среда, 21 июня 2017 г.

Вадзім Жучкевіч. Дасьледчыкі Сыбіры. Койданава. "Кальвіна". 2017.


                                                  У рэдакцыю часопіса “Беларусь”
    Спрадвеку існуе звычай ушаноўваць памяць славутых землякоў. На іх радзіме ставяць помнікі, мэмарыяльныя дошкі, знакі, іх імёнамі называюць вуліцы, населеныя пункты.
    Шмат дала сьвету выдатных людзей і наша беларуская зямля. Але пра некаторых з іх ведае нешырокае кола людзей   гісторыкі, дасьледчыкі даўніны, спэцыялісты.
    ...На адной з цэнтральных плошчаў сталіцы Чылі горада Сант’яга стаіць помнік вучонаму і дасьледчыку І. І. Дамейку. А нарадзіўся ён у Беларусі, на Навагрудчыне. Помнік нашаму славутаму земляку стаіць у Чылі з даўніх часоў, а ў нас мала хто нават чуў пра такога вучонага. Ці вось яшчэ прыклад. Пра выдатнага беларускага дасьледчыка І. Д. Чэрскага напісана каля сотні тамоў. І хіба ж не дзіўна, што там, дзе вучоны нарадзіўся, дзе прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады, дзе доўга жыла потым ягоная верная спадарожніца ў жыцьці М. П. Чэрская, не засталося ніякай памяткі пра яго? А імем жа Чэрскага названы велізарны горны край, удвая большы па плошчы за Беларусь.
    Неяк у Якуцку мяне папрасілі даслаць матэрыял аб маладых гадах нашага земляка Э. К. Пякарскага. А ці шмат людзей у Беларусі ведаюць пра гэтага выдатнага дасьледчыка, ганаровага акадэміка АН СССР?
    Трэба, відаць, больш расказваць пра славутых нашых землякоў у друку.
    Невялікі нарыс, які мы прапануем, прысьвечаны дасьледчыкам Сыбіры, якія паходзяць з Беларусі. Гэта тым больш дарэчы, што неўзабаве будзе адзначацца 400-годзьдзе далучэньня Сыбіры да Расіі.
    В. А. Жучкевіч,
    доктар геаграфічных навук, прафэсар,
    загадчык катэдры Белдзяржунівэрсытэта імя У. І. Леніна,
    прэзыдэнт Геаграфічнага таварыства БССР.
                                                       ДАСЬЛЕДЧЫКІ СЫБІРЫ
    Чатырыста гадоў таму назад паходамі Ермака Цімафеевіча пачалося асваеньне неабсяжных прастораў Сыбіры. Рускія землепраходцы на дзіва хутка сягнулі ад Урала на ўсход і у 1639 годзе выйшлі да берагоў Ціхага акіяна. У 1648 годзе казацкі атаман Сямён Дзяжнёў абышоў крайні ўсходні мыс Азіі, названы пазьней яго імем.
    Наўрад ці можна перабольшыць ролю Сыбіры ў жыцьці нашай краіны. Значэньне яе прадбачыў яшчэ М. В. Ламаносаў, які адзначаў: “Расійская магутнасьць прырастаць будзе Сыбірру”. Тагачасныя дасьледчыкі і служылыя людзі ставілі на сыбірскіх рэках зімоўі, закладвалі гарады і крэпасьці. Рускія першапраходцы зрабілі шмат вялікіх геаграфічных адкрыцьцяў. Іх бязьмежная адвага, дапытлівасьць, настойлівасьць, іх подзьвігі сталі сымбалям служэньня Айчыне. Удзячныя нашчадкі ў многіх рускіх гарадах паставілі помнікі Дзяжнёву, Атласаву, Хабараву, Афанасію Нікіціну, Ермаку, Шэлехаву і іншым.
    Пасьля першых адкрыцьцяў і зьвестак аб невядомым бязьмежным краі, патрэбна было грунтоўнае вывучэньне і дасьледаваньне яго прастораў і нетраў. Доўгі час Сыбір заставалася далёкай і невядомай краінай, якая наводзіла жах сваімі неабсяжнымі прасторамі і пякельнымі маразамі.
    Грунтоўнае вывучэньне Сыбіры пачалося ў другой палове XIX стагодзьдзя. Вялікую долю ў гэтую пачэсную справу ўклалі нашы землякі. Імёны I. Д. Чэрскага, Б. I. Дыбоўскага, Э. К. Пякарскага, М. М. Марцьянава, А. I. Вількіцкага і іншых добра ведаюць не толькі ў Сібіры. Пра іх напісана шмат кніг, створаны нават паэмы. Але на іх радзіме — на Полаччыне ці Чэрвеньшчыне, Міншчыне ці Магілёўшчыне — не знойдзеш адзнак пра гэтых славутых землякоў.
    Пакуль Беларусь знаходзілася ў складзе Рэчы Паспалітай, шляхі на ўсход былі для яе жыхароў зачынены. Гэтая мяжа зьнікла пасьля ўзьяднаньня Беларусі з Расіяй.
    Знамянальнай гістарычнай падзеяй было паўстаньне 1863-1864 гг. у Польшчы і ў Беларусі. Шмат паўстанцаў было выслана на вечнае пасяленьне ў Сыбір. Сярод іх было нямала высокаадукаваных, перадавых людзей. У тым ліку і Іван Дзяменцьевіч Чэрскі.
    Будучы выдатны дасьледчык Сыбіры нарадзіўся ў 1845 годзе ў фальварку Свольна на Полаччыне. Цяпер гэта невялікая чыгуначная станцыя і вёска Верхнядзьвінскага раёна. Вучоны правёў тут сваё дзяцінства і юнацкія гады. За ўдзел у паўстаньні 1863-1864 гг. быў выключаны з інстытута і адпраўлены ў салдаты ў раён Омска. Палачная дысцыпліна, пагардлівыя адносіны да сасланага, цяжкія ўмовы службы не зламалі маладога Чэрскага. Яго цікавяць невядомыя мясьціны, ён імкнецца іх вывучыць, скарыстаць свае веды і час на карысьць Радзімы.
    Выпадак зьвёў І. Д. Чэрскага з вядомым ужо тады падарожнікам Г. Н. Патаніным. Пад яго ўплывам малады салдат рабіў першыя крокі ў геалёгіі. Цяжкая, настойлівая праца начамі, вялікая мэтаскіраванасьць дазволілі стаць І. Д. Чэрскаму вядомым дасьледчыкам. Алё здароўе Івана Дзяменцьевіча неўзабаве рэзка пагоршылася, і ў 1869 годзе ён быў звольнены па хваробе з салдацкай службы без права выезду з Сыбіры. Ён так і застаўся пад жандарскім наглядам. У салдацкім шынялі, падраных ботах, без грошай, зьнясілены хваробай, ён з дапамогай Патаніна і Геаграфічнага таварыства дабраўся да Іркуцка. Пасяліўся ў беднай удавы, продкі якой былі такімі ж ссыльнымі. Старэйшая дачка ўдавы Марфа таксама цікавілася геалёгіяй. Яна стала жонкай Чэрскага і дзяліла з ім усе цяжкасьці і нягоды далёкіх падарожжаў.
    Нягледзячы на нястачы і кепскае здароўе, Чэрскі вывучае Саяны і Прыбайкальле, басэйн Ангары і Ніжняй Тунгускі. Па выніках сваіх дасьледаваньняў ён стварае тэорыю эвалюцыйнага разьвіцьця рэльефу Прыбайкальля і Забайкальля, якая была пазьней скарыстана вядомым нямецкім вучоным Э. Зюсам.
    Жыцьцё Чэрскага — адна са слаўных старонак разьвіцьця айчыннай навукі. Выдатнаму дасьледчыку прысьвечана багатая літаратура. Сярод найбольш значных выданьняў можна назваць кнігі Г. Рэўзіна “Подзьвіг жыцьця Чэрскага”, А. Алдан-Сямёнава “Чэрскі” (сэрыя “Жизнь замечательных людей”), В. Обручава “Чэрскі” (том “Людзі рускай навукі”), А. Сямёнава “Чэрскі” (паэма), С. Гурэвіч “Апошнія гады жыцьця М. П. Чэрскай” і дзесяткі іншых.
    Геаграфічнае таварыства неаднойчы зьвярталася да царскага ўрада з просьбаю аб амністыі Чэрскага, але атрымлівала адмоўныя адказы. Толькі ў 1885 годзе, калі ігнараваць вялікія заслугі вучонага далей ужо нельга было, хадайніцтва задаволілі. Апрацаваўшы сабраныя матэрыялы ў Пецярбурзе, І. Д. Чэрскі ў 1891 годзе выяжджае ў новую экспэдыцыю — на Калыму і Індыгірку. Гэта былі зусім не дасьледаваныя на той час раёны Сыбіры.
    Тое падарожжа стала апошнім для вучонага... Марфа Паўлаўна з групай казакоў везла яго ўжо зусім. хворага да пункта прызначэньня. Але не давезьлі... Ён пахаваны тут, ля вусьця Калымы. Сьціплы помнік-абэліск вянчае магілу выдатнага вучонага, які аддаў ўсе сілы служэньню Радзіме.
    Пасьля сьмерці мужа Марфа Паўлаўна пераехала на Віцебшчыну, да родных і блізкіх Івана Дзяменцьевіча. З імі і пражыла доўгае жыцьцё. Радкі дзёньніка жонкі вучонага нельга чытаць без хваляваньня. Яе жыцьцё — таксама подзьвіг мужнай рускай жанчыны.
    Імем Чэрскага названа цэлая горная краіна на паўночным усходзе Сыбіры, а таксама пасёлак — цэнтар Ніжнекалымскага раёна Якуцкай АССР. Горны хрыбет Чэрскага ёсьць і ў Чыцінскай вобласьці.
    У Сыбір за ўдзел у паўстаньні 1863 года быў сасланы і 30-гадовы прафэсар Бенядзікт Іванавіч Дыбоўскі, ураджэнец Вілейскага павета Мінскай губэрні. Мужна пераносячы цяжкія ўмовы царскай ссылкі, малады заоляг і прыродазнаўца стаў вывучаць Байкал. Дасьледчык зрабіў адну з першых агульных характарыстык возера, упершыню падрабязна апісаў жывёльны сьвет Прыбайкальля. Гэтая праца стала выдатнай падзеяй у дасьледаваньні Сыбіры, бо Дыбоўскі “адкрыў на Байкале эндэмічны жывёльны сьвет” («Верашчагін Г., “Байкал”). Шмат гадоў працы Б. І. Дыбоўскага былі адзінай крыніцай пры вывучэньні жывёльнага сьвету таямнічага “сыбірскага мора”. З 1879 па 1883 год дасьледчык працаваў урачом на Камчатцы, дзе таксама плённа вывучаў прыроду. Вярнуўшыся з ссылкі ў родны край, вучоны плённа дасьледуе азёры Беларускага Палесься: Любанскае, Сьвіцязь, Чорнае. Памёр Б. І. Дыбоўскі ў 1930 годзе ва ўзросьце 96 гадоў.
    Вялікую ролю ў вывучэньні Якуціі і якуцкай мовы адыграў Эдуард Карлавіч Пякарскі. Нарадзіўся ён у 1858 годзе ў невялікім фальварку непадалёку ад вёсак Пекалін і Верхмень былога Ігуменскага павета (цяпер Смалявіцкі раён Мінскай вобласьці). Бацькі яго загінулі ў часе паўстаньня 1863 года, і хлопчык выхоўваўся ў дзеда. Вучыўся ў Мінскай, затым у Мазырскай гімназіі, пасьля паступіў у Харкаўскі вэтэрынарны інстытут. Юнага Пякарскага вабілі ідэі народнікаў. За рэвалюцыйную дзейнасьць ён быў арыштаваны і сасланы ў Якуцію.
    Як сапраўдны член Геаграфічнага таварыства, Э. К. Пякарскі шмат зрабіў для вывучэньня далёкага Якуцкага краю. Але галоўнай яго працай было вывучэньне якуцкай мовы. Ён стварыў поўны па тым часе слоўнік якуцкай мовы аб’ёмам каля 15 тысяч слоў. За гэтую выдатную працу Э. К. Пякарскі быў пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі ўзнагароджаны залатымі мэдалямі Акадэміі навук і Рускага Геаграфічнага таварыства. Памёр вучоны ў Ленінградзе ў 1934 годзе.
    Сёньня, у дзесятай пяцігодцы, у Сыбіры ля Мінусінска ствараецца новы тэрытарыяльна-вытворчы комплекс. Заканчваецца будаўніцтва Саяна-Шушанскай ДРЭС. Кожны, хто прыяжджае ў Мінусінск, не можа абысьці ўвагай самы прыгожы будынак горада — музэй імя М. М. Марцьянава. Заснавальнік музэя — вядомы вучоны — нарадзіўся ў 1844 годзе ў сям’і ляснога аб’еждчыка паблізу Радашковічаў. Сьціплы сямейны бюджэт не даў магчымасьці Марцьянаву закончыць Мінскую гімназію. Ён пакідае вучобу, “каб уласнай працай зарабляць на жыцьцё” (Яворскі Г., “М. М. Марцьянаў”). Пасьля ён здае экзамэн на правізара ў Пецярбурзе пры Мэдыка-хірургічнай акадэміі, а затым вучыцца ў Маскоўскім унівэрсытэце. Атрымаўшы запрашэньне з Мінусінска ад мясцовага ўрача, ён выяжджае туды працаваць. Там сабраў актыў краязнаўцаў, у тым ліку палітычных ссыльных, якія распачалі збор экспанатаў для музэя, які стаў з 1877 года самым буйным навуковым музэем Сыбіры. Актыўна дапамагаў яму ў гэтай справе вядомы рэвалюцыянэр Фелікс Кон. Пазьней ён напісаў гістарычны нарыс пра Мікалая Міхайлавіча Марцьянава. Пад час мінусінскай ссылкі славуты музэй наведалі У. І. Ленін і Н. К. Крупская. У біяграфіі У. I. Леніна роля музэя адзначана так: “У жыцьці ссыльных музэй Марцьянава адыгрываў вялікую ролю — гэта было месца, куды абавязкова заглядваў кожны з іх. Сам Марцьянаў — чалавек рознабакова адукаваны, прыхільнік перадавых поглядаў, быў сапраўдным сябрам ссыльных рэвалюцыянэраў. Ф. Я. Кон пісаў, што не ведае ніводнага ссыльнага, які не ўспамінаў бы пра Марцьянава з вялікай павагай”. (У. I. Ленін. Біяграфія).
    М. М. Марцьянаў наладзіў шмат навуковых экспэдыцый. Ён аб’ехаў і дасьледаваў велізарную тэрыторыю Сыбіры плошчаю каля 200 тысяч квадратных кілямэтраў. Яго падарожжы ахапілі Кузьнецкі Алатау і Саяны. Асноўная праца яго — “Флёра Паўднёвага Енісея” — стала значным дасьледаваньнем у галіне геабатанікі. Мноства расьлін, у свой час знойдзеных і сабраных М. М. Марцьянавым, цяпер расьце ў Батанічным садзе АН СССР. Шырокія былі яго міжнародныя сувязі. Газэта “Восточное обозрение” пісала ў 1904 годзе: «У Эўропе няма ніводнага вучонага, ніводнай установы, каму б не быў вядомы гэты музэй». (Яворскі Г., «М. М. Марцьянаў»). Міжнароднае журы Парыскай выстаўкі прысудзіла ў 1900 годзе Мінусінскаму музэю дыплём і сярэбраны мэдаль. Памёр М. М. Марцьянаў у 1904 годзе ва ўзросьце 58 гадоў. Ягоны ўклад у вывучэньне Сыбіры сапраўды неацэнны.
    Плённа дасьледаваў паўночныя раёны Заходняй Сыбіры і вядомы гідроляг Андрэй Іпалітавіч Вількіцкі, таксама наш зямляк, ураджэнец Міншчыны. Пасьля заканчэньня гімназіі ён паступае ў Марскую акадэмію. Скончыўшы яе ў 1880 годзе, гідрограф-геадэзіст А. І. Вількіцкі кіруе гідраграфічнымі дасьледаваньнямі ўздоўж паўночных берагоў Сыбіры ад Пячоры і Обскай губы да Енісейскага заліва. Яго працы друкаваліся ў “Марскім весьніку”, “Запісках Рускага Геаграфічнага таварыства”. Памёр А. І. Вількіцкі ў 1913 годзе. Пасьля яго засталіся каштоўныя працы аб морах Паўночнай Сыбіры.
    Сьпіс дасьледчыкаў Сыбіры і Далёкага Ўсходу — выхадцаў з Беларусі — можна прадоўжыць. Так, напрыклад, вядомы вучоны, Герой Савецкага Саюза акадэмік АН СССР Ота Юльевіч Шміт (1891-1956 гг.) нарадзіўся і вучыўся ў Магілёве. Імя гэтага выдатнага дасьледчыка Арктыкі, Паўночнага марскога шляху і мораў, што амываюць паўночныя берагі Сыбіры, сёньня ведаюць ва ўсім сьвеце.
    Нельга ў адным артыкуле раскрыць веліч і гераізм людзей, што аддалі ўсе свае сілы і жыцьцё дасьледаваньню Сыбіры. І ў нашы дні, напярэдадні 400-годзьдзя з часу выхаду Рускай дзяржавы на сыбірскія прасторы, асабліва прыемна адзначыць, што вялікі ўклад унесьлі ў гэтую справу нашы землякі. Побач з дасьледаваньнямі і навуковымі пошукамі пасьля рэформы 1861 года на сыбірскія землі пайшлі перасяленцы з Эўрапейскай часткі краіны. “З Беларусі ў Сыбір выехала людзей больш, чым з іншых частак эўрапейскай Расіі” (Ракаў А., “Насельніцтва БССР”). Паводле “Штогодніка Расіі», з 1897 па 1914 год з Беларусі ў Сыбір перасялілася каля 300 тысяч чалавек.
    Сёньня беларусы разам з рускімі, украінцамі і іншымі народамі нашай краіны будуюць Байкала-Амурскую магістраль, порты на Ціхім акіяне, здабываюць нафту і газ, асвойваюць багатыя прыродныя багацьці Сыбіры, сыбірскую цаліну. Савецкая Беларусь разам з іншымі рэспублікамі краіны пераўтварае гэты суровы край у край магутнай прамысловасьці, прадукцыйнай сельскай гаспадаркі, разьвітай культуры і перадавой навукі. І імёны тых, хто закладваў падмурак навукі аб Сыбіры, прысьвяціў яе вывучэньню сваё жыцьцё, вартыя самага пачэснага ўшанаваньня і ў нас у рэспубліцы.
    /Беларусь. № 10. Мінск. 1979. С. 15./

                                                                      ДАВЕДКА
    Вадзім Андрэевіч Жучкевіч – нар. 19 лістапада 1915 г. у валасным мястэчку Лоеў Рэчыцкага павету Мінскай губэрні Расійскай імпэрыі.
    У 1939 г. скончыў Менскі пэдагагічная інстытут. У 1953 г. абараніў кандыдацкую дысэртацыю. Ад 1964 г. выкладаў на геаграфічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Загадваў катэдрай фізычнай геаграфіі мацерыкоў і акіянаў і мэтодыкі выкладаньня геаграфіі. Ад 1971 г. доктар геаграфічных навук, ад 1972 г. - прафэсар. У 1977 г. яму было нададзена ганаровае званьне Заслужаны работнік вышэйшай школы БССР.
    Памёр 28 лютага 1985 г.
    Вадзім Андрэевіч Жучкевіч больш за 30 год займаўся тапанімікай БССР, фізычнай і сацыяльна-эканамічнай геаграфіяй, мэтодыкай выкладаньня геаграфіі, правёў тапанімічнае раянаваньне Беларусі. На працягу шматлікіх гадоў зьяўляўся старшынём Геаграфічнага таварыства Беларусі, старшынём сэкцыі НТС Мінвуза БССР, кансультантам БелСЭ. Ім апублікаваў каля 350 навуковых прац.
    Гаргонія Мацярык,
    Койданава