдняй частцы вострава”. Паблізу порта знаходзіліся багатыя запасы каменнага вугалю, што выкарыстоўваўся як паліва для параходаў. На здабычы яго працавала каля 500 катаржан, сярод іх 50 жанчын, а таксама 10 жонак ссыльных, якія добраахвотна паехалі сюды з дзецьмі за мужамі. А ўсё насельніцтва порта складала прыкладна 800 чалавек.
    Цяжкая паднявольная праца ў першую чаргу была наканавана ссыльным. Сярод іх у найбольш жудасных умовах знаходзіліся тыя, каго адносілі да катэгорыі першага разраду. Яны працавалі ў рудніку пад строгім наглядам і з кайданамі на нагах. Тыя ж, хто ў вачах начальства лічыўся менш небясьпечным, займаліся валкай лесу. Дрэвы сьсякалі ці сьпілоўвалі ў гарах, адтуль бярвеньні спускалі на бераг вострава, далей, знаходзячыся па пояс у вадзе (а работы не спыняліся і ў кастрычніку, калі яна станавілася ўжо ледзяной), сплаўлялі іх па Татарскім праліве, каб потым па сушы дацягнуць да месца, дзе нешта будавалася.
    Знаходзіліся на востраве, як называе іх Аўгусьціновіч, земляробчыя фэрмы — і ў самым порце, і непадалёку ад яго ў слабадзе Аляксандраўка. На іх працавалі катаржане першага разраду, якія перад гэтым адбылі свой тэрмін, а таксама тыя з другога разраду, хто начальствам заахвочваўся за добрую працу.
    І гэтак з дня ў дзень, нават у нядзельныя дні працавалі. Праўда, тады ўсяго да 12 гадзін дня, а затым усіх накіроўвалі ў лазьню. Цалкам нерабочых было толькі некалькі дзён: “адзін дзень у сьвята Новага года, два дні ў сьветлае Хрыстова Уваскрашэньне, адзін дзень Сьв. Тройцы і ў асабліва ўрачыстыя дні”.
    Катаржане мусілі мірыцца з такімі парадкамі, бо ніякага выйсьця не заставалася. Нават пры жаданьні не было куды ўцячы, таму на падобны ўчынак адважваліся вельмі рэдка. І то праз некаторы час ці вярталіся самі, ці лавілі іх і прывозілі гілякі (ніўхі). У не намнога лепшым становішчы знаходзіліся і тыя, хто добраахвотна прыехаў на Сахалін працаваць. Хіба што былі свабоднымі.
    Аўгусьціновіч, перадаючы агульную атмасфэру на востраве, дасягае той пераканаўчасьці і выразнасьці, якая не выклікае аніякага сумненьня, што ён валодаў літаратурнымі задаткамі: “Жыцьцё на пасту (маецца на ўвазе порт. — А. М.) Дуэ ў вышэйшай ступені манатоннае і сумнае, выклікае часам маркоту, якая ўзмацняецца яшчэ больш пры нязвыклых гуках рынды і амаль пастаянным бразганьні кайданоў. Нішто не можа адрозьніць тут марудна ідучых гадзін свабоднага часу ад звычайных заняткаў. Куды ні кінеш позіркам, вочы нязьменна спыняюцца ці на змрочных гарах, што глядзяць на нас непрыветліва, ці сьлізгаюць па паверхні мора, якое пастаянна здаецца незадаволеным, раззлаваным, а часам нават і пеніцца, быццам ад ярасьці”.
    Адзінае месца, дзе можна было хоць неяк адпачыць, — прычал, але і там хвалі, нібыта незадаволеныя чалавекам, кожны раз імкнуліся яго абдаць вадой з ног да галавы. Ад прычала і пачыналася галоўная вуліца порта, калі яе можна было назваць вуліцай. Змрочнасьці надавала тое, што многія знаходзілі свой вечны спачын тут, далёка ад роднага кута: “Больш за ўсё наводзіць на чалавека нуду выгляд сопкі, што разьмешчана амаль пасярод паста і схілы якой усыпаны магіламі. Яна, высунуўшыся значна вышэй за хрыбты, якія акружаюць яе, сваёй канічнай галавою пастаянна глядзіць удалечыню мора, быццам чакаючы долю прызначаных ахвяр, якіх рана ці позна прыкрые жорсткім сваім пакрывалам у іх непрабудным сьне!”
    Гэта, канешне ж, уражаньні чалавека прыежджага, і яны, безумоўна, былі блізкія думкам, што прыходзілі ў галаву ўсім, хто апынуўся за тысячы кілямэтраў ад сваіх мясьцін, найчасьцей не па ўласнай волі. Мясцовае ж насельніцтва падобнай нуды не перажывала. Яно жыло на сваёй зямлі, на сваёй радзіме, а радзіма — заўсёды самая лепшая, якімі бы суровымі ні з’яўляліся ўмовы.
    Аўгусьціновіч, як і ўсе падарожнікі, якія, пабываўшы тут, пакінулі пасьля сябе запісы, шмат увагі надаў расказу пра жыцьцё карэннага насельніцтва. Нарыс цікавы найперш тымі месцамі, дзе аўтар выступае першапраходцам. У прыватнасьці, пазнавальныя запісы пра племя айна (у перакладзе — “чалавек”), якое жыло ў паўднёвай частцы Сахаліна, так званай Аніве. Другая назва гэтага племені — аінцы. Яны сяліліся на берагах вострава, а таксама ўнутры яго каля вялікіх рэк. Некалі аінцы былі свабоднымі, але каля ста гадоў назад, да прыезду Аўгусьціновіча, трапілі ў залежнасьць ад японцаў, якія пачалі іх бязьлітасна эксплюатаваць.
    Тамаш Мацьвеевіч падрабязна апісаў зьнешні выгляд прадстаўнікоў гэтага племені. Аінцы былі сярэдняга целаскладу, з акругленым, даволі правільным, са смуглявым адценьнем тварам. Скулы на ім вылучаліся менш, чым у гілякоў і арочаў. Аўгусьціновіч нават прыйшоў да думкі, што аінцы па сваім выглядзе стаялі бліжэй да эўрапейскай, чым да мангольскай расы. Да ўсяго мужчыны мелі густую і доўгую бараду.
    Жытло аінцаў адрозьнівалася сваёй арыгінальнасьцю. Юрты ставіліся чатырохкутнай формы. Для гэтага забівалі ў зямлю чатыры жэрдкі, прамежкі паміж якімі спляталі з асакі, пакідаючы адтуліны для вокнаў. Асаку выкарыстоўвалі і для страхі, а вось падлогу рабілі драўлянай. Коміна ў юртах не было, але агонь пасярэдзіне падтрымліваўся ўвесь дзень. Дым выходзіў праз адтуліну ў столі і праз уваходныя дзьверы. У юртах знаходзіліся нары, пакрытыя цыноўкамі з сухой крапівы.
    Асноўныя абавязкі ў аінцаў, у тым ліку і паляваньне, ускладаліся на плечы жанчын. Яны, на думку Аўгусціновіча, былі непрыгожымі — малога росту, валасы кароткія, пастрыжаныя ў кружок, але добрымі гаспадынямі і падтрымлівалі ў жытле належную чысьціню. Мужчыны ж галоўным чынам займаліся рыбнай лоўляй, рабілі коп’і, шаблі для паляваньня. І мужчыны, і жанчыны любілі тытунь і віно, аднак жылі між сабой у згодзе. Была ў іх і свая рэлігія: «...пакланяюцца нейкаму магічнаму бажаству, якога называлі “Камоі” і ў гонар якога запальвалі вялізныя кастры як на беразе вострава, так і ўнутры яго, на пляцоўках... паміж горнымі хрыбтамі».
    Застаючыся да канца аб’ектыўным, Аўгусьціновіч не баяўся прыводзіць прыклады, якія сьведчылі аб тым, што народы Сахаліна ў многім знаходзіліся на нізкай ступені грамадзкага разьвіцьця, а адсюль іх своеасаблівае стаўленьне да пэўных маральных каштоўнасьцей.
    Часам тое, што эўрапейцам здавалася дзікім, у іх сьведчыла аб прыязным стаўленьні адзін да аднаго. Як, для прыкладу, гэта назіралася ў ніўхаў: “У арыгінальнай форме выказваецца гасьціннасьць гілякоў, асабліва ў такіх выпадках, калі гіляк сябруе з іншым гіляком. Гіляк, які прыйшоў у госьці, пасядзеўшы некаторы час моўчкі і пакурваючы са сваёй гамзы, велічынёй з напарстак, моцны маньчжурскі тытунь, запрашаецца гаспадаром пакласьці галаву на яго калена. Гаспадар, расплятаючы касу на галаве госьця, ледзь прыкметна пачынае яе казытаць. Пальцы пачынаюць у яго рухацца хутчэй, і з кожным захопам пасмы валасоў дастае насякомых, якімі гаспадар з асалодай ласуецца...”
*
    Перачытваючы свой нарыс ва “Всемирном путешественнике”, Аўгусьціновіч не толькі атрымліваў задавальненьне, што такая публікацыя зьявілася ў аўтарытэтным выданьні, а і, перагарнуўшы чарговую старонку, адкладваў часопіс убок, каб сабрацца з думкамі. А яны тычыліся чарговай паездкі, мажлівасьць якой зьявілася ў пачатку таго ж 1874 г. У тагачасных Якуцкай і Прыморскай абласьцях заразныя захворваньні на гэты час перарасьлі ў эпідэмію, і ўрад стварыў спэцыяльную групу з шасьці ўрачоў, якія павінны былі адправіцца туды, каб весьці з імі барацьбу. У склад гэтай групы ўвайшоў і Тамаш Мацьвеевіч. Не сумняваўся, што і гэтая паездка прынясе яму шмат карысьці.
    Загадзя вырашыў не абмяжоўвацца канкрэтным заданьнем. Як і пры наведваньні Сахаліна, Аўгусьціновіч хацеў не толькі займацца лекарскай практыкай, а і зьбіраць расьліны, лепш пазнаёміцца з жыцьцём карэннага насельніцтва. Але, паколькі меў ужо пэўны вопыт журналісцкай працы, прыйшоў да высновы, што лепш будзе, калі ў дарозе не абмяжуецца асноўнымі, а значыць, у чымсьці і “штрыхавымі” запісамі, а адразу возьмецца за разгорнутыя занатоўкі. Так і зрабіў, калі экспэдыцыя адправілася ў дарогу.
    Першыя ўражанні Тамаш Мацьвеевіч занатаваў 11 ліпеня 1874 г., зазначыўшы, што з Іркуцка выехалі сёмага чысла гэтага месяца. Тым самым палічыў не патрэбным расказваць, як дабіраліся са сталіцы ў Іркуцк. І ўрэшце рэшт зрабіў правільна. Наўрад ці гэтыя занатоўкі далі б нешта новае, а толькі абцяжарылі б асноўны матэрыял, які выліўся пазьней у нарысы “Тры гады ў Паўночна-Ўсходняй Сыбіры за Палярным кругам”, якія былі ў 1880 г. зьмешчаны ў часопісе “Древняя и новая Россия” (т. XVIII, № 12).
    З Іркуцка спачатку ехалі па сушы, а потым плылі па Лене. Розныя спосабы перамяшчэньня спалучалі і ў далейшым. Зімой, зразумела, дабіраліся на нартах, запрэжаных сабакамі ці аленямі.
    Усе запісы дакладна датаваны, звычайна называецца не толькі дзень прыезду ў той ці іншы населены пункт, а нават і час прыбыцьця.
    У кожным паселішчы Аўгусьціновіч знаходзіў тое адметнае, што вылучала яго з шэрагу іншых. Гэта тычылася не толькі адносна вялікіх, як Якуцк, пра які расказваецца вельмі падрабязна, а і куды меншых. У прыватнасьці, немалое ўражаньне зрабіў на Аўгусьціновіча Віцім, куды яны прыехалі 19 жніўня 1874 г.: “...паселішча карыстаецца вялікай вядомасьцю паміж прамыслоўцамі ўсёй Усходняй Сыбіры, якія называюць яго (жартам, канешне) прыленскім Сан-Францыска. Назву гэту яно атрымала ад таго, што ў ім зьбіраецца вялікая колькасьць афэрыстаў, якія прыбываюць сюды з карысьлівымі мэтамі. Тут можна сустрэць карэнных сыбіракоў, рускіх, палякаў, немцаў, англічан, татар і яўрэяў. У кожнага з іх ёсьць які-небудзь спэцыяльны занятак. Адны маюць невялікія лаўкі, гандлюючы ў іх рознымі таварамі і прадаючы іх па высокіх цэнах; другія трымаюць вінныя паграбы з вялікім запасам він розных гатункаў, у ліку якіх знаходзіцца і шампанскае, што прадаецца па 8 рублёў за бутэльку; некаторыя трымаюць часовыя тракціры ці служаць прыказчыкамі і паверанымі. Але гэтыя спэцыяльныя заняткі не цалкам яшчэ задавальняюць прагу іх да набыцьця грошай”.
    Прага нажывы не ў апошнюю чаргу была зьвязана з тым, што непадалёку знаходзіліся залатыя прыіскі, адкуль, па словах Аўгусьціновіча, “неаднойчы ўжо, магчыма, дзьмуў вецер з залатым пылам”. А гэта выклікала схільнасьць да авантуры, ладзіліся самыя цёмныя справы. Але і паліцыя не драмала.
    Заўважыў Тамаш Мацьвеевіч у гэтым “сыбірскім Сан-Францыска” і схільнасьць да п’янства, якое ў аднолькавай ступені сустракалася і сярод мужчын, і сярод жанчын. І самае страшнае, дзеці з самых раньніх гадоў спрабавалі смак сьпіртнога.
    У запісах, як і раней, нямала таго, што тычыцца карэннага насельніцтва. Шмат месца ўдзяліў Аўгусьціновіч расказу пра жыцьцё юкагіраў, заўважыўшы, што “юкагірскае племя складаецца з некалькіх асобных несамастойных родаў і з даўняга часу страціла сваю мову”. Яе захаваў толькі адзін з іх, астатнія ж карыстаюцца тунгускай (мовай эвенкаў). А рускай мове навучыў іх яшчэ 80 гадоў назад суродзіч Вастракоў, які мог вучыцца ў Ніжнекамчацку.
    Аўгусьціновіч не абмяжоўваўся толькі ўражаньнямі, якія адразу кідаліся ў вочы. Шмат распытваў пра жыцьцё-быцьцё і саміх юкагіраў, асабліва старэйшых, кантактаваў з рускімі, а таму атрымліваў і зьвесткі, што дазвалялі высьветліць, як тыя ж юкагіры жылі на працягу стагодзьдзяў.
    Ён устанавіў: “Так званыя цяпер у Камчацкай акрузе 1-ы, 2-і і 3-і юкагірскія роды, якія налічваюць каля 200 чалавек абодвух полаў, уяўляюць сабой патомкаў некалі шматлікага племені амокаў”. Гэтае племя жыло тут яшчэ ў каменным веку. Пацьвярджэньнем таму сталі знойдзеныя на берагах ракі Калымы і ў тундры старажытныя каменныя сякеры. Але амокі на момант прыезду Тамаша Мацьвеевіча цалкам не асіміляваліся. Невялікая частка іх працягвала жыць сярод іншых плямёнаў. Тым не менш ужо тады існавала пагроза поўнага зьнікненьня рэдкага племені: гэтыя амокі размаўлялі па-руску, пачалі насіць рускую вопратку, прынялі хрысьціянскую рэлігію, перанялі лад жыцьця прышлых людзей. Што захавалі ад сваіх продкаў, дык працалюбства, спрытнасьць.
    Цікавыя запісы пакінуў Аўгусьціновіч і пра чукчаў. Дарэчы, ён меркаваў, што “назва чукча пайшла ад слова чауч (аркан, які выкарыстоўваўся для лоўлі аленяў), а таму правільней называць іх чаучамі, г. зн. арканшчыкамі”.
    У Анюйскай крэпасьці Тамаш Мацьвеевіч змог пазнаёміцца і з рознымі групамі гэтай народнасьці — “аленнымі”, “насавымі” (жылі на паўвостраве, ці, інакш, носе). Адны з іх і на самай справе разводзілі аленяў, другія, жывучы на марскім узьбярэжжы, славіліся як сьмелыя і вопытныя зьверабоі. Былі яшчэ чукчы “шалагскія”, “каргаулі”...
    Год, калі надрукавалі нарысы “Тры гады ў Паўночна-Ўсходняй Сыбіры...», стаў і годам трэцяга, апошняга падарожжа Аўгусьціновіча. Як і першага, на Сахалін. Але, паколькі на гэты час Тамаш Мацьвеевіч меў ужо за плячыма 71 год, ён выбраў больш лёгкі марскі шлях. Да вострава дабраўся на параходзе, адправіўшыся з Адэсы, а далей плыў Індыйскім і Ціхім акіянамі. На Сахаліне заняўся папаўненьнем сваёй калекцыі расьлін, рыб, насякомых... За гэты час яна павялічылася яшчэ на чатырыста адзінак. Гэта стала добрым дапаўненьнем да тых 20 тысяч, што былі сабраны ў 1871-1872 гг.
    За тры паездкі Аўгусьціновіч перадаў у Батанічны сад Пецярбурга і ў Батанічны сад Расійскай акадэміі навук ажно каля 40 тысяч узораў флёры Сыбіры і Далёкага Усходу. Гэтая ўнікальная калекцыя і дапамагла навукоўцам, якія ішлі ўсьлед за Аўгусьціновічам у вывучэньні расьліннага сьвету згаданых рэгіёнаў.
    Памёр Тамаш Мацьвеевіч у 1891 г., пражыўшы доўгае жыцьцё. Відаць, таму і аказаўся лёс да яго такім літасьцівым, што давялося ў больш чым сталым узросьце наганяць тое, што не пасьпеў зрабіць у гады маладосьці. Хоць, бадай, правільней сказаць: пайшоўшы ў адстаўку, ён якраз і ўзяўся за галоўную справу свайго жыцьця, вынікі якой дазваляюць вечна памятаць Аўгусьціновіча як першапраходца.
    [С. 335-334.]

     Алесь Марціновіч
                                                        ЁН I МЁРТВЫ — НАПЕРАДЗЕ
                                                                       Іван Чэрскі
    Не першы дзень імжыць, сыпле з неба, быццам з нейкага вялізнага і адначасова нябачнага сіта, дождж. Цяжка сказаць — ці то летні, ці асеньні. Тут жа, у Якуціі, асабліва і не разьбярэсься, калі праходзіць адна пара года і месца яе займае наступная. Праўда, з пераходам ад восені да зімы прасьцей. Ужо недзе ў пачатку верасьня ва ўсю могуць загуляць белыя мухі, выпадзе сьнег, каб легчы ці не да самага канца мая.
    У астатні ж час з надвор’ем сапраўдная мешаніна атрымліваецца. Нездарма клімат у тутэйшых мясьцінах рэзка кантынэнтальны. Калі зімой маразы да шасьцідзесяці і болей градусаў даходзяць, дык летам гарачыня за трыццаць можа падымацца. Аднак і з ёй шмат незразумелага. Патрымаецца сьпякота колькі часу, ды такая, што днём ажно дыхаць немагчыма, быццам на самым поўдні апынуўся, а пасьля на тыдзень-другі нечакана задажджыць.
    Як і цяпер, калі суцэльныя хмары завалаклі неба. Углядайся ў яго не ўглядайся, а ні маленькай сьветлай палосачкі не ўбачыш. Але Чэрскаму і гэта цяжка, амаль немагчыма зрабіць. Сіл не хапае, каб прыўзьняцца, павярнуць галаву. Так аслабеў, што да пасьцелі прыкаваны, спагадліва зробленай жонкай і правадніком Сцяпанам Растаргуевым амаль на самым носе карбаса (так тут называюць невялікае, хоць і досыць умяшчальнае рачное судна).
    Днямі вымушаны ляжаць Чэрскі. І бачыць ён над сабой зусім не неба, няхай і ў павалоках хмар, а нацягнутыя скуры, па якіх аднастайна барабаняць кроплі. Гэта таксама Растаргуеў пастараўся. Зрабіў уверсе нешта накшталт насьцілу-казырка. Так што дождж на пасьцель не трапляе. Каб жа толькі не гэтыя кроплі, якія, здаецца, манатоннасьцю сваёй саму душу вярэдзяць, выварочваючы яе вонкі, ды шорганьне пад днішчам вады.
    Хаця і самому спакойна ляжаць не хочацца. Наплываюць адна за адной думкі, нібы спаборнічаючы між сабой, каторая з іх найбольш прыкуе да сябе яго ўвагу. Пра рознае мроіцца, прыгадваецца Чэрскаму ў гэтыя хвіліны. Але што б ні прыходзіла ў галаву, нязьменна скіроўваецца да таго, пра што, хоча ён таго, ці не хоча, мусіць думаць.
    Як гэта ні прыкра, а насьпеў час і падрахунак падвесьці. Не жылец ён на гэтым сьвеце. Хвароба абвастрылася, пастаянна даймае кашаль, і кроў ужо горлам ішла.
    Спачатку сіліўся, стараўся выгляду не падаваць, што цяжка, ледзь на нагах трымаецца. Ды і хіба не бачаць яны і самі ўсяго? І любая Маўра Паўлаўна — мілая яго Маўрачка. І Растаргуеў...
    Калі б некалькі месяцаў назад сказалі Чэрскаму, што ў асобе свайго правадніка знойдзе ён і аднадумцу, і таварыша, — ніколі не паверыў бы. Але Сцяпан аказаўся менавіта такім чалавекам. Магчыма, без яго, Растаргуева, ён даўно і памёр бы ўжо, бо, бачачы, як пакутуе Маўра, адчуваючы яго нямогласьць, балюча, немагчыма трываць. Сэрца спыняецца. Аднак Сцяпан і яе добрым словам гатовы ў любую хвіліну падтрымаць, і за Сашам, сынам Чэрскага, глядзіць, каб асьцярожна сябе на борце вёў, незнарок у ваду не зваліўся. Хаця хлапец і сам разумее, што ён паўнапраўны член навуковай экспэдыцыі. Дзе ўжо іншым турбот дадаваць, трэба і самому старацца хоць у нечым дапамагчы. Таму Саша, калі патрэбна, і гербарый аформіць, і пробы вады ўпарадкуе, і запісы адпаведныя зробіць.
    Не кажучы пра тое, што, бадай, лепей за яго ніхто харыуса і не асьвяжуе. Адкуль толькі гэтаму майстэрству навучыўся! Юшка з харыуса смачная. Першы раз паспрабаваў Чэрскі — не цяпер, не ў час гэтага падарожжа, а калі ўпершыню апынуўся ў Сыбіры — не паверыў, што такая смаката быць можа. Хаця пасьля, як раскаштаваў, здагадаўся, дзе нешта падобнае давялося есьці. Ды ў маленстве.
    Памятаецца, у Дзьвіне налавілі шчупакоў, карасёў, плотак... Кінулі ў кацялок, падвешаны над кастром, папярэдне напоўніўшы яго да палавіны сьцюдзёнай рачной вадой. Рыба хутка разварылася, аддзялілася ад касьцей, а навар атрымаўся... Адмысловая юшка ўдалася. Чэрскі і цяпер сказаць не можа, якая з іх лепшая — тая, якая ў памяці з маленства засталася, ці гэтая, з харыуса, пакаштаваная ўпершыню ў Сыбіры.
    — Дзяменцьевіч! — пачуўся нечакана голас Растаргуева. — Га, Дзяменцьевіч?
    Да гэтага звароту Чэрскі даўно прывык, хоць зваўся па бацьку Дамінікавічам, і зусім не Іванам, а Янам. Але Дзяменцьевічам, ці Іванам Дзяменцьевічам, паколькі так, відаць, прасьцей, клікаў яго не адзін Сцяпан, а і ўсе тыя, з кім даводзілася Чэрскаму сутыкацца ў час экспэдыцыі. Пад гэтым імем і імем па бацьку ён увайшоў і ў гісторыю.
    — Я вось што думаю, Дзяменцьевіч... — Сцяпан адкінуў полаг насьцілу, зазірнуў унутр. — Ці не пакаштаваць табе юшкі з харыуса. Сьвежанькая, сербанеш — усё нутро ачышчае. Апякае, зараза, але... Ці мне табе казаць, які смак...
    — Пра юшку і я было падумаў, — сабраўшыся з сіламі, Чэрскі ўсё ж сеў, высунуў галаву, падставіў твар пад дажджавыя кроплі. — Ды не пра гэтую, не з харыуса... Не памятаю, ці гаварыў табе, Сцяпане. Але ў нас не такую робяць. І плотак кладуць, і шчупака, і карася... А калі дадаць бульбачкі...
    Чэрскі хацеў яшчэ нешта сказаць, аднак прыступ кашлю апанаваў яго.
    — Нічога, Дзяменцьевіч, нічога... — Растаргуеў дапамагаў як мог, трымаў за плечы. — Пройдзе, абавязкова пройдзе.
    — Пройдзе... — Чэрскі падтрымаў па звычцы, абы толькі не маўчаць, не павялічваць трывогу сваёй нямогласьцю. Ды і ўбачыў, як трывожна пазірала ў яго бок Маўра Паўлаўна. Яна нічога не гаварыла, але гэты насьцярожаны позірк сам па сабе быў запытаньнем. Маўклівым запытаньнем. І Чэрскі зноў паўтарыў: — Пройдзе! — палез пад полаг, пасьпеўшы папрасіць: — Сцяпане і ты, дарагая, Маўрачка, калі можна — кубачак чаю. Недзе ж засталіся ў нас сушаныя брусьніцы. Брусьнічнага чаю...
    Не чуў іхняга: “Пачакай крыху, будзе чай!” — бо адразу схаваўся пад насьцілам. Улёгся, паклаўшы рукі пад галаву, як гэта часта любіў рабіць. Асабліва тады, калі хацелася сабрацца з думкамі, адагнаўшы прэч выпадковыя і пакінуўшы тыя, якія ў гэты момант падаюцца галоўнымі, самымі важнымі.
    Неўпрыкметку задрамаў, а можа, і не драмаў, а расслабіўся адно. Але на душы стала спакойна, прыемна, быццам назаўсёды адышлі турботы, і сьвядомасьць высьвечвала зусім не тую жыцьцёвую паласу, што чакае наперадзе. Чэрскі ж добра ведаў: на нешта спадзявацца болей не даводзіцца. Будучыня не сьвеціць, і тыя сорак сем гадоў, што пройдзены-выпакутаваны, — мяжа, якую яму ніколі не дазволена пераступіць. Таму адзінае заставалася — прайсьці ў думках колішнімі сьцежкамі, паспрабаваць разабрацца, ці тымі былі яны, па якіх хацелася ступаць, і ўвогуле, наколькі ён заставаўся самім сабой. Ці не схібіў дзе, не паддаўся мімалётнай слабасьці, мяркуючы, што пасьля яна будзе апраўдана...
*
    Маленства Чэрскага прайшло ў сям’і небагатага шляхціца. Нарадзіўся 15 мая 1845 г. у маёнтку Свольня (цяпер гэта тэрыторыя Верхнядзьвінскага раёна). Бацька памёр рана, таму давялося болей разьлічваць на ўласныя сілы. Але ахвота да вучобы ўзяла верх над жыцьцёвай неўладкаванасьцю. Чэрскі закончыў Віленскую гімназію, паступіў у Віленскі шляхецкі інстытут.
    Шмат да якіх навук праявіў цікавасьць. І не толькі таму, што валодаў прыроднымі задаткамі. Яшчэ не мог адказаць для сябе пэўна, кім жадае стаць. Аднолькава вабіла яго і батаніка, і геаграфія. І геолягам хацелася стаць, і нават антраполягам. Значыць, неабходна было атрымаць грунтоўныя веды па многіх прадметах. Чаго Чэрскі з посьпехам і дасягнуў. Акрамя таго, авалодаў пяцьцю замежнымі мовамі.
    З такой усебаковай падрыхтоўкай адкрываліся вялікія пэрспэктывы. Але крыж на яго далейшым навуковым лёсе надоўга паставіла паўстаньне 1863 г. Прынамсі, як і многія іншыя студэнты, Чэрскі выступіў супраць самадзяржаўя. Мураўёў-вешальнік жа, наводзячы парадак, не разьбіраўся надта, хто перад ім. Студэнт ты ці не студэнт, а калі сумняваесься ў законнасьці ўлады, пойдзеш туды, дзе Макар цялят не пасе.
    Спачатку Чэрскаму, як і яго сябрам, наканавана была Віцебская турма, а пасьля суд і пажыцьцёвая ссылка ў Сыбір, у салдаты. Этап праходзіў праз Табольск, Омск... Омскі лінейны батальён, і — нават не верыцца! — сам штрафнік, Чэрскі ахоўваў гэткіх жа штрафнікоў. Цікава яшчэ і тое, што адбывалася гэта ў тым самым “мёртвым доме”, у якім дзесяць гадоў назад пабыў Дастаеўскі.
    Салдацтва, канешне, з вучобай ні ў якім разе параўнаць нельга. Але, на шчасьце, начальства ў Чэрскага аказалася не такім ўжо і строгім. Муштра была, выкананьне статутаў патрабавалася, а ў астатнім... Чэрскі са зьдзіўленьнем даведаўся, што ў астрозе ёсьць шмат кніг. І не толькі мастацкіх, якія, зразумела, дазвалялі хоць на імгненьне вырвацца з затхлай атмасфэры. Пад рукой аказаліся і выданьні па прыродазнаўчых навуках. У прыватнасьці, змог прачытаць “Паходжаньне відаў” Дарвіна і “Заалёгія падарожжа на караблі «Бігль»”.
    Калі ўлічыць, што яшчэ па дарозе ў Омск пазнаёміўся, а пасьля і пасябраваў з маладым вучоным Аляксандрам Чаканоўскім, таксама ссыльным, які захапляўся батанікай, дык, па сутнасьці, ужо меў перад сабой у многім акрэсьленую праграму далейшых дзеяньняў. А паколькі ссыльным дазвалялася адыходзіць на некаторую адлегласьць ад лягера, Чэрскі шмат блукаў па берагах Абі і Іртыша, зьбіраў рэдкія расьліны для гербарыя, шукаў рэшткі дагістарычных жывёлін, якіх захавалася тут шмат. Яны выступалі на паверхню, калі, падмытыя вадой, берагі абсыпаліся, Меў Чэрскі ў сваёй калекцыі і розныя мінэралы, ракавіны.
    Пра гэтыя росшукі ссыльнага неўзабаве даведаўся вядомы падарожнік Патанін, які жыў у Омску. Сустрэўшыся з Чэрскім, ён пазнаёміўся з яго калекцыяй і параіў паслаць ракавіны ў Маскоўскі ўнівэрсытэт. Адказу Чэрскі, праўда, так і не дачакаўся, але лёс, тым не менш, і на гэты раз паставіўся да яго прыязна.
    Летам 1868 г. у Заходняй Сыбіры аказаўся ў навуковай экспэдыцыі акадэмік Аляксандр Мідэндорф. У Омску ўжо шмат гаварылі пра дзіўнага ссыльнага, які толькі тым і займаецца, што зьбірае розныя ракавіны, малюскаў, пераварочвае на берагах горы пяску. “Дзівак, нічога не скажаш”, — каменціравалі яны свой расказ. Мідэндорф жа, як ніхто іншы, бо і сам быў апантаным навукоўцам, ведаў, як часта падобныя непрыкаянцы робяць адкрыцьці. Пры першай жа магчымасьці сустрэўся з Чэрскім.
    Пазнаёміўшыся з калекцыяй ракавін, Аляксандр Фёдаравіч застаўся ўражаны яе багацьцем і рознабаковасьцю. Не хаваў гэтага ад Чэрскага. Найбольш уразіла яго, што ракавіны, якія той сабраў, былі зусім не марскімі. Значыць... Магчыма, сам таго не ведаючы, Чэрскі зрабіў сапраўднае навуковае адкрыцьцё.
    — Ведаеце... — Мідэндорф на хвіліну замаўчаў, але не таму, што не ведаў, што сказаць, прычына была іншая. Ён баяўся, каб Чэрскі ад пачутага не зазнаўся, бо для вучонага, які толькі пачынае свой шлях, падобная небясьпека заўсёды існуе. — Ведаеце... Канешне, неабходна і пэўная праверка. Але, здаецца, я не памыляюся. Відаць, давядзецца адмовіцца ад меркаваньня, што Заходне-Сыбірская раўніна была колісь дном мора. Як жа магла яна быць дном мора? — Аляксандр Фёдаравіч ужо пытаўся нібы ў самога сябе, — калі ракавіны, знойдзеныя вамі, шаноўны Ян Дамінікавіч, рачныя! Адным словам, патрабуецца праверка. А пакуль што... Віншую! І посьпехаў далейшых жадаю!
    Сказаўшы: “І посьпехаў далейшых жадаю!” — Мідэндорф сумеўся, бо адразу зразумеў недарэчнасьць свайго пажаданьня. Якія яшчэ могуць быць навуковыя посьпехі ў ссыльнага салдата? Таму, каб паправіць няёмкасьць становішча, якую не мог не заўважыць і Чэрскі, Аляксандр Фёдаравіч дадаў:
    — Гэта ўжо ад мяне многае залежыць. Можа, і не многае, але што змагу, дапамагу.
    Што сваіх слоў Мідэндорф не кінуў на вецер, Чэрскі даведаўся восеньню 1871 г., калі яго нечакана выклікалі ў Іркуцк. Там якраз ствараўся навуковы цэнтар — Усходне-Сыбірскі аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. Патрабаваліся супрацоўнікі. На навуковую пасаду Чэрскі, зразумела, разьлічваць не мог, але і тое, што прапанавалі, у яго становішчы нямала значыла. Ён станавіўся адначасова бібліятэкарам, пісарам і... кансэрватарам. Не, погляды мяняць не давялося, проста поруч з іншымі абавязкамі вымушаны быў займацца кансэрваваньнем асобных экспанатаў.
    Але і тыя тры з лішнім гады, што прайшлі пасьля знаёмства з Мідэндорфам, нямала значылі ў біяграфіі Чэрскага. Няшчасьце дапамагло. Цяжка захварэў, таму ўжо ў 1869 г. яго вызвалілі ад службы, і ён змог болей часу аддаваць вывучэньню мясцовасьці. Сам сабе быў галава, таму і працаваў апантана. За паўсядзённымі клопатамі нават забываўся пра хваробу. Праўда, матэрыяльнае становішча лепшага жадала. Што тыя два рублі дзесяць капеек на месяц, якія давалі салдату? Але не пра нішчымніцу думаў Чэрскі, не пра хлеб надзённы. Пра навуку дбаў, пра хлеб навуковы.
    Пераезд у Іркуцк стаў, па сутнасьці, вяртаньнем у зусім іншы сьвет, той, які так неабходны, каб адчуваць сябе патрэбным людзям, цалкам аддавацца любімай справе. Менавіта ў гэты час Чэрскі зноў па-сапраўднаму стаў чалавекам. Як і тады, калі вучыўся ў Віцебску, марыў аб прысьвячэньні сябе навуцы, змаганьні за сацыяльную справядлівасьць. Што да сацыяльнай справядлівасьці, дык з ідэаламі маладосьці, праўда, давялося разьвітацца. Суровая рэчаіснасьць не пакінула ім месца. А наконт самой маладосьці, дык яна не прайшла, а якраз уступала ў пару, калі многае яшчэ можна зьдзейсьніць. Дваццаць пяць гадоў меў за плячыма Чэрскі на той час, усяго дваццаць пяць... І хацеў як мага лепей выкарыстаць дадзеную жыцьцём магчымасьць, каб пачаць усё нанава.
    Пасяліўся на ўскраіне горада, на беразе рэчкі Ушакоўкі, зьняўшы невялікі пакойчык ва ўдавы-прачкі. Хаця які пакойчык? Звычайная баковачка! Да таго цесная, што ў ёй з цяжкасьцю ўмяшчаліся стол, стул і ложак. Але Чэрскі на большае і не разьлічваў. Ды і навошта яму было нешта лепшае шукаць, калі пры першай жа сустрэчы кінуў вока на гаспадарскую дачку Маўрачку. Ёй, праўда, усяго толькі трынаццаць гадкоў споўнілася. Лавіў сябе неаднаразова на думцы, што зусім не пара яна яму. Лавіў, а сэрца іншае падказвала. Хіба ж не бачыш, што і Маўрачка, дзіцё кволае, да цябе цягнецца! Дык навошта ад шчасьця ўцякаць, кватэру мяняючы?! Ці знойдзеш яшчэ... А тут — шчасьце пад рукой, поруч, не выпускай яго... Жыць жа ды жыць яшчэ ў Іркуцку.
    Так і застаўся Чэрскі на гэтай кватэры. Калі даведаўся, што і сама Маўрачка, і яе старэйшая сястра Оля, не ведаюць граматы, падахвоціўся навучыць іх чытаць-пісаць. Хоць і на рабоце клопатаў хапала, не лічыў гэта за турботны занятак. Больш таго, радасьць адчуваў, бо і Маўрачка, і Оля аказаліся вучаніцамі стараннымі, усё на ляту схоплівалі. Зацікавілася Маўрачка і яго навуковымі росшукамі. Шмат расказваў дзяўчынцы пра Байкал, пра тое, якое вялікае гэта возера ў сьвеце, які багаты яго расьлінны сьвет, якая рыба ў ім водзіцца. А неўзабаве Чэрскаму прапанавалі самому заняцца навуковым вывучэньнем Байкала і яго ваколіц.
    Ішоў 1878 год... Маўра была ўжо не кволай прыгожай дзяўчынкай, а нявестай, як кажуць, на выданьні. Чэрскі нарэшце рашыўся на тое, пра што апошні год-другі думаў пастаянна. Лепшай жонкі, пераканаўся ён, і не знойдзеш. Дык чаго ж у такім разе чакаць? Ці пан, ці прапаў, здаецца, так гаварылі на роднай яму Віцебшчыне. Асьмеліўся, зазірнуў у вочы дзяўчыне і сказаў ціха, быццам нехта падслухаць усё гэта мог. А гэтак жа хацелася, каб тайна для дваіх праіснавала хоць нейкае імгненьне:
    — Маўрачка, я... — хваляваўся як ніколі, нават заікацца пачаў. — Маўрачка, будзь маёй жонкай! — пасьля гэтага выпаліў на адным дыханьні.
    Яна ж заружавелася, засаромелася. І чакала гэтых слоў ад яго, даўно чакала, але, як заўсёды бывае, калі нешта асабліва важнае, то напаткоўвае чалавека неспадзявана. Ад сарамлівасьці замаўчала, не магла сабрацца з думкамі. Чэрскі ж расцаніў яе маўчаньне па-свойму. Як адмову. Таму таксама зачырванеўся і гэтаксама не ведаў, што ў такім разе гаварыць.
    Павярнуцца, каб пайсьці рашуча ці, можа, на жарт усё зьвесьці. Маўляў, проста так сказаў, хацелася ведаць, як да яго ставіцца. Ды Маўра паставіла ўсё на месца. Кінулася са сьлязьмі яму на шыю:
    — Ванечка, любенькі! — усё тое, што даўно прагнула выхаду, зьмяшалася і з гэтымі сьлязьмі, і з гэтай радасьцю.
    Адразу згулялі вясельле — хоць якое вясельле, сабраліся адны блізкія, у тым ліку і Аляксандр Чаканоўскі, ён таксама працаваў у Сыбірскім аддзеле, нямала дапамагаў Чэрскаму. Аднак гэта быў ужо не ранейшы Аляксандр Лаўрэнавіч, які і пажартаваць любіў і заўсёды да месца дасьціпнае слова сказаць. Перажываньні не маглі не сказацца і на яго моцным арганізьме, якому, здавалася, ніколі і зносу не будзе. Чаканоўскі хварэў, але не фізычная нямогласьць напаткала яго, а душэўная. Чэрскаму цяжка і балюча станавілася, калі бачыў, як літаральна на вачах згасае сябра, становіцца раздражняльным.
    Байкал Чэрскія абсьледавалі ўдваіх. Маўра Паўлаўна нездарма нарадзілася і вырасла ў Сыбіры, аказалася памочнікам — пашукаць трэба. Хутка авалодала і многімі навуковымі сакрэтамі. Ведала, як і гербарый сабраць, як узяць пробы грунту ці вады. Неабходны ж рыштунак пастаянна знаходзіўся пад рукой.
    Падарожнічалі на парусьніку. Абсьледавалі паўвостраў Сьвяты Нос, Чывыркуйскі заліў, выйшлі да вытокаў Верхняй Ангары. Можна было б і далей працягваць дасьледаваньні, але настала восень, а значыць, трэба было чакаць хуткіх замаразкаў. Давялося вярнуцца ў Іркуцк. За апісаньнем, сыстэматызацыяй матэрыялаў неўпрыкмет прайшла зіма, і, як толькі пацяплела, Чэрскі сабраўся ў чарговую экспэдыцыю. Ехаў адзін, бо Маўра Паўлаўна ўжо гадавала Сашку. Кінула на развітаньне (канешне, і без сьлёз не абышлося):
    — Глядзі, асьцярожнічай, не адзін жа ты цяпер!
    — А хіба адзін я, калі ты побач? — засьмяяўся Чэрскі.
    — Дык то я, а гэта сынок... Сы-но-чак!
    ...I цяпер, лежачы пад мядзьведжай шкурай, укрыўшыся ёю ледзь не з галавой, і адчуваючы, што жаданае цяпло так і не прыходзіць, Чэрскі ўспамінаў і тую сваю паездку, і ўсе наступныя месяцы, гады, праведзеныя з жонкай і сынам. Лавіў сябе нават на думцы: а каго ён болей любіць? Маўрушу ці ўсё ж Сашу? Задумваўся і разумеў, што наўрад калі і зможа адказаць на гэтае пытаньне. Ды і што адказваць, калі яны абое дарагія яму. Калі без іх ён — як тое адзінокае дрэва на скале, што гнецца пад ветрам, шукаючы і не знаходзячы паратунку.
    Памятаецца, з той паездкі, што вясной 1879 года пачалася, — тады праплыў на рыбацкай лодцы шэсьцьсот кілямэтраў, — разам з рознымі экспанатамі прывёз і некалькі кедравых шышак. Спэцыяльна падбіраў такія, каб нагадвалі сабой якія-небудзь загадкавыя фігуркі жывёл. Убачыла Маўра Паўлаўна, зьдзівілася:
    — Няўжо для Сашы гэта сабраў?
    А Чэрскі замест адказу ўзяў шышкі і хлопчыку паднёс. Сашку ж толькі некалькі месяцаў, нічога не разумее, але ручанятамі да іх цягнецца. Глядзіць ён на сына, сьмяецца:
    — Падарожнікам будзе, абавязкова падарожнікам стане!
    Як жа хутка час бяжыць! Даўно засталіся ззаду тыя чатыры гады, калі ён абсьледаваў вялікае сыбірскае мора. А што Байкал і сапраўды мора, цяпер у сьвеце ўсе ведаюць, і не без яго, Чэрскага, дапамогі. Ён жа склаў геалягічную карту берагавой паласы Байкала, што была прадстаўлена на Міжнародным геаграфічным кангрэсе ў Вэнэцыі, і цяпер гэтай картай карыстаюцца ў многіх краінах сьвету, калі неабходна атрымаць пэўную зьвестку адносна геалягічнай структуры возера. Дэталёва вывучаў Чэрскі Саяны і Прыангар’е, знайшоў унікальны помнік каменнага веку на правым беразе прытока Ангары — Ушакоўкі.
    А ў пячоры, што каля Ніжнеудзінска, напаткаў косьці дваццаці відаў выкапнёвых жывёл. Праца была належным чынам ацэнена: Рускае геаграфічнае таварыства прысудзіла яму за дасьледаваньне Байкала залаты мэдаль.
    Гэтае ж самае таварыства ў 1882 г. стварыла новую мэтэаралягічную станцыю на Ніжняй Тунгусцы. Пачалі шукаць ахвотніка весьці ў далёкім краі назіраньні за прыродай. Выбар паў на яго, Чэрскага. Іншы адмовіўся б. Неабходна ехаць у няблізкі сьвет, а з кім сям’ю пакінуць? А ён, нядоўга разважаючы, ужо ў пачатку ліпеня з жонкай і трохгадовым Сашам сабраўся ў дарогу, у сяло Праабражэнскае, дзе і знаходзілася станцыя. Жонка перад гэтым, праўда, не прамінула пажартаваць:
    — Ты хоць перад дарогай да генэрал-губэрнатара зьбегаў?
    У гэтым жарце была доля ісьціны. Справа ў тым, што Чэрскі для царскага ўрада па-ранейшаму заставаўся дзяржаўным злачынцам і знаходзіўся на правах ссыльнага. Таму любая яго адлучка з горада патрабавала спэцыяльнага дазволу Іркуцкага генэрал-губэрнатара. Зразумела, з просьбай зьвяртаўся не сам, а кіраўніцтва Усходне-Сыбірскага аддзела геаграфічнага таварыства, тым не менш факт заставаўся фактам.
    Чаканую амністыю Чэрскі атрымаў толькі вясной 1885 г. у Пецярбургу, куды Акадэмія навук выклікала яго. Ехаў у сталіцу не звычайным падарожнікам: і тут не забываў, што перш-наперш ён — вучоны. Праводзіў вакол дарогі геалягічныя дасьледаваньні да самага Урала.
    Па прыезьдзе пачаў працаваць у Геаграфічным таварыстве, але нядоўга, бо людзі, падобныя Чэрскаму, ніколі не сядзяць на адным месцы. Ды і нагода надарылася зьбірацца ў чарговую навуковую экспэдыцыю. Акадэмія навук прапанавала яму паехаць у раён Калымы і Індзігіркі. Тым больш што ў дадзены момант Чэрскі меў і ўласныя навуковыя інтарэсы. У Пецярбургу ён апісваў рэшткі дагістарычных жывёл, прывезеных з раёна мора Лапцевых іншымі дасьледчыкамі. Гэта былі ў асноўным косткі насарогаў і мамантаў. Значыць, прыйшоў да высновы, на месцы цяперашняй тундры і лесатундры колісь знаходзіліся трапічныя лясы, якія і давалі жывёлам багата корму. Аднак ці адны насарогі і маманты жылі там? Станоўча альбо адмоўна на гэтае і іншыя пытаньні можна было адказаць толькі на месцы.
    З жонкай і сынам вярнуўся ў Іркуцк, адтуль дабраўся да сяла Качуг на Лене. Па ёй праплыў у Якуцк, дзе, шукаючы правадніка, і сустрэўся з былым казачым ураднікам Сцяпанам Растаргуевым. Угаварыў яго не без цяжкасьцей, таму што Растаргуеў не вельмі хацеў зьбірацца ў далёкую і, як ён ведаў, небясьпечную дарогу. Аднак, як неўзабаве высьветлілася, абодва яны, і Растаргуеў, і Чэрскі, адзін аднаму добра падыходзілі. Растаргуеў па натуры быў чалавек сьмелы, рашучы, а галоўнае — цудоўна арыентаваўся ў тайзе, ведаў і норавы сыбірскіх рэк. Чэрскі ж дапаўняў яго сваёй разважлівасьцю, апантанасьцю, ды, папраўдзе, і яму сьмеласьці было не займаць. Хіба што, у адрозьненьне ад Растаргуева, дзейнічаў менш абачліва, не заўсёды належным чынам ацэньваючы будучы крок.
    14 ліпеня 1891 г. Чэрскія разам з Растаргуевым адправіліся з Якуцка, каб, з вялікімі цяжкасьцямі пераадолеўшы Алданскі хрыбет, прыбыць 28 жніўня ў Верхне-Калымск. Пачыналася ўжо зіма, таму вырашылі перачакаць яе ў пасёлку, наняўшы невялікую хатку.
    Усё, здавалася б, ішло належным чынам, ды бяда заўсёды прыходзіць тады, калі яе меней чакаюць. Чэрскі нечакана захварэў. І раней ён не мог пахваліцца здароўем, а тут цяжкая дарога, пастаянная нястача, калі даводзілася эканоміць на прадуктах. Не маглі не нагадаць аб сабе і месяцы, праведзеныя ў ссылцы.
    Панікаваць, аднак, не зьбіраўся. Разьлічваў, што арганізм вытрымае, пераадолее нямогласьць. Ды і занятак па душы знайшоў Пачаў запісваць звычкі, быт якутаў, юкагіраў, эвенаў і іншых народаў, іх фальклор, вывучаў мову. Шмат распытваў, як жывуць яны, чым займаюцца. Паступова прыйшоў да думкі, што і ва ўмовах Поўначы можна з посьпехам займацца земляробствам. Гэтыя развагі занатаваў, каб прынесьлі карысьць і іншым. У дзёньніку, які вёў пастаянна, пакінуў нямала прыязных слоў пра мясцовых жыхароў, адзначаў іх кемнасьць, таварыскасьць і адначасова з трывогай канстатаваў, як іх жорстка эксплюатуюць. Каб хоць неяк палепшыць становішча якутаў, пакінуў праект забесьпячэньня іх таварамі.
    Усе гэтыя турботы адбіралі нямала часу, але не маглі адлучыць Чэрскага ад галоўнага. Штодня думаў і пра экспэдыцыю. І чым болей думаў, тым часьцей прыходзіў да высновы: можа стацца так, што завяршаць яе давядзецца без яго.
    Завяршаць? Абавязкова завяршаць! Калі на тое пайшло, такім будзе яго завяшчаньне. Вясной, а дакладней — 25 мая 1892 г., яшчэ ў Верхне-Калымску, ён напісаў “Адкрыты ліст”. Чамусьці менавіта гэтую форму палічыў найбольш прымальнай. Зьвяртаўся да Імпэратарскай Акадэміі навук. Прама канстатаваў: “Сур’ёзная хвароба, што напаткала мяне перад ад’ездам, прымушае сумнявацца ў тым, ці дажыву я да прызначанага часу адбыцьця. Экспэдыцыя акрамя геалягічных задач мае яшчэ зоалягічныя і батанічныя, якімі займаецца мая жонка Маўра Паўлаўна Чэрская...”
    Не тое што прасіў — загадваў, і на падобны загад меў права, бо кіраваўся толькі навуковымі інтарэсамі, а не нейкімі асабістымі амбіцыямі. Разумеючы, што жыць засталося нядоўга, хацеў, каб пачатая справа не спынілася на паўдарозе: «У выпадку маёй сьмерці, дзе б яна мяне ні засьпела, экспэдыцыя пад кіраўніцтвам жонкі маёй Маўры Паўлаўны Чэрскай павінна ўсё-такі гэтым летам абавязкова даплыць да Ніжне-Калымска”. Дадаў, што інакш “Акадэмія павінна пацярпець буйныя страты ў навуковых выніках, а на мяне, дакладней, на маё імя, да гэтага часу нічым не заплямленае, кладзецца ўвесь цяжар няўдачы. Толькі па вяртаньні экспэдыцыі назад у Верхне-Калымск яна павінна лічыцца завершанай”.
    Гэты “Адкрыты ліст”, а па сутнасьці, завяшчаньне, і прымушала Чэрскага зьбірацца з сіламі, якіх з кожным днём заставалася ўсё меней і меней. Амаль не было, а ён жыў. Ён хацеў жыць. І не столькі пра сябе думаў, колькі пра блізкіх. Пра блізкіх і пра навуку. Так ужо сталася, што жонка, сын, той жа Растаргуеў (а яго Чэрскі таксама палюбіў) змогуць завяршыць тое, чаго ён не пасьпеў зрабіць.
    Як хутка час бяжыць! Як хутка... І Сашу ўжо чатырнаццаць будзе. Яго Сашу! Успомніў, што даўным-даўно, калі і жаніцца яшчэ не зьбіраўся, чамусьці вельмі хацеў, каб калі-небудзь у яго была дачка.
    І імя падабраў... А нарадзіўся сын, і калі б хто сказаў сёньня, што ў яго магла б быць дачка, не паверыў. Як жа гэта жыць без Сашы? Без Сашы жыць і пражыць?!
    — Саша! Сашка, сынок! — хацеў сказаць, як мага гучней, але змог толькі прашаптаць.
    Ды сын пачуў, з хваста лодкі раздалося:
    — Тата, што, тата? — і Саша хуценька падбег, адкінуў полаг.
    — Сыночак, сыночак... — Чэрскі плакаў буйнымі сьлязьмі, не саромеючыся іх, не сілячыся выцерці. І сілы неставала зрабіць гэта, ды і навошта выціраць іх. Дзеля чаго? І каго саромецца? Сына, Маўрушы, Растаргуева!
    А Растаргуеў тут як тут:
    — Ты што гэта, Дзяменцьевіч! Бяры чай, твой любімы, брусьнічны!
    Чэрскі ўзяў кволымі, дрыжачымі рукамі кубак, паднёс да вуснаў.
    “Бач ты, — хацелася сказаць, — кубак магу яшчэ трымаць, а аловак...”
    Аловак з рук Чэрскага пачаў вывальвацца некалькі дзён назад. Спачатку спрабаваў прывязваць яго да рукі, але пасьля зразумеў, што і гэтыя памкненьні марныя. Пальцы дрыжэлі, немагчыма было пісаць. Экспэдыцыйны дзёньнік вяла ўжо жонка. Апошні запіс, які пакінуў сам, была просьба, каб пахавалі тварам на поўнач: “Нават мёртвы я павінен быць наперадзе...”
    Не ўтрымаў і кубка. Можа, і не таму, што аслаблі пальцы. Пачаўся чарговы прыступ кашлю, ды такога, што, здаецца, усё нутро пераварочвалася.
    7 ліпеня 1892 г. Чэрскага не стала. Дождж зьмяніўся самай што ні ёсьць сьнежнай завірухай, якая, праўда, гэтаксама нечакана, як зьявілася, так і зьнікла. Але не пацяплела, ды імжэла як ніколі раней. Толькі на трэці дзень змаглі Маўра Паўлаўна, Растаргуеў, Саша пахаваць яго, зрабіўшы дамавіну з вялізнага тапляка, выкінутага на бераг і выкапаўшы ў вечнай мерзлаце магілу.
    Яны ж і выканалі завяшчаньне Чэрскага, давялі экспэдыцыю да канца. Маўра Паўлаўна пазьней дабралася ў Пецярбург, сустрэлася, як таго прасіў ён, з П. Сямёнавым-Цяньшанскім. Перадала калекцыі мужа, яго запісы. Зьберагла назаўсёды памяць пра мужа. Зьбераглі памяць гэтую і нашчадкі.
    Аб тым, што жыў на зямлі “выдатны дасьледчык Сыбіры, Калымы, Індзігіркі і Яны, геоляг і географ Іван Дзяменцьевіч Чэрскі” (так сказана на яго надмагільным помніку), нагадваюць горад Чэрскі ў нізоўях Калымы, даліна Чэрскага ў Саянах і перавал Чэрскага на рацэ Харок. Ёсьць горны хрыбет Чэрскага ў Забайкальлі і горная сыстэма яго імя ў Паўночна-Ўсходняй Якуціі, гара Чэрскага пад Іркуцкам.
    Глыбокі сэнс набываюць словы: “Нават мёртвы я павінен быць наперадзе...”
    [С. 344-354.]


    Алесь Карлюкевіч
                                                         ЗАБЫТЫ РАМАН ЛЯПІЧ
    Магаданская вобласьць, Калымскі край... Бяскрайняя прастора... зазірнём хаця б у Цянькінскі раён. Ці, дакладней, як называецца зараз муніцыпальнае аб’яднанне, — у Цянькінскую гарадзкую акругу. Усяго тут 11 паселішчаў. Буйныя раёны золатаздабычы. І дзесяцігодзьдзямі тут працавалі зьняволеныя... Сярод іх — і наш зямляк... Беларус, родам з Пухавіччыны...
    Праца майго земляка, ураджэнца вёскі Бор, што месьцілася ў колішнім Ігуменскім павеце, альбо ў сучасным Пухавіцкім раёне, у партыйнай па тым часе — 1930-х гадоў — газэце “Звязда” носіць зусім фрагмэнтарны характар. У 1928-1931 гг. малады чалавек, учарашні рабфакавец, вучыўся на літаратурным факультэце БДУ. 3 1931-га — у асьпірантуры АН БССР.
    І недзе ў гэтым жа годзе, а мо і не на пачатку асьпіранцкай вучобы, а яшчэ ў канцы студэнцтва — праца літработнікам у “Звяздзе” і “Рабочем”. “Звязда” тады ўжо выходзіла на беларускай мове. “Рабочнй” рыхтаваўся стаць газэтай з усім вядомай зараз назвай “Советская Белоруссия”. Між іншым, сёньня амаль маўчаць, не згадваюць беларускамоўную “Савецкую Беларусь” з Міхасём Чаротам на чале.
    Пішучы на рускай і беларускай мовах, Раман Ляпіч выявіў сябе зусім не на старонках “Звязды”. Свае літаратурна-крытычныя артыкулы, рэцэнзіі друкаваў у часопісах “Маладняк”, “Мастацтва і рэвалюцыя”, “Полымя рэвалюцыі”, у газэце “Літаратура і мастацтва”. Пра што пісаў малады тады літаратуразнавец, які пэўны час (недзе каля пяці месяцаў) папрацаваў нават дэканам філялягічнага факультэта Менскага пэдінстытута? Адказ — у назвах артыкулаў, раскіданых па самых розных выданьнях. Вось яны — досыць трапныя, адпаведныя эпосе літаратуразнаўчыя досьледы, час жыцьця якіх нашмат меншы за творы, якія разглядаў Раман Ляпіч: “На барыкадах барацьбы за сусьветную гегемонію пралетарскай літаратуры”, “У палоне памылак”, “Нацыянал-дэмакратычная фальсыфікацыя беларускай літаратуры”, “Аповесьць пра клясавую нянавісьць”, “Песьні будаўніцтва”. Дзеля справядлівасьці трэба заўважыць, што, знаходзячыся ў палоне літаратуразнаўчага вульгарызатарства, Раман Ляпіч паказаў і спрошчанасьць, памылковасьць поглядаў на жывы літаратурны працэс у творчасьці Ільлі Гурскага, Алеся Кучара.
    Вульгарызатарства, фальсыфікатарства апошняга — зьява вядомая. Шкада, праўда, што ў вядомым рамане вядомага сучаснага пісьменьніка Ўладзімера Дамашэвіча “Камень з гары” ён выведзены пад чужым прозьвішчам. Праўда, пасьля таго ж Кучара хоць кнігі застануцца. Чытаць іх наўрад ці хто будзе, акрамя руплівых гісторыкаў літаратуры. Мо хіба выпадкова чыясьці рука здыме з бібліятэчнай паліцы якую-небудзь з адзінаццаці кніг Кучара. Пасьля Ляпіча і кніг не засталося.
    Жыцьцё беларускага “звяздоўца” і ў газэце, і ў літаратуразнаўстве зусім фрагмэнтарнае, хуткаплыннае. Іншы пласт, іншы абсяг — другое, пасьля 1938 г., жыцьцё зьняволенага Рамана Ляпіча. Што ж здарылася з маладым дэканам філялягічнага факультэта Менскага пэдінстытута?..
    Расказваць пра “другое жыцьцё” Ляпіча і проста, і складана. Прайшоўшы Калыму і іншыя архіпэлягі ГУЛАГа, толькі ў 1968 г. вярнуўся ў Мінск. Праз трыццаць гадоў. Вярнуўся інвалідам II групы. Адзін з дзесяткаў, сотняў тысяч вязьняў. Рэабілітавалі Ляпіча ў 1969-м. Памёр у 1977-м. Да літаратурных заняткаў болей не вяртаўся. Апошні год увогуле быў паралізаваны.
    Але, відаць, у канцы свайго жыцьця Раман Фёдаравіч расказаў пра свой арышт, свае лягерныя пакуты жонцы. У выніку — амаль трыццаць старонак машынапісу. Праз адзін інтэрвал. 62 знакі ў радку. Сорак і болей радкоў на старонцы. Камусьці падасца, што няшмат у памяці ўтрымалася. А мо і дастаткова для гісторыі аднаго толькі жыцьця? Большая частка якога прыпала на лягер...
    Пра арышт ён напісаў наступнае: “...грукат у дзьверы паўтараецца... нічога не паробіш, трэба адчыняць... Яны прыйшлі за маёю беднай душою... Значыць, аджыў свой век... «Хто там?» У адказ пачуў: «Адчыніце, мы з НКУС». Заходзяць у кватэру два чалавекі ў форме... Адзін з іх з дзьвюма «шпаламі» на пятліцы. Спыталіся: «Ваша прозьвішча?» Тут жа прад’явілі нейкую паперу, зацьверджаную вышэйшай інстанцыяй, — пастанову, і пачалі вобыск... Усе перавернутыя рэчы складваліся на падлозе ў кучу. На сьцяне віселі партрэты правадыроў... як сьвятых апосталаў, іх не чапалі, зрабілі толькі заўвагі: «Чаму сярод членаў урада фігуруюць ворагі народа?»”
    Пра допыт: “Сьледчы сказаў: «Вам прад’яўляецца абвінавачаньне ў шпіянажы. У сувязях з замежнай разьведкай, з германскай разьведкай, з нацдэмамі, за варожую дзейнасьць супраць Савецкай улады...” Ляпіч спытаўся ў сьледчага: “Няўжо, як такое абвінавачаньне ўстаноўлена?”
    “Паслухайце, грамадзянін Ляпіч, пытаньні тут задаю я, а вы будзеце адказваць на ўсе мае пытаньні. Толькі «чистосердечные» прызнаньні ў адказах аблегчаць ваша становішча. Па-першае, раскажыце, як вам удалося гэтак хутка падняцца па крутой лесьвіцы навукі? Зьдзіўлены, як вы, сын селяніна бязграматнага, змаглі атрымаць вышэйшую адукацыю? Відаць, мелі пратэкцыю?..» Даўно сабранае дасье ляжала на стале ў следчага. Што ў тым «дасье»?»”
    Усё ў турме ішло па даўно распрацаваным сцэнарыі. І Ляпіч цудоўна разумеў, што з пасткі нікуды не вырвацца. Цікава, між іншым, што праз многія гады Раман Фёдаравіч пераказваў жонцы не нейкія там жахі, а тое, што ён тады думаў. “Няўжо мала месца на зямлі, пад бяскрайнім небам? Хто каму замінае? Навошта абвінавачваць людзей, шукаць «дасье», складаць справу, арыштоўваць, заганяць у турмы? Каму патрэбны брацкія магілы?” І яшчэ: “Правату сваю, невіноўнасьць даказваць цяжка, вельмі цяжка. Зганьбіць чалавека прасьцей простага. Падпісаць прыгавор, адправіць іншага на эшафот — аказваецца, гэта можна, калі яму пагражае сьмерць. Для сьледчага існаваў прыём допыту абвінавачваемага. Пачынаўся допыт з хітрасьці, з выдумкі, дзейнічаў сьледчы на псыхіку. Сьледам за манеўрамі-хітрыкамі — ганьбаваньне, выкручваньне рук”.
    Вось прозьвішча сьледчага, які душыў Ляпіча, — Савацееў. Аднойчы, калі сьледчы ў чарговы раз тыцнуў у твар пісталетам, Раман Фёдаравіч не вытрымаў, падняў над галавой табурэтку. Не апусьціў. Нешта стрымала. Мо, інтэлігентнасьць? Мо, разуменьне, што немагчыма вось так проста забіць чалавека? Савацееў не выстраліў. Пасьля іранічна патлумачыў сваёй ахвяры, што яшчэ не закончыў работу, не дамогся падпісаньня пратакола абвінавачваньня, затое паабяцаў: “Пакуль замнём гэты інцыдэнт. Сам згніеш у балоце, у тайзе, табе наканавана доўга паміраць, будзеш ногі за сабою цягнуць... туды цябе пашлюць, куды Макар цялят не ганяў...” У Ляпіча хапіла мужнасьці адказаць:
    — Невялікая ваша заслуга перад Радзімай, сёньня вы мяне дапытваеце старанна, а як бы вам не прыйшлося сядзець на маім месцы і адказваць на пытаньні...
    Збылося першае. Збылося і другое. Стаў “ворагам народа” і Савацееў, які дапытваў і адпраўляў у ГУЛАГ “ворагаў”...
    Ці быў жа суд? Такім пытаньнем і праз гады задаецца Ляпіч, які так і не падпісаў тое, што ад яго патрабавалі. Суд як умоўнасьць, як фікцыя, канешне ж, быў. Але як гэты спэктакль можна назваць строгім юрыдычным словам-вымярэньнем?.. Юрыдычныя высновы нагадвалі нейкае вар’яцтва, бо былі пазбаўленыя ўсякай лёгікі. А што ў прынцыпе для іх лёгіка? Навошта яна, каму патрэбна? Так і асудзілі. На пасяджэньні “тройкі”. Так, да канца 1938 года былі яшчэ “тройкі”. Гэта ўжо пасьля — “ОСО”. Можа, памятаеце ў Салжаніцына: “Как шутят в лагере: на нет и суда нет, а есть Особое Совещание”. Бачыце: “на нет...”
    Лягер, этап. У бараках — дыктат блатных, якія звалі сябе “сябрамі народа”. Розьніца істотная: адны — “ворагі народа”, другія — “сябры народа”. Да “свайго” ГУЛАГа Раман Ляпіч дабіраўся не толькі па сушы, але і па моры. Падарожжа марскім шляхам ад Уладзівастока да Магадана — 2667 кілямэтраў. Адлегласьць!.. “Шмат было ахвяр. Іх складвалі ў спэцыяльнай каморцы, пасьля складвалі акт, сьпісвалі, выкрэсьлівалі са сьпісаў (з жыцьця). Паклаўшы ў мех, паласаты матрасьнік з завязаным канцом, пасьля вялікага шторму выкідвалі за борт. Акулам... Этапнае начальства сумесна з карабельным папярэдзілі зьняволеных, — захоўваць цішыню ў трумах, баючыся інцыдэнту з нагоды праверкі з боку японскай марской берагавой аховы. З набліжэньнем да праліва Лаперуза (у Японскім моры, паміж астравамі Хакайда і Сахалінам) — мытная зона. Зона, дзе ажыцьцяўляецца праверка грузаў праз тэрытарыяльныя воды Японскага мора і праверка кнігі запісаў грузу. Японскія мытнікі, хітра пераміргваючыся з нашымі афіцэрамі, усё паўтараюць: «Рабочы скот...» З порта Находкі да Токіа — 1700 км, да Магадана — 2667 км.
    Японцам, мо, і ўсё адно, каго і як душаць, лінчуюць у суседняй савецкай краіне. А вось самім савецкім людзям? Няўжо ўсё роўна? Няўжо паводзінамі, маўчаньнем кіравала нежаданьне нават блізка ведаць, разумець, што ж адбывалася, рабілася наўкола? У лік жа скаціны, на жывадзёрню мог трапіць любы з грамадзян, якія ўсё спадзяваліся на шчасьце, на сьветлае будучае. І ўсё роўна — ніякага супраціўленьня.
    Магадан, Калыма...
    ...Шлях прама на прыіск Дусканья. Дусканья — гэта пасёлак. Там і прыіск залаты, зона для зьняволеных. Акрамя зэкаў там жывуць і працуюць вольнанаёмныя, інжынэрна-тэхнічны пэрсанал. Там мэханічны цэнтар, майстэрні, цэхі. Здабываюць руду, золата. Адсюль хутка не вернесься. Для многіх гэтае месца ёсьць апошні шлях і апошні прыпынак яго жыцьця. Царства ім вечнае! У першую чаргу там гінулі палітзэкі, астрожнікі, інтэлектуальныя людзі. Іх зьдзекліва называлі арыстакратамі...”
    Думаю, што такія, як Ляпіч, сапраўды былі арыстакратамі. Так, арыстакратамі духу, нягледзячы на сваё сельскае выхаваньне.
    Шкада, што ва ўспамінах выйшаўшага з трыццацігадовага (!) пекла Рамана Ляпіча няма многіх прыцягальных для наша абывацельскай памяці драбніц. Няма таго, што, напрыклад, расказвае пра Калымскі якраз ГУЛАГ усё той жа Аляксандр Ісаевіч Салжаніцын. Пра Калымскі, што раструшчыў і... выратаваў (не даў памерці!) нашага земляка Рамана Ляпіча. Але — слова Салжаніцыну: “Годзе ў тысяча дзевяцьсот сорак дзевятым напалі мы з сябрамі на цікавую заметку ў часопісе «Природа» Акадэміі навук. Пісалася там дробнымі літарамі, што на рацэ Калыме ў час раскопак была знойдзена падземная лінза лёду — замёрзлы старажытны паток, а ў ім — замёрзлыя ж прадстаўнікі выкапнёвай (некалькі дзесяткаў тысячагодзьдзяў назад) фаўны. Рыбы альбо трытоны захаваліся настолькі сьвежымі, што прысутныя, раскалоўшы лёд, ахвотна іх зьелі.
    Нешматлікіх сваіх чытачоў часопіс, трэба думаць, нямала зьдзівіў, як доўга можа рыбіна мяса захоўвацца ў лёдзе. Але мала, зусім мала хто мог сапраўды дайсьці да багатырскага сэнсу неасьцярожнай нататкі.
    Мы — адразу зразумелі. Мы ўбачылі ўсю сцэну да дробязяў: як прысутныя з жорсткай пасьпешлівасьцю калолі лёд, як, парушаючы высокія інтарэсы іхтыялёгіі і адштурхоўваючы адзін аднаго локцямі, яны адбівалі кавалкі тысячагадовага мяса, цягнулі яго да вогнішча, адтайвалі і насычаліся.
    Мы разумелі таму, што самі былі з тых прысутных, з таго адзінага на зямлі племя зэкаў, якое толькі і магло ахвотна зьесьці трытона.
    А Калыма была — самы вялікі і знакаміты востраў, полюс лютасьці гэтай дзіўнай краіны ГУЛАГ, геаграфіяй разадраны ў архіпэляг, але псыхалёгіяй скаваны ў кантынэнт, — амаль нябачнай, амаль не адчувальнай, непрыкметнай краіны, і насяляў яе народ зэкаў”.
    Але замест трапных падрабязнасьцей успаміны “звяздоўца” Рамана Ляпіча адкрылі нешта не меней важнае і істотнае, чым ёсьць, прысутнічае ў «Архіпэлягу ГУЛАГу” Салжаніцына. Зэк, палітзьняволены Раман Ляпіч сьцьвярджае галоўнае правіла нават залежнага ад дзяржавы чалавека: крытэрый ацэнкі, уласная мерка жыцьця — сумленьне. Яно ратуе ад непатрэбнага подпісу. Яно, сумленьне, гартуе, дае сілы душы не стаяць на каленях.
    [С. 289-292.]


    Алесь Марціновіч
                                                 ДА КУРЫЛАЎ — ШЛЯХ НЯЛЁГКІ
                                                                  Іван Казырэўскі
    Не мог прыгадаць дакладна Іван Пятровіч, з-за чаго ўзьнікла гэтая спрэчка, з-за якой дробязі. Так бывала неаднойчы, калі за манастырскімі сьценамі станавілася настолькі сумна, што, здавалася, ніякага душэўнага спакою няма, хоць ваўком завывай. Асабліва цяжка пераносілі адлучанасьць ад мірскіх спраў тыя, хто, як і Іван Казырэўскі, у добраахвотных пустэльнікаў ператварыліся ва ўзросьце, калі нямала пабачана, зьведана, шмат пройдзена дарог. У моманты адчаю часта ў думках, а боль у гаворках з сябрамі зьвярталіся да таго ранейшага, што засталося недзе ззаду, жыло ў памяці і, па лёгіцы, павінна было даўно забыцца. Але як забыцца, калі яшчэ тры гады назад ён і не думаў станавіцца манахам, мяняць звыклае, бацькамі дадзенае імя Іван на новае — Ігнацій.
    Рашэньне прыйшло нечакана. Але “нечакана” можна гаварыць толькі ў тым выпадку, калі мець на ўвазе цьвёрдасьць і беспаваротнасьць яго. А зьявілася ж не адразу і доўгага роздуму каштавала — не адзін год. Праўдзівей кажучы, не роздум гэта быў, а тая ўнутраная барацьба, ў час якой чалавек нібыта раздвойваецца, а ў выніку пачынаюць спрачацца між сабой быццам дзьве асобы.
    Больш настойлівы быў той, які існаваў у рэальнасьці. Ён, цалкам перакананы ва ўласнай праваце і невінаватасьці, лёгка адбіваў напады другога, нейкага мітычнага Івана Казырэўскага, якога не існавала і які ўсё ж прысутнічаў са сваім неадольным жаданьнем разабрацца, дакапацца да ісьціны. Спачатку “наскокі” яго двайніка асаблівай душэўнай роспачы не прыносілі, бо на самай справе быў невінаватым. Але з цягам часу ўпэўненасьці станавілася менш.
    Так, сам не забіваў... Сапраўды, іншых на забойства не падштурхоўваў. Аднак прысутнічаў побач, калі яно рыхтавалася, знаходзіўся сярод тых, хто задумваў зладзейскі плян. І не спыніў іх. Такую ж пазыцыю неўмяшаньня заняў і яго таварыш Данііл Анцыфераў. Абодвум гэтае забойства, як ні страшна гучыць падобнае прызнаньне, патрэбна было! Атласаў ім таксама перашкаджаў, хоць па-ранейшаму меў вялікі аўтарытэт, і прыказчыкам на Камчатку яго паслалі не адкуль-небудзь, а з Масквы. А без ведама цара ці яго бліжэйшага акружэньня падобныя рашэньні не прымаюцца.
    Аўтарытэту хацелася і яму самому, і Даніілу Анцыфераву таксама. А калі не аўтарытэту, то вялікіх правоў. Зьдзейсьненае забойства і давала іх, бо, акрамя Казырэўскага і Анцыферава, у атрадзе не было іншых людзей, гатовых узяць на свае плечы адказнасьць па адкрыцьці і дасьледаваньні ўсходніх зямель Камчаткі, на якія пакуль не ступала нага рускіх.
    Значыць, маральная віна ўсё ж існавала, бо абодва былі зацікаўлены ў гібелі Атласава. А віна маральная — гэта і віна перад Богам. Усьведамленьне яе і прывяло Казырэўскага ў манахі, каб замольваць грахі свае, каб у служэньні Богу знаходзіць спакой і суцяшэньне.
    Але за манастырскімі сьценамі аказалася не так лёгка і проста. Таму і ўзьнікалі часта спрэчкі, аднак яны ў нечым прыхарошвалі аднастайнасьць будняў. Праўда, як хутка ўзьнікалі, гэтаксама хутка і сьціхалі, не даходзячы да высьвятленьня адносін, калі бакі пры ўзбуджэньні страчваюць над сабой кантроль.
    Гэтым разам аказалася інакш. Не ў апошнюю чаргу таму, што счапіўся з родным братам Пятром. Асаблівага аднадумства паміж імі і раней не назіралася, але цяпер Пётр, не знайшоўшы якіх-небудзь важкіх аргумэнтаў на карысьць уласных перакананьняў, нечакана згадаў той бунт супраць Атласава, што адбыўся яшчэ ў 1711 г., ды пачаў адкрыта папракаць Івана ў забойстве Атласава, быццам ён гэта зрабіў уласнаручна.
    Гэтага ад яго Іван не чакаў. І, не знаходзячы пераканаўчых доказаў у сваёй невінаватасьці, выкрыкнуў:
    — Што ты з нейкім Атласавым носісься?
    — Нейкім? — не адступаў Пётр. — Для цябе ж, канешне, нейкі... Быў чалавек — і няма яго... А ўрэшце, што з забойцы возьмеш?
    Пасьля пачутага Іван не кінуўся на Пятра, не схапіў яго загрудкі. Толькі падышоў упрытык, і вочы крывёй наліліся, сталі нейкімі застылымі. Але застылі яны толькі на імгненьне, пасьля чаго ў іх убачылася тая рашучасьць, што сьведчыла: цяпер ён ні перад чым не спыніцца.
    Не, біцца не будзе, але скажа такое...
    Іван выпаліў на адным дыханьні, жадаючы адразу і беспаваротна паставіць крыж на гэтай спрэчцы, бо разумеў, што пасьля яго аргумэнтаў яна страціць далейшы сэнс:
    — Я — забойца? А калі і забойца, дык што?
    Ён не ўсьведамляў, што гаворыць, — быў як заведзены, і нішто ўжо не магло спыніць яго:
    — Нават тыя людзі, якія царазабойцамі зьяўляюцца, і то жывуць! І не толькі жывуць, а і да спраў гасударавых прыстаўлены. А тут забойства нейкага камчацкага прыказчыка!
    Лепш бы не гаварыў гэтага. Зразумеў страшнасьць, непапраўнасьць зьдзейсьненага па цішыні, якая пасьля яго слоў запанавала ў кельлі. Стала так ціха, што маўклівасьць ажно аддавалася ў вушах. Як прадчуваньне чагосьці жудаснага, што непазьбежна будзе наперадзе.
    Пётр — паколькі Іван стаяў вельмі блізка да яго, пасьпеў гэта заўважыць адразу — ажно скамянеў, ніводная рыска не зварухнулася на яго твары. Адчувалася, сам не рады, што давёў брата да такога стану, калі чалавек страчвае над сабой усякі кантроль, пачынае гаварыць тое, чаго ні пры якіх абставінах прамаўляць нельга. Іван жа ў запале спрэчкі нядобразычліва адгукнуўся аб дзеяньнях гасудара.
    Як не далёка Камчатка ад Масквы, але і сюды, няхай са спазьненьнем, дайшлі зьвесткі пра сьмерць царэвіча Аляксея Пятровіча. І тут, як у сталіцы, здагадваліся, што не сам па сабе ён памёр. Але нават калі б у нечаканай сьмерці насьледніка прастолу не было нічога загадкавага і дзіўнага, усё адно, прамовіўшы тое, што сказаў у запале, Іван пераступіў мяжу дазволенага.
    Паводле тагачасных законаў (пісаных і няпісаных!), сумнявацца ў правільнасьці дзеяньняў цара, абмяркоўваць іх — значыць зрабіць супрацьпраўны ўчынак. Адбывалася пасяганьне на неабмежаваную ўладу. І той, хто стаў сьведкам, няхай і выпадковым, гэтага, павінен быў адразу далажыць аб пачутым начальству. Інакш яго магло чакаць сьмяротнае пакараньне, не кажучы пра таго, хто наўмысна ці ненаўмысна праявіў падобную непавагу да гасудара. Гэта, аднак, не значыла, што і даносчык мог адчуваць сябе спакойным, знаходзіцца ў бясьпецы. Абодва падвяргаліся жорсткаму, так званаму перакрыжаванаму допыту, і абодва мусілі ў аднолькавай ступені даказваць сваю невіноўнасьць. Каму гэта ўдавалася, той і заставаўся ў жывых. І не даносіць нельга было, асабліва калі непавага ў адрас гасудара гучала ў прысутнасьці некалькіх чалавек. Абавязкова знаходзіўся такі, які апярэджваў іншых.
    Данесьлі і на Казырэўскага. Івана закавалі ў кайданы і пад канвоем накіравалі ў Якуцк, дзе і павінен быў вырашыцца далейшы яго лёс...
*
    Іван Казырэўскі — выхадзец з беларусаў. Яго дзед, шляхціц Фёдар Казырэўскі, ваюючы ў складзе войска Вялікага Княства Літоўскага супраць Масковіі, у 1654 г. пад Смаленскам трапіў у палон, як і многія іншыя суайчыньнікі. Па распараджэньні цара Аляксея Міхайлавіча тыя з іх, хто не панёс жорсткага пакараньня, былі высланы для абжываньня тэрыторый, нядаўна адкрытых рускімі.
    Фёдар Казырэўскі апынуўся ў Якуцку, дзе знаходзіўся да 1667 г., калі, як сьведчаць архіўныя дакумэнты, “па ўказу вялікага гасудара і па грамаце адпушчаны да вялікага гасудара ў Маскву, таму што ён паляк”. Палякамі ж, як вядома, лічыліся ўсе палонныя, бо тады супраць Расіі ваявала аб’яднанае войска Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай. Хоць у бітве пад Смаленскам апошняе ўдзелу не прымала, бо знаходзілася на Украіне.
    Аднак не толькі “польскае” паходжаньне Казырэўскага паслужыла прычынай яго вяртаньня ў Маскву. Паводле тых жа матэрыялаў, ён вырашыў надалей зьвязаць лёс з Расіяй. У Маскве разам з Грыгорыем Махначоўскім і Пятром Дынбіцкім выказаў жаданьне вярнуцца на Лену, каб паступіць “на вечную службу ў сыбірскія гарады”. За такое жаданьне Фёдара Казырэўскага і яго сяброў яшчэ ў Маскве належным чынам уважылі. Ім надалі званьне “сыноў баярскіх”, што адпавядала вышэйшаму казацкаму званьню. А ўсьлед у Якуцк была паслана грамата, паводле якой гэтыя “сыны баярскія” ў Сыбіры павінны служыць так, як “ва ўсім дабра жадаць”. А яшчэ мусіў Фёдар Казырэўскі прыняць праваслаўную веру. Ён служыў прыказчыкам у многіх рускіх астрогах. Закончыў жыцьцё інакам Аўраміем у адным з манастыроў.
    Сын Фёдара Пётр быў чалавекам крутога нораву, любіў выпіць, пасьля чаго станавіўся злым, агрэсіўным. Да дабра гэта не прывяло. У 1695 г., п’яны, ён забіў жонку. Баючыся пакараньня, разам з сынамі Іванам, Пятром і Міхаілам кінуўся на ўцёкі. Нарэшце, павініўся. Добраахвотнае прызнаньне, відаць, і пазбавіла яго сьмяротнай кары, хоць і быў жорстка біты бізунамі. Аднак пакараньне было лёгкім з-за таго, што Пётр Фёдаравіч папрасіўся на службу да рускіх і выказаў жаданьне адправіцца ў пешай казачай экспэдыцыі “на новую Камчацкую раку”.
    Было гэта ў 1700 г., а трыма гадамі раней якуцкі казак Уладзімер Атласаў пабываў на Камчацкім паўвостраве, абышоў яго амаль увесь і абсьледаваў. Адбылося другое адкрыцьцё Камчаткі. Упершыню рускія ў гэтых мясьцінах пабывалі яшчэ ў 1660 г., калі атрад пад кіраўніцтвам Фядота Чукічава ў складзе 12 чалавек (сярод іх знаходзіўся і енісейскі казак Іван Камчаты, які дасьледаваў усходнія землі) наведаў паўднёвыя раёны гэтага паўвострава. На жаль, прадоўжыць свой паход па Камчатцы яны не змаглі, бо ў 1661 г. юкагіры ўзьнялі паўстанне, у час якога Чукічаў і Камчаты былі забіты, ды і загінуў ледзь не ўвесь атрад. Пасьля таго ж як на Камчатцы пабывалі людзі Атласава, патрабаваліся новыя ахвотнікі, гатовыя не задумваючыся адправіцца ў далёкую, нялёгкую, небясьпечную дарогу. Найбольш цаніліся тыя, хто, падобна Пятру Казырэўскаму, меў авантурны характар і каму надта не было што страчваць. Да ўсяго яны валодалі мужнасьцю. А каб трапіць на паўвостраў, трэба было пераадолець не адну тысячу вёрст праз цяжкадаступныя раёны.
    Сабраўся ж у дарогу Пётр Фёдаравіч з дзецьмі, старэйшы сярод іх быў Іван. В. Грыцкевіч мяркуе, што хлопчыку споўнілася на той час толькі дзесяць гадоў, значыць, паводле гэтай вэрсіі, нарадзіўся ён у 1690 г. Але, калі прытрымлівацца зьвестак, пададзеных у “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”, нарадзіўся I. Казырэўскі ў 1680 г. Значыць, гэта ўжо быў юнак, які зьяўляўся паўнапраўным членам атрада, з якім і накіраваліся Казырэўскія.
    Спачатку дабраліся да Верхаянска, адкуль, павярнуўшы на ўсход, пераадольваючы тундру, што месцамі ператваралася ў балота, шматлікія рэкі, урэшце дайшлі да Анадыра.
    Цяжка даводзілася не толькі з-за пастаянных вялікіх фізычных нагрузак. Не маючы запасу харчу і грошай, Казырэўскія ўвесь час былі паўгалоднымі. Даводзілася разьлічваць на дапамогу спадарожнікаў ды на наведваньне чарговых астрогаў, дзе іх сустракалі гасьцінна.
    З Анадыра павярнулі на паўднёвы захад. Таксама ці не на кожным кроку чакалі цяжкасьці, але яны паступова пачалі ўспрымацца як штосьці звычайнае, будзённае. На нешта іншае разьлічваць не даводзілася. Разам з усімі мужна пераадольваў вёрсты і Іван з братамі. А яшчэ яго, як і кожнага ў юначым узросьце, вабіла невядомасьць, якая чакалася наперадзе. І, канешне, не думалася, што гэты паход не прагулка з абавязкова шчасьлівым зыходам і з абдымкамі ніхто іх не прыме. Як не чакаў ніхто на Камчатцы Атласава, а дагэтуль Чукічава з Камчатым. Але пакарэньне Ўсходу ўваходзіла ў дзяржаўныя інтарэсы Расіі, якая хацела праз Усход наладзіць гандаль з іншымі краінамі, не кажучы пра пашырэньне сваёй тэрыторыі, а гэта нязьменна стаяла на першым пляне.
    У Маскве чулі і пра Японію. Пра невядомую краіну, што знаходзіцца за морам, паведамлялі першапраходцы: ім даводзілася сустракацца з японцамі, якім у час караблекрушэньня ўдалося прыбіцца да камчацкіх берагоў, ці чуць пра яе ад камчадалаў. З адным з іх, японцам Дамбэем, гутарыў і Атласаў. Дамбэй трапіў на Камчатку ў 1695 г. і застаўся там жыць.
    Іншай магчымасьці наладзіць сувязь з японцамі не было. У гэты час у Краіне ўзыходзячага сонца вяліся бесьперапынныя міжусобныя войны, і кіраўніцтва не жадала, каб у іх маглі ўмяшацца іншаземцы і пачалі аказваць дапамогу пэўнаму боку. І, каб ізаляваць Японію ад сьвету, усе марскія судны, што мелі магчымасьць плаваць на вялікую адлегласьць, зьнішчылі.
    Атласаў, калі ў 1700 г. рабіў справаздачу аб сваім паходзе, відаць, спасылаўся і на сьведчаньні Дамбэя: “А супраць Першай курыльскай ракі, на моры, бачылі ўдалечыні, як астравы, здаецца, і чужаземцы кажуць, што на самай справе там астравы ёсьць, і на тых астравах гарады мураваныя, і ў іх людзі жывуць царственныя, а якой дзяржавы і якія людзі, пра гэта сказаць не ўмеюць”.
    Гэта першая згадка пра Курыльскія астравы і Японію ў данясеньнях рускіх першапраходцаў. Двума гадамі пазьней сьведчаньне, па зьмесьце блізкае данясеньню Атласава, можна сустрэць у справаздачы Міхайлы Наседкіна, які быў пасланы прыказчыкам Васілём Колесавым у “Курыльскую зямлю на нямірных людзей”. Наседкін з яго атрадам “дайшлі ў гэтую зямлю на сабаках і высьвятлялі ад Курыльскага астрога далей у нос зямлі, і ад таго месца да месца далей у нос зямлі няма, прыйшло мора, толькі відаць у моры за пралівамі зямля, а дасягнуць той зямлі няма на чым”.
    Як бачна з гэтага сьведчаньня, Наседкін пабываў на поўдні Камчаткі, на носе, а па-сёньняшнім — на мысе Лапатка і бачыў Курыльскія астравы, дасягнуць якіх, аднак, не змог. Ды толькі пакуль было не да пакарэньня іх, працягвалася заваёва Камчаткі. Разам з іншымі першапраходцамі быў і Пётр Казырэўскі. Ён загінуў у 1705 г. у сутычцы з камчадаламі ля левага прытоку рэчкі Камчаткі, які з таго часу называецца яго імем.
    Іван Казырэўскі спачатку служыў радавым казакам і ўдзельнічаў “у многіх паходах у Камчадальскай і ў іншых землях”, пакуль лёс не зьвёў яго з Атласавым. “Камчацкі Ярмак”, як сказаў пра Атласава Аляксандр Пушкін, пасьля дакладу ў Маскве аб паходзе на Камчатку, быў прызначаны казацкім галавой і накіраваны назад. Праўда, да Камчаткі не дабраўся. Трапіў пад падазрэньне, што па дарозе, на Ангары, захапіў тавары памёршага рускага купца. Апраўдалі Атласава толькі праз некалькі гадоў, на працягу якіх ішло сьледзтва, і паслалі прыказчыкам на Камчатку, дзе, паводле скаргаў, якія паступалі ў Маскву, казакі бясчынствавалі ў дачыненьні да мясцовага насельніцтва.
    Атласаву загадалі дзейнічаць “супраць іншаземцаў ласкай і прыветам” і жорстка караць тых, хто люта абыходзіцца з камчадаламі. Але не пасьпеў ён дабрацца да Анадырскага астрога, як пасыпаліся даносы на самога. Іх пісалі казакі, уціхамірваць якіх Уладзімер Уладзіміравіч зьбіраўся. Праўда, на гэта начальства асаблівай увагі не зьвяртала, разумеючы, што абураюцца тыя, хто баіцца пакараньня. Тады казакі ў ліпені 1707 г., пасьля прыбыцьця Атласава на Камчатку адкрыта выступілі супраць яго. Пасадзілі Уладзімера Уладзімеравіча ў “казёнку” (турму), выбралі сабе новага начальніка, а ў Якуцк накіравалі чарговы рапарт са скаргай на самаўпраўства Атласава і нязгодай знаходзіцца пад яго кіраўніцтвам.
    Справа прыняла сур’ёзны паварот. Якуцкі ваявода зьвярнуўся з запытам у Маскву, як быць далей. У сталіцы вырашылі не ўнікаць у сутнасьць рознагалосьсяў паміж казакамі і ў 1709 г. накіравалі на Камчатку новага прыказчыка — Пятра Чырыкава. Аднак ужо восеньню наступнага года чамусьці паслалі яму на зьмену Восіпа Ліпіна (па некаторых дакумэнтах — Міронава) з атрадам у 40 чалавек. Але, паколькі Атласава афіцыйна ад пасады ніхто не вызваляў, на Камчатцы адначасова знаходзіліся тры прыказчыкі.
    Працягвацца так доўга не магло. Чырыкаў, разумеючы гэта, пасьпяшаўся здаць Ліпіну Верхнекамчацк і са сваімі людзьмі пераправіўся на лодках у Ніжнекамчацк, дзе зьбіраўся перазімаваць. Але там, як вядома, знаходзіўся Атласаў. У студзені 1771 г. па справах прыбыў туды і Ліпін. Ніякіх непаразуменьняў паміж трыма прыказчыкамі не ўзьнікла, і разышліся яны, як кажуць, палюбоўна. Ліпін нават забраў з сабой у Верхнекамчацк Чырыкава. Аднак па дарозе назад і адбылася першая трагедыя.
    Казакі, сярод якіх знаходзіўся і Іван Казырэўскі, узбунтаваліся. Яны забілі Ліпіна, а Чырыкаву далі час на пакаяньне. А самі кінуліся назад у Ніжнекамчацк, каб расправіцца з Атласавым. Наконт далейшых падзей існуюць дзьве вэрсіі.
    Найбольш распаўсюджаная пераказана А. С. Пушкіным: “Не даехаўшы за паўвярсты (да Ніжнекамчацка. — А. М.), накіравалі яны трох казакаў да яго з пісьмом, прадпісаўшы ім забіць яго, калі стане ён яго чытаць... Але засьпелі яго сьпячым і зарэзалі. Так загінуў камчацкі Ярмак!.. Бунтаўшчыкі ўступілі ў астрог... раскралі пажыткі прыказчыкаў... выбралі атаманам Анцыферава, Казырэўскага есаулам, з Цігіля прывезьлі пажыткі Атласава... ядомыя прыпасы, парусы і снасьці, прыгатаваныя для марскога шляху ад Міронава, і паехалі ў Верхні астрог, а Чырыкава кінулі закаванага ў палонку, сакавіка 20-га 1711 года”.
    Іншага варыянту прытрымліваецца сучасны расійскі гісторык Б. Палявой. Атласаў, на яго думку, сустрэў няпрошаных гасьцей, узяў з іх рук “фальшывую грамату”, паднёс яе да сьвечкі, каб высьветліць, што там напісана, і ў гэты момант атрымаў здрадніцкі ўдар нажом у сьпіну.
    Што да дзеяньняў Казырэўскага, дык пазьней сын Атласава Іван засьведчыў, што яго віны тут няма. Аднак сам Іван Пятровіч ускосна адчуваў яе ўжо і тады. Як і, дарэчы, Анцыфераў. Выбраньне начальнікамі (есаул — г. зн. памочнік атамана) сьведчыць аб іх высокім аўтарытэце. А, значыць, калі б захацелі, маглі б паўплываць на незадаволеных, калі думка аб забойстве яшчэ высьпявала. Ды маральную віну да справы не прышыеш. Таму і Анцыфераў, і Казырэўскі засталіся на свабодзе, хоць і былі біты бізуном. Непасрэдных жа зачыншчыкаў бунту пакаралі сьмерцю.
    Анцыфераў і Казырэўскі павінны былі прадоўжыць справу, якую не пасьпеў завяршыць Атласаў. Ім даручылі ўзначаліць атрад казакаў і камчадалаў, які накіраваўся да Курыльскіх астравоў у пошуках шляху ў Японію.
    Атрад адправіўся з Бальшарэцка на веславых байдарках і ў жніўні таго ж 1711 г. дайшоў да мыса Лапатка, які ў той час называлі Камчадальскім носам. Ад яго паплылі да самага паўночнага з Курыльскіх астравоў — Шумшу. Адлегласьць была невялікай, і праз тры гадзіны падарожнікі дасягнулі сушы.
    На гэтым іх плаваньне да Курылаў спынілася. Праўда, Анцыфераў і Казырэўскі прыпісвалі сабе адкрыцьцё яшчэ аднаго вострава — Парамушыр, што на поўдзень ад Шумшу. І пазьней нават нанесьлі яго на карту. Аднак гэта жаданьне выдаць магчымае за рэальнае. У атрад уваходзіў і актыўны ўдзельнік бунту супраць Атласава Грыгорый Пераломаў. Калі ўлады зноў зьвярнуліся да справы аб забойстве, Пераломава разам з іншымі падверглі жорсткім катаваньням. Тады ён і прызнаўся, што на “другім марскім востраве” не былі, а схлусілі наконт адкрыцьця.
    29 верасьня 1711 г. Анцыфераў і Казырэўскі вярнуліся ў Бальшарэцк. Дарэчы, гэты астрог на рацэ Вялікай (Большой) і быў закладзены Іванам Пятровічам яшчэ да плаваньня. Аб выніках паходу неўзабаве паслалі данясеньне цару. У гэтым паведамленьні гаварылася: “А ў цяперашнім, гасудар, у 1711 г., мы, рабы твае, з Вялікай ракі, жніўня 1 чысла, у тую Курыльскую зямлю ўскрай Камчадальскага носу хадзілі. І дзе раней служылыя людзі з Курыльскага астрога былі, і ад таго месца да самага краю Камчадальскага носа 2 дні ходу, а з таго носу мы, рабы твае, у мелкіх суднах і байдарках за пералівамі на моры на астравах былі і да той зямлі даходзілі, дзе загадана нам, рабам тваім... разьведаць і даць той зямлі асобны чарцёж. І калі былі мы, рабы твае, за першым пералівам, на першым востраве, ля вусьця Кудтугана ракі, тыя курыльскія мужыкі, скапіўшыся ў шматлюдзтве, далі з намі бой вялікі”.
    “Курыльскія мужыкі” — прадстаўнікі мясцовага насельніцтва, якое зьяўлялася патомкамі камчадалаў і айнаў. Гэтых мэтысаў рускія называлі бліжнімі курыламі, а саміх айнаў — “махнатымі людзьмі” ці дальнімі курыламі.
    Казырэўскі пакінуў пра іх запісы. Насельніцтва вострава Шумшу, паводле яго прызнаньня, “галовы свае голіць да патыліцы”. Наведваліся ж “курыльскія мужыкі” да сваіх суседзяў, якія жылі на астравах, “дзеля куплі і баброў, і лісіцы, і арлоў, і арлінага пер’я”. Пер’е выкарыстоўвалі для ўцяпленьня апраткі, якую звычайна шылі са шкур нерпы.
    Дзень вяртаньня Анцыферава і Казырэўскага ў Бальшарэцк — 29 верасьня 1711 г. — і лічыцца афіцыйным адкрыцьцём Курыльскіх астравоў.
    Далейшае асваеньне іх давялося праводзіць аднаму Казырэўскаму, бо Анцыфераў у лютым 1712 г. быў забіты разам са сваімі 25 служылымі людзьмі ў час збору ясака.
    Па словах Казырэўскага, гэта адбылося яшчэ ў час паходу на раку Авачу, куды Данііл Якаўлевіч быў накіраваны новым камчацкім прыказчыкам Васіліем Севасцьянавым. А вось як выглядае ўсё паводле Аляксандра Пушкіна: “Даведаўшыся аб яго (Анцыферава. — А. М.) хуткім прыбыцьці... зрабілі яны (камчадалы. — А. М.) прасторны балаган з патаемнымі трайнымі пад’ёмнымі дзьвярыма. Яны прынялі яго з пашанай, ласкай і абяцаньнямі; далі яму некалькі аманатаў з лепшых сваіх людзей і адвялі ў яго распараджэньне балаган. На наступную ноч яны спалілі яго. Перад запальваньнем балагана яны прыпаднялі дзьверы і клікалі сваіх аманатаў, каб тыя хутчэй уцякалі. Няшчасныя адказвалі, што яны прыкаваны і не могуць скрануцца з месца, але загадалі сваім таварышам паліць балаган і іх не шкадаваць, абы толькі згарэлі казакі”.
    Васілій Колесаў, які не так даўно распраўляўся з забойцамі Атласава, зноў быў накіраваны на Камчатку. Ён захацеў атрымаць ад Казырэўскага карту праліваў і астравоў за “носавай зямліцай”. Канешне ж, той не мог не выканаць гэтую просьбу, і ў выніку ў 1712 г. зьявіўся “Чарцёж зноў Камчадальскай зямліцы і мора”. Паколькі папярэдні чарцёж, датаваны 1711 г., не захаваўся, то другі і трэба лічыць першай картай Курыльскага архіпэляга.
    У наступным годзе Казырэўскага адправілі “для праведваньня ад Камчацкага Носу за пералівамі марскіх астравоў і Японскай дзяржавы”. Да паходу ён падрыхтаваўся належным чынам. У Бальшарэцку пад яго кіраўніцтвам было пабудавана некалькі лёгкіх суднаў, на якія ўзялі гарматы, шмат агнястрэльнай зброі. Атрад складаўся з 55 служылых і 11 камчадалаў. На борце аднаго з суднаў знаходзіўся японец Сана, які ў свой час пацярпеў караблекрушэньне на рацэ Жупанавай і, як гэткія ж яго суродзічы, застаўся жыць сярод камчадалаў.
    У час гэтага паходу Казырэўскі і наведаў нарэшце востраў Парамушыр, яшчэ раз пабываўшы на Шумшу. Па некаторых зьвестках, плаваў ён і да трэцяга вострава — Анекатане, хоць апошняе малаверагодна. Не да гэтага было. Курыльцы не тое што сустрэлі нязваных гасьцей недружалюбна, а былі “вельмі жорсткія”. Узброеныя коп’ямі, лукамі са стрэламі, з шаблямі, апранутыя ў кулякі (так называліся спэцыяльныя панцыры), яны ўступілі з прышэльцамі ў рашучую бойку. Тым не менш, ясак удалося захапіць.
    Набліжалася восень, якая ў гэтых мясьцінах суправаджаецца моцнымі, шквальнымі вятрамі на моры, таму “без якараў і парусаў і без компасаў і іншых суднавых (прыстасаваньняў. — А. М.) і... прыпасаў і за малалюдзтвам» плыць далей Казырэўскі не адважыўся. Дый разумеў, што і так за кароткі прамежак часу зрабіў нямала. Клапоцячыся і аб будучых мараходах, устанавіў, пры якіх мэтэаралягічных умовах лепш плаваць у гэтых шыротах, даў характарыстыку асобным пралівам: “Першы пераліў, у лёгкіх суднах сваёй сілаю хутка можна да абеду з раніцы наперад і назад схадзіць”. Пра трэці пісаў наступнае: «Гэты дробнымі байдаркамі хутка да паўдня, а з грузам, з жонкамі і дзецьмі дзень ходу ў ціхі час”. Другі ж быў “вярсты дзьве ці менш тысячных”.
    Указаў Казырэўскі і адлегласьць паміж адкрытымі астравамі. Ён склаў “чарцёж... Камчадальскага носа да Матмайскага і Ніфона астравоў”. Матмайскі востраў — востраў Хакайда, самы паўночны ў Японіі. Гэты чарцёж быў пакладзены ў аснову карты тамашніх мясьцін і пазьней дастаўлены ў Маскву.
    Важна і тое, што Казырэўскі ўважліва прыглядаўся да жыцьця карэннага насельніцтва, высьвятляючы, што варта перайманьня. З сабой прывёз “апраткі крапіўныя, і дабінныя, і шаўковыя, і шаблі, і катлы”. Крапіўныя — г. зн. з крапівы, а дабінныя — у нечым падобныя да баваўняных. Вялікае значэньне мелі назіраньні Казырэўскага аб адносінах курыльцаў з іх суседзямі “ніфонцамі”, як назваў ён японцаў. Высьветлілася, што японцы ад Матмайскага вострава далей на поўнач не плаваюць. Значыць, жыхары астравоў, разьмешчаных там, не зьяўляліся падданымі Японіі, а гэта аблягчала зьбіраньне з іх ясаку.
    Пасьля вяртаньня з Курылаў Казырэўскі ў 1714-1715 гг. зьбіраў ясак на рэках Іча, Крутагорава, Канпакова на Камчатцы, наведваўся і на астравы Шумшу і Парамушыр. Затым на працягу двух гадоў кіраваў Камчаткай, пакуль у 1717 г. не пастрыгся ў манахі. І вось гэтая спрэчка ў 1720 г. магла каштаваць жыцьця.
    Па дарозе ў Якуцк шмат перадумаў, неаднойчы перагарнуў у памяці старонкі пражытага. І чым далей разважаў, тым больш упэўніваўся, што дасягнуў многага. Як ні складзецца лёс, а зьдзейсьніў шмат і нямала пабачыў. Канешне, хацелася б яшчэ пахадзіць па зямлі, па моры паплаваць, на невядомыя землі наведацца. А дзеля гэтага найперш трэба не здавацца. Вытрымаць любыя катаваньні (што яны будуць — не сумняваўся), адагнаць прэч усе нагаворы і падазрэньні.
    Галоўнае — стаяць да канца ў тым, што нічога падобнага пра гасудара, што яму ставяць у віну, не гаварыў і гаварыць не мог, Атласава не забіваў. Удасца перанесьці допыты — застанецца ў жывых.
    Гэтая ўпэўненасьць, вялікая сіла волі і жыцьцястойкасьць дапамаглі Казырэўскаму. Ён не толькі апраўдаўся, а і заняў высокую пасаду ў Якуцкім манастыры.
    На працягу чатырох гадоў займаўся пабудовай новых манастыроў — Пакроўскага, Спаскага... Ды зноў знайшліся нядобразычліўцы, абвінавацілі ў прысваенні грошай. Цяпер да ланцуга прыкавалі духоўныя ўлады. Усё ж вызваліўся, з-пад варты ўцёк.
    Паратунку вырашыў шукаць у якуцкага ваяводы. Напісаў яму заяву, у якой паведаміў, што ведае шлях у Японію, і запатрабаваў, каб як мага хутчэй яго адправілі ў Маскву, дзе гатовы даць адпаведныя паказаньні. Аднак ваявода пра ўсё паведаміў толькі ў Табольск, дзе справа павісла ў паветры. Заяве не надалі належнай увагі, відаць, не прывыклі праяўляць уласную ініцыятыву. А паколькі ніякіх запытаў пра Казырэўскага з Масквы не было (і быць не магло), ён табольскія ўлады асабліва не цікавіў.
    Аднаго дамогся ад якуцкага ваяводы — перастала прасьледаваць манастырскае начальства. Чым займаўся наступныя два гады, невядома, але ў 1726 г. пра яго нечакана ўспомніў сам табольскі губэрнатар. І на тое былі асаблівыя падставы. У гэты час Вітус Берынг накіроўваўся на Камчатку, каб знайсьці шляхі ў Амэрыку. Губэрнатар і прапанаваў яму распытаць пра землі і астравы, адкрытыя Казырэўскім.
    Гутарка Берынга з Іванам Пятровічам адбылася ў Якуцку 6 чэрвеня 1726 г. Казырэўскі перадаў Берынгу падрабязны чарцёж Курыльскіх астравоў, а таксама тлумачальную запіску, у якой указаў адлегласьць паміж імі і ўмовы, пры якіх лепш плаваць. Ён агітаваў Берынга кіравацца ў Японію, прасіў узяць з сабой у экспэдыцыю. У Берынга ж, як вядома, была іншая задача, і шлях яго ляжаў не на поўдзень, а на поўнач. Таму палюбоўна разьвіталіся. Берынг застаўся задаволены чарцяжамі і зьвесткамі, а Казырэўскі — са сваім няпростым роздумам, як быць далей.
    Мара аб далейшых плаваньнях не пакідала яго. Нарэшце пабудаваў уласнае судна. Хутчэй за ўсё, для гэтага выкарыстаў манастырскія сродкі. Ажыцьцявіў плаваньне па моры, якое цяпер называецца морам Лапцевых, а ад ракі Лены хацеў дабрацца да Амэрыкі і Камчаткі, не ведаючы, як далёка адтуль да іх.
    Плаваньне з перапынкамі працягвалася з 1727 па 1729 г., пакуль Казырэўскага не спасьцігла няўдача: вясной 1729 г. судна раструшчылі льды. Іншы б апусьціў рукі, але ён быў не з тых, хто пасуе перад цяжкасьцямі. Вырашыў на свой страх і рызыку падацца ў Маскву, каб самому дамагацца сродкаў на далейшае асваеньне Камчаткі.
    Дайшоў да Сэната, які 23 кастрычніка 1730 г. прыняў рашэньне аб пабудове на Камчатцы Усьпенскага манастыра і выдзеліў 500 рублёў на хрысьціянізацыю камчадалаў. Казырэўскага ўзьвялі ў сан іераманаха. У “Санкт-Петербургских ведомостях” зьявіўся артыкул пра яго падарожжы і адкрыцьці. Праўда, да гэтай публікацыі, хутчэй за ўсё, меў дачыненьне сам Казырэўскі. Пастараўся, каб зьвярнуць на сябе ўвагу. Аднак не драмалі і нядобразычліўцы. Зноў усплыла справа аб забойстве Атласава. Чарговы раз апынуўся за кратамі. Як ні даказваў невіноўнасьць, ніхто і слухаць не хацеў.
    Нарэшце, каб разабрацца ў сутнасьці справы, вырашылі запатрабаваць з Якуцка пэўныя дакумэнты. Яны прыйшлі толькі праз тры гады, калі Івана Пятровіча ўжо не было ў жывых: памёр Казырэўскі 2 сьнежня 1734 г.
    Пайшоў з жыцьця, належным чынам не ацэнены сучасьнікамі.
    Пайшоў, каб застацца ў памяці ўдзячных нашчадкаў.
    У Усць-Камчацкім раёне ёсьць гарадзкі пасёлак Казырэўскі. Імем выдатнага выхадца з Беларусі названы горад і мыс на Курыльскіх астравах.
    [С. 267-276.]

                                                                            ДАВЕДКА

    Алесь Мікалаевіч Карлюкевіч - нар. 6 студзеня 1964 г. у в Зацітава Слабада Пухавіцкага раёну Мінскай вобласьці БССР (СССР). Скончыў у 1985 г. аддзяленьне журналістыкі Львоўскай вышэйшай вайскова-палітычнай вучэльні. Працаваў у газэтах “Во славу родине”, “Звязда” (1995-1998), “Чырвоная змена” (1998-2002) — галоўны рэдактар. У 2002 г. скончыў Акадэмію кіраваньня пры Прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь. У 2002-2006 гг. працаваў у газэце “Советская Белоруссия”. У 2006-2011 гг. дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і мастацтва”. Адначасова ў 2009-2011 гг. галоўны рэдактар газэты “Літаратура і мастацтва”, што ўваходзіла ў склад РВУ. 8 лістапада 2011 г. прызначаны галоўным рэдактарам газэты “Звязда”. З лістапада 2012 г. адначасова выконваючы абавязкі, са сьнежня 2012 г. дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дому “Звязда”. З кастрычніка 2011 г. адначасова зьяўляецца старшынём Мінскага абласнога аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. З 15 сьнежня 2016 г. намесьнікам міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
    Літаратура:
    Марціновіч А.  Карлюкевіч Алесь Мікалаевіч. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 т. Т. 6. Кн. 2. Мінск. 2003. С. 397.
    Вальпух  Пухеля,
    Койданава.

    Алесь Андрэевіч Марціновіч – нар. 18 жніўня 1946 г. у в. Казловічы Слуцкага раёна Бабруйскай вобласьці БССР (СССР). Пасьля заканчэньня ў 1964 г. Навасёлкаўскай сярэдняй школы Капыльскага раёну паступіў на беларускае аддзяленьне філялягічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. З трэцяга курсу перавёўся на аддзяленьне журналістыкі, які скончыў у 1968 г. Па разьмеркаваньні працаваў загадчыкам аддзелу лістоў і масавай работы дарагічынскай раённай газэты “Запаветы Ільліча” (Брэсцкая вобласьць). У 1969 г. пакліканы ў СА, служыў афіцэрам, камандзірам мотастралковага ўзводу ў Забайкальскай ваеннай акрузе РСФСР. Пасьля звальненьня ў запас працаваў у рэдакцыях капыльскай раённай газэты “Слава працы” і слуцкай раённай газэты “Шлях Ільліча”, рэспубліканскай газэце “Літаратура і мастацтва” (з 1972 г. — карэспандэнт аддзелу літаратуры, з 1981 г. — загадчык аддзелу інфармацыі і літаратурнага жыцьця). У лістападзе 1999 г. адначасова пачаў працаваць у часопісе «Беларуская думка» (1999-2007) — рэдактар аддзелу літаратуры і мастацтва, намесьнік галоўнага рэдактара, першы намесьнік галоўнага рэдактара. Затым намесьнік галоўнага рэдактара часопісаў “Нёман” (2008-2009) і «Маладосць» (2009-2011). Ад 2011 г. загадчык аддзелу крытыкі часопісу «Полымя».
    Литература:
    Карлюкевіч А.  Марціновіч Алесь Андрэевіч. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 т. Т. 5. Мінск. 1999. С. 81.
    Вікторыя Рачпорт,
    Койданава