пятница, 25 августа 2017 г.

Сяргей Сьмрноў. Па сьлядах новага героя. Маёр Гаўрылаў. Койданава. "Кальвіна". 2017.



    Брэсцкая крэпасьць — гэта комплекс абарончых збудаваньняў XIX - пачатку XX ст. у м. Брестъ-Литовскъ, Brześć nad Bugiem, Брест, Brest-Litowsk, Брэст (Берасьце), якія былі пабудаваныя ў тагачаснай Расейскай імпэрыі (Гродзенская губэрня) на чатырох выспах, утвораных рэкамі Заходні Буг ды Мухавец. 1 чэрвеня 1836 г. адбылася закладка першага каменя пабудовы, а ўжо 26 красавіка 1842 г. крэпасьць пачала дзейнічаць як фартэцыя першай клясы. У будаўніцтве і ўдасканальваньні крэпасьці ў пачатку ХХ ст удзельнічаў таксама татарын - капітан Дзьмітрый Карбышаў.
    Пад час І усясьветнай вайны з набліжэньнем да Брэста-Літоўскага нямецкіх войскаў па загадзе Вярхоўнага камандаваньня 8-12 жніўня 1915 гарнізон крэпасьці і амаль ўсё насельніцтва места былі эвакуіраваныя ў глыб Расейскай імпэрыі, а частка ўмацаваньняў былі ўзарваныя. 15 жніўня 1915 г. крэпасьць была занятая нямецкімі войскамі. Тут на тэрыторыі Цытадэлі ў Белым палацы быў падпісаны г. зв. Брэсцкі мір.

    Паводле ўмоваў Рыскай мірнай дамовы горад Брэст-Літоўскі з крэпасьцю адышлі да Польшчы, новапаўсталай дзяржавы з парэшткаў Расейскай імпэрыі. У крэпасьці разьмясьціліся часткі 9-га Палескага корпусу Войска Польскага.

    З пачаткам Другой усясьветнай вайны, г. зн. з нападу на Польшчу, ў верасьні 1939 г. войскі Вэрмахту пачалі бамбаваць крэпасьць, 14 верасьня 1939 да крэпасьці падышлі перадавыя часткі 19-га танкавага корпусу нямецкага войска, 15 верасьня пачаўся штурм крэпасьці, якую гераічна абаранялі жаўнеры польскага войска.

    22 верасьня паводле сакрэтнага камуністычна-фашысцкага пратакола да Пакту Молатава-Рыбэнтропа аб ненападзе (23 жніўня 1939) немцы аддалі кантроль над Brześć nad Bugiem савецкім войскам і горад ды крэпасьць увайшла 29-ая лёгка-танкавая брыгада Чырвонай Арміі. Знаходжаньне нямецкіх войскаў у крэпасьці скончылася сумесным разьвітальным парадам і абменам сьцягамі. Крэпасьць ўжо далей пачалі штурмаваць чырвонаармейцы. Уначы 27 верасьня 1939 г. капітан Радзішэўскі аддаў польскім абаронцам крэпасьці загад разысьціся і прарывацца да сваіх сем’яў. Крэпасьць занялі савецкія войскі. Радзішэўскі выехаў дадому ў Кобрын, затым быў рэпрэсаваны органамі НКУС. Места Brześć nad Bugiem было далучана да Беларускай ССР, як цэнтар Брэсцкай вобласьці, і зрабілася неад’емнай часткай СССР,
    22 чэрвеня 1941 году колішнія хаўрусьнікі РСЧА напалі на СССР і, адзін з першых удараў, прыйшоўся на Брэсцкую крэпасьць. Прынамсі 22 чэрвеня 1941 г.батальёнам 45 пяхотнай дывізіі на тэрыторыі крэпасьці былі вызваленыя вязьні турмы – былыя польскія афіцэры і г. зв. беларускія нацыяналісты.
    Да 30 чэрвеня 1941 г. цягнулася арганізаваная абарона РСЧА Брэсцкай крэпасьці ад войскаў Вэрмахту, але, як лічыцца, апошні абаронца крэпасьці Пётр Гаўрылаў трапіў у палон 23 ліпеня 1941 г.


    Сяргей Сяргеевіч Сьмірноў (1915-1976) – расейскі савецкі пісьменьнік, які сваё дзяцінства правёў у Харкаве, ва Ўкраіне. Удзельнік ІІ-й усясьветнай вайны, пасьля якой працаваў рэдактарам Ваенвыдату, намесьнікам галоўнага рэдактара часопіса “Новый мир” (1953-1954). У 1959-1960 галоўны рэдактар “Литературной газеты”. У 1975-1976 гг. сакратар Саюзу пісьменьнікаў СССР. У якасьці кіраўніка маскоўскай арганізацыі Саюза Пісьменьнікаў у 1958 г. прыняў актыўны ўдзел у ганеньні Б. Пастарнака. Падпісаў Ліст групы савецкіх пісьменьнікаў у рэдакцыю газэты “Правда” 31 жніўня 1973 г. пра Салжэніцына і Сахарова, але ў сакавіку 1966 г. падпісаў ліст 13-ці дзеячаў савецкай навукі, літаратуры і мастацтвы ў прэзыдыюм ЦК КПСС супраць рэабілітацыі Сталіна. Памёр 22 сакавіка 1976 г. і пахаваны ў Маскве на Новадзявочых могілках.
    Ён упершыню зрабіў “савецкаўзвышаючым” усеагульным здабыткам эпапэю абароны РСЧА Брэсцкай крэпасьці ды распачаў велізарную працу па зьбіраньні матэрыялаў аб расійскіх абаронцах крэпасьці. За кнігу “Брэсцкая крэпасць” (1957 год, другое, дапоўненае і пашыранае выданьне - 1965 год) С. Смірноў у 1964 году быў уганараваны Ленінскай прэміяй.
    Агафоглія Мярзота,
    Койданава








                                                       ПА СЬЛЯДАХ НОВАГА ГЕРОЯ
    Я ўжо расказваў пра тое, як увесну 1942 года на адным з участкаў фронту ў раёне Арла было захоплена данясеньне, складзенае штабам 45-й пяхотнай дывізіі, у якім падрабязна паведамлялася аб абароне Брэсцкай крэпасьці. Калі копія гэтага данясеньня трапіла мне ў рукі, я ўбачыў, што ў ім асабліва шмат увагі адводзілася баям за нейкае крапасное ўмацаваньне, якое аўтары дакумэнту называлі Усходнім фортам. Мяркуючы па апісаньню, ішла выключна ўпартая барацьба за гэты форт і яго гарнізон супраціўляўся сапраўды гераічна.
    Вось што пісалі нямецкія штабісты пра баі за гэты форт.
    «26 чэрвеня. Гняздом супраціўленьня застаўся Ўсходні форт. Сюды нельга было падступіцца са сродкамі пяхоты, бо надзвычай трапны ружэйны і кулямётны агонь з глыбокіх акопаў і з падковападобнага двара скошваў кожнага, хто набліжаўся.
    27 чэрвеня. Ад аднаго палоннага даведаліся, што ва Ўсходнім форце абараняецца каля 20 камандзіраў і 370 байцоў з дастатковай колькасьцю боепрыпасаў і прадуктаў. Вады не хапае, але яе дастаюць з выкапаных ям. У форце знаходзяцца таксама жанчыны і дзеці. Душой супраціўленьня зьяўляецца нібы адзін маёр і адзін камісар.
    28 чэрвеня. Працягваўся абстрэл Усходняга форта з танкаў і штурмавых гармат, але посьпеху ніякага. Абстрэл з 88-мілімэтровай зэнітнай гарматы таксама вынікаў не даў. Таму камандзір дывізіі даў распараджэньне аб устанаўленьні сувязі з лётчыкамі, каб высьветліць магчымасьць бамбёжкі.
    29 чэрвеня. З 8.00 авіяцыя скінула шмат 500-кіляграмовых бомбаў. Вынікаў нельга было бачыць. Такое ж малапасьпяховае дзеяньне меў новы ажыўлены абстрэл Усходняга форта з танкаў і штурмавых гармат, нягледзячы на тое, што былі прыкметны ў некаторых месцах разбурэньні сьцен.
    30 чэрвеня. Рыхтавалася наступленьне з дапамогай бэнзіну, масла і тлушчу. Усё гэта ў бочках і бутэльках скочвалі ў фортавыя акопы, і там ужо ўсё гэта трэба было падпальваць ручнымі гранатамі і запальнымі кулямі».
    Толькі пасьля таго, як праціўнік распачаў на Ўсходні форт незвычайна жорсткую бамбёжку, калі з аднаго з самалётаў была скінутая бомба вагай 1800 кіляграмаў, якая, як пішуць самі гітлераўцы, «страсянула сваёй дэтанацыяй увесь горад Брэст», — толькі пасьля гэтага ворагу ўдалося ўварвацца ў форт і авалодаць ім. Пры гэтым былі ўзяты ў палон некалькі камандзіраў і байцоў, большасьць з якіх мелі раненьні і кантузіі, а таксама захоплены жанчыны і дзеці, якія знаходзіліся ў фортавых казематах. Але як ні абшуквалі фашысты падземныя памяшканьні, ім нідзе не ўдалося знайсьці кіраўнікоў абароны форта. І з гэтай прычыны ў нямецкім данясеньні запісана: “Маёра і камісара не знайшлі. Кажуць, яны застрэліліся”.
    Перш за ўсё мне належала высьветліць, дзе ж знаходзіцца гэты самы Ўсходні форт, пра які пісалі немцы. Я ведаў, што паводле ваеннай тэрміналёгіі фортам называецца самастойнае бетанаваная ўмацаваньне, забясьпечанае сваёй артылерыяй, надзейнымі ўкрыцьцямі для гарнізона, складамі боепрыпасаў, прадуктаў і г. д. Але мне было вядома, што такіх бетанаваных умацаваньняў у самой крэпасьці няма. Сапраўды, Брэсцкая крэпасьць была акружана фартамі, пабудаванымі ў канцы мінулага і ў пачатку гэтага стагодзьдзя. Але ўсе гэтыя фарты знаходзіліся па-за крэпасьцю, за некалькі кілямэтраў ад яе зьнешніх земляных валоў. А з нямецкага данясеньня можна было зрабіць вывад, што Ўсходні форт, пра які ішла гаворка, разьмяшчаўся ў сярэдзіне крапасной тэрыторыі.
    Гэтую загадку трэба было разгадаць.
    Накіроўваючыся ў першую паездку ў Брэст летам 1954 года, я ўзяў з сабою копію нямецкага дакумэнта. Там, блукаючы па крэпасьці, я ўважліва ўчытваўся ў кожную фразу гэтага данясеньня, дзе гаварылася пра Ўсходні форт. І паступова, параўноўваючы некаторыя дадзеныя дакумэнта з мясцовасьцю, я здагадаўся, што разумеў праціўнік пад словамі “Ўсходні форт”.
    Апісваючы першыя баі ў крэпасьці, я раней гаварыў пра тое, што ў паўночнай яе частцы абапал дарогі, што цягнулася ад галоўных уваходных варот да моста праз Мухавец, узвышаліся два своеасаблівыя земляныя ўмацаваньні, якія мелі выгляд падковы.
    Кожная з іх складалася з двух высокіх земляных валоў у форме падковы. Валы ішлі паралельна — адзін у сярэдзіне другога, пры гэтым унутраны вал для зручнасьці абароны быў некалькі вышэйшы за зьнешні. Паміж імі заставалася прастора шырынёй у чатыры - пяць мэтраў, якая ўтварала вузкі і такі ж падобны на падкову дворык, сьцены якога былі выкладзены цэглай. З гэтага дворыка можна было зайсьці ў цёмныя цагляныя казематы, разьмешчаныя ў земляной таўшчыні валоў. А ў самым цэнтры ўмацаваньня, на круглым двары, упрытык да “падковы” ўнутранага вала, узвышаўся двухпавярховы будынак казармаў.
    Ніякіх бэтонных збудаваньняў тут не было і ў паміне, і, строга кажучы, гэта земляное ўмацаваньне толькі вельмі ўмоўна можна было ахрысьціць фортам. Але тым не менш мне стала ясна, што Ўсходнім фортам праціўнік назваў адну з гэтых земляных “падкоў”, менавіта тую, што знаходзілася на ўсход ад галоўнай дарогі. І ўпамінаньне пра “падковападобны двор” і цэлы шэраг іншых дэталяў, якія былі ў нямецкім дакумэнце, не пакідалі ніякіх сумненьняў у тым, што ўсходняя “падкова” і Ўсходні форт — гэта адно і тое ж.
    У гэтую першую маю паездку ў Брэст мне не ўдалося знайсьці там ніводнага з тых байцоў, хто змагаўся ва Ўсходнім форце. Але праз некалькі месяцаў, у лютым 1955 года, я зноў пабываў у Брэсьце. Узяўшы ў вайсковай часьці машыну, я аб’ехаў тады некалькі глыбінных раёнаў Брэсцкай вобласьці ў пошуках удзельнікаў абароны Брэсцкай крэпасьці.
    І вось у пачатку гэтай паездкі, трапіўшы ў раённы цэнтар Жабінку, за 25 кілямэтраў ад Брэста, я сустрэўся там з кіраўніком мясцовай раённай арганізацыі ДТСААФ, лейтэнантам запасу Якавам Іванавічам Каламійцам. Я. І. Каламіец служыў перад вайной у Брэсцкай крэпасьці, быў у той час камандзірам узвода і яму давялося ўдзельнічаць у абароне.
    З першых жа хвілін нашай размовы я адчуў, што перада мной адзін з абаронцаў Усходняга форта, хоць Каламіец называў не Ўсходнім фортам, а “падковападобным земляным умацаваньнем”. Каб канчаткова пераканацца, я пасадзіў Каламійца ў машыну, паехаў з ім у крэпасьць і там папрасіў яго весьці мяне да таго месца, дзе ён змагаўся ў 1941 годзе. Ён адразу ж прывёў мяне да валоў Усходняга форта.

    Я падрабязна запісаў яго ўспаміны. Ён расказаў вельмі шмат цікавага пра абарону Ўсходняга форта. Тут, у казематах, былі сабраны байцы з розных часьцей і падразьдзяленьняў. З іх фарміравалі роты і ўзводы, замацаваўшы за імі строга вызначаныя ўчасткі абароны. У форце дакладна працаваў штаб, тут доўгі час дзейнічала тэлефонная сувязь, чаго не было на іншых участках крэпасьці. І ўсё гэта, на думку Каламійца, было вынікам энэргічнай арганізатарскай дзейнасьці маёра, які камандаваў абаронай Усходняга форта.
    Каламіец з захапленьнем расказваў пра гэтага маёра. Паводле яго слоў, гэта быў незвычайна валявы чалавек, цудоўны арганізатар, выпрабаваны баявы камандзір, які паказваў байцам прыклад бясстрашша і мужнасьці і быў сапраўднай душой гэтай абароны, якая стойка адбівала націск фашыстаў на працягу многіх дзён.
    Я спытаў прозьвішча гэтага маёра, але, на жаль, Каламіец забыўся яго. Ён стаў успамінаць і сказаў, што яму здаецца, нібы прозьвішча маёра было Грыгор’еў ці нешта падобнае на гэта.
    Але да гэтага часу ў маім распараджэньні ўжо знаходзіўся невялікі і пакуль яшчэ далёка не поўны сьпіс камандзіраў, якія змагаліся ў крэпасьці. Ён быў складзены мной са слоў удзельнікаў абароны, з якімі мне даводзілася да гэтага сустракацца. Кожнага з іх я перш за ўсё прымушаў пералічваць прозьвішчы абаронцаў крэпасьці, што заставаліся ў яго памяці. У гэтым сьпісе, які меў тады сто ці дзьвесьце імёнаў, было і некалькі маёраў. Аднаго за адным я стаў называць іх Я. І. Каламійцу. Калі я дайшоў да прозьвішча былога камандзіра 44-га стралковага палка маёра Гаўрылава, Каламіец уздрыгнуў і ўпэўнена сказаў, што абарону Ўсходняга форта ўзначальваў маёр Гаўрылаў.
    Я пачаў прыдзірліва дапытваць Каламійца, ці дакладна ўспомнілася яму гэтае прозьвішча, ці не памыляецца ён. Але ён цьвёрда стаяў на сваім — там, у “падкове”, яго камандзірам быў маёр Гаўрылаў, і ніхто іншы.
    Справа ў тым, што ў маіх сьпісах Гаўрылаў лічыўся загінуўшым у першы дзень вайны. Яшчэ да паездкі ў Брэст аднойчы неяк у Маскве я сустрэўся з палкоўнікам Мікалаем Раманавічам Артамонавым, які вучыўся тады на курсах Ваеннай акадэміі імя Фрунзе. У 1941 годзе М. Р. Артамонаў быў батальённым камісарам і служыў у Брэсцкай крэпасьці, займаючы пасаду намесьніка камандзіра 44-га стралковага палка па палітычнай частцы. Ад яго я ўпершыню і пачуў пра былога камандзіра 44-га стралковага палка.
    Артамонаў расказаў мне, што ён і Гаўрылаў жылі ў дамах камсаставу ў паўночнай частцы Брэсцкай крэпасьці. Калі пачалася вайна, Артамонаў пры першых выбухах выбег з дому і ўзьняў па трывозе адно з падразьдзяленьняў палка, якое разьмяшчалася каля галоўных крапасных варот. Ён ведаў, што па раскладу 44-ы полк павінен быў выйсьці з крэпасьці і заняць абарону на загадзя прызначаным рубяжы — паўночней Брэста. На чале гэтага падразьдзяленьня Артамонаў засьпяшаўся туды, на рубеж. Ён чакаў, што вось-вось да іх далучыцца і камандзір палка з іншымі ротамі, але Гаўрылаў так і не выйшаў з крэпасьці. А крыху пазьней Артамонаву далажылі, што ў першыя хвіліны вайны ў дом, дзе жыў Гаўрылаў, трапіла бомба і маёр загінуў там са сваёй сям’ёй.
    Паведамленьне Каламійца цяпер абвяргала гэтую вэрсію. Гаўрылаў не загінуў, і вось ён і быў тым самым маёрам з Усходняга форта, пра якога гаварылася ў нямецкіх данясеньнях.
    Я спытаў у Каламійца, што сталася з Гаўрылавым пазьней. І ён адказаў мне, што ў апошні дзень баёў больш не бачыў свайго камандзіра, але потым, ужо ў палоне, чуў ад сваіх таварышаў па абароне Ўсходняга форта, што калі ворагі ўварваліся туды, маёр Гаўрылаў нібы застрэліўся, каб не трапіць у рукі фашыстаў.
    Такім чынам, вэрсія пра гібель маёра, якая мелася ў нямецкім дакумэнце, была цяпер пацьверджана і адным з абаронцаў Усходняга форта.
    У часе гэтай жа маёй паездкі па Брэсцкай вобласьці, крыху пазьней, я трапіў у невялікі гарадок Камянец, разьмешчаны паблізу Белавескай пушчы, і там у раённай паліклініцы сустрэўся з урачом Мікалаем Іванавічам Варановічам. Доктар Варановіч не ўдзельнічаў у абароне крэпасьці, але як ваенны ўрач у першыя дні вайны быў паблізу граніцы і трапіў у палон. Гітлераўцы адправілі яго ў лягер Паўднёвага ваеннага гарадка Брэста, туды, дзе знаходзіліся Матэвасян, Махнач і іншыя абаронцы Брэсцкай крэпасьці.
    Разам з усімі нашымі ваеннапалоннымі ўрачамі М. І. Варановіч лячыў раненых байцоў і камандзіраў у лягерным шпіталі. І вось, калі я спытаўся ў доктара Варановіча, каго з удзельнікаў Брэсцкай абароны яму давялося лячыць і што яны расказвалі пра тэрміны гэтай абароны, ён паведаміў мне наступнае.
    Гэта было 23 ліпеня 1941 года, гэта значыць на трыццаць другі дзень вайны. Дарэчы, Варановіч настойваў на даце, кажучы, што ён і іншыя ўрачы запомнілі яе зусім дакладна. У гэты дзень гітлераўцы прывезьлі ў лягерны шпіталь толькі што захопленага ў крэпасьці маёра. Палонны маёр быў у поўнай камандзірскай форме, але ўсё адзеньне яго ператварылася ў лахманы, зарослы твар быў пакрыты парахавой сажай і пылам. Ён быў паранены, знаходзіўся ў непрытомнасьці і меў вельмі змардаваны выгляд. Гэта быў, у поўным сэнсе слова, шкілет, абцягнуты скурай. Да якой ступені дайшло зьнемажэньне, можна было меркаваць па тым, што палонны не мог нават зрабіць глытальнага руху: у яго не хапала на гэта сіл, і ўрачам давялося ўжыць штучнае харчаваньне, каб выратаваць яму жыцьцё.
    Але нямецкія салдаты, якія ўзялі яго ў палон і прывезьлі ў лягер, расказвалі ўрачам, што гэты чалавек, у целе якога ледзь-ледзь цеплілася жыцьцё, усяго гадзіну таму назад, калі яны заўважылі яго ў адным з казематаў крэпасьці, адзін прыняў з імі бой, кідаў гранаты, страляў з пісталета і забіў і раніў некалькі салдат. Яны гаварылі пра гэта з мімавольнай павагай, адкрыта зьдзіўляючыся сіле духу савецкага камандзіра, і было ясна, што толькі з-за павагі да яго храбрасьці палоннага пакінулі жывым. Пасьля гэтага, паводле слоў Варановіча, на працягу некалькіх дзён з Брэста прыяжджалі германскія афіцэры, каб паглядзець на героя, які паказаў такую незвычайную стойкасьць, такую волю ў барацьбе з ворагам.
    Я спытаўся ў доктара Варановіча прозьвішча гэтага маёра, але, на жаль, ён яго забыўся. Тады, як і ў гутарцы з Каламійцам, я стаў называць яму прозьвішчы маёраў з майго сьпіса. І раптам Варановіч сказаў, што ён цяпер ясна ўспомніў, прозьвішча палоннага было Гаўрылаў.
    Такім чынам, я зноў натрапіў на сьлед былога камандзіра 44-га стралковага палка, які ў дні абароны крэпасьці камандаваў абаронцамі Ўсходняга форта. Відаць, насуперак усім чуткам, ён не застрэліўся і не загінуў, а трапіў у гітлераўскі палон, але ўжо значна пазьней.
    Пра далейшы лёс маёра Гаўрылава М. І. Варановіч нічога не ведаў, таму што праз некалькі дзён пасьля гэтай падзеі доктара перавялі ў іншы лягер.
    Вярнуўшыся з Брэста, я неўзабаве знайшоў у Маскве ў Нагацінскай бальніцы доктара I. К. Махавенку, а ў Ленінградзе — доктара Ю. В. Пятрова. Абодва яны ў чэрвені 1941 года трапілі ў той жа гітлераўскі лягер у Паўднёвым гарадку і працавалі там урачамі ў так званым шпіталі. І Махавенка і Пятроў, кожны паасобку, поўнасьцю паўтарылі мне расказ доктара Варановіча і пацьвердзілі той факт, што прозьвішча палоннага маёра было Гаўрылаў. Доктар Пятроў і доктар Махавенка знаходзіліся ў лягеры пазьней Варановіча. Яны помнілі, што маёр Гаўрылаў праз некаторы час крыху паправіўся, пачаў хадзіць, і тады ўрачы ўладкавалі яго на працу ў лягерную кухню для таго, каб ён мог хоць трохі падкарміцца і аднавіць свае сілы. Што было з ім пазьней, ні той, ні другі не ведалі, бо лягер быў расфарміраваны ўвесну 1942 года і яны ўжо не бачылі маёра Гаўрылава.
    Цяпер у мяне зьявілася надзея, што Гаўрылаў мог застацца жывым і вярнуцца пасьля вайны з палону на Радзіму. Але для таго каб пачаць пошукі, мне трэба было ведаць, ва ўсякім выпадку, яго імя і імя па бацьку. Прозьвішча Гаўрылаў — занадта распаўсюджанае: у сьпісах Галоўнага ўпраўленьня кадраў Міністэрства абароны знайшліся б сотні з такім прозьвішчам, як у героя Брэсцкай крэпасьці, і для посьпеху пошукаў варта было здабыць якія-небудзь дадатковыя зьвесткі пра чалавека, які цікавіў мяне.
    На жаль, ні ўрачы, ні Каламіец не ведалі імя і імя па бацьку Гаўрылава. Я зноў пачаў шукаць палкоўніка Артамонава, спадзеючыся, што можа хоць ён будзе помніць, як звалі яго былога начальніка. Аднак за гэты час Артамонаў пасьпеў ужо скончыць курсы пры акадэміі, быў прызначаны рэспубліканскім ваенным камісарам Карэльскай АССР і выехаў у Петразаводск. Туды я і напісаў яму.
    Неўзабаве прыйшоў і адказ. М. Р. Артамонаў паведамляў мне такія-сякія зьнешнія прыкметы Гаўрылава, апісваў некаторыя рысы яго характару, але сарамліва прызнаваўся, што за гэтыя пятнаццаць гадоў забыўся яго імя і імя па бацьку. Ды і называлі яны адзін аднаго больш па прозьвішчу — «Гаўрылыч» і «Артамоныч».
    Дык вось, мае надзеі не апраўдаліся. Трэба было ісьці ў далейшых пошуках іншымі шляхамі.
    Я ведаў, што 44-ы полк, якім камандаваў маёр Гаўрылаў, уваходзіў у склад 42-й стралковай дывізіі. І я пачаў з таго, што зьвярнуўся ў Генэральны штаб з просьбай праверыць, ці не захаваліся ў ваенных архівах якія-небудзь даўнія сьпісы камандзіраў гэтай дывізіі. Праз некаторы час удалося адшукаць адзін з такіх сьпісаў, і там я, як і трэба было чакаць, знайшоў кароткія зьвесткі пра маёра Гаўрылава.
    Аказалася, што яго завуць Пятром Міхайлавічам і што ён нарадзіўся ў 1900 годзе. З гэтымі зьвёсткамі ўжо можна было пачынаць пошукі. Пазваніўшы ў Галоўнае ўпраўленьне кадраў да таго ж палкоўніка І. М. Канапіхіна, я папрасіў яго знайсьці асабістую картку маёра П. М. Гаўрылава.
    Мінуў тыдзень, і І. М. Канапіхін паведаміў мне, што картка знойдзена. Я адразу ж прыехаў да яго. З хваляваньнем узяў у рукі гэтую пацёртую старую картку, запоўненую ўжо выцьвілым фіялетавым чарнілам. У ёй я прачытаў наступнае: Пётр Міхайлавіч Гаўрылаў служыў у Чырвонай Арміі з 1918 года. Ён удзельнічаў у баях супраць Калчака, Дзянікіна, супраць белых бандаў на Каўказе. У 1922 годзе ўступіў у рады Камуністычнай партыі. Пасьля грамадзянскай вайны ён застаўся вайскоўцам і доўга жыў у Краснадары, камандуючы там рознымі вайсковымі падразьдзяленьнямі. Потым яго паслалі на вучобу ў Акадэмію імя Фрунзе ў Маскву. Закончыўшы яе ў 1939 годзе, ён быў прызначаны камандзірам 44-га стралковага палка, з якім прайшоў праз цяжкія баі на фінскай вайне, а праз два гады прыехаў у Брэсцкую крэпасьць.
    Ніжэй усяго гэтага, у самым канцы карткі, ужо іншым, больш сьвежым зялёным чарнілам былі дапісаны тры кароткія радкі. Але гэта былі самыя важныя і дарагія мне радкі. У першым было напісана: “Палонены ў раёне горада Брэста 23 ліпеня 1941 года”, гэта значыць сапраўды на трыццаць другі дзень вайны, як казаў мне доктар Варановіч. У другім радку значылася: “Вызвалены з палону ў маі 1945 года”, а ў самым нізе стаяла кароткая заўвага: “Чырвонагвардзейскі райваенкамат г. Краснадара”.
    Дык вось, маёр Гаўрылаў, на шчасьце, аказаўся жывы, знаходзіўся цяпер у Краснадары і прыняты там на ўлік Чырвонагвардзейскім райваенкаматам. Далейшыя пошукі ўжо не мелі ніякіх цяжкасьцей.
    Там, у Краснадары, жыў адзін з ужо вядомых мне ўдзельнікаў абароны крэпасьці, дарэчы былы падначалены Гаўрылава, баец таго ж 44-га стралковага палка Анатоль Бяссонаў, токар-шліфоўшчык завода “Краснадарнафта”. Ён добра помніў свайго ранейшага камандзіра, хоць у часе баёў за крэпасьць змагаўся не ва Ўсходнім форце, а на другім участку абароны — у цэнтральнай цытадэлі. Я адразу ж паведаміў Бяссонаву пра атрыманыя мною зьвесткі, прасіў яго зайсьці ў Чырвонагвардзейскі райваенкамат Краснадара, даведацца там адрас Гаўрылава і наладзіць з ім сувязь.
    Адказ ад Бяссонава прыйшоў праз тыдзень. Вось што ён пісаў мне:
    “Я адразу ж паехаў у Чырвонагвардзейскі райваенкамат, дзе павінен быць прыпісаны маёр Гаўрылаў. Пасьля таго як я растлумачыў работнікам ваенкамата сутнасьць справы, мне сказалі, што маёр Гаўрылаў сапраўды знаходзіцца ў іх на ўліку, і дасталі яго асабістую справу. Убачыўшы ў гэтай асабістай справе фотакартку Гаўрылава, я адразу пазнаў яго. Запісаўшы яго адрас, я крыху супакоіўся. Але было ўжо позна, і ў той дзень не мог сустрэцца з ім. Ноч мая мінула ў непакоі — раніцой павінна адбыцца сустрэча з Гаўрылавым. Устаўшы вельмі рана, я, не сьнедаўшы, памчаўся да Гаўрылава. На мой стук у дзьверы выйшаў сам Гаўрылаў. Прызнаюся, я разгубіўся. Адрапартаваў так: “Былы баец 44-га стралковага палка, якім камандаваў маёр Гаўрылаў,— перад вамі!”
    Гаўрылаў таксама разгубіўся, на вачах у яго паказаліся сьлёзы, ён замітусіўся, і я прыкмеціў нэрвовыя дрыжыкі на яго твары і руках. Сяргей Сяргеевіч, калі б Вы бачылі нашу сустрэчу! Яе нельга апісаць. Я быў вельмі ўражаны і расчулены. Ці паверыце, перада мной быў не строгі, валявы камандзір, якім я яго прывык бачыць, а сьціплы, добрай душы цывільны чалавек. Гутарка зацягнулася ў нас да вечара. Але ў часе яго расказаў ён нібы зноў стаў камандзірам палка, і ранейшае яго аблічча стала перад маімі вачыма”.
    Анатоль Бяссонаў паведаміў мне адрас Гаўрылава, і я адразу ж напісаў яму вялікае пісьмо. Я расказваў, як мне давялося шукаць яго, пісаў, што, на маю думку, там, у Брэсцкай крэпасьці, ён зрабіў подзьвіг незвычайнага гераізму і я веру: хутка прыйдзе той час, калі народ даведаецца пра гэты подзьвіг і Радзіма па-сапраўднаму ацэніць мужнасьць самаадданага героя. Я паведамляў, што ў бліжэйшыя дні выеду ў Краснадар, каб сустрэцца з Гаўрылавым і запісаць яго ўспаміны.
    Праз два тыдні я прыехаў у Краснадар. На вакзале разам з Бяссонавым мяне сустракаў Гаўрылаў. З цікаўнасцю глядзеў я на гэтага чалавека, пра якога столькі думаў і якога так доўга шукаў. Гэта быў хударлявы пажылы чалавек, з крыху стомленым шыракаскулым тварам, як мне здалося, старэй сваіх 55 год.
    На ім былі старэнькі афіцэрскі шынель і вайсковая вушанка. Ён адразу ж павёў мяне да сябе — у маленькі саманны дамок на далёкай ускраіне Краснадара. Там нас сустрэла яго другая жонка, Марыя Рыгораўна, якая з радасьцю прыняла мяне.
    У хаце было чыста, прыбрана, але па ўсім адчувалася, што гаспадары жывуць далёка не ў поўным дастатку. Гэты дом быў пабудаваны рукамі самога Гаўрылава і яго жонкі, і я здагадваўся, што ім давялося шмат на чым эканоміць, каб займець сваё жыльлё і сякую-такую гаспадарку.
    Затое гонарам іх быў вялікі і клапатліва дагледжаны вінаграднік, які раскінуўся каля дома. І калі мы селі сьнедаць, на стале зьявілася маладое віно ўласнага вырабу, і, вядома, першы тост быў узьняты за герояў Брэсцкай крэпасьці.
    А потым мы на працягу некалькіх дзён гутарылі з Гаўрылавым, і я запісваў яго ўспаміны. Ён расказаў мне ўсю гісторыю свайго цікавага, але нялёгкага і складанага жыцьця.
                                                    КАМАНДЗІР УСХОДНЯГА ФОРТА

    Гаўрылаў паходзіў з казанскіх татараў, з тых, чые продкі яшчэ пры Іване Грозным былі пераведзены ў праваслаўе. Яны прынялі разам з верай рускія імёны і прозьвішчы, але захавалі і сваю мову і многія звычаі.
    Селянінам-бедняком з беднай вёсачкі паблізу Казані быў яго бацька. У галечы і невуцтве мінулі дзіцячыя гады Пятра Гаўрылава. Цяжкае, пакутнае жыцьцё змалку выхоўвала ў ім характар цярплівы, валявы, які прывык змагацца з няшчасьцямі і нягодамі суровага сялянскага побыту. Гэты цьвёрды, моцны характар спатрэбіўся яму, калі ў 1918 годзе ён прыйшоў у Чырвоную Армію. Ён трапіў туды цёмным, непісьменным хлопцам, але затое прынёс з сабой жалезную ўпартасьць, уменьне настойліва пераадольваць цяжкасьці — якасьці, вельмі неабходныя для вайскоўца.
    Чырвоная Армія дала яму не толькі вайсковыя веды і навыкі — яна зрабіла яго палітычна сьвядомым чалавекам, навучыла чытаць і пісаць. Ён мужнеў і рос у баях з калчакоўцамі і дзянікінцамі, у бітвах з белабандытамі на Паўночным Каўказе. Усё болей выяўляліся валявыя ўласьцівасьці яго характару, сьмеласьць і мужнасьць, яго някепскія арганізатарскія здольнасьці. І не дзіўна, што як толькі скончылася грамадзянская вайна, Гаўрылаў стаў камуністам і чырвоным камандзірам.
    Пасьляваенная служба яго праходзіла на Паўночным Каўказе. Там ён ажаніўся. Дзяцей у іх з жонкай не было, і яны ўзялі з дзіцячага дома хлопчыка-сірату. Гаўрылаў усынавіў яго, і маленькі Коля рос у сям’і як родны сын — жонка Гаўрылава Кацярына Рыгораўна ласкава клапацілася аб ім.
    Гаўрылаў належаў да ліку тых чырвоных камандзіраў, якіх вылучыла грамадзянская вайна з самой гушчы народа. Глыбока адданыя савецкай уладзе і партыі бальшавікоў, сьмелыя і самаахвярныя ў барацьбе з ворагамі Радзімы, таленавітыя военачальнікі, яны не мелі неабходнай тэарэтычнай падрыхтоўкі, дастатковых ведаў і агульнай культуры. І краіна, якая яшчэ не пасьпела ўздыхнуць пасьля разбуральных войнаў, пачала вучыць камандныя кадры сваёй абаронцы-арміі.
    За гэты час Гаўрылаў пабыў на розных камандзірскіх курсах, а потым яму далі магчымасьць паступіць у Ваенную акадэмію імя Фрунзе — лепшую кузьню камандзіраў Чырвонай Арміі.
    Вучыцца ў акадэміі было вельмі цяжка — неставала адукацыі. Але зноў памагла тая ж нязломная гаўрылаўская ўпартасьць. Ён выйшаў з акадэміі маёрам і атрымаў полк. Праз некалькі месяцаў, траскучай марознай зімой 1939 года, у дні фінскай кампаніі гэты 44-ы стралковы полк пад яго камандаваньнем у цяжкіх баях на Карэльскім перашыйку паказаў сябе сапраўднай баявой часьцю.
    Пасьля фінскай вайны ўся 42-я дывізія была перакінутая ў Заходнюю Беларусь, у раён Бярозы-Картускай, а за два месяцы да вайны полк Гаўрылава перавялі ў Брэсцкую крэпасьць.
    Сям’я яго атрымала кватэру ў самой крэпасьці, у адным з дамоў камсаставу. Кацярына Рыгораўна, якая ўжо даўно пакутавала ад вострага сустаўнага раматусу, цяпер цэлымі тыднямі была прыкавана да ложка, а падлетак Коля — любімец байцоў — цэлыя дні праводзіў у падразьдзяленьнях.
    Гаўрылава рэдка калі бачылі дома — нялёгкая пасада камандзіра палка забірала ўвесь вольны час. Вельмі акуратны, ці, як казалі, “уедлівы” начальнік, ён настойліва і прыдзірліва цікавіўся кожнай дробязьзю жыцьця і побыту сваіх падначаленых, ён не даваў спуску ні сабе, ні другім. У ім жыло вечнае, непагаснае незадавальненьне сабой, сваім палком, тым, што ўжо дасягнутае за дні напружанай вучобы; здавалася, зроблена вельмі мала, а час і абстаноўка не чакаюць, прысьпешваюць.
    Асаблівым чуцьцём ваеннага чалавека, які да таго ж знаходзіўся на самай граніцы, Гаўрылаў угадваў набліжэньне навальнічных падзей. І гэта прадчуваньне нібы падсьцёбвала яго. Ён памятаў, якім нялёгкім выпрабаваньнем для нашых войск была фінская кампанія, і цяпер даражыў кожным мірным днём, каб як мага лепш падрыхтаваць свой полк да той галоўнай праверкі, якая — ён быў перакананы ў гэтым — неўзабаве чакала яго.
    З уласьцівай яму дабрадушнасьцю ў гутарках з байцамі і камандзірамі Гаўрылаў не раз казаў, што вайна не за гарамі, што небясьпечны сусед за Бугам здольны на ўсё і Гітлер у любы час можа парваць мірны дагавор з Савецкім Саюзам, як ірваў ён перад гэтым іншыя міжнародныя пагадненьні.
    Але, як вядома, у тыя перадваенныя гады падобная шчырасьць магла дорага каштаваць. Знайшоўся чалавек, які напісаў на Гаўрылава заяву ў дывізіённую партыйную камісію. Яго абвінавацілі ў тым, што ён гаворыць пра непазьбежнасьць вайны з Германіяй і гэтым самым сее трывожны настрой сярод сваіх падначаленых. Абвінавачаньне было вельмі сур’ёзным, і Гаўрылаву пагражала строгае партыйнае спагнаньне. Камісія прызначыла слуханьне яго асабістай справы на 27 чэрвеня 1941 года, і ўсе гэтыя апошнія дні ён з цяжкасьцю хаваў ад таварышаў па службе і сям’і ўсё, што трывожыла яго напярэдадні непазьбежных непрыемнасьцей.
    Цяпер гэта здаецца вар’яцкай недарэчнасьцю, але ад партыйнага спагнаньня за тое, што ён гаварыў аб хуткай вайне, Гаўрылава выратавала... вайна, якая на пяць дзён апярэдзіла намечанае пасяджэньне парткамісіі.
    Пачуўшы першыя выбухі на сьвітаньні 22 чэрвеня 1941 года, Гаўрылаў адразу зразумеў, што пачалася вайна. Хутка апрануўшыся, ён разьвітаўся з жонкай і сынам, загадаў ім ісьці ў бліжэйшы падвал і з пісталетам у руцэ пабег у цэнтральную цытадэль, дзе знаходзіўся штаб палка і стаяў баявы сьцяг: яго трэба было ратаваць у першую чаргу. Гаўрылаву ўдалося перабегчы мост праз Мухавец, які ўжо абстрэльвалі нямецкія дывэрсанты. Ён не памятаў, як бег сярод выбухаў па двары цытадэлі, міма будынка 333-га палка, да крайняга заходняга сэктара кальцавых казармаў: там на другім паверсе разьмяшчаўся штаб.
    Але калі ён дабраўся сюды, другі паверх быў ужо напалову разбураны і ахоплены агнём. Нехта з салдат, пазнаўшы камандзіра палка, далажыў яму, што палкавы сьцяг вынес адзін са штабных работнікаў.
    Тады Гаўрылаў пачаў зьбіраць сваіх байцоў, каб весьці іх з крэпасьці на рубеж абароны, прызначаны палку. Зрабіць гэта было нялёгка: у перадсьвітальным паўзмроку па двары кідаліся ў розныя бакі напаўразьдзетыя людзі, сьпяшаючыся ў сховы. Адрозьніць сваіх ад чужых у гэтым хаосе было амаль немагчыма.
    Сяк-так ён сабраў два ці тры дзесяткі людзей і перабежкамі павёў іх да трохарачных варот і далей праз мост да галоўнага выхаду з крэпасьці. Але выхад ужо быў закрыты — каля тунэлю паўночных варот ішоў бой. Немцы замкнулі кальцо вакол крэпасьці.
    Тут, каля выхаду, Гаўрылаў сустрэўся са знаёмым камандзірам, капітанам Канстанцінам Касаткіным. Касаткін камандаваў асобным батальёнам сувязі ў той жа 42-й дывізіі. Батальён яго стаяў за некалькі кілямэтраў адсюль, і Касаткін, які жыў у крэпасьці, прыехаў да сям’і на нядзелю. Цяпер ён быў адрэзаны ад сваіх байцоў.
    На валах і перад варотамі разрозьненыя групы нашых стралкоў вялі перастрэлку з насядаючымі аўтаматчыкамі. Гаўрылаў з дапамогай Касаткіна пачаў арганізоўваць правільную абарону. Пад агнём, у абстаноўцы бою, была сфарміравана рота, камандаваць якой маёр даручыў аднаму з прысутных лейтэнантаў. Гаўрылаў адразу ж паставіў роце баявую задачу і арганізаваў паднос патронаў з бліжэйшага склада.
    Потым баец, які прыбег сюды, далажыў маёру, што па суседзтву, у казематах усходняй “падковы”, сабралася некалькі сот чалавек з розных палкоў, і Гаўрылаў з Касаткіным пасьпяшаліся туды. Так яны трапілі ва Ўсходні форт.
    У будынку, які стаяў у цэнтры “падковы”, разьмяшчаўся 393-ці асобны зэнітна-артылерыйскі дывізіён. У ноч, калі пачалася вайна, у казармах дывізіёна заставалася толькі адна батарэя, дзьве зэнітныя гарматы якой стаялі адразу ж за зьнешнім валам форта. Камандаваў батарэяй нейкі старшы лейтэнант — ён і падняў сваіх байцоў па трывозе, але ўжо праз гадзіну гэты камандзір быў забіты, і зэнітчыкаў узначальвалі начальнік сувязі дывізіёна лейтэнант Андрэй Даміенка і лейтэнант Якаў Каламіец, які прыбег сюды з 125-га палка. Былі адкрыты склады, людзям выдалі вінтоўкі, аўтаматы, гранаты, на другім паверсе казармы паставілі чатырохствольны зэнітны кулямёт, які цяпер мог трымаць пад абстрэлам уваход у цэнтральны двор “падковы”.
    Між тым усё новыя групы байцоў, якія прарваліся з цытадэлі, прыходзілі ў форт. Калі Гаўрылаў і Касаткін апоўдні зайшлі сюды, у казарме і казематах сабралася ўжо больш трохсот чалавек.
    Гаўрылаў, як старэйшы па званьню, прыняў над імі камандаваньне і пачаў фарміраваць свой атрад. У дадатак да той роты, што змагалася на паўночным вале, каля варот, былі створаны яшчэ дзьве. Адной Гаўрылаў даручыў заняць абарону па той бок дарогі, у заходняй “падкове”, другая залягла на паўночна-ўсходніх валах крэпасьці. Цяпер атрад Гаўрылава абараняўся як бы ў сярэдзіне трохкутніка, вяршынямі якога былі паўночныя ўваходныя вароты крэпасьці і два падковападобныя ўмацаваньні.
    Ва Усходнім форце Гаўрылаў разьмясьціў свой камандны пункт і пры ім рэзэрв атрада. Тут жа быў і штаб, начальнікам якога і стаў Касаткін. Адсюль ішлі баявыя загады ротам, адсюль штохвіліны пасылалі разьведчыкаў і сувязных. Былі пракладзены нават і тэлефонныя лініі, якія злучалі штаб з ротамі, але абстрэлы і бамбёжкі ўвесь час ірвалі гэтую сувязь і неўзабаве тэлефон канчаткова выйшаў са строю.
    Намесьнікам Гаўрылава па палітычнай частцы стаў палітрук з 333-га палка — Скрыпнік. Ён адразу ж заняўся ўлікам камуністаў і камсамольцаў, арганізаваў запіс зводак Савецкага Інфармбюро, якія прымаў радыст у казарме дывізіёна. Яму ж даручыў Гаўрылаў клопаты аб раненых і жанчынах з дзецьмі, якія прыбеглі сюды з суседніх дамоў камсаставу.
    Жанчын і дзяцей зьмясьцілі ў найбольш бясьпечным сховішчы — у тоўстых казематах зьнешняга вала. Тут жа быў і “шпіталь” — ахапкі саломы, складзеныя ў кутку, на іх і клалі раненых. Ваенфэльчар Раіса Абакумава стала “галоўным урачом” гэтага “шпіталю”, а жонкі камандзіраў — яе добраахвотнымі памочніцамі.
    Увесь першы дзень атрад Гаўрылава ўтрымліваў свае пазыцыі, адбіваючы атакі ворага. У баях удзельнічала нават артылерыя атрада — дзьве зэнітныя гарматы, якія стаялі каля «падковы». У першай палове дня зэнітчыкам часта даводзілася ўступаць у бой з нямецкімі танкамі, якія прарываліся ў крэпасьць праз галоўныя вароты, і кожны раз яны адганялі машыны ворага.
    Малады лейтэнант, які камандаваў артылерыстамі, быў цяжка паранены ў часе перастрэлкі. Але пакінуць гарматы ён адмовіўся. Калі аднаму з танкаў удалося праскочыць праз вароты, пачалася агнявая дуэль паміж ім і зэнітчыкамі. Танк, манэўруючы на дарозе, бегла абстрэльваў зэніткі, і адна гармата хутка была пашкоджана. Тады, сабраўшы апошнія сілы, зьбялелы, абяскроўлены лейтэнант стаў да гарматы і сам пачаў страляць прамой наводкай. Яму спатрэбілася ўсяго два ці тры снарады — танк быў падбіты, а танкістаў, якія спрабавалі ўцячы, байцы расстралялі з вінтовак. Але і лейтэнанта пакідалі сілы. Ён упаў тут жа, каля гарматы, і артылерысты, узьняўшы яго на рукі, убачылі, што ён мёртвы.
    Гаўрылаў адразу ж загадаў Касаткіну напісаць на гэтага лейтэнанта пасьмяротнае прадстаўленьне на званьне Героя Савецкага Саюза. На жаль, як і ўсе дакумэнты штаба, гэта прадстаўленьне потым зьнішчылі, калі немцы ўварваліся ў форт, і забытае ўдзельнікамі абароны прозьвішча гэроя-лейтэнанта да гэтага часу застаецца невядомым.
    Немцы адцягнулі на буксіры падбіты танк, а потым прыляцелі іх самалёты і пачалася чарговая бамбёжка Ўсходняга форта. Іменна тады адна з бомбаў трапіла ў акоп, дзе ляжалі снарады для зэнітных гармат, і гэты невялікі склад узьляцеў у паветра. Уцалелая гармата больш не магла страляць.
    На другі дзень становішча ўскладнілася. Праціўнік адрэзаў ад атрада Гаўрылава роту, якая білася ў Заходнім форце, і падышоў да дарогі. У наступныя дні пад націскам ворага вымушаны былі пакінуць крапасныя валы і рэшткі дзьвюх другіх рот, парадзелыя ў гэтых баях. Цяпер увесь атрад Гаўрылава быў сканцэнтраваны ва Ўсходнім форце, а сам форт акружаны варожым кальцом. Немцы пачалі асаду. Усе спробы аўтаматчыкаў уварвацца ў цэнтральны двор “падковы” не мелі вынікаў, байцы няспынна дзяжурылі каля чатырохствольнага кулямёта ў казарме. Аўтаматчыкаў знарок падпускалі бліжэй — на сярэдзіну пакатага двара. І калі яны ўжо неарганізаваным натоўпам, з крыкамі падымаліся, каб зрабіць свой апошні рывок да казармаў, кулямётчыкі адкрывалі агонь і білі ва ўпор з усіх чатырох ствалоў. Двор адразу нібы падмятала сьвінцовая мятла. Пад страшэнным агнём гэтага кулямёта мала каму з гітлераўцаў удавалася ўцячы назад, і ўвесь двор форта быў засеяны трупамі ў зялёных мундзірах.
    Некалькі разоў сюды падыходзілі танкі. Тады Гаўрылаў выклікаў добраахвотнікаў, і тыя са зьвязкамі гранат у руках паўзьлі ўздоўж падножжа вала насустрач машынам. Пасьля таго як адзін танк быў падбіты ў двары, нямецкія танкісты не асьмельваліся заяжджаць сюды і вялі стральбу толькі зводдаль. Але абстрэл з танкаў і гармат не прыносіў посьпеху. Немцы пачалі ўсё часьцей пасылаць свае самалёты супроць гэтай маленькай земляной “падковы”, дзе засела жменька савецкіх воінаў. Дзень за днём узмацняўся артылерыйскі абстрэл. Усё больш жорсткімі рабіліся бамбёжкі. А ў форце скончыліся запасы прадуктаў, не было вады, людзі выходзілі са строю. Па загаду Гаўрылава былі адпраўлены ў палон жанчыны і дзеці. Праціўнік насядаў. Час ад часу аўтаматчыкі ўрываліся на грэбень зьнешняга вала і кідалі адтуль гранаты на падковападобны дворык. З цяжкасьцю выбівалі немцаў назад. Потым пачаліся дымавыя атакі, і вораг пусьціў у ход нават бомбы са сьлёзатачывым газам. Едкія клюбы зацягвалі ўвесь двор, напаўнялі казематы. На шчасьце, у складах форта былі супрацьгазы, і людзі, бывала, гадзінамі не здымалі масак, працягваючы адстрэльвацца і адбівацца гранатамі.
    А потым надышла нядзеля, 29 чэрвеня, і гітлераўцы прад’явілі абаронцам Усходняга форта ультыматум — на працягу гадзіны выдаць Гаўрылава і яго намесьніка па палітычнай частцы і скласьці зброю. Калі яны гэта не зробяць, нямецкае камандаваньне пагражала сьцерці з зямлі ўмацаваньне разам з яго ўпартым гарнізонам.
    Наступіла часовае зацішша. І тады Гаўрылаў склікаў байцоў і камандзіраў на адкрыты партыйны сход. У цесным змрочным каземаце сабраліся не толькі камуністы — сюды прыйшлі ўсе, і толькі дзяжурныя кулямётчыкі і наглядальнікі засталіся на пастах на выпадак раптоўнай атакі ворага.
    Гаўрылаў растлумачыў людзям абстаноўку, сказаў, што разьлічваць на дапамогу не даводзіцца, і задаў камуністам пытаньне:
    — Што будзем рабіць?
    Усе разам зашумелі, загаманілі, і па выразах іх твараў ужо быў ясны адказ таварышаў:
    — Будзем змагацца да канца!
    Гэта быў іх апошні мітынг, усхваляваны і адзінадушны. А калі Скрыпнік аб’явіў аб прыёме ў партыю, людзі кінуліся шукаць паперу. Кароткія гарачыя заявы пісалі на нейкіх абрыўках, што валяліся дзе-нідзе ў казематах, на кавалках старых газэт, нават на адваротных старонках нямецкіх лістовак, якія заклікалі здавацца ў палон. У гэты час, калі надыходзіла апошняе, самае цяжкае выпрабаваньне, калі наперадзе была сьмерць ці варожая няволя, людзі жадалі ісьці ў свой сьмяротны бой камуністамі. І адразу ж дзесяткі беспартыйных былі прыняты ў рады партыі.
    Яны не пасьпелі нават прасьпяваць “Інтэрнацыянал” — гадзіна скончылася, і ў форце загрымелі выбухі снарадаў. Вораг пайшоў у рашучую атаку. Усе занялі свае месцы каля амбразур.
    Але спачатку паказаліся самалёты. Яны ляцелі нізка, адзін за адным, і першы скінуў над фортам ракету, паказваючы цэль астатнім. І, як дождж, пасыпаліся бомбы, на гэты раз самыя буйныя.
    Гулкія, цяжкія выбухі грамавымі раскатамі няспынна грукаталі навокал, моцныя цагляныя скляпеньні казематаў хадзілі хадуном над галовамі людзей і нярэдка абвальваліся. Там і тут рушыліся і асядалі валы, і байцы гінулі, засыпаныя зямлёй. Гэтак працягвалася доўга, але ніхто не мог бы сказаць, колькі часу мінула, — занадта напружаныя былі нэрвы ў людзей. І як толькі адгрымелі апошнія выбухі бомбаў, на зьнешнім вале пачуліся крыкі аўтаматчыкаў, загрымелі гранаты на дворыку, а ў цэнтральны двор “падковы” натоўпам прарваліся салдаты ворага. І ўжо не чуваць было чэргаў чатырохствольнага кулямёта — ён быў зьнішчаны ў час бамбёжкі.
    У гэты дзень і на наступную раніцу ў рукапашных баях супраціўленьне абаронцаў Усходняга форта было канчаткова зломленае, і тыя, хто ўцалеў, апынуліся ў палоне. Аўтаматчыкі абшуквалі адзін каземат за другім — шукалі Гаўрылава. Афіцэры настойліва дапытвалі палонных пра іх камандзіра, але дакладна пра яго ніхто не ведаў. Некаторыя бачылі, як маёр ужо ў канцы боя забег у каземат, адкуль адразу ж пачуўся стрэл. “Маёр застрэліўся”, — казалі яны. Некаторыя пераконвалі, што ён падарваў сябе зьвязкай гранат. Як бы там ні было, знайсьці Гаўрылава не ўдалося, і немцы рашылі, што ён пакончыў самагубствам. Невядомым застаўся і лёс палітрука Скрыпніка.
                                                       ПОДЗЬВІГ МАЁРА ГАЎРЫЛАВА
    Гаўрылаў не падарваў сябе і не застрэліўся. Ён быў заськічаны аўтаматчыкамі ў цёмным каземаце ў сярэдзіне вала, дзе апошні час знаходзіўся яго камандны пункт. Разам з маёрам быў баец-пагранічнік, які ўсе дні абароны выконваў абавязкі ад’ютанта і даручэнца камандзіра. Яны былі адрэзаны ад астатняга гарнізона і, перабягаючы з аднаго памяшканьня ў другое, кідалі ў насядаючых гітлераўцаў свае апошнія гранаты і адстрэльваліся апошнімі патронамі. Але хутка стала ясна, што гарнізон спыніў супраціўленьне і што немцы ўжо авалодалі амаль усім фортам. Боепрыпасаў у Гаўрылава і пагранічніка засталося зусім мала, і камандзір з байцом вырашылі паспрабаваць схавацца, каб потым, калі немцы пакінуць форт, выбрацца з крэпасьці і ісьці на паўночны ўсход, у Белавескую пушчу, дзе, як яны спадзяваліся, ужо, напэўна, дзейнічаюць нашы партызаны. На шчасьце, ім удалося знайсьці надзейнае сховішча. Неяк, яшчэ ў самым пачатку баёў за форт, яго абаронцы па загаду маёра спрабавалі пракапаць праход праз увесь вал. У цаглянай сьцяне каземата была прабіта дзірка, і некалькі байцоў па чарзе пачалі капаць у вале невялікі тунэль.
    Работу ўсё ж давялося спыніць — вал быў пясчаны і пясок увесь час асыпаўся, завальваючы праход. Але засталася дзірка ў сьцяне і глыбокая нара, што ішла ў глыбіню вала. У гэтую нару і забраліся Гаўрылаў і пагранічнік тады, калі ўжо зусім побач пачуліся галасы гітлераўцаў, якія абшуквалі суседнія памяшканьні.
    Апынуўшыся ў вузкім праходзе, пракапаным некалі байцамі, маёр і пагранічнік пачалі пракладаць рукамі сабе шлях управа і ўлева ад гэтага праходу. Сыпкі пясок лёгка паддаваўся, і яны паступова прасоўваліся наперад на той бок цаглянай сьцяны каземата, адыходзячы ўсё далей ад прабітай у ёй дзіркі, — Гаўрылаў капаў улева, а пагранічнік — управа. Яны працавалі з ліхаманкавай хуткасьцю і, як тыя краты, адкідвалі за сьпіну выкапаны пясок, засыпаючы за сабой шлях. Мінула каля паўгадзіны, перш чым у каземат зайшлі салдаты праціўніка, а за гэты час камандзір і баец пасьпелі адысьці кожны на два-тры мэтры ў бок ад дзіркі, прабітай у цэгле.
    Праз сьцяну Гаўрылаў ясна чуў, як размаўляюць немцы, абшукваючы каземат. Ён стаіўся, стараючыся ніводным рухам не выдаць сябе. Відаць, аўтаматчыкі заўважылі дзірку ў сьцяне — яны некалькі хвілін стаялі каля яе, аб нечым раіліся. Потым нехта з іх даў чаргу. Гітлераўцы памаўчалі, прыслухоўваючыся, і, пераканаўшыся, што там нікога няма, пайшлі аглядаць іншыя казематы.
    Гаўрылаў правёў у сваёй пясчанай нары некалькі сутак. Ніводны праменьчык сьвятла не пранікаў сюды, і ён не ведаў нават, дзень ці ноч цяпер на волі. Голад і смага станавіліся ўсё больш пакутлівымі. Як ні спрабаваў ён расьцягнуць два сухары, якія былі ў яго ў кішэні, яны неўзабаве скончыліся. Смагу ён навучыўся праганяць, прыкладаючы язык да цаглянай сьцяны каземата. Цэгла была халодная, і яму здавалася, што на ёй асела падземная вільгаць. Сон памагаў забывацца на голад і смагу, але спаў ён урыўкамі, баючыся выдаць сябе ў сьне неасьцярожным рухам ці стогнам. Ворагі яшчэ былі ў форце — іх галасы чуліся то далей, то бліжэй, а разы са два салдаты заходзілі ў гэты каземат.
    Ён не ведаў, ці жывы яго таварыш-пагранічнік, аддзелены ад яго пластом пяску ў некалькі мэтраў таўшчыні. Ён баяўся аклікнуць яго нават шэптам — фашысты маглі знаходзіцца паблізу. Малая неасьцярожнасьць магла сапсаваць усё. Цяпер важна было толькі адно — дачакацца, пакуль салдаты пойдуць. Толькі ў гэтым быў ратунак і магчымасьць зноў весьці барацьбу. Пакутуючы ад голаду і смагі ў гэтай падземнай нары, ён ні на хвіліну не пераставаў думаць аб барацьбе і не раз клапатліва абмацваў у кішэнях тыя некалькі гранат, што яшчэ заставаліся ў яго, і пісталет з апошняй абоймай.
    Галасы немцаў чуліся ўсё радзей, і нарэшце ўсё навокал, здавалася, сьціхла. Гаўрылаў вырашыў, што пара ўжо вылазіць, як раптам над яго галавой, на грэбні вала, затрашчаў кулямёт. Па гуку стрэлаў ён беспамылкова пазнаў, што гэта ручны кулямёт Дзегцярова.
    Хто страляў з яго — нашы ці немцы? Некалькі гадзін ён праляжаў, пакутліва думаючы пра гэта. А кулямёт час ад часу пасылаў кароткую скупую чаргу. Адчувалася, што кулямётчык эканоміць боепрыпасы, і гэта выклікала ў Гаўрылава нейкія няясныя надзеі, Навошта было б немцам берагчы патроны?
    Нарэшце ён адважыўся і шэптам аклікнуў пагранічніка. Той адгукнуўся. Яны вылезьлі ў цёмны каземат і перш за ўсё напіліся з выкапанага тут калодзежа бруднай, затхлай вады. Потым з гранатамі напагатове асьцярожна заглянулі ў вузкі дворык. Стаяла ноч. Нечыя ціхія галасы даляталі зьверху. Гэта была руская гаворка.
    На вале знаходзілася дванаццаць байцоў з трыма ручнымі кулямётамі. Як і Гаўрылаву, ім удалося схавацца ў адным з казематаў, калі форт быў захоплены, а пасьля таго, як аўтаматчыкі пакінулі форт, яны выйшлі і зноў занялі абарону. Удзень яны хаваліся ў каземаце, а ноччу вялі агонь па адзіночных салдатах праціўніка, калі тыя паказваліся блізка. Гітлераўцы думалі, што ў форце нікога не засталося, і ніяк не маглі рашыць, адкуль грымяць кулямётныя чэргі, тым больш, што навокал усюды яшчэ ішла перастрэлка. Яшчэ біў кулямёт з дзота Заходняга форта, стралялі ў раёне дамоў камсаставу, і то заціхала, то разгаралася стральба ў перамешку з выбухамі мін і снарадаў на Цэнтральным востраве.
    Гаўрылаў рашыў паспрабаваць вывесьці гэтую групу ў Белавескую пушчу. Але для гэтага трэба было пакуль што не выдаваць сябе. Вакол крэпасьці стаяла яшчэ шмат войск ворага, і выбрацца за валы было немагчыма нават уначы. Заставалася чакаць і ўвесь час быць гатовымі прыняць бой, калі фашысты зноў прыйдуць у форт.
    Удзень пакідалі на вале толькі наглядальніка, а ўначы наверх падымаліся ўсе і, калі надараўся зручны выпадак, вялі агонь. Так мінула яшчэ некалькі дзён. Баі не сьціхалі, паблізу па-ранейшаму раз-пораз паказваліся групы нямецкіх салдат, і выйсьці з крэпасьці ўсё яшчэ было нельга. Самае страшнае заключалася ў тым, што абаронцам форта ўжо не было чаго есьці. Невялікі запас сухароў, які мелі байцы, скончыўся, і голад даваў адчуваць сябе ўсё вастрэй. Людзі трацілі апошнія сілы. Гаўрылаў пачаў ужо думаць аб тым, каб зноў паспрабаваць прарвацца, але нечаканыя падзеі парушылі ўсе яго пляны.
    Наглядальнік не заўважыў, як група аўтаматчыкаў удзень чагосьці прыйшла ў форт. Тут немцы адразу ж заўважылі савецкіх байцоў. Гаўрылаў драмаў у кутку каземата, калі побач на дворыку пачуліся крыкі: “Рус, здавайся!” —і грымнулі выбухі гранат. Аўтаматчыкаў было няшмат, іх амаль усіх тут жа перабілі, але некалькім салдатам удалося ўцячы, і праз гадзіну “падкова” зноў была акружана.
    Першыя атакі былі адбіты. Але гітлераўцы падцягнулі сюды гарматы і мінамёты, і неўзабаве сярод нешматлікіх абаронцаў форта зьявіліся раненыя і забітыя. А затым пачалася атака адначасова з усіх бакоў, і вораг адолеў колькасьцю — аўтаматчыкі ўзабраліся на вал і закідалі двор гранатамі.
    І зноў давялося хавацца ў той жа нары. Толькі цяпер яны залезьлі туды ўтраіх — Гаўрылаў, пагранічнік і яшчэ адзін баец.
    На шчасьце, у гэты час ужо настала ноч, і фашысты не адважваліся ў цемры абшукваць казематы. Але Гаўрылаў разумеў, што з надыходам раніцы яны абшукаюць форт з верху да нізу і на гэты раз, магчыма, знойдуць яго сховішча. Трэба было нешта рабіць цяпер жа, уначы, не адкладваючы.
    Яны параіліся і асьцярожна выпаўзьлі ў каземат. Тут нікога не было. Не было гітлераўцаў і на ўнутраным дворыку. Але калі яны дапаўзьлі да выхаду з форта, то ўбачылі, што зусім блізка гарэлі вогнішчы, Вакол якіх сядзелі салдаты. Праціўнік, чакаючы сьвітаньня, кальцом акружыў форт, каб на гэты раз не выпусьціць ніводнага з яго абаронцаў.
    Трэба было прарывацца з боем. Вырашылі, што па камандзе Гаўрылава кожны кіне па адной гранаце ў немцаў, якія сядзелі каля вогнішчаў, і ўсе трое адразу ж кінуцца бегчы ў розныя бакі: пагранічнік — на поўдзень, да дамоў камсаставу, баец — на ўсход, да знадворнага вала, а Гаўрылаў — на захад, у бок дарогі, што ішла ад паўночных варот на Цэнтральны востраў. Яго напрамак быў самы небясьпечны, бо па гэтай дарозе часта хадзілі і езьдзілі гітлераўцы.
    Яны абняліся і дамовіліся, што той, каму выпадзе шчасьце застацца жывым, будзе прабірацца ў запаветную Белавескую пушчу. Потым Гаўрылаў шэптам скамандаваў: “Агонь!” — і яны кінулі гранаты.
    Гаўрылаў не памятае, як ён перабег лінію нямецкіх пастоў. У памяці засталіся толькі выбухі гранат, спалоханыя крыкі салдат, стральба, што ўзьнялася навокал, сьвіст куль над галавой і глыбокая цемра ночы, якая адразу згусьцілася перад вачыма пасьля яркага сьвятла вогнішчаў. Ён бег колькі было сілы, сьціскаючы ў руках другую гранату і пісталет, бег, не адчуваючы пад сабой ног, і чуў за сьпіной крыкі, стрэлы і тупат ботаў. Ён апамятаўся, калі перасек дарогу, на якой, на шчасьце, у гэты момант нікога не было. Толькі тады на сэкунду прыпыніўся і перавёў дух. І адразу ж над яго галавой прасьвістала кулямётная чарга.
    Гэта страляў невядомы савецкі кулямётчык з дота Заходняга форта. Пачуўшы крыкі і стральбу, ён пачаў біць доўгімі чэргамі, цэлячыся, відаць, па полымю вогнішча. Гаўрылаў вымушаны быў упасьці ніц каля сьцяны нейкага напаўразбуранага дома, каб не трапіць пад яго кулі. Але кулямётчык мімаволі выратаваў яго: фашысты, якія беглі за маёрам, трапілі пад агонь, — Гаўрылаў чуў, як яны, нешта выкрыкваючы, пабеглі назад.
    Мінула амаль чвэрць гадзіны, і ўсё сьціхла. Тады Гаўрылаў, прыціскаючыся да зямлі, папоўз у бок знадворнага вала крэпасьці, паступова аддаляючыся ад дарогі.
    Ноч была цёмная, хоць выкалі вока, і ён амаль наткнуўся на сьцяну. Гэта была цагляная сьцяна аднаго з казематаў знадворнага вала крэпасьці. Ён намацаў дзьверы і зайшоў у сярэдзіну.
    Цэлую гадзіну хадзіў ён па пустым памяшканьні, абмацваючы асьлізлыя сьцены, пакуль, нарэшце, здагадаўся, дзе ён знаходзіцца. Тут перад вайной былі канюшні яго палкавых артылерыстаў. Цяпер ён зразумеў, што трапіў на паўночна-заходні ўчастак крэпасьці, і гэта ўзрадавала яго — адсюль было бліжэй дабірацца да Белавескай пушчы.
    Ён выйшаў з памяшканьня і асьцярожна перапоўз цераз вал на бераг абводнага канала. На ўсходзе ўжо сьвятлела неба, займалася зара. Перш за ўсё ён лёг на жывот і доўга піў застоеную ваду з канала. Потым зайшоў у канал і рушыў на той бераг.
    І раптам адтуль, з цемры, даляцела нямецкая гаворка. Гаўрылаў застыў на месцы, углядаючыся наперад.
    Паступова ён пачаў адрозьніваць цёмныя абрысы палатак на тым беразе. Потым там загарэлася запалка, і малінавым агеньчыкам затлела папяроса. Насупраць яго ўздоўж канала разьмясьціўся лягер нейкай варожай часьці.
    Ён бясшумна вылез назад, на свой бераг, і адпоўз да вала. Тут былі маленькія дзьверы, і праз іх ён трапіў у вузкі вуглавы каземат з дзьвюма байніцамі, накіраванымі ў розныя бакі. Калідор цягнуўся з каземата далей у глыбіню вала. Ён пайшоў па гэтаму калідору і зноў трапіў у памяшканьне той жа канюшні.
    Прыкметна сьвітала. Трэба было знайсьці надзейнае сховішча на дзень, і Гаўрылаў, падумаўшы, вырашыў, што лепш за ўсё схавацца ў маленькім вуглавым каземаце. Сьцены яго былі тоўстыя, а дзьве байніцы, якія былі накіраваны ў розныя бакі, маглі спатрэбіцца, — калі б гітлераўцы заўважылі маёра, з іх ён мог бы адстрэльвацца, трымаючы ў полі свайго зроку вялікі ўчастак канала.
    Ён зноў агледзеў каземат, і толькі адно не спадабалася яму — там не было дзе схавацца, і калі б немцы заглянулі ў дзьверы, яго адразу б заўважылі.
    І тады ён успомніў, што каля самых дзьвярэй каземата, на беразе канала, навалены кучы гною — яго выносілі сюды, калі чысьцілі канюшні. Ён хуценька пачаў цягаць гэты гной ахапкамі і скідваць яго ў кутку каземата. Перш чым разьвіднела, яго сховішча было гатова. Ён закапаўся ў гэтую кучу гною і закідаў ім сябе зьверху, пакінуўшы невялікую шчыліну, паклаўшы пад рукой апошнія пяць гранат і два пісталеты, кожны з поўнай абоймай.
    Увесь наступны дзень ён праляжаў тут. Салдаты праціўніка хадзілі зусім побач, яны нешта рабілі на беразе канала, размаўлялі, а адзін раз некалькі чалавек прайшло праз яго каземат у канюшню. Гаўрылаў трымаў напагатове пісталет, але яны не зьвярнулі ўвагі на скіданы ў кутку гной.
    Уначы ён зноў выйшаў на бераг канала і напіўся. На тым беразе па-ранейшаму цямнелі нямецкія палаткі і чуліся галасы салдат. Але ён вырашыў чакаць, пакуль яны не пойдуць, тым больш, што стральба ў крэпасьці, як яму здавалася, паволі заціхала, — мяркуючы па ўсім, праціўнік падаўляў адзін за адным апошнія пункты супраціўленьня.
    Тры дні Гаўрылаў нічога не еў. Потым голад стаў такі моцны, што трываць далей не было магчымасьці.
    І ён падумаў, што дзе-небудзь побач з канюшняй павінен быць цэйхгауз, дзе захоўваецца фураж, — там маглі застацца ячмень ці авёс.
    Ён доўга абшукваў канюшню, пакуль рукі яго не намацалі нейкія цьвёрдыя камякі, зваленыя ў адным з куткоў. Ён укусіў адзін камяк і адчуў смак чагосьці такога, што можна было есьці.
    Гэта быў камбікорм для коней — сумесь нейкіх зярнят, мякіны, саломы... Ва ўсякім выпадку, гэта праганяла голад і нават здавалася смачным. Цяпер ён быў забясьпечаны ежай і гатоў быў чакаць, колькі спатрэбіцца, пакуль не зможа ўцячы ў Белавескую пушчу.
    Дзён пяць усё ішло добра — ён еў камбікорм, а ўначы піў ваду з канала. Але на шосты дзень пачало моцна рэзаць у жываце, боль з кожнай гадзінай узмацняўся, прыносячы невыносныя пакуты. Увесь гэты дзень і ўсю ноч ён, кусаючы губы, стрымліваў стогны, каб не выдаць сябе, а потым яго ахапіла дзіўнае паўзабыцьцё, і ён страціў адчуваньне часу. Калі прытомнасьць вярталася, ён адчуваў страшэнную слабасьць — насілу варушыў рукамі, але перш за ўсё машынальна абмацваў побач з сабой пісталеты і гранаты.
    Відаць, яго выдалі стогны. Ён раптам ачнуўся, бо зусім блізка пачуліся галасы. Праз сваю глядзельную шчыліну ён убачыў двух аўтаматчыкаў, якія стаялі тут, унутры каземата, каля кучы гною, пад якой ляжаў ён.
    І, дзіўная рэч, як толькі Гаўрылаў убачыў ворагаў, сілы зноў вярнуліся да яго і ён забыўся на сваю хваробу. Ён намацаў нямецкі пісталет і перавёў засьцерагальнік.
    Немцы, здавалася, пачулі яго рух і пачалі нагамі раскідваць гной. Тады ён прыўзьняў пісталет і з цяжкасьцю націснуў на спуск. Пісталет быў аўтаматычны — прагрымела гучная чарга, — ён мімаволі выпусьціў усю абойму. Пачуўся прарэзьлівы крык, і, грукаючы ботамі, немцы пабеглі да выхаду.
    Сабраўшы ўсе сілы, ён устаў і параскідаў у бакі гной, які прыкрываў яго. Гаўрылаў зразумеў, што цяпер ён прыме свой апошні бой з ворагамі, і падрыхтаваўся сустрэць сьмерць, як належыць салдату і камуністу, — сустрэць яе ў барацьбе. Ён паклаў побач свае пяць гранат і ўзяў у руку пісталет — свой камандзірскі “ТТ”.
    Немцы не прымусілі сябе доўга чакаць. Прайшло не больш чым пяць хвілін, і па амбразурах каземата ўдарылі нямецкія кулямёты. Але абстрэл знадворку не мог прычыніць яму значнай шкоды — байніцы былі скіраваны так, што яму пагражалі толькі рыкашэтныя кулі.
    Потым даляцелі крыкі: “Рус, здавайся!” Ён здагадаўся, што салдаты ў гэты час набліжаюцца да каземата, асьцярожна прабіраючыся ўздоўж падножжа вала. Гаўрылаў пачакаў, пакуль крыкі не пачуліся зусім побач, і адну за адной кінуў дзьве гранаты — у правую і ў левую амбразуры. Ворагі кінуліся назад, і ён чуў нечыя працяглыя стогны, — выходзіць, гранаты не прапалі дарэмна.
    Праз паўгадзіны атака паўтарылася, і зноў ён, выбраўшы зручны момант, кінуў яшчэ дзьве гранаты. І зноў гітлераўцы адступілі, але затое ў яго засталася толькі адна апошняя граната і пісталет.
    Праціўнік зьмяніў тактыку. Гаўрылаў чакаў нападу з боку амбразур, але аўтаматная чарга прагрымела ў яго за сьпіной — адзін з аўтаматчыкаў паказаўся ў дзьвярах. Тады ён кінуў туды апошнюю гранату. Салдат крыкнуў і ўпаў. Другі салдат прасунуў аўтамат у амбразуру, і маёр, узьняўшы пісталет, двойчы стрэліў у яго. Дула аўтамата зьнікла. У гэты момант нешта ўляцела ў другую байніцу і ўдарылася аб падлогу — бліснула полымя выбуху, і Гаўрылаў страціў прытомнасьць.
                                                                  ПРЫЗНАНЬНЕ РАДЗІМЫ
    Некалькі гадоў таму назад разам з былымі абаронцамі крэпасьці, якія жывуць цяпер у Маскве, мне давялося выступаць перад работнікамі аднаго з буйных маскоўскіх навукова-дасьледчых інстытутаў. Гаворка зайшла пра падзеі Брэсцкай абароны, і, знаёмячы нашых слухачоў з героямі крэпасьці, я падрабязна ім расказаў гісторыю подзьвігу і захопу ў палон маёра Гаўрылава.
    Пасьля таго як удзельнікі абароны падзяліліся сваімі ўспамінамі, старшыня сходу даў слова навуковаму супрацоўніку інстытута інжынэру Шанурэнку. Мы ўжо прывыклі да таго, што ў заключэньне такіх сустрэч абавязкова выступае хто-небудзь са слухачоў, зьвяртаючыся да абаронцаў крэпасьці са словамі прывітаньня і падзякі.
    Аднак выступленьне Шанурэнкі было незвычайным, і з першых жа слоў мы ўсе насьцярожыліся.
    — Я з асаблівым хваляваньнем слухаў расказ пра маёра Гаўрылава, — сказаў інжынэр. — Справа ў тым, што 23 ліпеня 1941 года, калі Гаўрылава ўзялі ў палон і прывезьлі ў Паўднёвы ваенны гарадок Брэста, я знаходзіўся там, у лягеры, сярод нашых палонных. Я памятаю, як нямецкія салдаты пранесьлі каля нас насілкі, на якіх ляжаў нейкі высахлы, учарнелы, зьнясілены да немагчымага чалавек у парваным адзеньні камандзіра. Ён здаваўся нежывым, але нам растлумачылі, што гэты камандзір толькі ранены і страціў прытомнасьць, а нейкую гадзіну назад ён з незвычайнаю ўпартасьцю змагаўся ў крэпасьці адзін супраць дзесяткаў гітлераўцаў.
    Шанурэнка расказаў, што пасьля таго як насілкі панесьлі ў шпітальны корпус лягера, да палонных падышоў генэрал, які толькі што сюды прыехаў. Зьвярнуўшыся да іх, ён сказаў:
    — Цяпер у лягер дастаўлены герой Чырвонай Арміі маёр Гаўрылаў. Змагаючыся ў крэпасьці, ён паказаў высокую доблесьць і мужнасьць. Нямецкае камандаваньне паважае гераізм нават у праціўніку. Таму мы загадалі зьмясьціць маёра Гаўрылава ў асобны пакой і насіць яму ежу з нашай афіцэрскай кухні.
    Гэтае сьведчаньне Шанурэнкі было вельмі цікавае. Аднак уся наступная гісторыя маёра Гаўрылава паказвае, што прыгожыя фразы гітлераўскага генэрала засталіся самым чысьцейшым крывадушшам і пазёрствам.
    Першае, што ўбачыў Гаўрылаў, калі апрытомнеў, быў штык нямецкага вартавога, які дзяжурыў каля дзьвярэй пакоя. Ён зразумеў, што знаходзіцца ў палоне, і ад горкага ўсьведамленьня гэтага зноў страціў прытомнасьць.
    Калі ён канчаткова ачнуўся, яму сапраўды прынесьлі нейкі абед. Але ён не мог глытаць, і гэтая ежа была непатрэбная. Ратуючы яго жыцьцё, ворагі пачалі ўжываць штучнае кармленьне.
    Як толькі ў думках Гаўрылава праясьнілася, ён перш-наперш падумаў пра свае дакумэнты. Ці пасьпеў ён зьнішчыць іх? Ці яны трапілі ў рукі фашыстаў і ворагі ведаюць, хто ён такі? Гаўрылаву прыпомнілася, што там, у каземаце, ужо напалову непрытомны, у момант, калі сьвядомасьць вярталася да яго, ён увесь час думаў пра тое, каб зьнішчыць свае дакумэнты. Але ці зрабіў ён гэта, успомніць не ўдавалася.
    І калі да яго вярнуліся сілы настолькі, што ён мог варушыць рукой, Гаўрылаў адразу ж абмацаў нагрудную кішэнь сваёй гімнасьцёркі, дакумэнтаў пры ім не было. І ён рашыў, што на ўсякі выпадак назаве выдуманае імя.
    Праз некалькі дзён прыйшлі два нямецкія салдаты. Яго забралі з ложка і пацягнулі на допыт. У канцылярыі лягера яго чакаў нейкі эсэсаўскі обэрштурмфюрэр. Гаўрылава пасадзілі каля стала, і ён ледзь трымаўся на крэсьле. Ад слабасьці ў вачах плылі вясёлкавыя кругі.
    — Прозьвішча? — спытаўся праз перакладчыка эсэсавец.
    — Галкін, — слабым голасам адказаў палонны.
    Афіцэр моцна грукнуў кулаком па стале.
    — Nein! Gavriloff! — закрычаў ён з пагрозай.
    Стала ясна, што дакумэнты былі захоплены гітлераўцамі. Але Гаўрылаў рашыў не прызнавацца да канца.
    — Званьне? — пачулася новае пытаньне.
    — Лейтэнант, — сказаў Гаўрылаў. — Лейтэнант Галкін.
    — nein! Major! Verfluchte Schwein! — ужо з ярасьцю зароў эсэсавец і, ускочыўшы з крэсла, ударыў Гаўрылава кулаком па твары.
    Так на самай справе выглядала тая павага да гераізму праціўніка, пра якую так прыгожа расказваў нямецкі генэрал.
    Гаўрылаў ачнуўся, калі салдаты падымалі яго з падлогі. Відаць, эсэсавец рашыў спыніць допыт. Палоннага пацягнулі назад.
    Ногі Гаўрылава валакліся па зямлі, а галава бясьсільна зьвісла. Салдаты выцягнулі яго на двор і раптам паставілі каля сьцяны дома, прысланіўшы сьпіной да цэглы.
    “Канец!” — мільганула ў яго.
    Ён чакаў стрэлу, але замест яго пачуў нейкае дзіўнае ціхае пстрыканьне. З цяжкасьцю ён прыўзьняў галаву і глянуў. Насупраць яго з фотаапаратам у руках стаяў нямецкі афіцэр. Яго фатаграфавалі.
    Салдаты прынесьлі Гаўрылава ў шпіталь і паклалі на той жа ложак. Больш яго не дапытвалі. Але Гаўрылаў разумеў, што за яго прымуцца, як толькі ён крыху ачуняе, Трэба было пастарацца неяк хоць ненадоўга не трапляць на вочы лягернай адміністрацыі, каб немцы часова забыліся пра яго.
    Зрабіць гэта памаглі нашы ўрачы Ю. В. Пятроў і I. К. Махавенка, якія лячылі Гаўрылава. Яны заявілі, што палонны маёр захварэў на тыф, і перавялі яго ў тыфозны барак, куды немцы баяліся паказвацца. Там ён правёў некалькі тыдняў, і за гэты час урачы пасьпелі падлячыць яго. А калі ён пачаў хадзіць, тыя ж Пятроў і Махавенка ўладкавалі яго працаваць на адну з лягерных кухняў. Гэта азначала для яго жыць: нават ва ўмовах жабрацкага лягернага харчаваньня каля кухні можна было пракарміцца і крыху набрацца сілы.
    Многія палонныя ў лягеры ведалі пра подзьвіг маёра Гаўрылава. Да яго ставіліся з павагай і нярэдка зьвярталіся з пытаньнямі: “Што вы думаеце пра становішча на франтах?”, “Ці вытрымае Чырвоная Армія націск гітлераўцаў?” і г. д. І кожны раз ён карыстаўся гэтым, каб пагаварыць з людзьмі, даказаць ім, што посьпехі ворага носяць толькі часовы характар і што перамога Савецкага Саюза ў гэтай вайне не выклікае сумненьня. Гэтыя гутаркі ўздымалі дух палонных, умацоўвалі іх веру ў будучую перамогу нашай справы, дапамагалі ім больш стойка пераносіць цяжкасьці і пакуты лягернага жыцьця.
    Так працягвалася да вясны 1942 года. Потым Паўднёвы гарадок расфарміравалі, і Гаўрылаў пасьля прабываньня ў розных лягерах Польшчы і Германіі неўзабаве апынуўся паблізу нямецкага горада Хамельсбурга. Тут гітлераўцы наладзілі вялікі афіцэрскі лягер, дзе ўтрымліваліся тысячы нашых палонных камандзіраў. У Хамельсбургу лёс зьвёў Гаўрылава з другім выдатным героем Вялікай Айчыннай вайны, нашым буйнейшым ваенным інжынэрам, генэрал-лейтэнантам Дзьмітрыем Карбышавым. Цяжка паранены Карбышаў трапіў у гітлераўскі палон яшчэ ў 1941 годзе і трымаўся ў лягерах з выключнай вартасьцю і гонарам, грэбліва адхіляючы спробы ворага пераманіць яго на свой бок. Гэты палымяны патрыёт Радзімы быў для таварышаў па палону прыкладам паводзін савецкага воіна, заўсёды вучыў іх мужнасьці і стойкасьці ў барацьбе з усімі страшэннымі выпрабаваньнямі варожай няволі.
    Аднойчы, размаўляючы з Карбышавым, Гаўрылаў спытаў яго пра тое, калі закончыцца вайна. Генэрал сумна ўсьміхнуўся.
    — Вось зьядзім разоў тысячу нашу баланду, і вайна закончыцца, — сказаў ён і тут жа дабавіў: — Закончыцца, безумоўна, нашай перамогай.
    Баланду ў лягеры давалі адзін раз на дзень, значыцца, на думку генэрала, вайна закончыцца толькі праз тры гады. Гаўрылаву гэты тэрмін здаўся тады празьмерна доўгім. І толькі потым ён пераканаўся, якімі прароцкімі былі словы Карбышава. Вайна закончылася прыкладна праз тры гады пасьля гэтай размовы, але самому генэралу не давялося дажыць да перамогі: ён быў па-зьверску зьнішчаны гітлераўцамі ў лягеры сьмерці Маўтгаўзена — эсэсаўцы датуль аблівалі яго вадой на марозе, пакуль ён не ператварыўся ў ледзяную глыбу.
    Шмат разоў там, у Хамельсбургу, Гаўрылаў думаў пра ўцёкі з палону. Але лягер знаходзіўся ў глыбіні Германіі і пільна ахоўваўся. Да таго ж Гаўрылаў увесь час хварэў: яго часта валіла з ног цяжкая малярыя і востра адчуваліся вынікі раненьня і кантузіі — маёр быў напалову глухі і амаль не мог варушыць правай рукой. Ажыцьцявіць уцёкі так і не ўдалося, і толькі напярэдадні перамогі ён быў вызвалены.
    Усе гэтыя гады варожай няволі Гаўрылаў трымаўся, як і належыць камуністу і грамадзяніну, і ні чым не прынізіў сябе перад ворагам. Ён лёгка прайшоў дзяржаўную праверку, быў адноўлены ў званьні маёра і ўвосень 1945 года атрымаў новае прызначэньне.
    Яно выглядала крыху нечаканым. Гэты чалавек, які толькі што перанёс страшэнны рэжым гітлераўскіх лягераў сьмерці і на сабе адчуў усе бесчалавечныя зьдзекі ворага над заняволенымі людзьмі, цяпер быў прызначаны начальнікам савецкага лягера для японскіх ваеннапалонных у Сыбіры.
    Здавалася б, чалавек мог затаіць злосьць там, у палоне, і цяпер у нейкай меры спаганяць усё, што ён перажыў, на простых саюзьніках ворага. Але Гаўрылаў і тут застаўся сапраўдным камуністам і савецкім чалавекам. Ён здолеў з выключнай гуманнасьцю, узорна паставіцца да палонных у лягеры. Ён папярэдзіў эпідэмію тыфу сярод японцаў, ліквідаваў злоўжываньні японскіх афіцэраў, праз якіх забясьпечваліся палонныя салдаты. Я бачыў яго дакумэнты з выказваньнем падзякі па службе за добрую пастаноўку справы ў лягеры.
    Аднак служыць у арміі яму давялося нядоўга — Узброеныя Сілы пасьля вайны хутка скарачаліся перш за ўсё за лік былых ваеннапалонных, і ён быў звольнены ў адстаўку, на пэнсію. Пэнсію яму вызначылі невялікую — у той час былым палонным не залічвалі гады вайны ў тэрмін армейскай службы, і жыць на гэтыя сродкі было нялёгка. Разам са сваёй другой жонкай Гаўрылаў пераехаў у Краснадар, дзе доўга служыў у даваенныя гады, і там, адмаўляючы сабе шмат у чым, пабудаваў на ўскраіне горада маленькі домік.
    Між тым матэрыяльныя нястачы не палохалі яго. Былі іншыя абставіны, якія куды больш засмучалі Гаўрылава ўвесь гэты час. Справа ў тым, што ён не быў адноўлены ў радах партыі пасьля таго, як вярнуўся з палону. Ён узьнімаў гэтае пытаньне, але яму адказалі, што ён страціў свой партыйны білет і павінен уступаць у партыю зноў, на агульных падставах. Для яго, чалавека, які з маладых гадоў зьвязаў свой лёс з партыяй камуністаў і заўсёды паводзіў сябе, як належыць бальшавіку, такое рашэньне было бясконца горкім.
    Як толькі я вярнуўся з Краснадара, я пайшоў у Камітэт партыйнага кантролю пры ЦК КПСС і расказаў там усё, што ведаў пра маёра Гаўрылава. Работнікі Камітэта параілі мне напісаць Гаўрылаву, каб ён неадкладна прыслаў заяву аб аднаўленьні ў радах партыі. Ці трэба казаць, што ён адразу ж гэта зрабіў? Са свайго боку я таксама прадставіў у Камітэт заяву, у якой асьвятліў ролю маёра Гаўрылава ў абароне Брэсцкай крэпасьці і апісаў яго подзьвіг. Акрамя таго, я зьвярнуўся да ўсіх людзей, якія расказвалі мне пра яго, з просьбай прыслаць свае завераныя пячаткай сьведчаньні.
    Усе гэтыя дакумэнты былі перададзены ў Камітэт партыйнага кантролю, і неўзабаве Партыйная Камісія пры Галоўным палітычным упраўленьні Міністэрства абароны пачала праверку справы Гаўрылава. Гаўрылава выклікалі ў Маскву, і 22 красавіка 1956 года пытаньне пра яго партыйнасьць было нарэшце разгледжана. Мяне таксама запрасілі на гэтае пасяджэньне, і я пазнаёміў членаў Камісіі з матэрыяламі, якія ўдалося сабраць.
    І вось аднойчы настаў дзень, калі да мяне на кватэру пазваніў работнік Партыйнай Камісіі і паведаміў, што рашэньне зацьверджана і Гаўрылаў адноўлены ў радах Камуністычнай партыі Савецкага Саюза.
    У час гэтай размовы дзьверы ў пакой, дзе жыў Гаўрылаў, крыху адчыніліся, і выглянуў ён, уважліва сочачы за маім тварам. Глухаваты пасьля кантузіі, ён не чуў, пра што ідзе гаворка, але адразу ж здагадаўся аб усім па руху маіх губ. І тады я ўбачыў, як гэты пажылы, пяцідзесяцішасьцігадовы чалавек раптам, нібы хлапчук, кінуўся танцаваць...
    Гаўрылаў паехаў дамоў, і праз месяц я атрымаў ад яго радаснае пісьмо. Ён паведамляў, што яму ўручылі партыйны білет.
    Неўзабаве пасьля гэтага ў Міністэрстве абароны было перагледжана пытаньне аб яго пэнсіі, і высьветлілася, што паводле закону яна павінна быць значна большай. Гэта адразу ліквідавала яго матэрыяльныя нястачы.
    А яшчэ праз некалькі месяцаў, у студзені 1957 года, зьявіўся Указ Прэзыдыюма Вярхоўнага Савета СССР. За доблесьць і мужнасьць, за выдатны подзьвіг пры абароне Брэсцкай крэпасьці Пятру Міхайлавічу Гаўрылаву было прысвоена званьне Героя Савецкага Саюза.
    Гэту высокую ўзнагароду ўрада П. М. Гаўрылаў атрымаў у лютым 1957 года, напярэдадні 39-годзьдзя Савецкай Арміі, у Растове, у штабе Паўночна-Каўкаскай ваеннай акругі. Ва ўрачыстай абстаноўцы, у прысутнасьці многіх афіцэраў вядомы палкаводзец Айчыннай вайны, двойчы Герой Савецкага Саюза генэрал-палкоўнік Іса Пліеў прычапіў да грудзей героя Брэсцкай крэпасьці Залатую Зорку. І ўжо зусім нечаканай была для Гаўрылава другая радасьць. Разам з Залатой Зоркай яму ўручылі не адзін, а адразу два ордэны Леніна. Другім ордэнам Леніна ўрад узнагародзіў яго за шматгадовую бездакорную службу ў радах Савецкай Арміі.
                                                         ПАЕЗДКА Ў БЕЛАРУСЬ
    Яшчэ ў тыя дні, калі героі крэпасьці былі ў Маскве, у нас зарадзілася думка аб тым, каб ажыцьцявіць паездку ў сталіцу Беларусі Мінск і на месца памятных падзей — у Брэст. Быў атрыманы дазвол на гэту паездку, і праз некалькі дзён пяць герояў абароны — П. М. Гаўрылаў, С. М. Матэвасян, Р. I. Абакумава, П. С. Клыпа, А. А. Вінаградаў — і я з імі выехалі ў Мінск.
    У Мінску на досьвітку нас сустракалі на пероне вакзала прадстаўнікі гарадзкога Дома афіцэра, а таксама ўдзельнікі абароны, што жывуць у сталіцы Беларусі: ужо знаёмыя вам А. I. Махнач і М. П. Гурэвіч і з імі былы баец 33-га інжынэрнага палка, цяпер работнік абласнога ўпраўленьня сельскай гаспадаркі Фёдар Філіпавіч Жураўлёў.
    У той жа дзень удзельнікі абароны выступілі ў некаторых вайсковых часьцях, а вечарам у перапоўненай зале Дома афіцэра адбылася сустрэча мінчан з героямі Брэсцкай крэпасьці. Жыхары беларускай сталіцы горача віталі прыехаўшых да іх дарагіх гасьцей, і гэты вечар надоўга запомніўся кожнаму з яго ўдзельнікаў.
    Там, у Мінску, да нашай групы далучыўся яшчэ адзін абаронца крэпасьці, да таго часу невядомы нам былы камандзір узвода 333-га палка Аляксандр Пятліцкі, які працуе цяпер кампрэсаршчыкам на адным з заводаў горада. І калі на другі дзень мы выяжджалі ў Брэст, разам з намі туды паехалі таксама мінчане — Гурэвіч, Махнач, Жураўлёў і Пятліцкі.
    Раніца 31 ліпеня, калі мы пад’яжджалі да Брэста, выдалася непагодлівая: усё неба было зацягнутае хмарамі да імжыў дробны, нібы асеньні, дождж. Усім здавалася, што ў такую непагадзь, зразумела, мала хто прыйдзе сустракаць гасьцей у Брэсьце. Але тое, што чакала герояў крэпасьці на Брэсцкім вакзале, было надзвычай хвалюючым. Не зьвяртаючы ўвагі на дождж, запоўніўшы да краёў пэрон, цесна, плячом да пляча стаяў вялікі натоўп людзей з букетамі кветак. І як толькі цягнік падышоў да пэрону, духавы аркестар зайграў марш, і людзі хлынулі да дзьвярэй вагона, у якім прыехалі ўдзельнікі абароны. Можна сабе ўявіць, як глыбока кранула ўсіх прыехаўшых гэтая нечаканая і такая гарачая сустрэча. Я памятаю, як, не тоячыся, плакала Раіса Іванаўна Абакумава, як пабялеў ад хваляваньня і не мог суняць дрыжаньне рук Аляксандр Іванавіч Махнач, як усхвалявана і разгублена азіраўся вакол Самвэл Мінасавіч Матэвасян.
    Ля вагона герояў крэпасьці сустрэлі намесьнік старшыні Брэсцкага аблвыканкома М. Е. Вуколаў, сакратар гаркома партыі Т. С. Смалавік і сакратар абкома камсамола В. П. Самовіч. Разам з імі прыйшлі сустрэць дарагіх гасьцей удзельнікі абароны, якія жывуць у Брэсцкай вобласьці,— Якаў Каламіец і Афанасій Бародзіч, удава капітана Зубачова і яго сын, жонкі камандзіраў, якія загінулі ў крэпасьці, — Тацьцяна Семачкіна, Анна Ганчар, Дар’я Прахарэнка і іншыя. Дзесяткі добразычлівых рук падхапілі чамаданы прыежджых, гасьцям уручылі цэлыя ахапкі жывых кветак, і ўсе паволі рушылі скрозь густы натоўп да шырокіх дзьвярэй. вакзала.
    На плошчы перад вакзалам павінен быў пачацца мітынг. Але з-за непагоды яго перанесьлі ў вялікае памяшканьне агітпункта ў новым вакзальным будынку. Сотні жыхароў Брэста запоўнілі прасторную залю. І калі па прапанове старшыні мітынгу ўсе ўсталі, каб ушанаваць памяць герояў, што загінулі ў Брэсцкай крэпасьці, і аркестар заіграў жалобны марш Шапэна, у зале многія заплакалі. Тут было шмат тых, хто яшчэ добра памятаў трагічныя дні 1941 года, хто ў тыя дні страціў у крэпасьці ці ў горадзе родных, блізкіх людзей, хто перажыў тут цяжкі і поўны жахаў час фашысцкага панаваньня.
    Так пачалося прабываньне герояў абароны ў горадзе, які яны з такой зьдзіўляючай упартасьцю абаранялі пятнаццаць гадоў таму назад і які беражліва і горда захоўвае славу іх подзьвігу. Жыхары Брэста прынялі іх як самых дарагіх, блізкіх ім людзей, а гарадзкія партыйныя і савецкія арганізацыі зрабілі ўсё, каб як мага больш гасьцінна і ветліва сустрэць абаронцаў Брэсцкай крэпасьці.

    У тую ж раніцу да нашай групы далучыліся яшчэ некалькі чалавек. З горада Кобрына прыехаў удзельнік абароны Рыгор Гудым; з глыбіннага Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласьці — былы баец 44-га стралковага палка, а цяпер старшыня аднаго з багацейшых калгасаў Марк Піскун; з Мінска, здагнаўшы нас, прыбыў аднапалчанін Жураўлева, а цяпер канцэртмайстар кансэрваторыі Кірыл Сабалеўскі; прыйшоў жыхар Брэста былы таварыш па службе Пеці Клыпы, Міхаіл Ігнацюк, які па-ранейшаму, як і да вайны, насіў старшынскія пагоны і, знаходзячыся на звыштэрміновай службе ў арміі, іграў у адным з ваенных аркестраў. Да нас далучыліся жонка і дачка героя абароны Мікалая Несьцерчука, якія прыехалі з раённага гарадка Антопалю, і жонкі другіх камандзіраў, загінуўшых у крэпасьці.
    Адразу ж, у першы дзень, усе адправіліся ў крэпасьць. Ва ўрачыстым маўчаньні, з вялікімі букетамі кветак увайшлі у крапасныя вароты ўдзельнікі абароны, жонкі загінуўшых герояў.
    Там, на зарослых травой памятных руінах, яны раскідалі гэтыя кветкі. Яны паклалі букеты ля крапасной сьцяны, у тым месцы, дзе гітлераўскія каты расстралялі палкавога камісара Фаміна. Груда кветак лягла на каменьне, дзе калісьці ў падвале знаходзіўся штаб абароны, якім кіравалі капітан Зубачоў і камісар Фамін. Першымі ўсклалі на гэтае каменьне вялікія букеты кветак жонка загінуўшага капітана Аляксандра Андрэеўна Зубачова і яго сын Анатоль. Потым усе накіраваліся ў паўночную частку крэпасьці, да ўсходніх варот, дзе ў 1941 годзе змагаўся старшы палітрук Несьцярчук з артылерыстамі 98-га дывізіёна. Там першая са сьлязьмі палажыла на зямлю свае кветкі дачка загінуўшага героя Лідзія Несьцярчук, якая чатырнаццацігадовай дзяўчынкай была тут разам з бацькам у час баёў у крэпасьці.
    А праз два дні ўдзельнікі абароны прыехалі на гарнізонныя могілкі Брэста і ўсклалі вялікі вянок з жывых кветак на брацкую магілу, дзе пахаваны астанкі герояў, знойдзеныя пад руінамі пасьля вайны. На стужцы гэтага вянку быў надпіс: “Баявым братам, загінуўшым героям, ад таварышаў па абароне крэпасьці”.
    Сонечным, пагодлівым днём на гарадзкім стадыёне адбыўся мітынг, на якім жыхары Брэста сустрэліся са сваімі героямі. Дзесяць тысяч чалавек запоўнілі трыбуны, натоўпам стаялі ўздоўж зялёнага поля. І калі тут паказаліся героі абароны крэпасьці, стадыён загрымеў гарачымі, доўга не змаўкаючымі воплескамі.
    Пад гукі горна прамаршыравалі цераз поле піянэры. Яны прывіталі герояў, паднесьлі ім кветкі і паставілі ля трыбуны свой сьцяг, увесь час мяняючы каля яго ганаровую піянэрскую варту. Выступілі прадстаўнікі партыйных і савецкіх арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў горада, выступілі самі героі, дзелячыся сваімі ўспамінамі, усхвалявана дзякуючы брэстаўчанам за гарачы, сардэчны прыём.
    Увесь час хто-небудзь выходзіў з натоўпу, які запоўніў трыбуну стадыёна, і сьпяшаўся цераз поле да стала прэзыдыюму, дзе ўжо высілася гара кветак, каб палажыць яшчэ адзін букет і па-сяброўску паціснуць рукі гасьцям.
    А калі мітынг закончыўся, увесь гэты шматтысячны натоўп раптам хлынуў на поле, цесна абступіўшы герояў крэпасьці. Я бачыў, як падхоплены дзесяткамі рук, узьляцеў над галовамі людзей Самвэл Матэвасян, як падкідвалі Пецю Клыпу, як, акружыўшы, распытвалі аб нечым жанчыны Раісу Абакумаву. Нялёгка было прабіцца праз гэты густы натоўп да выхаду, і доўга яшчэ не маглі крануцца з месца машыны з гасьцямі — так многа было народу.
    На наступны дзень мы выяжджалі з Брэста. Перад ад’ездам старшыня Брэсцкага аблвыканкома, Герой Савецкага Саюза, адзін з праслаўленых беларускіх партызан, Раман Навумавіч Мачульскі наладзіў прыём у гонар удзельнікаў абароны крэпасьці. А потым на вакзале герояў праводзіў вялікі натоўп жыхароў Брэста. І яны выехалі з гэтага горада, такога блізкага і дарагога кожнаму з іх, вязучы з сабой незабыўныя ўражаньні аб гэтых некалькіх днях, якія застануцца ў памяці на ўсё жыцьцё.
    Пасьля сустрэчы ў сталіцы, пасьля паездкі ў Брэст героі абароны параз’яжджаліся дадому, вярнуліся да сваіх паўсядзённых спраў. Яны атрымлівалі шмат пісем, часта выступалі перад працоўнымі сваіх гарадоў і сёл, і з розных куточкаў краіны прыходзілі весткі аб сустрэчах з абаронцамі Брэсцкай крэпасьці, подзьвіг якіх высока ацэнены нашым народам.
    Гэты подзьвіг высока ацаніў і Савецкі ўрад. Кіраўніку абароны Брэсцкай крэпасьці Пятру Міхайлавічу Гаўрылаву прысвоена званьне Героя Савецкага Саюза. Ордэнам Леніна пасьмяротна ўзнагароджан палкавы камісар Я. М. Фамін. Ордэны баявога Чырвонага Сьцяга атрымалі героі Брэсцкай крэпасьці Р. I. Абакумава, С. М. Матэвасян, А. А. Вінаградаў, П. П. Кашкароў і іншыя. Подзьвігі загінуўшых герояў — I. М. Зубачова, Ул. В. Шаблоўскага, М. В. Несьцерчука, А. Ф. Наганава — адзначаны пасьмяротнымі ўзнагародамі — ордэнамі Айчыннай вайны I ступені. Рознымі ордэнамі і мэдалямі Саюза ССР узнагароджаны многія іншыя абаронцы крэпасьці.
                                                        СЯМ’Я МАЁРА ГАЎРЫЛАВА
    У дні знаходжаньня герояў абароны ў Брэсьце з адным з іх — Пятром Міхайлавічам Гаўрылавым — адбылася выключна хвалюючая падзея, якую разам з ім перажывалі ўсе яго таварышы.
    У 1941 годзе, перад вайной, у Пятра Міхайлавіча была сям’я, якая складалася з жонкі Екацярыны Рыгораўны і дзесяцігадовага прыёмнага сына Колі. Жонка Гаўрылава ўжо доўгі час сур’ёзна хварэла: яе мучыў востры сустаўны рэўматызм і, бывала, па тыдню і больш яна не ўставала з пасьцелі.
    Гаўрылаў пакінуў сям’ю з першымі выбухамі снарадаў, зразумеўшы, што пачалася вайна. Ён сказаў жонцы, каб яна апранула Колю і ішла з ім у сховішча, а сам зараз жа кінуўся ў штаб палка, каб прыняць камандаваньне над сваімі байцамі. З таго часу ён больш не бачыў ні жонкі, ні сына. Пасьля вайны, вярнуўшыся з палону, ён прыяжджаў у Брэст, распытваўся пра сям’ю, а потым пасылаў шматлікія запытаньні, але ўсе гэтыя пошукі нічога не далі, і ён думаў, што жонка і сын загінулі там, у крэпасьці, ці былі потым расстраляны ў Жабінцы, разам з жонкамі і дзецьмі іншых камандзіраў. У 1946 годзе, працуючы ў Сыбіры, ён зноў ажаніўся і цяпер жыве са сваёй другой жонкай, Марыяй Рыгораўнай, у Краснадары.
    І раптам у 1956 годзе, праз пятнаццаць гадоў, калі героі абароны былі ў Брэсьце, адна з жыхарак горада прыйшла ў гасьцініцу да П. М. Гаўрылава і паведаміла, што яго першая жонка жывая і знаходзіцца недзе ў доме інвалідаў ў Брэсцкай вобласьці. Зараз жа пачаліся пошукі, і высьветлілася, што сапраўды Кацярына Рыгораўна Гаўрылава знаходзіцца на ўтрыманьні ў Косаўскім раённым доме інвалідаў. У той жа вечар Гаўрылаў на машыне адправіўся за сто з лішнім кілямэтраў ад Брэста ў раённы цэнтар Косава. Ён вярнуўся ў гасьцініцу на досьвітку і прывёз з сабой сваю першую жонку.
    Хвароба зусім адолела яе, і Кацярына Рыгораўна Гаўрылава на працягу апошніх чатырох год была поўнасьцю паралізавана, не варушыла ні рукой, ні нагой. Стала вядома, што гітлераўцы схапілі яе з сынам і вывезьлі на польскую тэрыторыю, а потым яны жылі ў адной з вёсак Брэсцкай вобласьці, адкуль Коля неўзабаве пайшоў у партызанскі атрад.
    Гаўрылаў даведаўся, што яго сын цяпер служыць у арміі, але дзе іменна, Кацярына Рыгораўна не ведала: з год назад яна страціла з ім сувязь.
    На радасьць Гаўрылава і яго жонкі ў гэты ж самы дзень у Брэсцкім аблвыканкоме была атрымана тэлеграма ад камандзіра адной вайсковай часьці. Даведаўшыся з газэт, што героі крэпасьці знаходзяцца ў Брэсьце, ён паведамляў Гаўрылаву аб тым, што яго сын Мікалай служыць у гэтай часьці, і прыслаў яго адрас.
    Гэта была двайная радасьць, і разам з бацькам і маці яе падзялялі ўсе ўдзельнікі абароны.
    П. М. Гаўрылаў рашыў забраць Кацярыну Рыгораўну з сабой у Краснадар. Ён не паехаў з намі, а праз два дні разам з ёю і сядзелкай, якая суправаджала яе, вылецеў дадому. Яго другая жонка прыняла Кацярыну Рыгораўну як сястру і клапацілася аб ёй на працягу некалькіх месяцаў.
    З Краснадара Гаўрылаў паслаў тэлеграму ў вайсковую часьць, дзе служыў яго сын, просячы камандзіра даць яму водпуск. Вядома, гэта просьба была задаволена, і Мікалай Гаўрылаў — выдатнік баявой падрыхтоўкі, адзін з лепшых воінаў сваёй часьці — прыехаў у Краснадар і сустрэўся з бацькам, якога ён не бачыў пятнаццаць гадоў. Ён прывёз з сабой ліст ад камандаваньня часьці: Пятра Міхайлавіча запрашалі ў госьці — сустрэцца з аднапалчанамі яго сына. Гаўрылаў з радасьцю адклікнуўся на запрашэньне. Калі закончыўся водпуск Мікалая, бацька і сын разам прыехалі ў гэту часьць, і герой Брэсцкай крэпасьці гасьцяваў там некалькі дзён, цёпла сустрэты байцамі і камандзірамі.
    А праз два месяцы Мікалай Гаўрылаў, адслужыўшы свой тэрмін, быў дэмабілізаваны і выехаў да бацькі ў Краснадар. Але на вялікі жаль, ён ужо не застаў жывой сваю прыёмную маці. Кацярына Рыгораўна, сэрца якой было моцна падарвана шматгадовай цяжкай хваробай, памерла ў сьнежні 1956 года.
    /Смірноў С. С.  Брэсцкая крэпасць. Пераклалі з рускай мовы Алесь Бажко і Алесь Бачыла. Мінск. 1967. С. 135-166, 355-360./