четверг, 22 июня 2017 г.

Б. Г. Астроўскі. Савецкая Арктыка. Выбраныя разьдзелы. Койданава. "Кальвіна". 2017.





                                                                               VIII:
                                             КРАІНА АДВЕЧНАГА ЗАПУСЬЦЕНЬНЯ
                                                                    (Якуція і якуты).
    Велічыня тэрыторыі Якуціі. Утварэньне якуцкай камісіі Акадэміі Навук і абшырнасьць яе заданьняў. Цікавасьць да ведаў і здольнасьць якутаў да асьветы. Жыльлё якутаў. Іх вопратка. Харчаваньне якутаў. Жывёлагадоўля. Паляваньне якутаў. Прамысловыя магчымасьці Якуціі. Адсутнасьць мэдычнай дапамогі. Высокі працэнт захворваемасьці сярод якутаў. “Савецкі Клёндайк” — залатаносны Алдан — і яго будаўніцтва. Асаблівасьці кліматычнага рэжыму Якуціі і неабходнасьць яго вывучэньня. “Полюс холаду”. Дасьледаваньне Таймыра і вынікі экспэдыцыі А. Талмачова. Інтарэс Таймыра для этнографа. Экспэдыцыя Ю. Чырыхіна на Індыгірку. “Закансэрваваныя людзі”.
    Каб больш ясна і відавочна ўявіць сабе ўсю велічыню тэрыторыі, што займаецца Якуцкай вобласьцю, складзем плошчы Англіі, Германіі, Аўстрыі, Вэнгрыі, Гішпаніі, Грэцыі, Італіі, Швэцыі і Нарвэгіі. Узятыя разам краіны гэтыя ўсе ж не пакрыюць 3.827.613 кв. клм, што займаюцца Якуціяй.
    Гэтая далёкая і адсталая наша ўскраіна, закінутая і бедная, эканамічна ізаляваная ад Саюзу, якая служыла раней толькі месцам ссылкі і катаргі, робіць зараз вялікія намаганьні, каб узьняць свой дабрабыт, набыць асьвету і скарыстаць прыродныя багацьці краю для мэт індустрыялізацыі.
    У 1925 г. прадстаўнік Якуцкай рэспублікі М. Амосаў, па даручэньні свайго ўраду, зьвярнуўся ў Акадэмію навук з просьбай дапамагчы маладой аўтаномнай рэспубліцы ўзьняць дабрабыт народных мас Якуціі, таму што сваімі сродкамі тут не абысьціся з-за адсутнасьці навуковых сіл і колькі-небудзь адукаваных работнікаў.
    І вось, паводле пастановы Саўнаркому СССР, утвараецца якуцкая камісія Акадэміі навук, якая па шырыні і разнастайнасьці сваіх заданьняў і работ ня мае ў нас сабе роўных. Падрабязна распрацаваная праграма прадугледжвае як вывучэньне бытавых і эканамічных умоў жыцьця краю, так і работу чыста навуковага характару. Мэдыкі, прыродазнаўцы, вэтэрынары, аграномы, статыстыка-эканамісты, антраполягі і этнографы прыступілі, пачынаючы з першых жа экспэдыцый 1925 г., да ўсебаковага і дэталёвага вывучэньня Якуціі.
    Ніжэй мы азнаёмімся з найбольш цікавымі экспэдыцыямі, якія былі накіраваны ў апошнія гады ў найбольш далёкія арктычныя вобласьці Якуціі, а зараз паглядзім бліжэй на жыцьцё і быт якутаў, паглядзім, як і чым жыве Якуцкая рэспубліка. Нам прыдзецца для гэтага некалькі выйсьці за межы нашай тэмы і мець на ўвазе Якуцію ў яе цэлым, а ня толькі арктычную.
    Якуты, якіх налічваюць да 290 тыс. чалавек, зьяўляюцца самай шматлікай групай нацменшасьцяй Сыбіры; гутарка іх зьяўляецца як бы міжнароднай для насельніцтва ўсёй Усходняй Сыбіры. Мінулае якутаў было нялёгкім, гэты народ усякім чынам уціскалі, турылі і крыўдзілі. І ня гледзячы на ўсе гэтыя ліхія гадзіны, якуты здолелі адстаяць сваю нацыянальнасьць, здолелі ясна давесьці, што яны жыцьцяздольны і выносьлівы, што яны наўпрэкі ўсім бядотам свайго вельмі цяжкага жыцьця, жадаюць жыць, разьвівацца і ўздымаць свой дабрабыт, а ня выміраць, як некаторыя народы Поўначы. Ды яны і не выміраюць. Жыцьцёвая сіла, высокая дапасавальнасьць і прадпрыемнасьць якута зрабіліся нават пагаворкай. Тут гавораць: “Пасадзі якута на голую скалу — і на наступны год ты знойдзеш тут двор”.
    Многія географы і антраполягі, якія сустракаюцца з якутамі, аднагалосна сьведчаць, што якуты маюць усе задаткі для прагрэсу. Яны зусім чужыя тупой і ўпартай прыхільнасьці да старыны, яны лёгка асвойваюцца з рускай гутаркай, выказваюць здольнасьці да матэматыкі, рамёслаў і маляваньня, высока цэняць асьвету і вельмі цікавы да ведаў. Супрацоўнікі нашых экспэдыцый, якія штогод наведваюць адлеглыя раёны Якуціі, што знаёмілі якутаў з рознымі цыклямі ведаў, перадаюць пра высокую цікавасьць і ўвагу, з якімі якуты прыслухоўваюцца да слоў лектара апавядаючага ім аб аэрапляне, аб малочнай гаспадарцы, аб грыбох, карыстацца якімі яны ня ўмеюць, аб лесе, аб пабудове шляхоў зносін, аб жывёлагадоўлі, аб эвалюцыі жыльля і аб шмат чым іншым.
    А між тым, гэты разумны і ўспрыймальны народ, які цягнецца да культуры і які зьяўляецца ўзорам для ўсіх іншых народаў прыпалярнай Сыбіры, жыве ва ўмовах, якія годны хіба толькі для дзікуна Цэнтральнай Афрыкі, а не для грамадзяніна Савецкай рэспублікі.
    Вялікая працягласьць Якуцкай вобласьці, якая ўмяшчае ў сябе, як мы ўжо бачылі вышэй, плошчу цэлага раду эўрапейскіх дзяржаў, заселена так рэдка, што асобныя пасёлкі (па-якуцкі — насьлегі) — зьявішча тут досыць рэдкае. Жывучы больш паасобнымі сем’ямі, якуты часта разьдзелены адлегласьцямі да 60 клм. Але часам можна праехаць і да 100 клм, ня сустрэўшы жыльля. Жыльлё сваё якуты разьмяшчаюць звычайна каля берагоў вялікіх рэк або вазёр, якімі так багата Якуція. “Вазёр у нас столькі, — гавораць якуты, — колькі зорак у небе”. Вазёры гэтыя маюць тут нярэдка да 30-40 клм. у акружыне. Але часамі жыльлё якута мае для сябе ваду ў адлегласьці некалькіх кілямэтраў.
    З усяго жыльля, якое можна сабе ўявіць, звычайны тып якуцкага жыльля — юрта — найбольш простае. Са сьценамі з тонкіх жэрдак, якія выкладзены гноем і глінай, з землянай падлогай, жоўта-шэрыя, яны напамінаюць некалькі украінскія мазанкі. Замест вокнаў — дзірка з паўмэтра ў квадраце. Шкла ў большасьці выпадку няма, а калі есьць, дык гэта толькі адломкі шкла, ушытыя з дапамогаю конскага воласу, у бяроставую кару падобна да “мазанкі”. Узімку ж вокны цалкам лёдавыя і ня толькі ў гэтых маленькіх юртах, але нават і ў школах. Паасобныя кавалкі лёду ўперамежку з бітым шклом заключаюцца ў тую ж бяроставую кару, замяняючы на гэты час вокны.
    Мэблі ў якутаў няма ніякай, калі ня лічыць прыробленых да сьцен оранаў (нараў), таксама складзеных большай часткай з жэрдак і рэдка з дошчак. Тутэйшы стол — гэта кол з прыбітай наверсе дошкай. Драўляныя ложкі самай грубай работы ёсьць толькі ў нямногіх.
    Але асаблівай рэдкасьцю зьяўляецца тут ацяпленьне. Тутэйшы; ачаг — гэта вялізарны камін, складзены з тых жа жэрдак, але змазаных тоўстым пластом гліны або зямлі з кароўім гноем. Дымаход, які ня мае ніякіх заслонак, зараз жа ўносіць усё цяпло, так што ацяпленьне адбываецца, так сказаць, упустую, хоць вялікія паленьні даўжынёй да мэтра бесьперастанку падкладваюцца. Сьвеціць той жа ачаг.
    Вадаснабжэньне ўяўляе ня менш сумны малюнак. Ваду цягаюць на сабе з рэк і вазёр, якія знаходзяцца ад жыльля нярэдка на значнай адлегласьці. Калодежнай вады з прычыны вечнай мярзлоты грунту тут няма. Вада ж у вазёрах амаль заўсёды забалочаная, якая мае запах гнілі. Дрэнная якасьць вады яшчэ больш павялічваецца тым, што якуты звальваюць у вазёры гной і рознага роду адкіды. У выніку спажываньня такой вады тут паўсюдныя страўнікакішачныя захворваньні і амаль агульнае заражэньне глістамі.
    Як апранаюцца якуты? Летняя вопратка мужчын амаль нічым не адрозьніваецца ад вопраткі мужчын сярэдняй паласы Саюзу. Узімку ж верхнюю вопратку іх складае так званы камус. Гэта звычайны тып вопраткі жыхароў палярных краін, г. зн. вялікі цёплы мяшок з рукавамі хутрай наверх. На ногі апранаюцца сваёй работы чобаты з кароўяй або конскай скуры. Звычайны летні касьцюм жанчын — халат. Спадніц, кофт і кашуль яны ня носяць ніжнюю бялізну складае другі больш лёгкі халат і штаны. Узімку паверх звычайнага касьцюму апранаецца доха ці кажух. Дзеці звычайна ходзяць зусім без бялізны, малышы да 3-4 год ходзяць зусім голыя, і ў такім выглядзе выбягаюць узімку на мароз да 30°. Улетку якуцянкі галавы нічым ні пакрываюць, за выключэньнем толькі старых жанчын, якія павязваюць галаву хусткай; мужчыны летам носяць сваёй работы шляпы з воласу, узімку хутравыя шапкі.
    Харчовага рэжыму ў якутаў няма ніякага. Сытна ядуць яны толькі адзін раз у дзень, увечары, у працягу ж дня прымаюць яшчэ разы тры-чатыры ежу, якая складаецца з цэглавага чаю і перапечак. Малочных прадуктаў тут вельмі мала, малако ўжываецца больш для забельваньня чаю. Тварагу і сыроў ня робяць — ня ўмеюць. Мяса ня бачаць па тры чатыры месяцы.
    Гародная ж справа тут зусім не разьвіта і гародніны няма. З мясцовых скарбаў якуты карыстаюцца толькі брусьніцай і галубікай. Грыбоў жа, ня гледзячы на нязьлічоную колькасьць іх тут, не ядуць і ня зьбіраюць. Наогул жа харчуюцца большай часткай рыбай, якую ядуць часта і сырою. Тутэйшая рыба — асятрына, сьцерлядзь, шчупак, нельма і падобная да асятра таймень; з дробязі ж — карась, маладушка і чырвонагалоўка. Ікры якуты таксама не ядуць, але за тое ў некаторых вобласьцях (напр. у Мостахскім улусе), ядуць драўляную кару, праўдзівей валакністы падкоркавы пласт лісьцьвеніцы або хвойкі. З яе тут робяць кашу: нарэзаная на дробныя кавалкі кара кідаецца ў бочку, дзе і размачваецца, затым дадаюць мукі, усё гэта зьмешваюць, і з атрыманай масы атрымоўваюцца нешта накшталт кашы. З гэтай жа масы пякуць і перапечкі.
    Млыноў грамадзкага карыстаньня тут няма, і кожны карыстаецца ўласным млынам, г. зн. двума груба абчэсанымі каменямі або драўлянай ступай. Ды ня вельмі якутам і не даводзіцца асабліва бедаваць аб адсутнасьці ў іх мукамольнай справы, таму што земляробства тут разьвіта надзвычайна слаба. Так, напрыклад, Вілюйская акруга толькі ў апошнія гады ўпяршыню даведалася, што такое земляробства. А між тым, зямля добра тут родзіць, даючы часам сам 20, хоць раньнія маразы і зьнішчаюць часам увесь ураджай.
    Ня гледзячы на вельмі дрэннае становішча тутэйшай жывёлагадоўлі, яна ўсё ж зьяўляецца галоўным сродкам існаваньня мясцовага насельніцтва. Дрэннае харчаваньне тутэйшых кароў робіць іх вельмі маламалочнымі.
    Цікавы тутэйшыя коні. Як і каровы, яны нізкарослы, але надзвычай выносьлівы і моцны. Круглы год прадстаўленыя самім сабе яны ў большасьці выпадкаў ня маюць памяшканьня. У моцныя ж маразы, якія тут дасягаюць 50 і больш градусаў, яны ідуць у лес “адагравацца”. У рэзультаце такога суровага змаганьня за існаваньне шэрсьць тутэйшых коней зьдзіўляе сваёю гушчынёй і даўжынёй, — іншы такі конік напамінае скарэй мядзьведзя, чым каня.
    Аленегадоўляй займаецца ў Якуціі вялікая частка качавога і паўкачавога насельніцтва з паўднёвых раёнаў вобласьці і амаль усё насельніцтва паўночных яе акруг. Унівэрсальная карысьць аленя дастаткова вядома. У Якуціі ён таксама служыць і сродкам для перасоўваньня людзей і грузаў па неабдымных тундрах Якуцкага краю і прадуктам харчаваньня, і матэрыялам для прыгатаваньня вопраткі, абутку і іншых вырабаў. Аднак, аленя тут яшчэ не ацанілі, як вельмі карысную і вельмі выгодную жывёлу для прамысловага расплоду, але трэба думаць, што надзвычай удалы прыклад масавага расплоду аленяў у Алясцы будзе хутка скарыстаны і тут. Зьвералоўства распаўсюджана амаль ва ўсёй Якуціі. Гэта адна з важных крыніц мясцовага бюджэту. Б’юць, галоўным чынам, вавёрку, і дзякуючы драпежнаму яе зьнішчэньню, яна зьнікае. Б’юць таксама зайцоў, гарнастая і пясца. Лісіцу ловяць пасткамі. Мядзьведзі ж не зьяўляюцца колькі-небудзь прыбытковай крыніцай якута.
    Аружжа тут старое і яго нямнога; гэта па большай частцы крэмнёўкі. Вінтовак няма зусім. У апошні час “пачынаюць пранікаць бярданкі”. Сьвінец тут дарагі, а таму ў мэтах эканоміі многія паляўнічыя мецяць так папасьці ў жывёліну, каб куля не прайшла наскрозь і, вынутая з цела, была б прыгодна для новага стрэлу. Кожны якут мае свой нож, зроблены часьцей за ўсё са старога напільніка, і з гэтай каштоўнасьцю ён ніколі не расстаецца. Таксама не расстаецца ніколі якут і з тытуням. Наогул курэньне распаўсюджана тут у значных разьмерах. Кураць літаральна ўсе: падлеткі, жанчыны, старыя дзяды і бабкі, нават пяцігадовыя дзеці.
    Прамысловыя магчымасьці Якуціі застаюцца, вядома, яшчэ далёка нескарыстанымі. Аб прыблізных разьмерах тутэйшых промыслаў магчыма разважаць хоць бы па даных 1925 г. У гэтым годзе было вывезена з Якуціі зьвера на 2½ млн руб. Найбольш цэняцца тут, вядома, скуркі блакітнага пясца, цёмнага собаля і чорна-бурай лісіцы. Само сабой зразумела, што нямалая колькасьць хутравіны застаецца ў мясцовага насельніцтва, а таксама ўцякае тым ці іншым, але ва ўсякім выпадку, незаконным шляхам заграніцу і таму застаецца няўлічанай.
    Некаторае значэньне ў прамысловым жыцьці Якуціі мае таксама здабыча мамантавай косьці, якая то там то сям выкрываецца з размытых адкладаньняў.
    Адвечнае запусьценьне, у якім знаходзілася да гэтага часу халодная Якуція, відаць тут на кожным кроку.
    Раней за ўсё пакажам на адсутнасьць тут мэдычнай дапамогі, таму што адзін доктар на 20.000 кв клм., да і то ў большай частцы жывучы не ў якуцкім пасёлку, а ў горадзе Якуцку, ня ёсьць дапамога для народу, які больш чым за ўсё мае патрэбу ў дактары. Наколькі тут патрэбна актуальная дапамога мэдыка, ясна з выпадку з доктарам. О. Шрэйбэрам. Як толькі блізка даведаліся, што ў атрадзе ёсьць доктар, да рэчы кажучы, камандзіраваны сюды толькі як абсьледвацель гігіенічных умоў жыцьця насельніцтва, як цэлыя палкі хворых пачалі яго асаджваць з усіх бакоў. Нельга, вядома, было адмовіць жадаючым, а таму д-ру Шрэйбэру, не пакладаючы рук, давялося працаваць, прыносячы магчымую дапамогу.
    Захворваньне вачэй, кішэчніка, лёгкіх, праказа, воспа, малярыя і нэрвовыя хваробы зрабілі тут моцнае гняздо [* Паміж іншым цікава адзначыць, што цынга — гэты жудасны біч палярнай поўначы — тут зусім адсутнічае, што безумоўна трэба прыпісаць тутэйшаму клімату і вялікаму ўжываньню якутамі ягад.]. Эпідэміі адзёру і шкарлятыны спусташаюць часам цэлыя паселішчы. Дзесяць працэнтаў усяго насельніцтва — сьляпыя. Зусім нікчэмныя гігіенічныя ўмовы ў юрце, злучанай унутранымі дзьвярыма з кароўнікам, цяжкае смуроднае паветра з рэжучым вочы пахам аміяку, заўсёдны чад ад дыму — вось галоўная прычына захворваньня хваробай вачэй — трахомай, якая канчаецца часам стратай вачэй.
    Тут вельмі жудасная, якая ня мае сабе роўнай, сьмяротнасьць галоўным чынам — дзяцей. З тысяч, што тут нараджаюцца дзяцей — 50 прац. паміраюць у грудным узросьце. 25 прац. паміраюць не дасягнуўшы і аднаго году, у большасьці ад хваробы страўніка. Надзвычай частыя роды, — дваццаць дзетараджэньняў у якуткі ў 35-40 год тут ня рэдкасьць, — да апошняй ступені зношваюць яе арганізм. Высокая сьмяротнасьць якуцкай жанчыны ставіць трывожнае пытаньне: ці ня вымірае мясцовае насельніцтва? Пасьля ўсяго сказанага, трэба думаць кожнаму зразумела зараз, чаму наш урад аддае зараз столькі ўвагі і сродкаў далёкай, неаглядна вялікай Якуціі, і як сваячасна і патрэбна тут сапраўдная, тэрміновая дапамога нашых навукова-асьветных сіл.
    З адкрыцьцём у 1924 г. на Алдане залатых пяскоў, “Савецкаму Клёндайку” па ўсіх даных у бліжэйшым будучым трэба адыграць буйную ролю ў эканоміцы ня толькі Якуціі, але і ўсяго Саюзу. Сыстэматычных разьведак на золата тут ніколі не рабілася і ўсе пяскі адкрыты выпадкова. Тэхніка здабычы таксама прымушае жадаць шмат чаго, — золата ўсюды здабываецца вельмі простымі, прымітыўнымі спосабамі. Не зьяўляецца выключэньнем у гэтых адносінах і Алдан, але ўсё ж арганізаваная тут здабыча золата дае ўжо зараз да 800 кг золата ў год. Няма сумненьня, што Алдан будзе потым тым цэнтрам, адкуль пацякуць усе культурныя пачынаньні Якуціі і стане разьвівацца індустрыялізацыя Якуцкага краю.
    Раён Алданскага краю, — дзе яшчэ так нядаўна нага чалавека ведала толькі нямногія зробленыя дарожкі, дзе глухая першабытная, непраходная тайга была толькі ўкрыцьцём для дзікага зьвера, лясной і балотнай птушкі, — зараз ахоплены будоўляй. Тут скарыстоўваюцца ў прамысловых мэтах лясныя багацьці, культывіруецца сельская гаспадарка і, — што надзвычай важна для дзікай, бездарожнай Якуціі, незнаёмай з калёсным транспортам, — будуюцца на сотні кілямэтраў шашэйныя дарогі. Адна з іх працягам каля 1200 клм, павінна зьвязаць край з Усурыйскай чыгункай. Тут зьяўляюцца ўжо пасёлкі, будуюцца каапэратывы, школы, пошта. тэлеграф, а недалёка ад Алдану расьце новы горад Тамот. Само сабой зразумела, што тэмп тутэйшай будоўлі са сканчэньнем пабудовы галоўных дарожных магістралей зробіцца яшчэ больш інтэнсіўным, таму што дастаўка сюды будаўнічага матэрыялу і прадметаў прамысловага абсталяваньня будзе значна палегчанай.
    Вышэй мы ўжо некалькі разоў успаміналі, што аднэй з задач сучаснай мэтэаралёгіі зьяўляецца высьвятленьне асаблівасьцей арктычнага клімату, які аказвае калёсальны ўплыў на вобласьці, што ляжаць ніжэй. Вывучэньне з гэтага боку Якуцкага кліматычнага рэжыму набывае вялікі інтарэс ня толькі навуковы, але і практычны. Па словах праф. В. Візэ, “Вельмі недастаткова асьвятлёнасьць мэтэаралёгічнымі станцыямі ўсёй Усходняй Сыбіры і паўночнай часткі Ціхага акіяну і поўная неасьвятлёнасьць вобласьці, дзе разьмешчаны палярны цэнтар дзеяньня, да гэтага часу зьяўляецца перашкодай для ўстанаўленьня хоць бы ў самых агульных, грубых рысах нармальных сынаптычных працэсаў, якія вызначаюць у Якуцкай рэспубліцы надвор’е. Каротка кажучы, клімату гэтай вялізарнай, месцамі яшчэ нечапанай краіны, мы амаль ня ведаем, між тым яго асаблівасьці могуць даць нам шмат новага і нечаканага для складаньня сабе ўяўленьня аб рабоце ўсёй зямной атмасфэры ў цэлым.
    Якуцкая рэспубліка знаходзіцца пад уплывам трох магутных кліматычных фактараў, ці трох цэнтраў дзеяньня атмасфэры: сыбірскага, паўночна-ціхаакіянскага і палярнага. У раёне ж Верхаянску мы маем, як вядома, полюс холаду, або як гаварылі даўней, “сядалішча холаду”. Тут самае халоднае месца на зямной кулі, таму што ўзімку тэмпэратура часта апускаецца ніжэй 60°, у выключных жа выпадках і да 67°. Усё стыне тады ў паветры. Асаблівым гукам рыпіць пад нагамі сьнег, лёд набывае цьвёрдасьць каменя, замёрзлае лісьце са звонам разьлятаецца ад нязначнага дотыку, ствалы ж дрэў набываюць такую пругкасьць, што малаток, ударыўшыся аб ствол, адскоквае назад, а сякера выбівае іскру. Пры гэтым поўная жудасная цішыня. Здаецца ўвесь сьвет вымер. Гук, хоць бы самы маленькі, нясецца на вялікую адлегласьць. Дарэмна будзе шукаць вока адзнакі хоць якога-небудзь жыцьця. Яго тут няма. Усё ацапянела і сьціхла пад ледзяняшчым струменем якуцкай сьцюжы.
    Гэтая цікавая анамалія тлумачыцца раней за ўсё характарам павярхоўнасьці самой Якуціі. Краіна зьяўляецца ўвогуле больш менш гарыстай мясцовасьцю, якая паступова зьніжаецца ў бок Ледавітага акіяну, дзе і пераходзіць у тундравыя раўніны, між якімі там і тут праходзяць водападзельныя хрыбты і іх разгалінаваньні часам значнай вышыні. Такім чынам, з поўначы адкрыты доступ у краіну халодным палярным вятрам. З поўдню ж і ўсходу пласкаўзвышша, абмежаваная Становым хрыбтом з яго адгор’ямі не дапускае пранікнуць у краіну цёплым вятрам з Ціхага акіяну. Пры такіх кліматычных умовах грунт, у які дзейнасьць сонечных летніх праменьняў не пранікае больш чым на паўмэтра, вечна мёрзлы; сьвідраваньне выкрыла тут месцамі вечную мярзлоту да глыбіні 200 м.
    Такая Якуція, вялізарная, маладасьледваная, а часам і прама загадкавая краіна немаверных прамысловых і гаспадарчых магчымасьцей. Кожная новая навукова-дасьледчая экспэдыцыя, сюды асабліва калі яна накіроўваецца ў нетры арктычных ускраін, поўна інтарэсу і значэньня. Месца на жаль, не дазваляе нам азнаёміцца хоць бы каротка з усімі экспэдыцыямі, якія накіроўваюцца сюды з часу існаваньня якуцкай камісіі Акадэміі навук. Спынімся толькі на двух з іх, зробленых у апошнія гады і найбольш цікавых. Мы маем на ўвазе экспэдыцыю А. І. Талмачова на Таймыр і Чырыхіна Ю. Д. на Індыгірку, з якой сьмелы дасьледнік яшчэ не зьвярнуўся.
    Экспэдыцыя А. Талмачова, якая ўнесла буйны ўклад у геаграфію Якуціі, мае безумоўна і больш шырокае значэньне. Сапраўды, Таймырскі паўвостраў — гэта вялізарная вобласьць амаль зусім не дасьледаванай зямлі — становіць сабою крайні паўночны выступ азіяцкага кантынэнту, найбольш паўночную частку якога складае вядомы мыс Чэлюскін. Адначасова Таймыр зьяўляецца і крайняй паўночна-ўсходняй мяжой кантынэтнай часткі Саюзу.
    З разьвіцьцём лётніцтва, паўночна-ўсходні мыс Таймыра можа зьявіцца вельмі выгодным месцам для астаноўкі дырыжабляй і базай для складаў гаручага, правіянту і інш. Пабудаваньне такой базы, вядома, магчыма і на адным з паўночных астравоў, але правільнае забесьпячэньне яе ўсім неабходным — справа далёка ненадзейная і рызыкоўная з прычыны лёду, які акружае большую частку году гэтыя астравы.
    Паглядзім жа што прароблена экспэдыцыяй А. Талмачова на Таймыры. Неабходна папярэдня адзначыць, што з часу аднаго з найбольш вядомых і ўсебаковых рускіх натуралістаў, акадэміка Мідэндорфа, які наведаў заходнюю частку Таймыра ў 1843 г., тут ніхто ня быў у працягу 85 год. Усё, што ляжала на ўсход ад шляху Мідэндорфа, інакш кажучы, уся ўсходняя палова Таймырскага паўвостраву, заставалася на карце ў літаральным сэнсе белай плямай, а калі што і азначалася там, ня інакш як па зусім ненадзейных і, як зараз высьветлілася, няправільных даных. Талмачоў не жадаючы паўтарыць шлях Мідэндорфа, з першых жа крокаў на Таймыры пачаў адхіляцца на ўсход ад маршруту свайго папярэдніка. Гэты ўдачна выкананы маршрут дазволіў Талмачову падрабязна вывучыць геаграфію цэнтральных частак Таймыра. Вялікай нечаканасьцю для экспэдыцыі было выкрыцьцё тут горнага масіву Макенэры (самаедзкая назва) ў паўднёвай частцы ад Таймырскага возера. Апроч гэтага, экспэдыцыяй выкрыта яшчэ два новых, зусім невядомых да таго часу масівы на ўсход ад возера і, урэшце, адкрыты чацьверты па ліку вялікі хрыбет, які працягнуўся на 200-250 клм у паўночна-ўсходнім кірунку. Вядомае ж Таймырскае возера аказалася прыблізна ў 3½ разы буйней, чым думалі да гэтага часу. Гэта значыць, што ў Азіі пасьля Байкала, Балхаша і Аральскага мора (па сутнасьці таксама возера). Таймырскае возера зьяўляецца самым буйным і, значыцца, займае чацьвёртае месца, што і дазваляе аднесьці яго да ліку сусьветных вазёр. У выніку работ нашай экспэдыцыі, добрая палова белай плямы, што красавалася на картах Таймырскага паўвостраву, аказваецца зараз зафарбаванай. Экспэдыцыі прывезла ў Ленінград вялікі батанічны матэрыял. Тутэйшая флёра, аказалася больш багатай, чым дзе-небудзь у іншым месцы пад адпавядаючай паўвостраву шырынёй; Мідэндор не налічыў тут і паловы відаў расьлін, знойдзеных Талмачовым. Багацьце расьліннасьці відаць тлумачыцца тым, што цэнтральны Таймыр добра абаронены ад захалоджваючага ўплыву палярнага мора. Парадаксальным здаецца паведамленьне Талмачова, што ў іншыя дні тут пад 74-75° паўночнай шырыні тэрмомэтар паказваў 24° цяпла.
    Асаблівае робіць уражаньне на Таймыры нават на прызвычайнага палярнага падарожніка нязвычайная празрыстасьць тутэйшага паветра: горны хрыбет, які знаходзіцца на адлегласьці нярэдка звыш 50 клм, ня толькі здаецца тут блізкім, прыкладна ў 3-4 клм але ён не зьмяняе нават сваёй афарбоўкі, застаючыся ў тых жа тонах, якія наглядаюцца ў непасрэднай блізкасьці хрыбта.
    Для этнографа тут не распачаты край. Асаблівую ўвагу экспэдыцыі прыцягнулі жывучыя ў паўднёвых раёнах Таймыра мясцовыя абарыгены, самаеды, — чысьцейшы першабытны тып гэтага пляменьня. Тутэйшыя самаеды не бяруць зьмешаных шлюбаў, па прыкладу сваіх сародзічаў, іншых самаедаў з іншых месц Поўначы, а таму і захавалі ў поўнай недатыкальнасьці свой першабытны твар. У іх характэрны выгляд даўніх манголаў: гарбаты нос, прамыя чорныя валасы, параўнаўча слабае разьвіцьцё скул, сустракаецца нават высокі рост.
    І жыцьцё і быт іх таксама захавалі рысы іх першабытнай культуры: першабытная аленегадоўля, карыстаньне ў некаторых радох паляваньня лукам, да крайнасьці прымітыўны культ — пакланеньне сонцу, сьвятому валуну, адсутнічаньне дрэнных звычак і ўплыў капіталістычнай культуры і ў выніку гэтага “несапсаванасьць” першабытных дзікуноў, — усё гэта вельмі цікавыя і надзвычай рэдкія зараз рысы чалавечага агульнага жыцьця. I пры ўсім гэтым у іх ёсьць родавыя саветы, якія выдзяляюць найбольш годных і разумных ва ўласныя выканаўчыя камітэты, што падтрымліваюць сувязь з прадстаўніком цэнтральнай улады — рускім сакратаром. З дапамогай гэтых саветаў тут зусім спынена дзейнасьць скупшчыкаў-кулакоў, якія спайвалі самаедаў гарэлкай і адбіралі ў іх за нішто каштоўны хутравы тавар. Тавараабмен арганізаваны тут дзяржгандлем, аказаўся зусім прыймальным для парадку і нораваў тутэйшага жыцьця і ня выклікае з боку тубыльцаў ніякіх нараканьняў. На жаль, нельга не адзначыць вельмі шкоднага ўплыву на тутэйшых чужародцаў, тых крымінальнікаў, якія ссылаюцца ў больш паўднёвыя часткі Туруханскага краю. Самагон, да якога вельмі ласы самаеды, як і ўсе паўночныя народы, робіць тут сваю дрэнную справу. Самаеды спайваюцца крымінальнікамі, аддаючы ім за гарэлку ўсё сваё жыцьцёвае дабро — хутравіну, за якую Дзяржгандаль досыць забясьпечвае іх мукой, чаем і цукрам. Спыніць высылку сюды крымінальных неабходна як хутчэй.
    Сярод многіх экспэдыцый у паўночна-ўсходнюю частку Якуціі вялікай увагі заслугоўвае таксама індыгірская экспэдыцыя палярнага дасьледніка Ю. Д. Чырыхіна, якая накіравалася да месца работы ў 1928 г. і яшчэ не зьвярнулася. Гэта экспэдыцыя працуе ў адным з зусім недасьледаваных раёнаў зямной кулі, які не наведваўся яшчэ нікім з эўрапейцаў.
    Падрыхтоўка да гэтай экспэдыцыі працягвалася каля трох год, што выклікалася неабходнасьцю асабліва дакладнага яе абсталяваньня. Сапраўды экспэдыцыя накіроўвалася ў найбольш дзікі і адлеглы раён Якуціі тэрмінам на некалькі год і таму павінна была захапіць з сабою рашуча ўсё, пачынаючы з сухароў і хат-палатак і канчаючы навуковым абсталяваньнем, інструмантамі, сродкамі перасоўваньня і нават маторам для катэра, пабудова якога на месцы таксама ўваходзіла ў заданьні экспэдыцыі.
    Сярод магутных рэк, якія прарэзаюць сыбірскую тайгу і тундру, вялізарная Індыгірка мала каму вядома. Толькі невялікая частка вярхоўя гэтай ракі і яшчэ меншая частка яе дэльты (вусьця) былі абсьледаваны ў мінулым і гэтым стагодзьдзях; уся ж рака ў цэлым якая мае відаць не адну тысячу кілямэтраў удаўжкі, застаецца да гэтага часу зусім невядомай. Задачай экспэдыцыі Чырыхіна і зьяўляецца высьветліць характар ці, як кажуць, “рэжым” гэтай ракі і апроч таго дасьледаваць прыродныя багацьці яе басэйну. Для гэтай мэты ў экспэдыцыі прымаюць удзел заоляг і лесавод. Большая частка басэйна ракі Індыгіркі занятая тайгою, і толькі яе дэльта разьмешчана ў роўнай тундры, ціхая ўзімку, яна агалашаецца ўлетку галасамі тысяч пернатых.
    У задачы экспэдыцыі ўваходзіць таксама пабудова ў раёне Оймікона аэрамэтрычнай станцыі, усё абсталяваньне якой папярэдне было выслана ў Якуцк. Новая станцыя, уключыўшыся ў сетку іншых якуцкіх станцый, дапаможа нам больш дакладна вывучыць кліматычны рэжым краю.
    Вышэй мы сказалі, што раён работ экспэдыцыі зьяўляецца самым глухім, мала прыступным і недасьледаваным месцам, наогул мала вывучанай Якуціі. Аднак, у вярхоўях і нізоўях тысячавёрстных прастораў Індыгіркі пабывала, і то толькі мімаходам, у розны час, некалькі дасьледнікаў. І ужо з часоў вядомага палярнага дасьледніка Врангеля сталі складацца, як думалі спачатку, легенды аб прысутнасьці ў дэльце Індыгіркі абшырнага і добра арганізаванага агульнага жыцьця якогасьці невядомага племені. На Врангеля, які на кароткі час высадзіўся тут і які не рабіў тут колькі-небудзь працяглай экскурсіі у глыбіню дэльты, зрабіла ўражаньне, па яго словах, вялікая колькасьць раскіданых тут якіхсьці невядомых, як ён думаў, надмагільных помнікаў. Ад валацужных жа тунгусаў, якіх ён сустрэў у адным з адтокаў дэльты, ён даведаўся ад старых, што яшчэ параўнаўча нядаўна па вечарох тут можна было наглядаць “столькі вогнішчаў, колькі ня было зорак. на небе”. Відаць гутарка ішла пра паўлегендарнае і шматлікае мангольскае племя так званых “анкілёнаў”, якія, як зараз высьвятляецца, бясспрэчна жылі тут шмат стагодзьдзяў назад, але якія яшчэ зусім нявывучаныя. Але калі загадкавыя анкілёны і вымерлі даўно, дык ва ўсякім выпадку не падлягае сумненьню прысутнасьць тут, у адным з раёнаў абшырнай дэльты, рускага пасёлку, жывучага з даўніх часоў зусім самастойным, адрэзаным ад усяго знадворнага сьвету, жыцьцём.
    Першыя весткі аб гэтых “закансэрваваных людзях” паведаміў упершыню яшчэ да сусьветнай вайны палітычны ссыльны ў Якуціі Зэнзінаў, які прабраўся ў гэтыя глухія нетры. Але паведамленьнямі Зэнзінава амаль ніхто не зацікавіўся і цікавейшы факт гэты не атрымаў шырокай агалоскі. У другі раз гэтых людзей, што называлі сябе “рускімі мяшчанамі”, адкрыў Якут Аросін, які пабываў тут у 1927 г. Нажаль ён тут быў няпоўных два дні, і, як чалавек некультурны, хоць для якута і разьвіты, няздолеў зрабіць патрэбных нагляданьняў. Аднак Аросін пацьцьвердзіў, што гэтыя людзі, у ліку больш 200 чалавек, ужо ў працягу некалькіх стагодзьдзяў жывуць зусім самастойным жыцьцём і ня маюць ніякіх зносін з надворным сьветам. Яны надзвычай чыстыя, вельмі рэлігійныя і суровых звычаяў. На ўсёй іх абстаноўцы ляжыць адбітак вельмі глыбокай даўнасьці.
    Як трапілі сюды гэтыя людзі, захаваўшыя ва ўсёй цэласьці старадаўні ўклад жыцьця? Наўрад ці мы памылімся, калі дапусьцім, што перад намі патомкі тых незадаволеных жыцьцём на Русі людзей, што хаваліся, пачынаючы з XVI ст., на паўночных ускраінах Эўрапейскай Расіі і Азіі ад тыраніі Івана Грознага, ад рэкрутчыны і войнаў, ад рэлігійных ганеньняў у часы першых двух Раманавых і г. д.
    Трэба думаць, што рускае насельніцтва было тут калісьці вельмі шматлікім, але зараз яно, не атрымоўваючы прыступу сьвежай. крыві, выраджаецца, і блізкі той час, калі ад гэтых жывых выхадцаў з XVI стагодзьдзя, зараз “індыгірскіх мяшчан”, застануцца толькі адны крыжы ды магільныя ўзгоркі.
    Ясна, вядома, наколькі буйным і хвалюючым інтарэсам зьяўляюцца для нас гэтыя жывыя выхадцы з XVI або XVII стагодзьдзя не закранутыя ніякім чужым уплывам, і з якой нецярплівасьцю мы павінны чакаць звароту экспэдыцыі, работы якой сканцэнтраваны, галоўным чынам, у раёне дэльты Індыгіркі.
                                                                               IX
                                               У КРАІНЕ МАМАНТАВЫХ КЛЫКОЎ
    Нова-Сыбірскія астравы. Мінулыя экспэдыцыі. Экспэдыцыя Акадэміі навук. Цяжкасьці пераправы. Ліхія гадзіны нашай экспэдыцыі. Пабудаваньне радыёстанцыі. Калянізацыя астравоў. Мясцовыя прамыслоўцы. Паўночны калгас. Нова-Сыбірскія астравы — краіна мамантавых клыкоў. Лёдавыя выкапні. Спаўзаньне грунту. Геалягічная структура астравоў. Клімат. Жывёльны сьвет астравоў.
    Нова-Сібірскія астравы (73°-76° паўн. шыр. і 130°-14° усход. даўж. ад Грынвіча) зьяўляюцца абшырным архіпэлягам паміж вусьцяў сыбірскіх рэк Яны і Індыгіркі. Плошча ўсіх астравоў вызначаецца ў 26 тыс. кв. клм. У склад архіпэлягу ўваходзяць найбольш буйныя астравы: Ляхаўскія, Вялікі (Бліжні) і Малы, Кацельны, Зямля Бунге, востраў Фадзееўскі і Новая Сыбір; вакол раскіданы рад больш дробных астравоў. Хоць думаюць, што некаторыя з груп Нова-Сыбірскіх астравоў былі адкрыты яшчэ ў 1712 г. тубыльцамі, гонар поўнага іх адкрыцьця належыць купцу Ляхаву, які пабываў тут у 1770 г. У далейшым тут пабывала некалькі экспэдыцый: Гэдэнштрома, Анжу, Андрэева (ўсе тры ў пачатку XIX стагодзьдзя) і ў апошні час А. Бунге, (1885-87). Але, безумоўна, галоўная заслуга вывучэньня гэтага архіпэлягу належыць вядомаму палярнаму дасьледчыку Толю, зрабіўшаму на Нова-Сыбірскія астравы тры экспэдыцыі і пры яшчэ нявысьветленых акалічнасьцях загінуўшага тут у 1902 г.
    І тым ня менш аб прыродзе Нова-Сыбірскіх астравоў, аб руху тутэйшага лёду, а самае галоўнае, аб тутэйшым кліматычным рэжыме мы яшчэ так мала ведаем. Калі яшчэ параўнаўча нядаўна навукова-дасьледчыя экспэдыцыі на далёкі поўнач, ня носячы сыстэматычнага характару, рабіліся ад часу да часу, больш па ініцыятыве яе паасобных удзельнікаў, дык зараз, як мы ўжо неаднаразова бачылі вышэй, нашы работы на поўначы як будаўнічыя і калянізацыйныя, так і навукова-дасьледчыя носяць строга плянавы характар. Неабходнасьць дакладнага вывучэньня новасыбірскай групы астравоў была ўсьвядомлена якуцкай камісіяй, як толькі яна ўзьнікла: на адным жа з паседжаньняў міжнароднай канфэрэнцыі па вывучэньні Арктыкі з дапамогай паветраных караблёў аднагалосна ўсімі прадстаўнікамі прымаўшых удзел у канфэрэнцыі краін было выказана пажаданьне ў бліжэйшы ж час пабудаваць на адным з астравоў радыёстанцыю.
    Экспэдыцыі Н. В. Пінегіна, накіраванай Акадэміяй навук на Нова-Сыбірскія астравы ў чэрвені 1927 г. было даручана зьдзейсьніць два гэтыя заданьні, г. зн. дасьледаваць наколькі будзе магчымым, астравы і пабудаваць тут радыёстанцыю.
    Бязумоўна, гэтая экспэдыцыя ўпіша новую бліскучую старонку ў гісторыю заваёў і вывучэньня чалавекам палярных прастораў.
    Сіламі васьмі чалавек тут ня толькі зроблены грунтоўныя абсьледваньні астравоў, вывучана іх прыродагістарычнае аблічча і гідралягічны рэжым абмываючых вод, але і пабудавана ў надзвычай цяжкіх умовах аэрамэтэаралёгічная база з радыёстанцыяй.
    Востраў Бліжні Ляхаўскі, на якім устаноўлена станцыя, аддзелены ад кантынэнту значнай пратокай, амаль заўсёды запоўненай лёдам. І вось праз гэтую пратоку нашы палярнікі, рызыкуючы кожную хвіліну быць раздушанымі лёдам, ухітрыліся большую частку грузу і бярвеньняў для пабудовы перавесьці на востраў на невялікай шхуне “Палярная Зьвязда”. Але відаць рызыкаваць часта нельга. Другі рэйс шхуны на востраў ужо ня ўдаўся, і многія прадметы абсталяваньня, а таксама і частка будаўнічых матэрыялаў і харчаваньня і па гэты дзень ляжаць у вусьці р. Лены.
    Пры пераправе праз лёд члены экспэдыцыі ўжо ў затоцы Бор-хая сустрэлі затрымку. Далей пачалося яшчэ горш. Шлі ў суцэльным лёдзе, ля мысу Чуркіна трапілі і ў непраходны лёд, — каля тыдня заставаліся тут нявольнікамі лёду. Каб ня згубіць судна, ці ня быць вынесенымі разам з лёдам у адчыненае мора, прымацоўваліся да выступаўшых частак торсаў, якія застралі на мелі. Часамі лёд шоў радзей, што і давала магчымасьць, разьбіваючы лёдавыя палі, марудна прасоўвацца. Каля мысу Сьвяты Нос лёд пачаў радзець і шхуна ўвайшла ў пратоку Лапцева. З працяглымі прыпынкамі ў дрэйфуючым лёдзе шхуна дабралася, урэшце, часткова пашкоджаная і зьбітая лёдам, да востраву Вялікага Ляхаўскага. У другі раз зрабіць гэты рэйс на востраў, як мы ўжо сказалі, не давялося. На шчасьце груз быў разьмеркаваны ў прадбачаньні магчымасьці толькі аднаго рэйсу. Гэта прадугледжанасьць выратавала ўсю справу.
    Вельмі цікавы склад будаўнікоў нашай навуковай базы. Яе будавалі пяць навуковых работнікаў, повар, матарысты і толькі адзін рабочы, які крыху ведаў будаўнічую справу. Неабходна падкрэсьліць таксама, што дом далёка ня ўвесь складаўся з гатовых частак, — шмат частак выраблялася тут жа на месцы. І тым ня менш, ня гледзячы на тое, што частку неабходных матэрыялаў так і не давялося пераправіць, а дах прышлося зрабіць з парусіны і пакінуць дом неабшаляваным, дом атрымаўся вельмі, добры і вельмі цёплы. Будавалі, літаральна не пакладаючы рук дзень і ноч, толькі з кароткімі перапынкамі для сну і прыняцьця ежы. У месяц з невялікім дом быў скончаны. 1 верасьня 1928 г. раскінулі лягер і распачалі пабудову, 5 кастрычніка адсьвяткавалі сканчэньне пабудоў. Апрача жылога дому на сем пакояў з каморкамі, уключаўшага таксама і радыё і аэрамэтэаралёгічную станцыю, пабудавалі лазьню і склеп. З вельмі вялікімі цяжкасьцямі, з ужываньнем цэлага раду хатніх дапасаваньняў, была паднята, урэшце, і 23-мэтравая радыёмачта для кароткахвальнага перадатчыка. Доўга яго ніхто ня чуў. Цэлы месяц бясплодна выстукваў перадатчык: “усім, усім, усім”. Але, вось, урэшце, станцыю пачула наша енісейская станцыя — Дудзінка. Пачула і зараз жа паведаміла ўсім іншым палярным таварышам радыёстанцыям аб зробленым адкрыцьці. Гэта было ў канцы лістападу, у пэрыяд ужо наступаючых лютых маразоў.
    Так узьнікла наша Ляхаўская палярная радыёстанцыя — першы крок да калянізацыі Нова-Сыбірскіх астравоў, якая, як трэба думаць, справа самага блізкага будучага. Найвялікшыя прамысловыя багацьці астравоў штогод прыцягваюць сюды адважных выхадаў з насельніцтва Якуціі. Аднак, наколькі ўдалося за час свайго больш чым двухгадовага знаходжаньня азнаёміцца з бытавымі ўмовамі прамышляючых тут паляўнічых і вынікамі іх промыслу, члены экспэдыцыі ўпэўніліся, што з тым і з іншым тут абстаіць ня вельмі добра. І на самай справе: двухразовая пераправа праз ільды на востраў і назад, вельмі бедны запас прадуктаў і прамыслоўцаў, а часта і зусім няўдачнае паляваньне — усё гэта прымушае іх скарачаць час свайго зімняга знаходжаньня на востраве і штогод ва ўсё меншым ліку перапраўляцца на яго. Прамыслоўцы заяўлялі Н. Пінегіну, што з радасьцю перасяліліся б сюды на востраў разам з сем’ямі, калі ім на першы час будзе аказана хоць бы невялікая дапамога.
    Зварочваючыся ў Ленінград, Н. Пінегін, затрымаўшыся ў Якуцку далажыў аб сваіх нагляданьнях і меркаваньнях Якуцкаму саўнаркаму, пасьля чаго ў гарачых спрэчках, што адбыліся, выявілася поўная салідарнасьць саўнаркаму з прапановай Пінегіна ўсяк садзейнічаць нашай адлеглай ускраіне.
    Н. Пінегін добра вывучыў быт тутэйшых прамыслоўцаў.
    Перад намі надзвычай цікавы прыклад натуральна створанага самой прыродай калгасу. Група прамыслоўцаў мае ў сваім карыстаньні агульную маёмасьць; як увесь інвэнтар, так і прылады промыслу арцелі не складаюць нічыёй уласнасьці, а ў процілегласьць звычаям іншых паўночных акруг, зьяўляецца ўласнасьцю дробнай астраўной гаспадаркі. Яшчэ больш цікава, што ўсе прылады промыслу знаходзяцца ў карыстаньні ўсіх паасобных членаў арцелі зусім незалежна ад таго, ці ўсе члены яе ўдзельнічалі ў абсталяваньні інвэнтару ці не. Прамыслоўцы маюць у сваім карыстаньні ня толькі агульную маёмасьць, але і свае выпрацаваныя практычныя звычкі і нешта накшталт законаў. Стараста выбіраецца ўсімі членамі арцелі на нявызначаны тэрмін, але на агульных сходах, якія склікаюцца ва ўсіх цяжкіх выпадках, ён мае толькі дарадчы голас, але не рашаючы; у любы момант ён можа быць таксама, калі ня здолее павесьці сябе як трэба, зьмешчаны, прычым адразу ж назначаюцца новыя выбары. Дысцыпліна тут пануе ўзорная, якая выключае ўсякія сваркі і рознагалосьсі.
    Інтарэс Нова-Сыбірскіх астравоў не абмяжоўваецца промысламі. Надзвычай вялікі інтарэс становяць сабою астравы таксама і ў геалягічных, у прыватнасьці — палеанталягічных адносінах. Арыгінальная геалягічная структура вечна мёрзлых астравоў, багацьце патрэтычных адкладаньняў, шмат рэштак прадстаўнікоў даўно вымерлай фаўны, найбольш папулярным прадстаўніком якой зьяўляецца мамант, — усё гэта прыцягвае сюды з даўніх часоў навуковага работніка, які тут на жаль не затрымоўваецца на больш ці менш працяглы тэрмін.
    Знаходка тут, у гэтым адлеглым кутку Сыбіры, трупаў мамантаў зьяўлялася ўжо неаднаразовай прычынай да накіраваньня сюды экспэдыцый. Мэта нашай экспэдыцыі, як мы ўжо бачылі, была іншая.
    Але няма ніякага сумненьня, што ў бліжэйшыя ж гады супрацоўнікі радыёстанцыі знойдуць тут сярод расталых наносаў, ня толькі маманта, але можа быць і шарсьцістага насарога, і мядзьведзя-выкапня і іншых жывёлін ледніковай эпохі. Дзякуючы прысутнасьці на астравох пастаяннага штату навуковых работнікаў, які штогод зьмяняецца, навука, трэба думаць, у хуткім часе ўзбагаціцца больш падрабязнымі весткамі, чым да гэтага часу яна мела, аб умовах жыцьця маманту і яго сучасьнікаў. Тут можна сабраць без цяжкасьцей вельмі багатую калекцыю рэштак патрэтычных жывёл. Напомнім, што іменна Нова-Сыбірскія астравы, і ў прыватнасьці Вялікі Ляхаўскі, далі магчымасьць вядомаму вандроўцу д-ру Бунге ў 1886 г. сабраць вельмі багатую калекцыю рэшткаў’ патрэтычных жывёл, значна пасунуўшую даныя аб маманце і наогул пра ледніковую эпоху, якая мае выключны інтарэс для навукі, у гэты ж пэрыяд, як думаюць, зьяўляецца на зямлі і першы сьлед чалавека.
    Даўно было адзначана вялікая распаўсюджаньне на поўначы Сыбіры мамантавых клыкоў, але такой казачнай колькасьці іх, якую сустрэла на Нова-Сыбірскіх астравох наша экспэдыцыя, наўрад ці хто-небудзь дзе наглядаў. Груды іх, складзеныя прамыслоўцамі і за цяжкасьцю пераправы на кантынэнт так і пакінутыя тут, для вывазу іх адсюль патрабавалі б значных транспортных сродак. Чым растлумачыць такую колькасьць мамантавых касьцей іменна тут, на Нова-Сыбірскіх астравох, якія раптоўныя перавароты спаткалі ў дагістарычны час гэту частку сухазем’я, што адбылося тут, мы магчыма яшчэ ня скора даведаемся, — калі даведаемся наогул, — але ва ўсякім выпадку такое вялізарнае згрупаваньне маманту іменна на Нова-Сыбірскіх астравох мае свае асаблівыя прычыны. Яшчэ ў недалёкі параўнаўча час давалася тлумачэньне, што якаясьці грандыёзная і раптоўная навала мора, захапіўшая мамантаў на кантынэнце, прымусіла іх шукаць ратаваньня на ўзвышаных, найбольш забароненых ад катастрофы астравох. Але наўрад ці тлумачэньне гэта заслугоўвае зараз сур’ёзнай увагі.
    Але, апроч касьцей (і трупаў) мамантаў, тут даўно ўжо знаходзілі і цэлыя тушы мамантаў, а таксама шарсьцістага насарога-выкапня. Групы гэтыя часта былі такой добрай захоўнасьці, што мясцовыя прамыслоўцы кармілі імі сваіх сабак Тлумачэньнем такой добрай захоўнасьці жывёл на Нова-Сыбірскіх астравох зьяўляецца вечна мёрзлы тут грунт і асабліва грунтовы лёд, што знаходзіцца пад грунтам. Самыя вялізарныя масы такога лёду, які ў літаральным сэнсе акамянеў (якім чынам адбылася гэта дзіўная дэфармацыя, зьяўляецца яшчэ загадкай, якая, як гэта відаць з прывозам экспэдыцыяй адломкаў гэтых лёдавых выкапняў у Ленінград, будзе вырашана), знаходзяцца на Вялікім Ляхаўскім востраву.
    Яшчэ адно надзвычай характарнае для тутэйшага краю зьявішча — гэта „земляныя патокі” або “спаўзаньне грунту”. Грунт, што падтрымліваецца выветрываньнем, літаральна плыве, спаўзае з верхніх у ніжэй разьмешчаныя часткі востраву. Адбываецца гэта адно з самых цікавых зьявішч не як у бягучай вадзе вузкімі лініямі, а шырокімі шчыльна разьмешчанымі градамі. Нічому іншаму, як іменна гэтым зьявішчам, тутэйшы ляндшафт абавязаны сваімі, акругленымі формамі. Падобнае зьявішча можа адбывацца, зразумела, і ў іншых мясцовасьцях, дзе ёсьць надыходзячыя для таго ўмовы, аднак, у такіх буйных разьмерах, як на Ляхаўскіх астравох зьявішча гэта нідзе не наглядаецца. Паходжаньне спаўзаньня, відаць, наступнае: падгрунтоўны лёд пад уплывам вады, якая прасочваецца зьверху, асабліва значнай у летні час, перасоўваецца пад грунтам, уцягваючы за сабой і яго. Аналягічнае зьявішча, хоць і не ў такой, ярка адбітай форме, адбываецца і на разьмешчаным у Паўночным Ледавітым акіяне востраве Мядзьведжым.
    Геалягічная пабудова Нова-Сыбірскіх астравоў у агульным тая ж што і ў паўночна-заходніх ускраінах кантынэнтальнай Якуціі; і там і тут выкрываюцца сылюрыйскія вапнякі, тыя ж самыя і трыасавыя сланцы, выступаюць тут і там адны і тыя ж граніты.
    Наўрад ці варта казаць, што клімат тут надзвычай суровы, сярэдняя гадавая не перавышае -15° пры ліку марозных дзён у гаду 336, мароз жа дасягае да -43°. Да выключна халоднага клімату Якуціі тут дадаецца павышаная вільготнасьць паветры, значная воблачнасыць і пастаянныя вятры. Тутэйшая Флёра вельмі бедная, — усяго толькі да 70 відаў кветкавых, імхоў, лішайнікаў, водарасьцяў самых простых і грыбоў. Фаўна таксама не адрозьніваецца разнастайнасьцю, хоць досыць яна багата. Дзікі алень, які прыходзіць сюды з кантынэнту стадамі, і пясец зьяўляюцца тут вельмі выгоднай крыніцай промыслу якуцкіх прамыслоўцаў. Воўк, лісіца, ласка і белы мядзьведзь тут у нязначнай колькасьці. З мая сюды прылятаюць гусі розных відаў, качкі-маранкі, турпаны; сьцелеравы гагі, чысьцікі і гагары. з галенастых — кулікі, русанкі; з драпежных — чайкі, паморнікі і інш. Рыбныя промыслы (омуль і кета) тут у зачаткавым становішчы.
    /Астроўскі Б. Г. Савецкая Арктыка. Пераклаў з руской мовы А. Пятосін. Менск. 1932. С. 75-90./

                                                                          ДАВЕДКА
    Барыс Генрыхавіч Астроўскі (1890 - ?). Вучыўся ў Санкт-Пецярбурскім Унівэрсітэце. Пачаў друкавацца ад 1911 года. Аўта кніг: «Советская Арктика» (1931), «Безвременно ушедшие: Г. Я. Седов, В. А. Русанов, Г. Л. Брусилов и Э. В. Толь» (1934), «Великая Северная экспедиция» (1935), «Остров Врангеля» (1935), «Адольф Норденшельд» (1937), «Беринг» (1939), «Адмирал Макаров». (1951), «Лазарев» (1966).
    Эмярыта Флёт,
    Койданава